Для кветкавых арак з вуліцы Савецкай, якія сталі прадметам спрэчак гродзенцаў, знайшлі новыя месцы. Частка застанецца на пешаходнай вуліцы.
Тры з іх пакінуць на ўваходзе ў пешаходную зону каля Дома прафсаюзаў, яшчэ тры будуць стаяць на вуліцы Тэльмана каля ЦУМа, а астатнія пяць перанесуць у парк Жылібера, паведамляе тэлеканал «Гродна Плюс». Адразу пасля завяршэння тэхнічнага пераезду спецыялісты «Гродназелянбуда» пачнуць афармляць аркі кветкамі.
У Гродне пачалі азеляненне
Таксама зараз у Гродне ідуць работы па азеляненні перад святкаваннем Дня Перамогі. Спецыялісты прыдзяляюць асаблівую ўвагу цэнтральнай частцы горада: вуліцам Леніна, Ажэшкі, Сацыялістычнай і Савецкай.
Клумбы з кветкамі вернуць на агароджу каля парка Жылібера. Таксама супрацоўнікі прадпрыемства «Зелянбуд» высадзяць расліны на воінскіх могілках па вуліцах Белуша і Перамогі, а на Кургане Славы з’явіцца надпіс «Памяць Героям». На Старым мосце зноў з’явіцца «кветкавая хваля» — тут ужо ўсталявалі скрыні, высадку раслін плануюць завяршыць да канца гэтага тыдня.
Пасля свята спецыялісты перамесцяцца ў спальныя мікрараёны, у прыватнасці, у Грандзічы і Альшанку. Паводле слоў ландшафтнага архітэктара «Гродназелянбуда» Наталлі Мік’янец, у Грандзічах ужо высаджаны кветнік на кальцавой развязцы па вуліцы Глухава.
Таксама плануецца высадка кветак і распрацоўка новага кветніка па праспекце Янкі Купалы каля ЗГК Triniti. З’явяцца кветнікі і ў мікрараёне Фолюш. На вуліцы Белуша з боку трасы М6 высадзяць вялікі кветкавы дыван. Акрамя гэтага, зробяць вялікае кветкавае пано на Румлёўскім праспекце.
Чаму аркі вырашылі перанесці?
Гродзенцы падчас прамога эфіру на тэлебачанні паскардзіліся мэру на застаўленую вуліцу Савецкую. Пасля гэтага ў інтэрнэце запусцілі апытанне, дзе гараджане актыўна спрэчылі: ці патрэбныя гэтыя канструкцыі на галоўнай пешаходнай вуліцы, ці яны толькі замінаюць.
У выніку ўлады прыслухаліся да меркавання жыхароў і вырашылі «разгрузіць» Савецкую. Старшыня гарвыканкама паабяцаў, што за наступную зіму горад прыдумае, куды пераставіць усе аркі з Савецкай, а сёлета арак на «пешаходцы» стане заўважна менш.



