Пакуль адныя захапляюцца прыгожымі касцёламі і палацамі, іншыя даследуюць менш прывабную спадчыну — закінутыя будынкі. Такі рух называецца сталкерствам. Сталкеры не спрабуюць здабыць нешта карыснае на аб’ектах, а даследуюць іх дзеля задавальнення. Гэта не заўсёды легальна, але заўсёды захапляльна.
Тры правілы «клубу сталкераў»
Сталкеры — гэта людзі, якія займаюцца даследаваннем закінутых збудаванняў, тэрыторый і аб’ектаў вытворчага або спецыяльнага прызначэння. Робяць яны гэта каб атрымаць эстэтычнае задавальненне або задаволіць даследчыцкую цікавасць. Асобныя адгалінаванні сталкерства — руферства і дыгерства, якія маюць на мэце вывучэнне дахаў і падземных збудаванняў.
Гродзенскія сталкеры вынікі сваіх пошукаў размяшчаюць у пабліку «Закінутыя будынкі горада Гродна». У пабліку не паказваюць дакладнае месцазнаходжанне аб’екта, каб туды не прыйшлі людзі, якія могуць вынесці каштоўныя рэчы і потым прадаць іх на блышыным рынку ці здаць на метал. Такіх «сталкераў» у горадзе найбольш, такім спосабам жыве цэлая праслойка людзей.
У «сапраўдных» сталкераў ёсць правілы даследавання будынкаў. Трэба паглядзець, ці вядзецца там гаспадарчая дзейнасць. Многія дамы могуць выглядаць закінутымі, але насамрэч такімі не з’яўляюцца. Другое правіла — ні браць нічога ў прыватных дамах. Трэцяе — не парушаць парадак.
Таксама трэба захоўваць правілы бяспекі - не хадзіць па гнілых і небяспечных дзялянках і ацэньваць стан канструкцый. Мабыць, гэты экстрым і прываблівае людзей. Што датычыцца «легальнасці» наведвання закінутых будынкаў, то, калі ўваходы і выхады свабодныя, то пакарання не можа быць, калі не будзе ўстаноўлены факт крадзяжу.
30 закінутых будынкаў у цэнтры і столькі ж яшчэ па горадзе
— Мы пранікаем у закінутыя дамы і фатаграфуем іх. Гэта проста форма забавы, каб захаваць выгляд горада на гэтым гістарычным этапе. Закінутыя дамы — найбольш зручны аб’ект, каб рабіць высновы пра архітэктуру і інжынерныя рашэнні ў забудове старога горада, — расказвае гродзенскі сталкер, які называе сябе Нікічам.
Нікіч кажа, што закінутасць — гэта элемент натуральнага жыццёвага цыклу будынкаў. Зараз у Гродне паводле падлікаў сталкераў каля 30 закінутых будынкаў у цэнтры і каля 30−40 у іншых раёнах. Гэтая колькасць змяняецца — будынкі то закідваюцца, то перабудоўваюцца. Найбольш цікавяць сталкераў дамы ў цэнтры.
«Экскурсіі» на вайсковыя і прамысловыя аб’екты
Калі казаць пра прамысловыя будынкі, у Гродне ёсць закінуты піўзавод ды недабудаваны завод макаронных вырабаў. У Гродзенскай вобласці знаходзіцца Запасны камандны пункт краін Варшаўскай Дамовы — адно з самых буйных падземных збудаванняў Беларусі, якое будавалася як схованка для партыйнай вярхушкі СССР. Падобныя ёсць у Малдове і Арменіі.
Таксама цікавы «Аб'ект 1161» пад Гродна — ваенная падземная база глыбынёй на дзевяць паверхаў. І рэшткі закрытага ўжо Краснасельскага камбінату побач з сучасным заводам. У гэтых месцаў асаблівая атмасфера. Сталкеры часам праводзяць там бясплатныя экскурсіі «для сваіх».У закінутых будынках могуць трапляцца цікавыя артэфакты першай паловы або сярэдзіны ХХ стагоддзя. Гэта прадметы побыту і інтэр'еру, з іх сёння можна рабіць дызайнерскія аб’екты або паказваць на тэматычных выставах. Незвычайнай знаходкай сталкераў стала яўрэйская мацэва ў адным з падвалаў. Хто ведае, якія знаходкі яшчэ хаваюць падзямеллі?
Што рабіць з закінутымі будынкамі?
Гродзенскія сталкеры выступаюць за захаванне закінутых дамоў, іх рэканструкцыю і рэнавацыю. На Захадзе існуе з’ява сквотэрства, калі людзі займаюць пустыя будынкі і жывуць там. Дзяржава іх не высяляе, а людзі падтрымліваюць прымальны стан будынкаў. У Беларусі закінутыя будынкі займаюць пакуль толькі крымінальныя элементы і бяздомныя, або падлеткі збіраюцца там выпіць.
У Гродне можна было б нават развіваць напрамак урбан-турызму, які спецыялізуецца на наведванні закінутых дамоў. Канструкцыі варта ўзмацніць, будынак абсталяваць пандусамі, лесвіцамі і поручнямі, каб выключыць траўмы. Гэта магло б зацікавіць многіх нават на лакальным узроўні.Гістарычныя будынкі ў цэнтры можа выратаваць удалая рэканструкцыя з захаваннем гістарычнага аблічча фасаду і выкарыстаннем даўніх або набліжаных да такіх матэрыялаў. А таксама вялікія льготы для арэндатараў, якія вырашылі б укласціся ў «праблемны» будынак. Гродзенскія падвалы ці іншыя збудаванні можна было б выкарыстоўваць пад забаўляльныя месцы — бары ці клубы. Удалым выкарыстаннем закінутых будынкаў можна лічыць рэйв «Аб'ект» у старых казармах на Фолюшы.
[irp posts="42 773″ name="Бар Бочка" на Урыцкага ўжо не адкрыецца. Але ёсць праект новага паба"]
У старых будынках ёсць свая атмасфера. Але пакуль што бізнесменам прасцей укласціся ў хуткае, сучаснае і таннае. Як кажа Нікіч, эканамічны складнік дыктуе знішчаць гісторыю. Таму такой колькасці закінутых будынкаў у горадзе сталкеры зусім не радыя — кажуць, лепш бы іх не было.