Зніненне помніка Ларысе Геніюш з тэрыторыі царквы ў Зельве ўразіла многіх. Беларускі Facebook выбухнуў рэфлексіямі. Беларусы цытуюць вершы Геніюш, раяць яе кнігі, якія варта прачытаць найперш, ставяць фотаздымкі паэткі на аватаркі, шукаюць вінаватых і спадзяюцца на вяртанне помніка. Сабралі меркаванні літаратараў, дзячаў культуры і актывістаў пра паэтку і здарэнне.
«Думаю пра тое, што помнік, які знік — гэта больш сапраўдны помнік за тыя, якія стаяць, — перакананая пісьменніца, гісторык беларускай літаратуры і выкладчыца Ганна Севярынец. — «Ваяр, якога не бачна — гэта больш страшны ваяр за таго, які падняўся ўва весь рост. Ну вось няма ў нас помніка Івану Луцкевічу — але ж любы шлях, ад Віленскага да Койданаўскага, яму помнік. Няма Луцкевічава уяўнага дома ў парку — але ж увесь падмурак парка — іхны дом. Гэта як фашысты калісь: едуць праз лес — няма партызанаў, але кожны куст ім партызан. Помнік, які стаіць — толькі помнік, мала што з ім можна зрабіць. Фарбай заліць, знесці, разбіць. Помнік, які знік — гэта помнік, якому нічога не страшна. Ён ёсць паўсюд».
«Я б на месцы барацьбітоў з помнікамі не баялася помнікаў уяўных, хай стаяць сабе. А вось зніклых… Можа, ён у сутарэнні дома насупраць назірае за табой».
Чытайце таксама: Ларыса Геніюш і нацызм: ці ёсць нешта агульнае і ці заслугоўвае помнік зносу?
Пераслед пасля смерці
«Праз усё жыццё яе пераследвалі - і не спыніліся па смерці…», — напісаў паэт Уладзімер Някляеў і апублікаваў свой верш, прысвечаны паэтцы.
«Загадкавым знікненнем», «крадзяжом» і «пляўком Масквы ў твар беларускай нацыі» называлі беларусы здарэнне ў Зельве.
«Вельмі шкада. І яшчэ шкада, што ўсе мы не змаглі яго абараніць. Такія цяпер часы. Зноў знішчаюць усё нашае, усё нацыянальнае, усё беларускае. Падумалася, як жа добра, што парэшткі Кастуся Каліноўскага пахавалі ў Вільні. Слушна, што тады адмовіліся ад Мінску. Проста страшна ўявіць, што б сёння ворагі зрабілі б з ім тут у Беларусі. Як бы там ні было, нашыя велічныя асобы будуць жыць вечна! У нашай памяці, ведах, марах», — напісаў Алег Корбан, лідар грамадскай ініцыятывы «Альтэрнатыва».
Помнік на старонцы замест помніка ў Зельве
«У Беларусі скралі помнік паэтцы Ларысе Геніюш. То няхай стаіць тут», — напісала выдавец, заснавальніца беларускага выдавецтва «Гутэнбэрг» у Кракаве Валянціна Андрэева, і апублікавала фота помніка. Здымак помніка Геніюш з падобнымі каментарамі публікавалі і іншыя карыстальнікі сацсеткі.
Некаторыя паставілі фота Ларысы Геніюш з яе цытатай на вокладку ўласнай старонкі, фота паэткі з’явіліся на аватарках беларусаў.
Царква вінаватая ці царква ўратавала?
«Аўтарытэт нейкай Бондаравай аказаўся вышэйшы, чым аўтарытэт мітрараліта Філарэта, які ўсталяваў помнік Ларысе Антонаўне каля Зельвінскай царквы», — смуткуе адзін з беларусіх святароў.
«Мяркую, што сьвятар ды зэльвенцы-прыхаджане наўрадці яго выкінулі, хутчэй прыхавалі да лепшых часоў, ды — веру — хутка ўжо вернецца на сваё месца, а таксама паўстануць шматлікія іншыя помнікі, шыльды, музеі, назвы вуліцаў ды інш. побач з помнікамі ды шыльдамі сучасных сапраўдных герояў Беларусі», — перакананая беларуская экскурсаводка пад нікам Lierka Liusterka. Яна таксама нагадала, што сёлета споўнілася 75 год з часу арышту Ларысы і Янкі Геніюшаў. «Адбылося гэта 5 сакавіка 1948-га года, а роўна праз 5 год дзень у дзень памёр Сталін», — дадала жанчына.
Ёсць і тыя, хто лічыць, што ў знікненні якраз вінаватыя святары. «Помста РПЦ за Лаўру, упэўнены. РПЦ і скрала помнік», — прапанаваў версію адзін з карыстальнікаў у каментарах.
Вершы — найлепшы помнік
Найлепшым помнікам літаратарцы, «якіх не дэмантуе ніякая навалач», паэт Андрэй Хадановіч назваў вершы Ларысы Геніюш:
«Колькі дум маіх не раскулачвалі,
Нат у сьмяротна трывожны час
Не назвала я «мамай» мачыхі
І душы не здала ў калгас!
***
Сёньня на пласе родная мова.
Вырваць жывую належыць з вагню.
Слова «кахаю» — слабае слова.
Мужнае слова — «абараню»!
Цытаваннем твораў і лістоў Ларысы Геніюш адгукнуліся і шматлікія суполкі, прысвечаныя беларускай літаратуты і культуры.
«Цяжка паверыць, але ў 2010-м, калі прыйшоў на працу ў „ЛіМ“, то маім першым заданнем было напісаць пра Ларысу Геніюш: у яе якраз быў юбілей. Апублікавалі, і свет не абрынуўся. Праўда, і час быў іншы», — успамінае беларускі гісторык, літаратурны і тэатральны крытык, журналіст Дзяніс Марціновіч, брат журналіста-палітвязня Ягора Марціновіча. — А зараз… Ад ганебнага знікнення помніка чытаць Геніюш менш не стануць. А яе чытачы не пяройдуць да іншых, правільных творцаў".
Яна ўсё яшчэ працуе, усё яшчэ Геній
«Оруэл пляскае ў ладкі стоячы! У Зэльве сярод ночы выкралі помнік паэтцы Ларысе Геніюш! — уражваецца актывіст Зміцер Хведарук. — У нашай краіне зьнікаюць не толькі людзі, але нават помнікі ды могілкі. У „Міністэрстве Любові“ ўсё яшчэ вераць, што той, хто кантралюе мінуле кантралюе будучыню. Людзі з каменнымі сэрцамі ўсё яшчэ мяркуюць, што калі павырываць з зямлі камяні, можна вырваць памяць і сьвядомасьць людзей. Прыхаваць яе можна, вырваць — ня ўдасца».
Ён прыводзіць эпізоды няпростай біяграфіі Ларысы Геніюш: допыты ў Цанавы [Лаўрэнцій Цанава — Міністр дзяржбяспекі БССР, адзін з арганізатараў сталінскіх рэпрэсій — Hrodna.life], ГУЛАГ, цяжкое жыццё на Радзіме пасля вяртання. «Дарэчы, Ларыса Геніюш была адзіным чалавекам на абшарах СССР, якая жыла без савецкага грамадзянства і прызнавала толькі пашпарт БНР».
«Цяпер я пэўны, чый бюст будзе стаяць на месцы яшчэ аднаго нашага „земляка“ Фелікса насупраць будучага музея катаваньняў у цэнтры горада М. І гэты помнік будзе нагадваць усім будучым пакаленням, што нават адзін маленькі і слабы чалавек з праўдай мацнейшы за сотні тысяч узброеных агалцелых злодзеяў», — дадае актывіст.
«Ларыса Геніюш самому Цанаву на допыце сказала: „Як вы ёсьць міністр Беларускай рэспублікі, то гаварыце са мной на беларускай мове“. І яшчэ, што бяз Божае волі ёй волас з галавы не спадзе, — прыгадала пісьменніца Святлана Курс. — І ў Зэльве яна жыла як вязень замка Іф — гордая, адзіная, грамадзянка БНР сярод шыпучых стварэньняў. Дык яе літасьцю і жаласьцю ня трэба прыніжаць. Яе і мёртвую ў палон хапаюць поначы, яна ўсё яшчэ працуе, яна ўсё яшчэ жывая. Яна ўсё яшчэ Геній».