Аляксандр Краўчук – гродзенскі джазмэн і кампазітар. 18 красавіка ён прадставіць у Гродне аўтарскую джазавую праграму “Маё жыццё”. Разам з музыкам Hrodna.life высвятляў, чаму тут нельга іграць, як у Мінску, як гучыць сузор’е Арыён і ці можа быць джаз цікавым для дзяцей.

“Мы мала сябе любім, мала спяваем сабе харошых песень” – гэта Алан Харыс мне казаў, яго словы”, – узгадвае Аляксандр Краўчук амерыканскага калегу. Па словах заакіянскага джазмэна, беларусаў лягчэй пачуць за мяжой, чым дома.  Прызнаўшы рацыю калегу, Краўчук вырашыў паправіць сітуацыі найперш у родным горадзе.

“І праўда, у нас ёсць свае музыкі, сваё культурнае асяроддзе. Захацелася, каб гродзенцы пачулі мясцовы джаз, змаглі дакрануцца да музычнага жыцця, што тут адбываецца”. Падаць прыклад ён вырашыў уласнай праграмай са сціплай назвай “Маё жыццё”.

«Маё жыццё»

Змясціць у канцэрт насамрэч «усё жыццё» не атрымалася. У праграме будзе толькі 8 твораў з паўсотні напісаных Краўчуком джазавых кампазіцый. Гэта хутчэй бачанне ў цяперашні момант, стан «на зараз». «Праграма адлюстроўвае тое, што адбываецца вакол мяне, што я бачу, як успрымаю. Гэта мой жыццёвы досвед, адчуванні, стасункі з людзьмі. Я ўсё выплёскваю ў музыку».

Навошта беларусам слухаць джаз? Алекс Краўчук сыграе ў Гродне пра жыццё, каханне, зоры і пінгвінаў

Пагаварыць «за жыццё» музыка прапануе ў форме гасцёўні. На сцэне паставяць канапу і паміж музычнымі нумарамі будзе час на камунікацыю з гледачамі ў залі. Правядуць канцэрт Яраслаў Чычын і Дмітрій Чэкан –  «з веданнем справы і веданнем джазу».

Як трэба іграць для Гродна

Праграму «Маё жыццё» летась ужо прадстаўлялі  ў Мінску. Але гродзенскі канцэрт мае быць зусім не падобным да папярэдняга. У сталіцы Краўчук граў сваю партыю на сапрана-саксафоне, а для Гродна абраў тэнар. «Будзе іншы тэмбр гуку, больш мужны. Гродна патрабуе мужчынскай энергіі».

Навошта беларусам слухаць джаз? Алекс Краўчук сыграе ў Гродне пра жыццё, каханне, зоры і пінгвінаў

З іншага боку гучанне джазу вельмі залежыць ад аўдыторыі. «Гэта заўжды сюрпрыз. Джаз нараджаецца ад узаемадзеяння паміж музыкамі і публікай. Мы залежым адзін ад аднаго абсалютна наўпрост. Чым больш вы будзеце пляскаць у ладкі, тым лепш мы будзем граць. Калі нейкае сола вам падабаецца – можаце свістаць, тупаць і крычыць – мы толькі за. Гэта джаз, гэта імправізацыя».

Ад зорак да пінгвінаў

Па адукацыі Краўчук – акадэмічны музыкант і мае вялікі досвед выступаў у складзе аркестраў. Калегі з «класікі» да гэтай пары жартам пытаюць:

Навошта беларусам слухаць джаз? Алекс Краўчук сыграе ў Гродне пра жыццё, каханне, зоры і пінгвінаў“Калі  ўжо скончыш займацца лабудой і прыдзеш іграць нармальную музыку”. У адказ Краўчук іграе джаз.

«Я не трымаюся стандартаў, увесь час імкнуся выйсці за іх межы. Таму і з аркестра сышоў. Там рамкі і ноты. А я не хачу падпарадкоўвацца. Не магу. Хачу спяваць, іграць, крычаць – тое, што ёсць у ва мне. Тут і зараз».

Перажыць гэты стан таксама можна «тут і зараз» – трэба толькі прыйсці на канцэрт.

Адкрываць праграму будзе кампазіцыя «Сузор’е Арыён». «Я пазіраю на зоркі і думаю: «што там, за гэтай глыбінёй? У мяне мара – паляцець у космас. Я бачыў зямлю з паверхні і з вады. Хачу паглядзець на яе з касмічнай вышыні».

Па словах Краўчука,  сузор’е зачаравала яго падчас рыбалкі на Нёмане. Спачатку даведаўся, як называецца гэта зорная супольнасць, а потым заўжды шукай Арыён вачамі ў небе. Яго таямнічасць і прыгажосць прымусілі напісаць музуку.

Кампазіцыю ў стылі басанова «Начны Анцігуа» Краўчук падрыхтаваў на заканчэнне праграмы. «Гэта гімн карыбскаму востраву. Я там быў шмат разоў і ён мяне пакарыў. Так нарадзілася музыка».

Цікавосткаю праграмы стане і «смешная, як дыснэеўскі мульцік» кампазіцыя «Пінгвін». Натхненне для яе знайшлося ў Сіднэі, падчас наведвання заапарку. «Пабачыў, як кармілі пінгвінаў. Адзін з іх пачаў рыбку падкідваць і па ўсякаму з ёй гуляць. Было вельмі забаўна. Я вярнуўся на карабель і за пяць хвілін напісаў гэту кампазіцыю».

 

Душа, сэрца і розум. Джазавы рэцэпт на ратаванне нацыі

«Я саксафаніст. А саксафонаў ёсць два віды. Адзін тэнар. Гэта, каб вы разумелі, такі крывы. Другі – сапрана. Дудачка, кшталту кларнета. Неяк у мяне запыталі – што ты больш любіш? Па мне, гэта як спытаць у мамы, каго яна любіць больш – сына ці дачку. Я не выбіраю, проста тэнар – гэта маё сэрца, а сапрана – душа. Як можна раздзяліць сэрца і душу?»

– А як наконт розуму? Ці ён патрэбен ў джазе?

– Джаз і ёсць розум! Кожны музыка – яркая асоба і заяўляе пра сябе сваім гукам і стылем. Мы збіраемся разам і з’яўляецца джаз. Яго не зробіш толькі сэрцам і душой. Тут патрэбна вялікая інтэлектуальная праца. Гэта вялікая школа ўзаемаразумення.

Можа, нам якраз таго і не хапае – крута імправізаваць па жыцці? Адчуваць сувязь са светам? Весці сваё сола не перашкаджаючы іншаму?

«Мы – нацыя сяброўская, але хата ў многіх з краю, нам не хапае ўмення камунікаваць. Праз джаз можна пачаць гэтаму вучыцца».

https://www.youtube.com/watch?v=ZLALJrpoirU