Сёлета гравюры Адэльгаўзера-Цюнта «Сапраўднае апісанне горада Гродна ў Літве» спаўняецца 450 гадоў. З гэтай нагоды студыя imago.by пры ўдзеле гродзенскага гісторыка Аляксандра Перагудава збіраецца аднавіць гравюру. Кожны гродзенец зможа ўбачыць, як выглядаў горад 450 гадоў таму. Праект пад назвай «Анёлы над горадам» можна падтрымаць грашыма.
Першым з гарадоў ВКЛ з’явіўся на гравюры
— «Сапраўднае апісанне горада Гродна ў Літве» стала адной з першых выяваў гарадоў ВКЛ. Яна расказала адукаванаму еўрапейцу пра існаванне Гродна і апошнія палітычныя падзеі ў краіне. Падставай для стварэння малюнкаў стала сустрэча маскоўскага, турэцкага, валашскага і татарскага пасольстваў з дыпламатамі караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста, — кажа Аляксандр Перагудаў пра змест гравюры.
[irp posts="25 627″ name="Юбілей адной гравюры, альбо чаму гродзенцам варта паказаць сваю годнасць"]
Фонам сустрэчы з’яўляецца панарама горада з архітэктурнымі дамінантамі, большасць з якіх ужо не існуе: каралеўскім замкам, Фарай Вітаўта, Прачысценскай царквой, ратушай, Маставой брамай, царквой Чэснага Крыжа.
— Сёння не толькі ў Гродне, але і ў Беларусі няма гэтай гравюры. І гродзенцаў, якія славіліся любоўю да культуры, павінна заклапаціць тое, што яна не захавалася. Таму і з’явілася ідэя перавыдання, — кажа Аляксандр.
Грошы будуць збіраць праз краўдфандынг
Мэта ініцыятараў - перавыдаць гравюру і перадаць яе Гродзенскаму дзяржаўнаму гісторыка-археалагічнаму музею. А таксама надрукаваць больш даступны постар з выявай Гродна, каб кожны гродзенец мог паглядзець, як выглядаў горад 450 год таму. Кошт справы — каля 1900 рублёў, якія плануецца сабраць праз краўдфандынг. Грошы патрэбныя, каб набыць адсканаваныя копіі, вырабіць адмысловую форму, закупіць паперу, надрукаваць пробныя і выніковыя адбіткі.Спачатку мінчукі зробяць сінтэтычную выяву. Для гэтага трэба набыць некалькі адсканаваных копій з музеяў Расіі, Польшчы, Швецыі і Украіны. Копіі зводзяцца ў фоташопе, каб ліквідаваць страты і зрабіць максімальна якасную выяву. Справа ў тым, што асобнікі з часам набылі індывідуальнасць з-за згібаў ці няякаснай фарбы, некаторыя значна пашкоджаны.
Затым трэба аднавіць палімерную друкарскую форму на аснове жэлаціны. Форма змяшчаецца на станок, на яе накатваецца фарба, пасля форма змяшчаецца ў ручны прэс. Зверху кладзецца папера і робіцца адбітак. Гэта і ёсць гравюра. Для яе стварэння выкарыстаюць паперу з бавоўны з імітацыяй старадаўняй паперы.
Выявай можна вольна карыстацца ў камерцыйных мэтах
Стравальнікі праекта надрукуюць каля 10 гравюр. Адзін асобнік перададуць у гродзенскі музей. Адну з гравюр уручную размалюе мастак Зміцер Шапавалаў па прыкладзе падобных гравюр. Яе адскануюць і выпусцяць каляровы постар, які можна будзе набыць.Сінтэзаваную выяву ў добрай якасці вывесяць на сайце imago.by. «Калі нехта захоча надрукаваць з гравюрай цішоткі, магніты ці сувеніры, мы будзем толькі радыя», — кажа Валянціна Андрэева, аўтар праекта і кіраўнік па сацыяльных сувязях. Яна лічыць, што падобныя гравюры і мапы павінны быць бясплатнымі для спампоўпання, бо грамадскасць мае больш правоў на іх, чым калекцыянеры.
«Нашы лідары былі ў еўрапейскім «трэндзе»
— Калі вывучаеш гравюру глыбока, прыходзіць разуменні неверагоднасці. Толькі праз 100 год пачалі з’яўляцца выявы іншых гарадоў ВКЛ, і тое з-за вайсковых дзеянняў. Які горад у нашым рэгіёне ведае, як ён выглядаў 450 гадоў назад? — кажа Ілля Андрэеў. — Гэта паказвае, што нашы лідары былі ў еўрапейскім «трэндзе». Мне за гонар жыць у краіне, у якой ёсць такая рэч.
Валянціна кажа, што шараговы чалавек не ведае, якая гэта ступень у цывілізацыйным пад’ёме, і што захавалася з нашых графічных кодаў сярэдзіны 16 ст. Зараз гэта «вяртае нам памяць» і нагадвае, што ў беларусаў вялікая гісторыя.— Менавіта для таго, каб данесці значнасць гравюры, мы і запускаем гэты праект. Я ўпэўнены, што гравюра хавае яшчэ шмат таямніц, таксама ёсць сумневы ў арыгінальнасці некаторых вядомых асобнікаў. Напрыклад, у канцы мінулага года была выяўлена падробка рэдкай карты свету пачатку 16 стагоддзя, коштам каля 1 мільёна долараў. Над гэтымі пытаннямі мы і будзем працаваць падчас праекта, — кажа Ілля.
Да таго ж, графіка пасуе да любога інтэр'еру: «Гэта вельмі прыгожа і густоўна. У нас у інтэр'ерах вісяць пейзажы, шышкіны, вышыванкі, — кажуць Андрэевы. — На жаль, у нас вірус добрага густу ў інтэр'еры не распаўсюдзіўся. Але калі на сцяне з’явіцца адна гравюра, то чалавек усё жыццё будзе жыць з графікай».
Даведка
Гравюру «Сапраўднае адлюстраванне горада Гродна ў Літве» выканаў нямецкі майстар Маціас Цюнт, выкарыстаўшы малюнкі Ёхана Адэльгаўзера. Гродна стаў першым горадам ВКЛ, паказаным на гравюры на аснове рэальных ведаў.
На гравюры ёсць прысвячэнне польскаму каралю і вялікаму князю літоўскаму Жыгімонту Аўгусту, а таксама яго асабісты герб. Імаверна, выява была зроблена па заказе з мэтай стварэння і распаўсюджвання пазітыўнага вобраза ВКЛ падчас Лівонскай вайны. Гравюра існуе ў дзвюх моўных версіях — лацінскай ды нямецкай. Праца мела вялікі попыт, паколькі з’яўлялась не толькі рэкламай вялікакняскай дыпламатыі, але і важнай крыніцай інфармацыі аб паўсядзённым жыцці ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне, які доўгі час заставаўся «Terra Incognita» ў разуменні заходнееўрапейцаў.
Гравюра перадрукоўвалася шмат разоў на працягу амаль двух стагоддзяў у спрошчаным, часам ілюмінаваным выглядзе, а некаторыя персанажы гравюры — ліцвіны, русіны, маскоўцы, валахі - перайшлі на старонкі еўрапейскіх энцыклапедый, прысвечаных народам свету як самастойныя героі.