У Дзень пажарнай службы, які адзначаецца ў Беларусі 25 ліпеня, Hrodna.life пагутарыў з былым гродзенскім пажарным Паўлам Кур’янам. За 9 гадоў працы ў абласным МНС Павел з маладога і «зялёнага» хлопца ператварыўся ў вопытнага выратавальніка, якому даводзілася не раз уваходзіць у палаючую кватэру і ратаваць людзей.

Ён расказаў нам, хто такія ратавальнікі і як яны працуюць, колькі важыць амуніцыя і колькі вады яны возяць з сабой. А таксама ўзгадаў самы незвычайны выклік.

Ледзь не вылецеў у акно

Калі я ўладкаваўся на працу ў МНС мне было усяго 19 гадоў. У галаве былі гулянкі, любіў на машыне хутка пакатацца, усё як у цяперашняй моладзі. Але пасля першых выездаў на ДТЗ, калі ўбачыў хлопцаў, якія насмерць разбіваюцца, у мяне адпала жаданне дурэць. У МНС многае вырашае калектыў, які выхоўвае кожнага маладога байца. Некалькі выездаў на пажары і ДТЗ — і стаўленне да жыцця зусім іншае.

Спачатку былі цяжкасці, але ніхто ў гэтую прафесію не прыходзіць адразу дасведчаны. Усё прыходзіць з гадамі. На адным з першых маіх выклікаў, я, не ведаючы, у палаючай кватэры адкрыў акно ў адным з пакояў. Агонь за кошт дадатковага паветра хутка перакінуўся з іншага пакою ў тое месца, дзе я знаходзіўся. Мне пашанцавала, што я адышоў ад акна, куды агонь проста вылецеў. Калі б я стаяў на яго шляху, то разам з ім і вылецеў бы ў тое акно.

На выкліках пачынаеш цаніць жыццё

Памятаю як цяпер, гарэў прыватны дом. Мы прыязджаем на выклік. Начальнік змены ўсіх паставіў і даў задачу, а сам набраў паветра ў лёгкія і ўвайшоў у палаючы дом. Ён прабег па пакоях, паглядзеў дзе што гарыць і выбег. Я быў у шоку ад такога ўчынку, бо па-іншаму ўяўляў сабе службу ў МНС. Тое, чаму нас вучылі ў навучальным цэнтры, і тое, што адбываецца на пажарах, гэта зусім розныя рэчы. На выкліках пачынаеш цаніць жыццё, свой калектыў, набіраешся вопыту. Многія ратавальнікі пра сябе не думаюць, калі ведаюць, што ў палаючай кватэры знаходзяцца людзі. Галоўная мэта ва ўсіх — выратаваць чалавечае жыццё.

Планіроўку дамоў ведаюць напамяць

Выратаванне людзей на пажарах гэта адна з самых складаных частак прафесіі пажарнага. Многія ратавальнікі, калі пад’язджаюць да шматпавярховага дома, дзе гарыць кватэра, ужо ведаюць планіроўку і куды трэба бегчы. А ёсць дамы з новай планіроўкай: даводзіцца арыентавацца на месцы. У такіх сітуацыях складана бывае, а ў кватэры з-за дыму бачнасць можа быць нулявая. Калі людзі яшчэ ў прытомнасці, то іх можна спакойна вывесці, а калі ўжо без прытомнасці, то трэба сур’ёзна папрацаваць. Чалавек без прытомнасці вельмі цяжкі, бывае, што тры выратавальнікі выносяць аднаго жыхара з кватэры.

"Галоўная мэта - выратаваць чалавечае жыццё". Былы ратавальнік пра пажарную службу
Павел на адным з выклікаў у шматпавярховым доме
У сярэднім адна змена ў год ратуе каля пяці чалавек. Прыкладна столькі ж можа і не выратаваць. Ратавальнікі заўсёды імкнуцца рабіць усё што ў іх сілах, каб выратаваць чалавечае жыццё. Шмат залежыць ад паведамлення аб пажары. З вопыту магу сказаць, што днём больш магчымасцяў выратаваць чалавека, чым ноччу.

Нядаўна быў пажар на Ажэшкі. Ноччу п’яны сын закурыў у кватэры, а разам з ім дома была і яго маці-інвалід. Пажар у кватэры быў моцны — уся кватэра згарэла. Маці і сына здолелі вынесці ратавальнікі яшчэ жывымі, але ў бальніцы яны памерлі. Спачатку маці памерла, а потым і сын. У гэтай сітуацыі самае страшнае, што сын з-за сваіх шкодных звычак загубіў сябе і маці.

Амуніцыя і абсталяванне

Я калі працаваў у МНС, то важыў 75 кілаграм. Але калі апранаеш пажарную вопратку, пояс, шлем і працівагаз, то ўжо важыш 100. Часта на выкліках працуеш з розным абсталяваннем: бензарэз, лом, вогнетушыцель, пажарныя рукавы, ствалы і многае іншае. Гэта яшчэ 15 кілаграм, агулам чалавек важыць з усiм каля 115 кілаграм. І ўявіце, у такім відзе бегчы на дзясяты паверх і там ратаваць людзей. Складана, але мы да гэтага рыхтаваліся.

Пажарныя заўсёды прыязджаюць з вадой

Многія не раз пісалі ў інтэрнэце: маўляў, пажарныя прыязджаюць на выклікі без вады. Хачу запэўніць, што такога ніколі не было і быць не можа. У першую чаргу пасля выкліку машыну запраўляюць вадой і толькі потым яна едзе ў частку. На выклік едзе стандартная машына з 2,5 тоны вады. Выхад пажарнага ствала 7 літраў у секунду. За хвіліну тушэння сыходзіць 420 літраў вады. За шэсць хвілін 2,5 тоны вады ў машыне ўжо няма, гэта калі пажарныя працуюць з некалькімі рукавамі. Чалавек, які з боку глядзіць, думае, што машына прыехала без вады, пяць хвілін пастаяла і з’ехала. Таму на выкліку часта выязджае па некалькі машын.

Пажарныя не толькі спяць

Людзі кажуць, што пажарныя на сваёй працы шмат спяць. Скажу шчыра, я спаў часта. Але гэта рабіць забаронена ў дзённы час. Змена ў ратавальнікаў доўжыцца 24 гадзіны. З самай раніцы пачынаюцца заняткі, далей тэорыя або практыка, ну і, вядома ж, фізічная падрыхтоўка. Самыя складаныя пажары адбываюцца ноччу, паспаць у гэты час не заўсёды атрымліваецца. А сіла і бадзёрасць на выкліках павінна быць заўсёды. Таму часам, калі днём няма выклікаў і няма заняткаў, можна дзесьці задрамаць. У пажарных заўсёды усё адбываецца па-рознаму: могуць быць пастаянна выклікі, а можаш і цэлы месяц нікуды не выязджаць.

"Галоўная мэта - выратаваць чалавечае жыццё". Былы ратавальнік пра пажарную службу
Павел падчас тушэння аднаго з аб’ектаў у Гродне

Нядбайнасць людзей

Падчас службы мяне здзіўляла нядбайнасць людзей. Неяк на трасе М6 тушылі аўтамабіль. Гэта было ноччу і бачнасць, натуральна, дрэнная. Нашы машыны стаялі на трасе на маяках, каб вадзіцелі хоць неяк нас заўважалі. Але кіроўцы быццам і бачаць праблему, але ўсё роўна нясуцца па 100 км/г па гэтай трасе. І гэта нягледзячы на ​​тое, што дарога мокрая і слізкая пасля нашага тушэння. На гэтым выкліку аднаму шалёнаму кiроўцу не пашанцавала: яго занесла на мокрай трасе і ён вылецеў у кювет. Акрамя тушэння машыны на дарозе, нам прыйшлося яшчэ даставаць чалавека з машыны ў кювеце.

Самы незвычайны выклік

Аднойчы паступіў сігнал, што на тэрыторыі аднаго з прадпрыемстваў у Гродне бегае ліса. Мы выехалі на заданне і прыняліся лавіць жывёлу. Злавіць лicу голымі рукамі было нерэальна. Спецыяльных прыстасаванняў, каб лавіць такую жывёлу, у нас проста не было. У выніку прыехалі з заапарка супрацоўнікі з сачком і мы разам з імі пачалі бегаць за лісой. Смешная карціна атрымалася: каля 10 супрацоўнікаў МНС бегаюць за адной лісой. У выніку лiсу так і не злавілі, а смешная гісторыя засталася на ўсё жыццё.

Вопыт атрыманы ў МНС заўсёды спатрэбіцца ў жыцці

За дзевяць гадоў працы ў МНС у мяне выйшла каля 1000 дзяжурных сутак. А ёсць тыя, хто сыходзіць на пенсію і мае 3000 сутак. Зараз я працую ў іншай сферы, але служба ў МНС гэта вялікі і бясцэнны вопыт, які заўсёды спатрэбіцца ў жыцці. Карыстаючыся выпадкам, я хацеў бы павіншаваць усіх супрацоўнікаў і ў першую чаргу тых, хто прымае непасрэдны ўдзел у тушэнні пажараў, выязджае на ДТЗ і іншыя здарэнні.


Лом цветного и черного металлов можно сдать по хорошей стоимости. Для этого вам необходимо перейти по ссылке. Мы предложим вам хорошую цену, от которой сложно будет отказаться.