Карына ад бальнічнай ежы «лавіла дэпрэсняк», Дар'і даводзілася выбіраць — карміць дзіця або ісці на абед самой, а Валянціна заўсёды любіла бальнічную ежу і папярэджвала сваякоў, каб не насілі ёй перадачкі.

Чытачы і чытачкі Hrodna.life распавялі, як іх кармілі ў бальніцах і ці спадабалася ім ежа — меркаванні падзяліліся. Каб разабрацца ў сітуацыі, рэдакцыя шукала, як павінна быць у стандартах, інструкцыях і дыетах.

У «другой» ежу хваляць, ў БХМД — не вельмі

«Паклаўшы руку на сэрца, у бальніцы хуткай дапамогі (БХМД) можна дэпрэсняк злавіць ад харчавання», — лічыць Карына (імя зменена).

Дзяўчына параўнала ежу ў БХМД і другой бальніцы, дзе пабывала за апошні час.

«Шчыра магу сказаць, што можна і „сцягнуць“, і смачна прыгатаваць, але тое, чым кормяць у БХМД — гэта проста пекла, — падзялілася гродзенка. — А другой бальніцы нізкі паклон за іх харчаванне — вельмі нават смачна і якасна».

У дзень выпіскі дзяўчыне абяцалі паклікаць дыетычную сястру, але яна так і не прыйшла.

Кантралюе якасць ежы спецыяльная камісія. Яна здымае пробы з прыгатаваных страў перад раздачай пацыентам. У склад камісіі ўваходзяць: намеснік кіраўніка арганізацыі аховы здароўя па медыцынскай частцы, галоўная медыцынская сястра, урач-дыетолаг або іншы лекар, адказны за арганізацыю дыетычнага харчавання, медыцынская сястра-дыетолаг, загадчык вытворчасці або яго намеснік, бухгалтар.

Камісія ацэньвае знешні выгляд, пах (свежасць прадуктаў), кансістэнцыю, смак і правільную вагу стравы.

За тым, каб у сталовай аддзялення было меню і хапала посуду, сочыць старэйшая медсястра. Яна ж адказвае за тое, каб пацыенты атрымалі ўсю порцыю пакладзенага харчавання.

Патрабаванні да арганізацыі харчавання ў бальніцах прапісаны ў «Інструкцыі аб парадку арганізацыі дыетычнага харчавання».

больничная еда, чем кормят в больнице, еда в больнице
«Гэта чайная лыжка і заяўленыя ў меню 10 г смятаны», — піша пра порцыю на фота Карына. Яна лічыць, што смятана занадта вадкая і да патрэбнай вагі не дацягвае

Карына распавяла Hrodna.life, што шэсць гадоў таму мамам, якія кормяць, давалі тое ж самае, што і ўсім хворым. «Я лічыла, што раз даюць, значыць можна есці, але потым дзіця з жывоцікам пакутвала. Калі лекарка прыйшла, сказала, каб я сама выбірала, што есці, і што не ўсё, што даюць, можна тут есці [мамам, якія кормяць]», — кажа гродзенка. У бальніцы на гэта адказалі: «Мы не перанатальны цэнтр, а звычайная бальніца і гатуем як для ўсіх».

Зараз Карына цяжарная, але ў бальніцы, па яе словах, кармілі як «гінекалогію», а не цяжарную. Дзяўчыне патлумачылі, што да 20-га тыдня цяжарнасці дыеты не прадугледжана. «Атрымліваецца, што да 20-га тыдня мы не цяжарныя. А нічога, што ідзе перабудова арганізма і многія будучыя маці ўжо на ранніх тэрмінах церпяць ад ўздуцця? Гэта, падобна, нікога не хвалюе, а вельмі шкада», — кажа Карына.

Для цяжарных і кормячых маці ў «Інструкцыі аб парадку арганізацыі дыетычнага харчавання» прапісаны базавы рацыён — «дыета Б». Харчаванне адрозніваецца толькі ў некаторых пазіцыях. З якога менавіта месяца цяжарнасці жанчына «лічыцца цяжарнай», у інструкцыі не пазначана.

Базавы рацыён (дыета б) — дыета з утрыманнем бялкоў, тлушчаў і вугляводаў, узбагачаная вітамінамі, мінеральнымі рэчывамі, расліннай клятчаткай (гародніна). Пры прызначэнні дыеты пацыентам з цукровым дыябетам выключаецца або замяняецца цукар і іншыя рафінаваныя вугляводы. Стравы гатуюцца ў адварным выглядзе, на пару, іх тушаць або запякаюць.

Дар’я памятае з БХМД буракі і «не першай свежасці суп». Дзяўчына ляжала ў бальніцы ў канцы чэрвеня 2022 года. «Калі не хапала ў сталовай, свая ежа ішла ў ход. Запомніўся першы абед — было смачна. Давалі суп і мясныя фрыкадэлькі на другое».

У абласной бальніцы «ратавалі родныя з ежай і неблагая кава на тэрыторыі»

«Суп з капусты, дзе плавалі макароны са сняданку», — запомніла Вікторыя, якая лячылася ва ўніверсітэцкай клініцы ў снежні 2021 года.

Яна распавяла, што тады ў аддзяленнях не было сталовых [праз кавідны рэжым] і ежу прывозілі ў палаты. Падзел на розныя сталы не практыкавалі, адрознівалася толькі ежа для тых, у каго цукровы дыябет.

Вікторыя ляжала ў хірургічным аддзяленні. Ежу ў бальніцы яна называе «прэснай» і «непрыгожай». «На такую ежу я ніяк не рэагавала. Бо адзіным жаданнем было хутчэй зрабіць аперацыю і паехаць дадому».

«Пры прызначэнні дыеты пацыентам з цукровым дыябетам (дыета БД) выключаюцца (або замяняюцца ў адпаведнасці з нормамі ўзаемазаменнасці харчовых прадуктаў пры падрыхтоўцы дыетычных страў згодна з дадаткам 22) цукар і іншыя рафінаваныя вугляводы. Абмяжоўваюцца азоцістыя экстрактівные рэчывы, прадукты, багатыя эфірнымі алеямі, выключаюцца вострыя прыправы, шпінат, шчаўе, вэнджаніна. Стравы гатуюць у адварным выглядзе, на пары, тушаць або запякаюць», — напісана ў інструкцыі.

Гродзенка Арына таксама лячылася ва ўніверсітэцкай клініцы: «Калі чалавек не мясцовы ці няма магчымасці выдаткоўваць дадаткова на ежу, дакладна там не выжыве, асабліва мужчына».

«Боршч ад капусты адрозніваецца толькі колерам, з адным кавалачкам мяса, — кажа Арына. — На другое каша з хлебнай катлетай, а салата гэта „насечаная“ гародніна, без запраўкі. Вячэра складалася з кашы, рыбы і гарбаты. З усім давалі хлеб. Ратавалі родныя з ежай і нядрэнная кава на тэрыторыі», — распавяла гродзенка.

«Когда болеешь, кушать не очень хочется, поэтому принимали как должное»

А вось Андрэю ежа ў абласной бальніцы спадабалася больш, чым у іншых, дзе ён ляжаў. «Вельмі годная. Там самі гатуюць — у іх свая кухня. Так што не ўсё дрэнна», — кажа малады чалавек.

Гродзенец распавёў Hrodna.life, якое было меню ў клінічным цэнтры «Фтызіятрыя», дзе ён нядаўна знаходзіўся: «Давалі суп, у склад якога ўваходзіць вада, цыбуля, морква, бульба. У гэтую вадкасць дадавалі рыбную, курыную або свіную кансервы па чарзе».

Па словах Андрэя, бальнічная ежа была «халоднай і скамянелай». Малады чалавек распавёў, што ў асноўным рацыёне на сняданак, абед і вячэру была толькі пярловая каша: «Цягучая і ліпкая, з адварной катлетай, рыбай, або кавалкам ялавічыны, якая не тое што не кусалася, яна не разразалася нажом», — пракаментаваў Андрэй.

На пытанні, чаму заўсёды пярлоўка, адказ маладому чалавеку быў адзін: «Канец года, ліміт вычарпаны, засталася толькі пярлоўка».

«Кормяць там з жалезных талерак, як з турмы. Знешне есці гэтую ежу было непрыемна. Калі ўлічыць той факт, што аддзяленне закрыта і бальніца была ў „бруднай зоне“ (праз карону) — гэта было пекла», — распавёў чытач.

Гродзенец параўнаў ежу з тым, як кармілі ў РНПЦ пульманалогіі ў Мінску. «Па ежы амаль тое ж самае — халоднае і жудаснага выгляду, — ацаніў Андрэй. — Ад такой ежы горш не стане, але і на папраўку з ёй не хутка пойдуць».

Сталовая на іншым паверсе і за спазненне можна застацца галоднай

Маладая мама Даша ў бальніцы сутыкнулася з іншай праблемай — сталовая знаходзілася на іншым паверсе.

Гродзенка год таму ляжала ў аддзяленні для немаўлят. «У цябе толькі народжаны чалавек на руках, а тут трэба хадзіць у пэўны час на два паверхі вышэй, каб паесці», — кажа Дар’я. Дзяўчына распавяла, што заспець ежу цёплай можна было толькі калі прыходзіць у строга вызначаны час.

«Умоўна, а 14:00 ставяць 10 порцый на стол на аддзяленне, калі 10 маці ляжыць. Прыйшла своечасова — паела больш-менш цёплае, прыйшла пазней — цябе чакае застылая на стале каша. Усім пофігу, што ў цябе чалавеку тры дні жыцця», — кажа Даша.

Калі ж да часу ежы не ўдалося пакласці дзіця спаць, то порцыі прыбіралі і паесці не ўдавалася. «Трэба своечасова прыходзіць. Гэта значыць, там ляжаць 70% не гродзенскіх, якім няма каму прынесці паесці. І калі маці не пакладзе малога, каб паесці гэтай цудаежы, то яе наогул не будзе і чакай наступны прыём ежы, але гэта не дакладна, што ты і туды патрапіш», — успамінала Дар’я.

З ежы гродзенка памятае капусныя супы і несалёныя кашы, а мяса не памятае наогул. «Адзінае за тыдзень памятаю ядомую запяканку, за кошт салодкага павідла зверху. Хоць я наогул не капрызніца», — кажа дзяўчына.

На гэтыя моманты з супрацоўнікаў ніхто не звяртае ўвагі. «Там усім пофіг, персанал меню ж не складае, хоць думаю, іх віна, вядома, ёсць, што гэта ўсё несалёнае і халоднае ядуць і без таго няшчасныя матулі, якія трапілі туды пасля родаў», — разважае Даша.

Сталовая паверхам вышэй аказалася праблемай і для Анастасіі Чумаковай. Ежу гродзенцы кожны дзень прыносілі бацькі. «Я не магла пакінуць сына, а кармленне дзіцяці супадала з прыёмам ежы. Вельмі дрэнна, што ў старым корпусе для маці пасля родаў не прадугледжана дастаўка ежы да палаты. А вазіць [дзіця] на пост я не хацела, бо там і за дзецьмі асабліва не глядзяць», — распавяла Анастасія.

Пакуль дзяўчына карміла дзіця і клала спаць, ежы не заставалася. «Ды і са швамі пасля родаў хутка прыйсці я фізічна не магла, — успамінае Анастасія. — Хацелася б, каб кіраўніцтва бальніцы падумала пра гэта».

Дзяўчына ляжала ў трох шпіталях: у мінулым жніўні ў радзільным доме, дзіцячай бальніцы і ў сакавіку ў БХМД.

«Можа я адна такая, але мне падабаецца бальнічная ежа, заўсёды было дзіўна, калі цяжарныя дзяўчаты адмаўляліся ад супу і другога на карысць піцы або сасіскі ў цесце, — кажа Анастасія. — Кармілі добра — баршчы, капуста, катлета, рыба, мяса».

«Раніцай давалі кашу, манную ці аўсянку, гарбату і хлеб з сырам і маслам. На абед боршч, рыба з пюрэ і салатам з бураком. Вячэра — тварожная запяканка і перад сном кефір», — успамінае Настасся.

Гродзенка расказала, што порцыі былі невялікія і для жанчыны, якая корміць пасля родаў, не заўсёды хапала, а для цяжарнай — тым больш. «Але ўсё заўсёды было смачна».

У дзіцячай бальніцы, па словах Анастасія, падлеткі наогул не бралі ежу. «Елі чыпсы і іншую гадасць. Так што мне пасля родаў заўсёды прапаноўвалі дадатак».

«Вельмі нават нядрэнна, я чакала горшага»

Супрацоўніца дзіцячай бальніцы, якая папрасіла не называць яе імя, патлумачыла — адзін са старых карпусоў дзіцячай бальніцы раней не быў прыстасаваны для знаходжання маці з дзецьмі. Пастаўленыя дадатковыя ложкі былі рэакцыяй на скаргу ад маладых маці, што яны хацелі б знаходзіцца ў бальніцы разам з дзецьмі. На 40 дзіцячых месцаў у аддзяленні выдзелена толькі 20 ложкаў для бацькоў.

Таму і сталовая для дарослых знаходзіцца ў іншым месцы. Сумесі для нованароджаных гатуюць на месцы ў аддзяленні, дзе ёсць свая дыетсястра.

«Былі катлеткі, пюрэ, з раніцы зацірка або кашы, дзіця ўплятала з задавальненнем, супчыкі таксама смачныя, усё цёплае», — распавяла Наталля (імя зменена) пра меню ў дзіцячай абласной бальніцы.

Гродзенка з дзіцем ляжала там у ліпені 2022 года. Раніцай былі рысавая і манная кашы, зацірка і гарбата. На другі сняданак — два печыва, кісель або сок, на абед суп. «Адзін раз быў расольнік кіслявы, мабыць агуркі занадта салёныя былі, сын не стаў есці», — кажа Наталля.

На другое катлета з гарнірам — макароны або пюрэ. «На вячэру штосьці мясное з гарнірам, заўсёды чай або кампот. Сын хварэў, еў не вельмі добра, даводзілася даядаць за ім, у прынцыпе да спадобы ўсё вельмі нават нядрэнна, я чакала горшага ад бальнічнай ежы», — падзялілася Наталля.

«Тыдзень на дыеце — чаму б не»

Спадабалася бальнічная ежа і Генрыке Эдвардаўне. Жанчына ляжала ў бальніцы № 3 і ў яе быў стол П ["дыета П" для людзей з захворваннямі стрававальнай сістэмы — Hrodna.life]. «Раніцай як звычайна каша. У абед заўсёды давалі вялікі кавалак адварной ялавічыны, а на вячэру адварную рыбу з гарнірам і салатам. Заўсёды ўсё было смачна».

Дыета П — прызначана для пацыентаў з захворваннямі органаў стрававання. Выключаюцца вострыя закускі, прыправы, вострыя прыправы. Стравы рыхтуюцца ў адварным выглядзе або на пары, працёртыя і непрацёртыя. Паказана выкарыстанне пюрэпадобнай і вадкай прадукцыі прамысловай вытворчасці (мясная, агароднінная, фруктовае пюрэ і іншае).

Высокабялковая. Дыета М — стан і захворванні, якія патрабуюць павышанай колькасці бялку ў сутачным рацыёне, такія як: апёкавая хвароба, сістэмнае лячэнне корцікастэроідаў, прамянёвая і хіміётэрапія, нырачна-замяшчальная тэрапія, нефратычны сіндром; цукровы дыябет 1-га тыпу без спадарожнага атлусцення і парушэнні азотовылучальнай функцыі нырак, рэабілітацыя пацыентаў пасля аказання высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі. Абмяжоўваюцца хімічныя і механічныя раздражняльнікі страўніка, жэлчавыводных шляхоў. Пацыентам з цукровым дыябетам выключаецца цукар і іншыя рафінаваныя вугляводы. Стравы гатуюцца ў адварным, тушаным, запечаным, працёртым і непрацёртым выглядзе, на пары.

Нізкабялковая. Дыета Н — пацыенты з парушэннем азотовыдзяляльнай функцыі нырак, цыроз печані з пячоначнай энцэфалапатыяй, парушэнне абмену амінакіслот, захворванні сардэчна-судзіннай сістэмы з недастатковасцю кровазвароту 2−3-й ступені і іншыя станы і захворванні. Дыета з абмежаваннем бялку з рэзкім абмежаваннем паваранай солі і вадкасці. Выключаюцца азоцістыя экстрактыўныя рэчывы, какава, шакалад, кава, салёныя закускі. У дыету ўводзяцца безбялковы белы хлеб, пюрэ, мусы з набрынялага крухмалу. Стравы гатуюць без солі, у адварным выглядзе, на пары, непрацёртыя. Рацыён ўзбагачаецца вітамінамі, мінеральнымі рэчывамі.

Высокабялковая і высокакаларыйная. Дыета Т — пацыенты з сухотамі (лёгачнай і пазалёгачнай), ВІЧ, мукавісцыдозам, апёкавай хваробай і іншыя станы і захворванні. Дыета з павышанай энергетычнай каштоўнасцю. Стравы гатуюць ў адварным, тушаным, запечаным выглядзе, на пары. Другія мясныя і рыбныя стравы ў адварным, запечаным выглядзе, прыгатаваныя на пары, кавалкам або сечаныя. Дапускаецца абсмажваньне рыбы і мяса пасля адварвання.

Нізкакаларыйная. Дыета НК — розныя ступені аліментарнага атлусцення пры адсутнасці выяўленых ускладненняў з боку органаў стрававання, кровазвароту і іншых захворванняў, якія патрабуюць спецыяльных рэжымаў харчавання, і іншыя станы і захворванні. Выключаюцца простыя цукры, абмяжоўваюцца жывёльныя тлушчы і павараная соль (да 3−5 г у суткі). Уключаюцца раслінныя тлушчы, харчовыя валокны (сырыя гародніна, садавіна, харчовыя вотруб’е). Абмяжоўваюцца вадкасць, азоцістыя экстрактыўныя рэчывы, прадукты, багатыя эфірнымі алеямі, выключаюцца вострыя прыправы, вэнджаніна. Ежу гатуюць у адварным выглядзе або на пары.

Гродзенка ў красавіку ляжала ў бальніцы № 4. «Было вельмі смачна», — кажа жанчына. Валянціна адразу сказала ўсім родным, каб нічога з ежы не прыносілі, бо ёй заўсёды падабалася бальнічная ежа.

«У дзяцінстве часта ляжала ў бальніцах, так і тыдзень на дыеце — чаму б і не», — патлумачыла яна. Жанчына чула ад сваіх знаёмых, што ежа ў 4-й бальніцы самая смачная.

«І, шчыра кажучы, я не расчаравалася. Па-першае, добра складзенае меню — усе прадукты выдатна паміж сабой спалучаліся. Не было дзівацтваў у выглядзе селядца ў абед і малочнага супу на сняданак. Па-другое, порцыі былі досыць вялікімі, я наядалася цалкам. Паміж прыёмамі ежы не было жадання нешта перакусіць, наадварот, абед я нават крыху не даядала, — распавяла Валянціна. — Па-трэцяе, было вельмі смачна! Нават супер-дыетычны стол — без малака, бабовых, капусты і іншага — пасля аперацыі быў выдатным».

Пашкадавала, што не спытала рэцэпт рыбы

Валянціне падабалася, што другое было заўсёды запечанае або на пары. Акрамя мясной або рыбнай стравы быў гарнір з кашы або бульбянога пюрэ і нешта агародніннае: часцей за ўсё буракі, морква ці салацік са свежай капусты. Да кожнага прыёму ежы быў чай, кампот або какава.

«У бальніцы быў яшчэ ковідны рэжым — мы не елі ў сталовай. Усю ежу нам прывозілі ў палаты і посуд потым прыбіралі. І вельмі хацелася б адзначыць прыемнае стаўленне ўсяго персаналу».

Валянціна распавяла, што пашкадавала, што не спытала, як яны гатуюць рыбу, бо гэта — яе любімае страва.

Чытайце таксама: