За паўтара года, якія палітвязень з Гродна Дзмітрый Фурманаў сядзеў у СІЗА і калоніі, у ягонай дзяўчыны Вольгі Каракінай з’явіліся некалькі сівых валасоў. Дзмітрый больш за ўсё чакаў лістоў менавіта ад яе, а яна перажывала, што праз цэнзуру не магла расказаць пра ўсё, што хацела. Падчас галадоўкі каханага Вольга галадала разам з ім. Пасля выхаду Дзмітрыя на волю і экстранай эміграцыі пара ўз'ядналася. Прайшло тры тыдні, як яны жывуць у Вільні, збіраюцца адпачыць у санаторыі і спадзяюцца вярнуцца ў Беларусь. Рэдакцыя Hrodna.life спытала ў пары, як змяніліся іх адносіны пасля вымушанага працяглага расстання.

Мы стэлефаноўваемся з Дзмітрыем і Вольгай праз мэсанджар. На фоне ў пары — БЧБ-сцяг і паліцы з невялікімі кветкамі, якія пакінуў гаспадар здымнай кватэры. Дзмітрый абдымае Вольгу. Пасля выхаду з турмы ў Дзмітрыя шмат сустрэч у Вільні, у тым ліку — са Святланай Ціханоўскай. На гэтыя сустрэчы пара ходзіць разам. Яны імкнуцца адсыпацца, бавяць час разам, ходзяць на акцыі салідарнасці з Беларуссю, даюць інтэрв'ю і пішуць лісты беларускім палітвязням. Як кажа Дзмітрый, у яго быў выбар — адразу заняцца здароўем або спачатку расказаць пра свой досвед. Ён выбраў другое, каб ні пра што не забыцца.

Дзмітрый Фурманаў - палітвязень, якога асудзілі па «справе Ціханоўскага». Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК «Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Па словах пракурора, Фурманаў дапамагаў шукаць Ціханоўскаму саўдзельнікаў за ўзнагароджанне. Падчас судовага следства Дзмітрый правёў некалькі тыдняў у карцары турмы № 1 Гродна. Пасля вынясення прысуду яго накіравалі ў папраўчую калонію № 3 у гарадскім пасёлку Віцьба. Амаль увесь час у калоніі, пасля пераводу з СІЗА № 1 Гродна, ён правёў у карцары. 21 кастрычніка ён выйшаў на свабоду з калоніі і ў той жа дзень пакінуў Беларусь. 30 кастрычніка пасля Кіева ён прыехаў у Вільню і сустрэўся з Вольгай.

Апошні раз да вызвалення пара бачылася 29 траўня 2020 года. Тады на вачах у Вольгі Дзмітрыя затрымалі падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую. Супрацоўнікі ў цывільным схапілі яго, ударылі па галаве і забралі разам з крэслам, на якім ён сядзеў. Пасля гэтага пара ўбачылася ў аэрапорце Вільні 30 кастрычніка 2021 года. Вольга чакала яго там з плакатам «Мой герой». Калі Дзмітрый выйшаў да тых, хто сустракаў, дзяўчына кінулася да яго. Пад крыкі «Воля!», «Дзіма!» і «Жыве Беларусь!» яны паўхвіліны не адпускалі адзін аднаго, а ў вачах Дзмітрыя былі слёзы. У той дзень «усе хацелі сустрэць Дзіму»: беларусы Вільні папярэдне сабраліся, надзьмулі шарыкі і намалявалі плакаты.

У расстанні былі даўжэй, чым у адносінах

Дзмітрый жартуе, што ён сядзеў на некалькі месяцаў даўжэй, чым яны сустракаліся з Вольгай. Пазнаёмілася пара на «велапакатушках» у 2018 годзе. Дзмітрый казаў, што гэта не было каханне з першага погляду, але Вольгу ён адразу заўважыў. Спачатку яны сябравалі, а прыкладна праз паўгода ўжо былі разам. «Асцярожна паставіліся да сваіх пачуццяў і вырашылі не прыспешваць падзеі. Паціху пачалі збліжацца», — распавёў Дзмітрый.

«Як паказала жыццё, нас гэта толькі зблізіла. Не толькі сябар спазнаецца ў бядзе, але і каханы чалавек таксама», — лічыць Дзмітрый. У турме ён бачыў, як і палітвязняў, і «звычайных» арыштантаў каханыя дзяўчыны і жонкі кідалі. «У нас з Воляй зусім усё па-іншаму здарылася». «Мне іх не зразумець, — цвёрда кажа Вольга. — Я рабіла ўсё, каб Дзіму вызваліць і максімальна прыцягнуць да гэтага ўвагу. <…> Як быццам бы не было гэтых паўтары гадоў. Толькі дачакацца, падтрымліваць, яму патрэбна была падтрымка вельмі».

Некаторыя пары расстаюцца па «фінансавых» прычынах — калі мужчына быў здабыўцам, то без яго праблемай будзе нават сабраць перадачу, распавядае Дзмітрый. Хоць палітвязням з гэтым лягчэй — дапамагаюць салідарныя. Але ў гэтым выпадку ёсць і іншая прычына — некаторыя пары выбіраюць розныя бакі барыкад.

Некаторыя гродзенцы вырашылі ажаніцца, калі іх блізкія патрапілі ў турму. Валерыя Латаш выйшла замуж за Міхаіла Юдзіна ў СІЗА, каб мець магчымасць перадаваць перадачы і хадзіць на спатканні. Палітвязень Ігар Бузук, асуджаны на два гады калоніі агульнага рэжыму, 3 лістапада распісаўся са сваёй дзяўчынай.

«Я ведаў, што які б ні быў тэрмін, Воля дачакалася б мяне. Я ўпэўнены ў ёй. Я ведаю, што яна — моцны чалавек, і што б ні здарылася, будзе мяне падтрымліваць. У прынцыпе, як і я яе», — мяркуе палітвязень.

Сядзеў даўжэй, чым сустракаліся. Як дзяўчына чакала палітвязня Дзмітрыя Фурманава з калоніі
Дзмітрый Фурманаў і Вольга Каракіна. Фота: Вольга Каракіна

З-за пераследу Вользе прыйшлося з’ехаць

Убачыць блізкага Вольга не магла нават на судовых працэсах зімой 2021 года. Дзяўчыне давялося з’ехаць з Беларусі ў верасні 2020 года праз меркаваны крымінальны пераслед. Пасля затрымання 13 верасня 2020 года на акцыі пратэсту яе выклікалі ў пракуратуру і Следчы камітэт. Дзяўчына папрасіла позву і з’ехала ў Мінск. Позву даслалі, і Вольга зразумела, што трэба з’язджаць з Беларусі. З’ехала яна праз гуманітарны калідор.

Аб сваім рашэнні яна напісала ў лісце Дзмітрыю. Ён падтрымаў яе. У лісце ў адказ ён распавёў, што ў яго справе былі дадзеныя і на Вольгу — яе маглі затрымаць па тым жа артыкуле (арт. 342 КК). Пара да гэтага здзіўлена, што гэтыя радкі цэнзар прапусціў. Рашэнне Вользе далося нялёгка: катавала сумленне, што яна эмігравала, пакуль у Беларусі пратэставалі людзі. «Сваякі, усе казалі, каб я з’язджала, бо мяне таксама пасадзяць у турму, а плюс адзін зняволены — каму гэта трэба?».

«Было такое незразумелае пачуццё самоты», — кажа Вольга. Паўтара года Вольга і Дзмітрый размаўлялі толькі праз лісты. Вольга адпраўляла іх наўпрост або праз сервіс письмо.бел і «Письма в клеточку». Дзмітрый адпраўляў лісты на хатні адрас Вольгі, а яе маці фатаграфавала іх і адпраўляла дачцэ праз інтэрнэт. Лісты Вольга пісала раз на адзін-два тыдні. «Не ўсё даходзіла, вядома. І мае лісты не ўсе дайшлі», — дадае Дзмітрый. Зараз у цэнзараў «новаўвядзенне»: яны рэжуць лісты. Аднойчы палітвязень з ліста А4 атрымаў толькі невялікі абрэзак — прыкладна дзясятую частку ліста.

Дзмітрый жа атрымаў агулам больш за тысячу лістоў. «З улікам цэнзуры можна смела памнажаць на два, —расказваў Дзмітрый Hrodna.life. — Пісалі беларусы з усяго свету, нават з Галівуду». Ён атрымаў ліст і ад карэспандэнткі Hrodna.life, але адказ не прыйшоў. Ён паслаў адзін з першых асобнікаў свайго апошняга слова, напісанага ад рукі. Cа зваротнага боку быў малюнак «Вікторыя». Дзмітрый мяркуе, што праз гэта ліст не прапусцілі. Адпраўляў ён лісты і на адрас рэдакцыі - мы нічога не атрымалі. Лісты Дзмітрый павёз з сабой — яны знаходзяцца «ў бяспецы». Праз знаходжанне ў ШЫЗА некаторыя ён нават не паспеў прачытаць.

Менавіта лісты, кажуць закаханыя, дапамаглі захаваць блізкасць. Вольга адпраўляла Дзмітрыю малюнкі яго коткі і скрыншоты Telegram-каналаў (аднойчы цэнзар прапусціў скрыншот з N***A), а ён — абведзеную руку на паперы. «Лісты пісаць цяжка. І хочацца, і разумееш, што трэба. Хочацца напісаць вельмі шмат, а разумееш, што гэтага не прапусцяць», — кажа Вольга.

Сувязь таксама была і праз адваката. Пакуль была ў Беларусі, Вольга сама вазіла перадачы, пазней гэтым заняліся бацькі. За мяжой яна ўсё роўна спрабавала дапамагаць Дзмітрыю — напрыклад, фінансава. Самым вялікім уплывам «адсідкі» Дзмітрыя на яе жыццё Вольга называе пераезд. «У прынцыпе, звычайны побыт, нічога такога. Толькі пішаш лісты, думаеш, што перадаць у перадачы. Зносіны з іншымі сваякамі палітвязняў, абмеркаванне, што ім можна перадаваць, што нельга. Павялічылася кола стасункаў».

Сядзеў даўжэй, чым сустракаліся. Як дзяўчына чакала палітвязня Дзмітрыя Фурманава з калоніі
Вольга Каракіна і Дзмітрый Фурманаў у Вільні пішуць лісты палітвязням. Фота: Hrodna.life

«Было адчуванне, што на ўсіх палітычных вельмі ціснуць»

Пасля затрымання Вольга змагалася за каханага: стаяла з плакатамі з ягонай выявай падчас пратэстаў у Гродне, а са студзеня 2021 года — на акцыях салідарнасці ў Вільні. Праз два месяцы пасля затрымання Дзмітрыя яны з яго бацькамі вырашылі дзейнічаць. Вольга з маці Дзмітрыя Вольгай Іванаўнай прыехалі ў Мінск да СІЗА на Валадарскага. 10 дзён дзве Вольгі трымалі галадоўку. Улады спрабавалі перашкодзіць: фарбавалі лавачкі, на якіх яны сядзелі, але людзі прыносілі ім крэслы. Галадоўку давялося спыніць пасля таго, як да іх падышлі супрацоўнікі міліцыі і сказалі, што Вольгу могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.

За гэты час да іх далучаліся неабыякавыя людзі. Сустрэлася з Вольгамі і Святлана Ціханоўская, тады — кандыдатка ў прэзідэнты. Каб не падставіць людзей, Вольга спыніла галадоўку. Некаторыя салідарныя людзі, пазнаёміўшыся ля «Валадаркі», таксама пачалі сустракацца і ўтварылі пары. Пазней яны дапамаглі Дзмітрыю ў Кіеве.

Дзмітрый пра галадоўку даведаўся ад адваката. Заяву пра галадоўку прымацавалі да яго справы, напісаў ён пасля ў лістах. З устаноў, куды маці і дзяўчына палітвязня адправілі заяву пра пачатак галадоўкі, даслалі «адпіскі».

Другі раз галадоўку Вольга пачала амаль праз год — 13 сакавіка 2021-га. Галадаць дзяўчына стала ўслед за каханым, які так пратэставаў супраць пяці сутак карцара і стаўлення ў СІЗА — яго выводзілі на прагулкі толькі ў кайданках. У той час у Беларусі адразу галадалі некалькі палітвязняў: Дзмітрый Фурманаў, Ігар Лосік і Ігар Банцэр. Два Ігара абвясцілі сухую галадоўку, пры якой чалавек адмаўляецца не толькі ад ежы, але і ад піцця. Лосік спыніў яе праз чатыры дні, Банцэр — трымаў да прысуду. «Было адчуванне, што на ўсіх палітычных вельмі ціснуць», — расказвала Вольга ў інтэрв'ю праекту «Мы вернемся».

У сакавіку таго ж года палітвязні Сяргей Пятрухін і Ігар Лосік паспрабавалі ўскрыць вены. Гэты момант Вольга называе адным з самых складаных за час чакання палітвязня. Дзмітрый спыніў галадоўку, калі дамогся ёй паляпшэння ўмоў, а ўслед за ім — і Вольга. «Я не ведала, што рабіць яшчэ, як яму дапамагчы. Гэта было, напэўна, адзінае правільнае рашэнне — прыцягнуць увагу да гэтай праблемы», — сказала Вольга. Яшчэ адным цяжкім момантам для яе стала смерць Вітольда Ашурка.

В центре фото с плакатом - Ольга Корякина, девушка политзаключенного Дмитрия Фурманова. В сентябре в целях безопасности она уехала из Беларусь в Литву.
У цэнтры фота з плакатам — Вольга Каракіна, дзяўчына палітвязня Дзмітрыя Фурманова. У верасні 2020 года ў мэтах бяспекі яна з’ехала з Беларусі ў Літву.

300 прысяданняў і 100 адцісканняў

У гэты час умовы для Дзмітрыя і іншых палітвязняў паступова пагаршаліся. Пачынаў заключэнне Дзмітрый у ізалятары на Акрэсціна, дзе ён быў адзін у шасцімясцовай камеры і спаў, накрываючыся «кучай коўдраў». А скончыў у ШЫЗА, дзе няма пасцельных прыналежнасцяў, не водзяць на шпацыр, няма лістоў, газет, перадач і няма з кім пагаварыць. Там ён правёў 48 дзён за восем парушэнняў. Вольгу турбавала, што Дзмітрыю праз гэта могуць «накінуць» яшчэ да двух гадоў калоніі па арт. 411 КК. Адвакат лічыў, што справа ў ціску, а адзін з арыштантаў выказаў здагадку, што так адміністрацыя спрабуе пазбегнуць дадатковай працы па афармленні дакументаў, казаў палітвязень «Медыязоне».

Пасля Акрэсціна была «Валадарка», дзе можна было спаць удзень. Потым Жодзіна, дзе трэба ўвесь час рухацца ці сядзець на шконцы або лаўцы, і з медыцынскім корпусам, дзе бегалі мышы. Пазней была зноў «Валадарка», а потым — турма № 1 Гродна. Тут яго паставілі на прафілактычны ўлік па катэгорыі «схільны да нападу на адміністрацыю і захопу закладнікаў», а потым — па катэгорыі «экстрэмісцкая і іншая дэструктыўная дзейнасць». Яго перасталі выпусціць без кайданкоў на шпацыр або падчас перамяшчэння ў суд. А потым карцэр, у якім Дзмітрый абвесціў галадоўку, — за тое, што сядзеў на ложку, за адмову гаварыць. Пазбавілі яго і спатканняў з блізкімі. У карцары, у адрозненне ад ШЫЗА, давалі пасцельныя прыналежнасці і вадзілі на шпацыры.

Адсутнасць зносін — самае складанае ў ШЫЗА, кажа Дзмітрый. Ратуючыся ад адзіноты, палітвязень завёў гадаванца — павука ў куце камеры, за што атрымаў чарговыя 10 сутак. Іншыя прычыны — няправільна аформлены вопіс рэчаў, няправільна назваў наглядчыка, ляжаў на падлозе. Бацька Дзмітрыя Аляксандр прыязджаў у калонію і пярэчыў, што такіх парушэнняў, якія назвалі «найгрубейшымі», няма ў інструкцыі калоніі. «Чытаючы навіны, што зараз даволі шмат чалавек адправілі ў ШЫЗА, пазбавілі спатканняў, перадач, хочацца проста крычаць. Нас яшчэ мацней катуюць», — сказаў Дзмітрый.

Сядзеў даўжэй, чым сустракаліся. Як дзяўчына чакала палітвязня Дзмітрыя Фурманава з калоніі
Дзмітрый і Вольга на акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. Фота: Вольга Каракіна

Ты ходзіш з кута ў кут, і ў нейкі момант сканчаюцца думкі. Ты пастаянна пракручваеш усё сваё жыццё, усе свае планы, некалькі планаў - А, В, С. Ёсць кропка невяртання, калі разумееш, што няма думак у галаве — пустэча. <…> Людзі ў адзіночцы могуць сядзець і сотні дзён, і некалькі гадоў. Не ведаю, як людзі могуць вытрымаць гэта — як не з’ехаць з глузду ў такой сітуацыі. Значыць, чалавек такое стварэнне, якое да ўсяго звыкае і можа да ўсяго адаптавацца, як бы ні было складана.

На 24 лістапада ў Беларусі 884 прызнаных палітвязняў. Паводле падлікаў некаторых праваабаронцаў, зняволеных па палітычных матывах амаль удвая больш.

Ратавалі фізічныя практыкаванні - не толькі ад думак, але і ад холаду. У ШЫЗА ён трапіў у міжацяпляльны сезон і спаў на голых дошках. Кожныя дзве гадзіны ўначы Дзмітрый уставаў і рабіў зарадку. За самую халодную ноч ён зрабіў 300 прысяданняў і 100 адцісканняў. Менавіта падрабязныя апавяданні пра ШЫЗА больш за ўсё шакавалі Вольгу. Пры фізічных нагрузках, якія ладзіў сабе Дзмітрый, не хапала турэмнай ежы — ён адчуваў пастаянны голад. Ацяпленне ўключылі толькі ў апошні тыдзень яго знаходжання ў ШЫЗА.

Дзмітрый паўтарае, што з аднаго боку, адседзеў паўтара года «ні за што» і гэта «не ўкладаецца ў галаве». Але ў параўнанні з тэрмінамі, на якія некаторых актывістаў асудзілі ў апошні час, яму «яшчэ пашанцавала». «Трэба цяпер рабіць усё, каб людзі, якім далі такія тэрміны, як мага хутчэй выйшлі на волю», — лічыць Дзмітрый. Ён кажа пра тое, што трэба падтрымліваць іх і іх сем'і, і збіраецца дапамагаць, як дапамагалі яму. Дзмітрый не можа ўявіць, як людзі адбудуць сваё пакаранне, бо ўмовы ўсё яшчэ пагаршаюцца. Пры гэта ён дадае, што ўсе беларусы ў некаторай несвабодзе — напрыклад, яны з Вольгай пазбаўленыя магчымасці вярнуцца ў Беларусь.

З’ехаў, каб зноў не пасадзілі

Дні перад выхадам Дзмітрыя прайшлі для Вольгі радасна і ў хваляванні. Яна сабрала дакументы і арганізавала для яго пераезд, «разумеючы, што ў Беларусі яму нельга заставацца». Пара меркавала, што на яго могуць завесці новую крымінальную справу. Пасля вызвалення яму далі распіску, у якой пазначана, што на працягу трох дзён ён мусіць з’явіцца ў РАУС па месцы жыхарства. Памятаючы пра неадбытыя адміністрацыйныя арышты за прыезд Ціханоўскага ў красавіку 2020-га і непасрэдна 29 траўня 2020-га, Дзмітрый выказаў здагадку, што яго пасля РАУС могуць змясціць у ІЧУ.

Па сабе Дзмітрый заўважыў, што «ўмацаваў» фізічную форму. «Не ў сэнсе таго, што я стаў лепш адчуваць сябе. Адсідка ў турме нічога добрага да здароўя не дае». Але яму даводзілася сачыць за здаровым ладам жыцця. На волі раней ён ездзіў на ровары і сачыў за харчаваннем. Пасля выхаду са зняволення ён вырашыў кожны дзень рабіць фізічныя практыкаванні. Пара ўжо купіла яшчэ адзін ровар. Курыць у турме ён не пачаў, нягледзячы на тое, што даводзілася дыхаць дымам і курэнне яму «праракалі». Таксама Дзмітрый вырашыў цалкам адмовіцца ад алкагольных напояў. «Мабыць, паўтара года турмы паказалі, што гэта не патрэбна для нармальнага існавання. Цяпер і Волі гэтую ідэю падкінуў - здаецца, яна вырашыла мяне падтрымаць».

Сядзеў даўжэй, чым сустракаліся. Як дзяўчына чакала палітвязня Дзмітрыя Фурманава з калоніі
Дзмітрый Фурманаў дэманструе, чаму навучыўся ў турме. Скрыншот «Мы вернемся»

У любой сітуацыі Дзмітрый стараўся шукаць плюсы. Досвед турмы яму спатрэбіцца ў жыцці, лічыць ён. Спачатку ён нават набраў некалькі кілаграм — да Новага года не было «стрэсаў». «А потым пачаліся суды, і карцэры, і ШЫЗА, і калонія, і я досыць добра страціў вагу», — распавёў Дзмітрый. Па яго адчуваннях, за час у калоніі страціў шэсць-сем кілаграм. «Маці кажа, вядома, што гэта дрэнна, што худым быць — значыць быць хворым. Але я думаю, наадварот: лішняя вага — яна не патрэбная». Турма зрабіла яго больш аскетычным, лічыць Дзмітрый.

На пытанні былы палітвязень праз два тыдні пасля вызвалення адказвае павольна, прадумваючы кожнае слова, з паўзамі. Паводле прызнання Дзмітрыя, гэта засталося пасля знаходжання ў турме і калоніі — месцах, дзе «трэба сачыць за тым, што ты кажаш» і дзе «няправільна вытлумачаныя словы могуць выкарыстоўваць супраць цябе». Там лепш выкарыстоўваць простыя словы, без тэрмінаў, якія нельга трактаваць дваіста. Другая прычына — два месяцы ў адзіноце ў ШЫЗА, пасля якіх ён «адвык ад стасавання з людзьмі». Вольгу гэта не бянтэжыць. «Думаць перад тым, як сказаць, — вельмі добрая звычка», — мяркуе яна.

Псіхалагічная адаптацыя дапамагае чалавеку выжыць у турме, у жыцці на волі яна становіцца контрпрадуктыўнай. У чалавека развіваюцца «інстытуцыяналізаваныя рысы асобы»: недавер да іншых, цяжкасці ў фармаванні адносін і прыняцці рашэнняў. Псіхолагі і крыміналісты шырока прызнаюць паняцце «ўжыванне ў турэмнае асяроддзе», следствам якога з’яўляецца «посттурэмны сіндром», піша BBC пра псіхалагічны ўплыў зняволення.

«Адчуваю сябе рок-зоркай»

Гаворачы пра апошнія гады, Вольга часцей за ўсё ўжывае словы «цяжка», «складана», «хвалююча». Пасля сустрэчы з Дзмітрыем яна адзін дзень выйшла на працу, а начальнік — беларус, якому яна распавядала пра хлопца — прапанаваў ёй адпачынак на тыдзень. Гаспадыня здымнай кватэры, якая ў курсе беларускай сітуацыі, сама зрабіла для Дзмітрыя другія ключы ад кватэры. «У прынцыпе, усе літоўцы ведаюць сітуацыю і вельмі падтрымліваюць беларусаў», — сказала Вольга.

Котка Дзмітрыя засталася ў Гродне. За час жыцця ў Літве ў Вольгі з’явіўся кот, спачатку ўзяты на ператрымку. «У першы дзень спалохаўся мяне. Але, як кажа Воля, ён да мяне хутка звык. Адразу са мной паладзіў, і цяпер я яго таксама люблю», — усміхаецца Дзмітрый. У планах у пары — адпачыць у санаторыі ў Літве. Там Дзмітрый адновіць фізічнае здароўе і атрымае псіхалагічную дапамогу. У будучыні ён хоча знайсці працу, дзе будзе працаваць фізічна. Але разглядае магчымасць вярнуцца і да офіснай працы. У Літве, паводле яго слоў, працаўладкавацца нескладана. Заробак яго задавальняе — можна дазволіць сабе больш, чым у Беларусі.

Сядзеў даўжэй, чым сустракаліся. Як дзяўчына чакала палітвязня Дзмітрыя Фурманава з калоніі
Дзмітрый з Вольгай на шпацыры. Фота: Вольга Каракіна

«Пакуль што я яшчэ не ўсвядоміў, што адбываецца вакол мяне. Такі незразумелы стан, хоць ужо амаль месяц прайшоў. Яшчэ не прывык да такога хуткага жыцця, калі ўсе трэба хутка вырашаць, рабіць». Дзмітрый нават завёў каляндар, у які ўносіць планы на найбліжэйшы тыдзень. Ён кажа, што яму давялося практычна пачынаць жыццё з нуля.

Кажучы пра побыт, Дзмітрый згадвае прагулкі, катанне на ровары, прыборку. «Калі на працу трэба ўставаць, то ўсталі, абняліся, пацалаваліся, папілі каву, паснедалі - а потым ужо астатнія справы па абставінах. Усё стандартна, як ва ўсіх сем’ях», — усміхаецца ён. «З Дзімам усё хочуць сустрэцца», — распавяла Вольга.

Сярод іншых, ён сустрэўся са Святланай Ціханоўскай. Яе ён упершыню ўбачыў ужывую і быў «прыемна здзіўлены». «Думаў, што яна будзе больш закрытым чалавекам. Але не, яна абсалютна адкрытая для зносін. Я яшчэ раз пераканаўся, што не дарма збіраў подпісы за яе». Дзмітрый з разуменнем ставіцца да ўвагі да сваёй персоны і кажа, што часам адчувае сябе «нейкай рок-зоркай».

На волі Дзмітрый чытае прапушчаныя навіны. Інфармацыя паступала да яго з лістоў, газет, часопісаў, ад адваката, але даходзіла не цалкам і без падрабязнасцяў. Выйшаўшы на свабоду, ён «зразумеў больш». Перад тым, як пайсці на акцыю памяці Рамана Бандарэнкі, ён вывучыў яго гісторыю і біяграфію. Некаторыя навіны яго прыгнечваюць, але ён гатовы іх прыняць і ісці да мэты з разуменнем, што ахвяры непазбежныя.

«Відаць, што сітуацыя пагаршаецца, няма перадумоў для паляпшэння. Складана ўсведамляць, што ўсім нам прыйдзецца яшчэ доўга знаходзіцца ў гэтай сітуацыі. Цярпелі дзясяткі гадоў - і прыйдзецца яшчэ пацярпець <…> Калі гэта будзе працягвацца ўсё жыццё, значыць, нам не пашанцавала». Дзмітрый лічыць, што ў «дзень Х» аб’яднацца і праявіць агульную салідарнасць не стане праблемай.

Гродна бачыў толькі з ілюмінатара

З бацькамі пасля вызвалення Дзмітрый паспеў пабыць чатыры гадзіны — па дарозе ад Віцебска да Мінска. Гродна пасля 29 траўня 2020 года ён бачыў толькі ў час пералёту «Кіеў-Вільня» — з акна ілюмінатара.

У пары ёсць мара, якую агучыў Дзмітрый. «Купіць вялікую машыну, прышпіліць да багажніка ровары, і падарожнічаць па свеце з намётамі або здымаючы жыллё». Але пакуль даўжэй, чым на два тыдні, яны планаў не будуюць. «Усё можа хутка памяняцца, і мы зможам вярнуцца дадому».