Валянціна Каралько – паводле спецыяльнасці ўрач. Ёй 75 гадоў. На 50 з іх самым частым строем стаў белы халат. На модныя вобразы не было асаблівых падстаў. Жанне Крыжаноўскай у 65 “з цікаўнасці” вельмі захацелася трапіць у праект з ператварэннем. Пра рэкламныя здымкі яна ніколі не задумвалася і можа параўнаць іх толькі з фатаграфаваннем для дошкі гонару.
Стылісты і цырульнікі кажуць, што цяпер ўзроставыя мяжы ў мадэльнай практыцы ўсё больш сціраюцца, а праца з мадэлямі 50+ робіцца звычайнай справай. “Проста яны крыху хутчэй стамляюцца і крыху больш патрабавальныя”, – пракаментравала Hrodna.life сітуацыю стылістка з Украіны Крыс Юникорн.
Дарослыя дзеці звычайна рады падтрымаць бацькоў у імкненні знайсці сябе нанова. “Раней мама хадзіла са мной купляць вопратку, цяпер я ёй хаджу”, – распавяла Hrodna.life цырульнік Святлана Луцэў.
Была ўсім патрэбная, а цяпер што рабіць?
“У маладосці старалася выглядаць модна і сучасна, любіла біжутэрыю”, – распавядае Hrodna.life пра свае пошукі стылю Валянціна Каралько. Праўда, шмат падстаў “памоднічаць” у яе не было. Лекарка па спецыяльнасці, яна большую частку дня праводзіла ў форменным белым халаце. Да 71 года Валянціна працавала ў Гродзенскім псіхіятрычным дыспансеры.
“Вельмі любіла сваю спецыяльнасць, і калі прыйшоў час сыходзіць, была стрэсавая сітуацыя”. Тады выратавала тое, што дзеці сталі “падкідаць” унучку. Але Валянціна ўсё роўна палічыла сябе пенсіянеркай, якая сышла са сцежкі. “Ты быў усім патрэбны, а што рабіць цяпер?” – распавяла яна пра цяжкую адаптацыю да сыходу з працы. Пра моду і прыгажосць больш не думалася: “Стала даношваць, што ёсць”.
Аднойчы ў аўтобусе па дарозе з лецішча выпадковая спадарожніца распавяла Валянціне пра Універсітэт залатога ўзросту. Валянціна вырашыла, што варта даць сабе яшчэ адзін шанец і паспрабаваць зноў стаць студэнткай. Цікавасць да жыцця ў яе захоўваецца нягледзячы на гады.
“Некаторыя знаёмыя [майго ўзросту] глядзяць тэлевізар, ляжаць. Гэта не для мяне. Я заўсёды была вельмі энергічнай, рухавай, усім цікавілася. Хаджу [на заняткі] з задавальненнем – мне ўсё новае цікава!”
На курсе “Стылёвая Я” Алена Бяляева паказала Валянціне фатаграфіі мадэляў, старэйшых за 75 гадоў. Выкладчыца змагла пераканаць студэнтку, што ўзрост – не перашкода паспрабаваць сябе ў новай якасці, і прапанавала прымерыць адзенне спартыўнага стылю. На яе думку, актыўнай Валянціне яно як раз падыходзіць.
Чытайце таксама: «Па блаце на вокладку». Гродзенкі 50+ зняліся для каталога стыльных вобразаў

Стылістка з Кіева Крыс Юнікорн распавяла Hrodna.life, што вобраз трэба ствараць зыходзячы з тыпу фігуры, колератыпу і ладу жыцця.
“Варта пазбягаць цемры бліжэй да твару, супербуйных прынтаў, залішне вузкіх сілуэтаў. Калі нейкія ўзроставыя змены не хацелася б дэманстраваць, варта ўлічваць гэта пры стварэнні лукаў”.
Таксама стылістка рэкамендуе мадэлям 50+ выбіраць натуральныя тканіны і зручны абутак.
Крыс Юнікорн лічыць, што цяпер узроставыя межы – паняцце адноснае, і для мадэляў 50+ ёсць добрыя перспектывы.
Хутка 80 гадоў, а я фотамадэль!
Першымі, каму выслала свае “мадэльныя” фатаграфіі Валянціна, сталі сын і ўнучка. Адказы прыйшлі з клічнікамі.
“Думаю, значыць ёсць яшчэ порах у парахаўніцах, – кажа Hrodna.life Валянціна. – Калі “Прыгажуня!” і “Клас!”, адчуваеш сябе больш упэўненай”. З планаў на бліжэйшы час у Валянціны – трапіць у гандлёвыя цэнтры і падабраць сабе адзенне, каб ісці “ў нагу з модай”. Для праекта адзенне мадэлям прадаставіў салон “Марго”.
Сабраць вобраз – “кайф” для спецыялістаў з індустрыі моды
“Зрабіць кліента прыхільным да сябе, падабраць вобраз і падняць настрой пры куплі – гэта кайф”, – распавяла Hrodna.life гаспадыня салона адзення “Марго” Маргарыта Палуйчык. У яе краме ёсць моднае адзенне ад 40 да 62 памераў. Узрост кліентак і памер адзення, лічыць Маргарыта, не падстава адмовіцца ад жадання быць стыльнай і добра выглядаць: “У нас ёсць сталая кліентка, якой ужо больш за 80 гадоў”.

Пры падборы гардэроба ў “Марго” не баяцца прапаноўваць кліенткам новыя вобразы. Часам яны такія, якія самі жанчыны не адважыліся б прымерыць на сябе. “Мы разбіваем стэрэатыпы. Бывае, жанчына прыходзіць і кажа, што ніколі штаноў не насіла, а ад нас сыходзіць са штанамі”, – распавяла гаспадыня салона. Другое правіла Маргарыты – прыслухоўвацца да меркавання кліентак.
Чытайце таксама: «Пани Элиза была бы счастлива». Гродненки 50+ станцевали в честь писательницы и снялись для модного каталога
“Як на дошцы гонару”
Да здымак у праекце Жанна думала, што не любіць фатаграфавацца, але працаваць з Ганнай Малашэняй і Кацярынай Урублеўскай ёй спадабалася.
“Усё залежыць ад прафесіяналізму фатографа, ракурсу, абранай паставы і правільна падабранага святла. Яны малайцы, стараліся, падыходзілі да кожнага індывідуальна”, – распавяла пра фотасесію Жанна. Ідэя размясціць фота мадэляў 50+ на сіцілайтах ў горадзе ў Жанны Крыжаноўскай выклікае цікаўнасць і хваляванне: “[Гэта] як на дошцы гонару, напэўна?”, – параўноўвае яна.
На курс “Стыльная Я” 65-гадовая Жанна Крыжаноўская запісалася “з цікаўнасці”. Там даведалася, як спалучаць колеру ў адзенні і што такое гардэробная капсула. На “ператварэнні” Жанне спадабалася новая стрыжка. А макіяж падаўся нязвыкла яркім: “я люблю больш спакойна, цені мне не вельмі спадабаліся і вейкі накладныя таксама”.
“На перамены наважваюся рэдка”
Майстры салона прыгажосці “Калібры” Вета Луцыў і Вольга Бандарэвіч распавялі Hrodna.life, што на сур’ёзныя перамены ў знешнасці жанчыны 50+ вырашаюцца рэдка. Хоць сярод кліентак цырульнікаў такіх прыкладна палова.
“Большасць робяць кароткія стрыжкі і фарбуюцца ў светлы колер, каб сівізна не вылучалася пры адрастанні”, – распавялі майстры аб практычных паўсядзённых запытах кліентак 50+.


“Самае складанае ў працы з мадэлямі 50 + тое, што яны ўжо звыклі да свайго вобразу. Змена іміджу не заўсёды па душы. Трэба падыходзіць да гэтага вельмі асцярожна. Вялікі плюс [праекта з ператварэннем], што жанчыны наважыліся на перамены. Яны вялікія малайцы. Мы рады папрацаваць з імі”, – кажа вядучая спецыялістка Вольга Бандарэвіч.
Прычоска, каб “адчуць сябе на стылі”

“Памяняць стыль, амаладзіць, зрабіць іншы погляд, надаць упэўненасці – усё гэта можа новая прычоска, – распавяла Hrodna.life Ала Янчук, гаспадыня салона прыгажосці “Калібры”. – Калі жанчыне падабаецца сваё адлюстраванне ў люстэрку, гэта дае ёй упэўненасць у поспеху”.
Гэты праект не першы на рахунку салона. “Мы любім ўдзельнічаць у бурным жыцці горада, каб яго разнастаіць. І на бязвыплатных пачатках дапамагаем”, – распавяла Hrodna.life Ала. Але майстры салона працавалі з мадэлямі 50+ упершыню. На думку Алы, гэта магчымасць паказаць усім гродзенкам – пры жаданні можна памяняць сваю знешнасць у любым узросце.
Галоўны лайфхак, як добра выглядаць, Ала Янчук падгледзела ў сваёй маці. Гэта – не замыкацца на праблемах, мець стасункі з моладдзю і надаваць увагу сабе. Гаспадыня салона прыгажосці ўпэўненая: “Усе жанчыны прыгожыя, абсалютна ўсё. Стыль ёсць у кожным чалавеку”.
Чытайце таксама:
- Тест: Разбираетесь ли вы в моде и знаете ли её историю?
- Ад белых каўнерыкаў да гламурных шпілек. Як моднічалі гродзенскія выпускнікі ад 1950-х да нашых дзён
- Чырвоная дарожка, моднае адзенне, палымяныя танцы. На паказе модаў у Гродне расказалі пра трэнды лета
- Сцягвалі талію карсетам і не насілі бялізну: якой была гродзенская мода 100 гадоў таму
- Экамода ад Берліна да Гродна. У іх для багатых, у нас для творчых







