Цэх па абсмажванні зерняў арабікі адкрыецца ў Гродне. Буйныя партыі зялёнай кавы ўжо паступаюць з Бразіліі, Калумбіі і В’етнама. Абсмажваць яе будуць на пляцоўцы РУП «Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт». Пакаштаваць гродзенскі блэнд кавы можна будзе не толькі на запраўках – фасаванае зерне можна будзе купіць і прыгатаваць напой дома, расказаў намеснік генеральнага дырэктара «Беларуснафты» Сяргей Каморнікаў парталу Neft.by.
Праект ужо стартаваў і ў планах “Гроднааблнафтапрадукт” – забяспечыць кававым зернем усе запраўкі “Беларуснафта” ў краіне – іх больш за 570. У 2023 годзе кліенты выпілі на іх больш за 13 млн кубкаў кавы.
«Сёння зерне набыта, вызначаны склад той сумесі, якая будзе, і яна пацвердзіла ўжо сваю прыдатнасць на нашых аўтазаправачных станцыях у выглядзе станоўчых водгукаў кліентаў, – расказаў у інтэрв’ю «Гродна Плюс» дырэктар «Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт» Вадзім Худык. – Быў вызначаны гэты блэнд, і ён складаецца з зерняў з В’етнама – 40%, Бразіліі – 30%, Калумбія – 30%. Склад міксуецца».
Рэкорд па продажы кавы паставілі на Гродзеншчыне
У Гродне – даўняя кававая традыцыя
У Гродне ўжо быў свой брэнд кавы – Horodnia 1128. Яго ў 2016 годзе запускаў гродзенскі прадпрымальнік Вадзім Якута.
Але гісторыя кавы ў Гродне нашмат даўжэйшая. Першая кавярня працавала ў Гродне на сучаснай вуліцы Ажэшкі яшчэ ў 1780 годзе. Кававая культура развівалася ў Гродне і ў 20-30-я гады XX стагоддзя. Сучасны “кававы рэнесанс” пачаўся ў сярэдзіне 2010-х і працягваецца да гэтага часу.
Чытайце падрабязней: Гродна — беларуская сталіца кавы. 5 аргументаў «за» ад экспертаў



