Адзін з самых вядомых брэндаў марожанага ў Злучаных Штатах Амерыкі — Häagen-Dazs. Яго часта ўспрымаюць як прадукт еўрапейскай якасці, быццам бы з каранямі з Даніі, якая славіцца сваёй малочкай. Але насамрэч — гэта цалкам амерыканская марка. Заснаваў яе выхадзец з Гродна, піша канал Hrodna 11:27.
Заснавальнік Häagen-Dazs Рубэн Матус нарадзіўся ў Гродне 25 снежня 1912 года ў яўрэйскай сям'і. У 1921 годзе ён разам з маці пераехаў у ЗША. Сваю «кар'еру» ў вытворчасці марожанага ён пачаў у дзяцінстве: дапамагаў дзядзьку і маці рабіць і прадаваць італьянскі лімонны лёд у Брукліне.
У 1930-х ён разам з жонкай Розай (таксама эмігранткай з яўрэйска-польскімі каранямі, якая прыехала ў Нью-Ёрк у тым жа годзе, што і Рубэн) заснаваў фірму Senator Frozen Products. Яны прадавалі шакаладныя батончыкі і марожанае з вазка.

Пасля Другой сусветнай вайны дробныя вытворцы сутыкнуліся з вялікай канкурэнцыяй. Вялікія канцэрны пачалі цэнавую вайну, прымушаючы канкурэнтаў таксама зніжаць цэны. Каб выжыць, Матусы вырашылі стварыць марожанае прэміум-класа — насычанае, з натуральных інгрэдыентаў, без штучных дадаткаў.
Хітрыкі з «імпартнай» назвай

На маркетынг грошаў не было. Таму яны пайшлі на хітрасць: прыдумалі «замежную» назву Häagen-Dazs, якая павінна была асацыявацца з Еўропай. Назвы прыдумалі ў гонар Даніі. Сам Рубэн Матус заяўляў, што назваў сваё марожанае «па-дацку» ў знак удзячнасці за стаўленне да яўрэяў у час Другой сусветнай вайны. Сапраўды, кароль і ўрад Даніі, а таксама звычайныя яе грамадзяне, у час акупацыі гітлераўцамі баранілі і змаглі выратаваць большасць яўрэяў краіны. Матусы нават размясцілі мапу Даніі на ўпакоўцы. Senator Frozen Products пераўтварылася ў Häagen-Dazs у 1960 годзе.
У дакументальным фільме 1999 года дачка Матуса, Дорыс Хёрлі, узгадвала: «Тата гадзінамі сядзеў за кухонным сталом, паўтараў незразумелыя словы, пакуль нарэшце не прыдумаў унікальную і арыгінальную назву».
Рубэн спецыяльна выкарыстаў літару з умлаўтам — хоць у дацкай мове літары «ä» няма, — бо, як ён сцвярджаў, гэта прыцягвала ўвагу. «Гэта што, імпартнае марожанае?» — запытваліся людзі. Пінта (470 мл) Häagen-Dazs каштавала 75 цэнтаў — значна даражэй за марожанае канкурэнтаў, якое прадавалася за 53 цэнты.

Шлях Häagen-Dazs да сусветнай вядомасці
Першыя смакавыя варыянты былі простымі: ваніль, шакалад і кава. Затым з’явіўся смак клубніц — на стварэнне яго спатрэбілася 6 гадоў! У 1976 годзе заснавальнікі брэнда разам з дачкой Дорыс адкрылі першую краму Häagen-Dazs у Брукліне.

Неўзабаве з’явіліся чарговыя крамы. Маркетынгам займалася ў асноўным Роза. Пакуль яе муж працаваў над тэхналогіяй, яна ўзмацняла брэнд і пашырала яго вядомасць.

У 1983 годзе сям’я прадала бізнес за $ 70 мільёнаў. Яшчэ некалькі гадоў пасля продажу брэнда Матусы былі кансультантамі ў новага ўласніка Häagen-Dazs. У 1992 годзе яны паспрабавалі вярнуцца ў бізнес з новым марожаным Mattus' Lowfat Ice Cream — з адмыслова зніжаным утрыманнем тлушчу. Але ў 1994 годзе Рубэн памёр.



Яго жонка Роза пражыла да 2006 года. У 2023 годзе ўласнікі маркі Häagen-Dazs прывяцілі ёй публікацыю з нагоды Міжнароднага жаночага дня.

Сёння створанае гродзенцам у Нью Ёрку марожанае Häagen-Dazs прадаецца ў 90 краінах свету, а фірмовыя крамы ёсць у 40 краінах.
