«Раней мяне часта ганілі за маю музыку, але зараз мяне ўвесь свет прызнаў. Людзі зразумелі, што мая iгра — гэта мастацтва». Станіслава, які грае на лісцях у пераходзе на Савецкай плошчы бачылі многія гродзенцы. Але як ён пачаў граць? Hrodna.life пагутарыў са свістуном, які дзеля музыкі для гараджан гатовы цярпець маразы і дажджы.
З музыкай Станіслаў з самага дзяцінства. Нарадзіўся ён у вёсцы Цвiклiчы ля Гродна. Там і навучыўся граць на лісцях.
«Быў у нас у вёсцы стары, які ўвесь час граў на лiсцях i пялёстках. Аднойчы я да яго прыйшоў і папрасіў, каб ён і мяне навучыў. Тэхніку я зразумеў хутка і ўжо да 10 гадоў мог зайграць некалькі мелодый. А праз нейкі час — ужо ўсё што заўгодна. Зараз у маім рэпертуары шмат класiкi, і нават ёсць паланэз Агінскага, якi вельмi любяць гродзенцы», — распавядае Станіслаў.
Раней пенсіянер граў толькі для сябе і сяброў, а таксама на заводзе, дзе доўгі час працаваў. Але пасля развалу Савецкага Саюза Станіслаў пачаў выходзіць на вуліцы горада. Ён так рассмакаваў гэтую справу, што яна стала яго пастаянным заняткам.
«Выйшаў на пенсію і ўцягнуўся ў хобі, вось і граю да гэтага часу. Граю, бо вельмі люблю музыку, без яе я ўжо не ўяўляю сваё жыццё. З дапамогай яе я духоўна адчуваю гармонiю горада і прыроды. Неістотна колькі я зарабляю на сваім хобі, галоўнае, што я ствараю і дару людзям музыку».
У свае 76 гадоў Станіслаў прыходзіць свістаць у падземны пераход на Савецкай плошчы амаль кожны дзень — сядзець без любiмага хобі дома ён не можа. У пачатку студзеня былі моцныя маразы і нават у такое надвор’е ён прыходзіў і граў для людзей.
«У такое надвор’е адзіны мінус гэта дрэнныя інструменты. Мароз сваё бярэ, на лiсцях цяжэй граць. А так мяне не бянтэжыць надвор’е. Калі ёсць магчымасць прыйсці, тады я абавязкова ў цэнтры горада».
«Не ўсім людзям падабаецца мая музыка, некаторыя духоўна слабаватыя і не разумеюць мяне. Але такіх за цэлы дзень адзінкі. У асноўным яны кажуць: „У цябе што — дах з’ехаў?“. А ёсць і такія людзі, якія спыняюцца, слухаюць і нават на камеру здымаюць. Раней мяне часта ганілі за маю гру, але зараз мяне ўвесь свет прызнаў. Людзі зразумелі, што гэта мастацтва».
Станіслава раней не толькі абражалі, але і не раз білі за яго творчасць. Пенсіянер на сваіх крыўдзіцеляў зла не трымае і проста імкнецца не звяртаць на іх увагу.
Грае Станіслаў на любых лісцях, што сарве. У зімовы час асноўны iнструмент пенсіянера гэта бярлiнец.
«Самыя якасныя лісточкі у ліпы, тады музыка гучыць проста ідэальна. Магу граць і на паперы. У асноўным свой інструмент я збіраю пакуль іду на кропку, дзе буду граць. Асноўнае месца цяпер гэта падземны пераход на Савецкай плошчы, а раней даводзілася граць на вуліцах горада. Міліцыя не ганяе, яны ўжо разумеюць, што я не жабрак, а проста гарадскi музыка».
За годы ў горадзе склалася легенды пра свiстуна. Адна з іх кажа, што Станіславу, дзякуючы таленту, удавалася ўдзельнiчаць у чэмпіянатах па свісту. Але пенсіянер кажа, што гэта ўсяго толькі выдумкі гараджан.
«Пра мяне шмат чаго прыдумляюць, чуў, быццам я нават на машыну насвісцеў. Але насамрэч заробленых грошай хапае на ежу. Бывае, перападзе буйная сума. Месяц таму турысты кінулі 40 еўра. Можа, калi за ўсе гэтыя гады, якія я граю, і назапасіў бы на машыну ці нават на кватэру. У сярэднім за дзень зараз можна зарабiць каля 10 рублёў.
На чэмпіянатах свісту я ніколі не быў. Але мяне запрашалі нават у Мінск. А ў Гродне я выступаў у Палацы піянераў і ў кінатэатры Гродна, граў і на закрытых мерапрыемствах".
На пачатку 2000-х сябар запрашаў Станіслава ў Капенгаген, прапаноўваў яму там граць і жыць добра. Але пенсіянер не адважыўся з’ехаць з роднага горада і проста парваў запрашэнне сябра.
Акрамя гры на лісце, Станіслаў умее спяваць і граць на баяне. У горад выносіць вялікі інструмент ён не хоча, бо ён ужо дрэнна працуе.
Сваякі шмат год кажуць не граць на вуліцы і жыць звычайным жыццём пенсіянера. Але адмовіцца ад свайго любімага хобі свістун не можа. Адзіны з сям'і, хто разумее Станіслава, гэта яго брат, які ніколі не скажа нічога дрэннага ў яго адрас.
У інтэрнэце людзі часта пішуць, што Станіслаў пастарэў, стаў горш граць, перастаў адказна ставіцца да свайго хобі. На гэтыя заўвагі ў адказ ён проста усміхаецца і кажа, што сапраўдны знаток музыкі зразумее, дзе халтура, а дзе мастацтва.
«Мне ўжо 76 гадоў, гэта сур’ёзны ўзрост, але я граю і люблю сваё хобі. Колькі буду на нагах стаяць, столькі і буду граць. Што тычыцца пераемніка, то тут цяжка сказаць. Падыходзяць да мяне людзі і просяць навучыць іх, але не ўсе могуць нават проста свісцець. Няма яшчэ такога чалавека, які зможа нармальна граць. Магчыма, калі-небудзь прыйдзе ён да мяне і зможа пераняць мой вопыт, i тады гэта была б добрая для мяне замена».
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…