90-гадовая гродзенка Таццяна Малышка ў дзяцінстве жыла на вуліцы Мулярскай, але сям’я пакінула дом, бо ў час вайны яго ўключылі ў тэрыторыю яўрэйскага гета. Бацька Таццяны быў траўнікам і лячыў людзей, але ў пасляваенныя гады займацца фітатэрапыяй яму забаранілі. Hrodna.life працягвае публікаваць гісторыі гродзенскіх старажылаў, сабраныя Русланам Кулевічам.

Сенны рынак, высяленне з дому, каменданцкая гадзіна: успаміны гродзенкі з вуліцы Мулярскай

Малышка (Шпігель) Таццяна Міхайлаўна нарадзілася ў Гродне ў 1931 годзе. Праваслаўная. Падчас нямецкай акупацыі сям’ю выселілі з уласнага дома, бо стваралася яўрэйскае гета.

Бацька Таццяны Міхаіл Восіпавіч нарадзіўся ў вёсцы Шэмбелеўцы (знаходзіцца на супрацьлеглым ад мікрараёна Зарыца беразе Нёмана). Скончыў парафіяльную школу, займаўся лекавымі травамі, якія сам збіраў, высушваў і пастаўляў у аптэкі Гродна, а таксама ў іншыя гарады. Маці была з сям'і кіраўніка сядзібы ў вёсцы Галавачы (Гродзенскі раён, сядзіба з 1870 належала Чачотам і вылучалася ўзорным вядзеннем жывёлагадоўлі).

Пра міжваенны Гродна

«Бацькі пажаніліся ў 1913 годзе, у сям'і з часам нарадзілася пяцёра дзяцей. Я — самая малодшая. Мы хадзілі ў розныя школы горада. Спачатку я вучылася ў „Батаруўцы“, там скончыла першы клас, потым пайшла вучыцца ў гімназію пры Бернардынскім манастыры. А так у нас сям’я была праваслаўная, мы былі прыхаджанамі Пакроўскага сабора».

Да вайны па прадукты сям’я хадзіла на Сенны рынак, які знаходзіўся каля бернардынскага касцёла. Туды прыязджалі вяскоўцы.

«Што ў каго было, то і прадавалі. Везлі мяса, курэй, гусей, усяго навязуць на рынак. А на плошчы Баторыя [сёння — Савецкая плошча] таксама рынак быў, не харчовы, матэрыялы прадавалі. На скрыжаванні Іерусалімскай [сёння — Антонава] і Мулярскай яўрэі жылі, магазін у іх быў, памятаю, як да іх бегала купіць булачку за пяць грошаў».

Сенны рынак, высяленне з дому, каменданцкая гадзіна: успаміны гродзенкі з вуліцы Мулярскай
У школе імя Стэфана Баторыя ў Гродне, пач. 1930-х гг.


Саветам падпарадкаваліся, немцы выселілі

Як кажа Таццяна, у 1939 годзе ў Гродна «прыйшла савецкая ўлада і прыйшлося ўсім падпарадкавацца». Больш пра гэты перыяд яна нічога не памятае.

«Вось жыццё пры немцах я добра памятаю. Раніцай бацька пайшоў пасвіць карову і ўбачыў, як ляцяць самалёты і бамбяць горад. З тых часоў пачалася наша цяжкае жыццё. Стараліся нікуды не лезці».

Новая ўлада выселіла сям’ю Таццяны з вуліцы Мулярскай. Гэтая вуліца ўвайшла ў адно з двух гродзенскіх гета. «Па Іерусалімскай, да Лідскай, і нас выселілі ў двухдзённы тэрмін. Узамен далі кватэру, домік з трыма пакоямі на Падольнай. Ён застаўся ад яўрэяў, якіх, магчыма, засялілі ў тое гета. Пасля яўрэяў на тэрыторыі былога гета жылі людзі з вёсак. Гэта тыя, у каго або зямлі не было, або на працы немцы прывезлі».

Чытайце таксама: Акупацыя ці вызваленне? Што было ў Гродне ў верасні 1939 года: успаміны сведкаў

Паход у аптэку

Падчас нямецкай акупацыі сям’я Таццяны жыла з хатняй гаспадаркі - «кароўка была, парсюка завялі, курачак». Пастаяннага даходу не было.

«Аднойчы мама наша захварэла запаленнем лёгкіх. Пры немцах каменданцкая гадзіна пачыналася з 8 або 9 вечара. А лекар сказаў, што трэба тэрмінова дастаць лекі. Мяне і старэйшую сястру паслалі ў аптэку на Ажэшкі. І ішлі мы гэтак, каб не напароцца на немцаў. Вось страшна-то было… і не ведалі, як дайсці да аптэкі, але дайшлі, купілі, што прызначыў лекар. Вось так і прабраліся…».

У гады акупацыі Таццяна наведвала дзіцячы царкоўны хор у Пакроўскім саборы, куды хадзілі і іншыя гераіні ўспамінаў - Лідзія Івашчанка (сяброўка дзяцінства Таццяны) і Валянціна Дзядэль (Церабей).

Бацьку забаранілі займацца травамі

Перад баямі за Гродна ў 1944 годзе сям’я Таццяны вырашыла пакінуць горад і пайсьці да сваякоў у вёску па Скідзельскай шашы.

«Пасля вызвалення вярнуліся нарэшце ў свой дом на вуліцы Мулярскай. Бацьку забаранілі займацца зборам траў у сувязі з адсутнасцю медыцынскай адукацыі, канфіскавалі нават яго шматлікія кнігі па фітатэрапіі і даведнікі. Сям’я працягнула жыць хатняй гаспадаркай».

Пасля вайны Таццяна пайшла ў 4 клас «батаруўкі», якая стала школай № 1. Пасля яе заканчэння паступіла ў фельчарска-акушэрскую школу. Па размеркаванні адпрацавала два гады акушэркай у Маладзечанскай вобласці (існавала да 1960 г.), далей вярнулася ў Гродна і працавала да пенсіі ў абласной бальніцы, якая да будаўніцтва ў Пышках знаходзілася на вуліцы Маркса ў Брыгіцкім манастыры.