Адна з экскурсій па Берліне прадугледжвае паход па модных крамах. Эксклюзіўнасць маршрута ў тым, што ўсе месцы спецыялізуюцца на апсайклінгу — перапрацоўцы рэчаў, якія ўжо нецікавыя для моднай індустрыі. Дызайнеры даюць ім новае жыццё. Такім чынам змагаюцца за зніжэнне бяздумнага спажывання і захаванне навакольнага асяроддзя.

У Гродне падобныя плыні таксама набіраюць папулярнасць. Толькі слова «апсайклінг» мясцовыя майстры пакуль не ўжываюць. Ды і спажыўцы клапоцяцца не пра ўстойлівае развіццё свету, а пра магчымасць зэканоміць.

eka-moda-berlin-grodna-4

Берлін: «Bis es mir vom Leibe fallt» — Насіць, пакуль не разваліцца

Маленькае атэлье з такой назвай працуе ў берлінскім раёне Шёнеберг. Працуюць тут дызайнеркі Арыяна Нікалеці і Ірэнэ Ніг. Дзяўчаты з’яўляюцца прыхільніцамі «зялёнай моды», бо ўпэўнены — звыклая модная індустрыя вядзе да разбурэння навакольнага асяроддзя. Са словаў Арыяны, гэта другая па шкоднасці пасля нафтаздабычы прамысловасць.

eka-moda-berlin-grodna-2

«Яна стварае экалагічныя і сацыяльныя праблемы. З аднаго боку, гэта забруджванне навакольнага асяроддзя падчас вытворчасці адзення. З іншага — хуткая змена калекцый і трэндаў вядзе да таго, што рэчы служаць не доўга, а пасля выкідаюцца, і ствараюць праблему адходаў».

Выхад дызайнеркі бачаць у апсайклінгу, каторы ў Еўропе развіваецца па двух асноўных накірунках. Першы — праца з астаткамі новых матэрыялаў, адходамі тэкстыльнай прамысловасці. Другі - перапрацоўка ўжыванага адзення.

«Асаблівасць нашага атэлье ў тым, што мы не шыем нічога новага. Па замовах кліентаў мы перарабляем рэчы, каб можна было працягваць іх насіць. Літаральна — пакуль не разваліцца», — кажа Ірэнэ.

eka-moda-berlin-grodna-6

Дзяўчаты расказваюць, што часта замоўцы хочуць не толькі захаваць рэчы як такія. Бывае важна і памяць пра пэўныя звязаныя з ёй падзеі. Вось ружовыя шорты, што прынесла адна з кліентак, гэта напамін пра рамантычнае каханне. «Муж прыйшоў у іх на першае спатканне», — расказала жанчына і папрасіла аднавіць рэч. Праўда, час быў да шортаў не літасцівы. Вырашылі скраіць новыя штаны з падобнай тканіны. А элементы арыгінала — накладныя карманы і клапаны — выкарыстаць у якасці аддзелкі.

eka-moda-berlin-grodna-5

«Працы з такімі рэчамі шмат, працэс выходзіць доўгім і нетанным. Нашы пастаянныя кліенты збольшага людзі забяспечаныя», — прызнаюцца дызайнеркі. Але зрабіць бізнес прыбытковым пакуль не атрымліваецца. Страты ад працы атэлье кампенсуюцца іншымі праектамі, што паралельна вядзе яго ўладальніца, Элізабет Прантнер.

Гродна: Атэлье па рамонту адзення

Паслугі па рамонту і перашыву аддзення карыстаюцца попытам і ў нас. У адным са старэйшых гродзенскіх атэлье такога кшталту расказалі, што ў месяц да іх звяртаецца каля 100−150 чалавек. Асноўныя заказы тычацца пераробкі дарагіх рэчаў - футраў і скуранак.

eko-moda-berlin-grodno-1

«Для кожнага замоўцы робіцца асабістае лякала менавіта на яго фігуру. Зразумела, што магчымасці дызайну абмяжоўваюцца станам рэчы — пашкоджанымі месцамі, якія ужо немагчыма скарыстаць», — расказвае загадчыца атэлье Жана Сцепановіч. Тым не менш, прафесійныя закройшчыцы робяць і вельмі цікавыя, па-сапраўднаму дызайнерскія рэчы.

Часам кліенты прыходзяць з фотаздымкамі адзення, знойдзенымі ў інтэрнэце ці ў модных часопісах і просяць зрабіць падобную мадэль. Гэта насамрэч эксклюзіўная работа, што патрабуе ўвагі да кожнага кліента і кожнай рэчы. Але ў нашым грамадстве, са словаў Жаны, гэта не вельмі высока цэніцца.

eko-moda-berlin-grodno-2

Жана кажа, што людзі прывыклі да адзення масавага пашыву, якое «кроіцца насціламі». Таму не вельмі гатовы аддаць вялікія грошы за аднаўленне старых рэчаў. Часцей на гэта ідуць з меркаванняў эканоміі. Напрыклад, маладыя дзяўчаты даволі часта прыносяць на перашыў футры, што ў маладосці насілі іх мамы.

«Калі распорваем рэч, бачым клеймы, пастаўленыя яшчэ за савецкім часам. Тыя футры трывалыя, маюць добры выгляд. Перашываем іх па сучаснай модзе».

eko-moda-berlin-grodno-3

Таксама Жана ўзгадвае выпадкі, калі кліенты расказвалі цікавыя гісторыі, звязаныя з рэчамі, ці прасілі аднавіць іх дзеля памяці. Недаўна мужчына прыносіў на перашыў скуранку, якую раней насіла яго маці. Расказваў, што яна некалі працавала ў гэтым самым атэлье, а ён, штодня ідучы са школы, стукаў ёй у вакенца, каб выйшла пагаварыць. Хацелася б захаваць успаміны пра матулю і пра сваё дзяцінства не толькі ў думках.

eko-moda-berlin-grodno-4

Ён быў вельмі задаволены вынікам працы, дзякаваў, што добра атрымалася, што ізноў нібы вярнуўся ў былыя часы.

«Я аж расчулілася, ледзь не да слёз», — усміхаецца Жана. Такія выпадкі натхняюць майстроў, дадаюць сэнсу і чалавечага цяпла ў штодзённую руціну.

«Цяжка сказаць, ці акупаецца цалкам такая праца. Кожная рэч — як асобная песня, зусім іншая гісторыя. Заробкі закройшчыкаў у нас не вельмі высокія. Ніякіх датацый атэлье не мае, мы цалкам на самаакупальнасці. Напэўна, на Захадзе такая работа каштуе больш. У нейкім сэнсе можна сказаць, што ёсць і частка дабрачыннасці ў нашай працы», — разважае Жана.

Берлін: крама «The Upcycling Fashion Store»

Гісторыя гэтага бізнесу пачалася ў Лондане. У праекце «З міру па нітцы» пазнаёміліся чацвёра маладых людзей, сённяшніх гаспадароў крамы. Лонданская кампанія спецыялізавалася на перапрацоўцы адходаў тканіны брэндавых вытворчасцяў з Італіі. У Берліне маладыя дызайнеры вырашылі паўтарыць падобнае.

eka-moda-berlin-grodna-19

На час адкрыцця яны ўжо мелі пэўны досвед у апсайклінгу — стварылі модны брэнд «Aluc» і шылі мужчынскія рубашкі з абрэзкаў тканіны, адходаў кроя вытворчасці.

«З цягам часу стала ясна, што гэтага недастаткова для далейшага развіцця, — распавяла Арыяна Нікалеці, адна з саўладальніц крамы. — Вырашылі, што хочам наўпрост мець кантакт з кліентамі, высвятляць іх патрэбы. Так у 2011 годзе і была адкрыта крама».

eka-moda-berlin-grodna-15

Цэны тут заўважна вышэйшыя, чым у месцах продажу новага адзення. Напрыклад, мужчынская рубашка каштуе каля 130 еўра. Але «свой кліент» у краме заўжды ёсць. Гэта тыя людзі, што ўсведамляюць важнасць экалагічнасці і ўстойлівага развіцця. Іх колькасць ў грамадстве, паводле дызайнеркі, будзе і надалей павялічвацца.

«Наша асноўная мэта — зніціць нагрузку на навакольнае асяроддзе. Ідэя не ў тым, каб набываць штосці таннае, а каб купляць рэчы, што змогуць служыць доўгі час.»

eka-moda-berlin-grodna-17

У краме можна пабачыць шмат цікавых прыкладаў моднага апсайклінгу — курткі, пашытыя са спісанага рабочага адзення, абутак і ўпрыгожванні з абрэзкаў скуры, гаманцы і партманэ з аўтамабільных рамянёў бяспекі ці веласіпедных камер ды іншае.

Гродна: анты-барахолка «Склад 95»

Сумяшчэнне склада, майстэрні, арт-прасторы і антыкавярні - прыкладна так бачыць прызначэнне новай пляцоўкі адзін з арганізатараў «Склада 95», Сяргей Віктараў. Тут збіраюць старыя рэчы — мэблю, тэхніку ці адзенне, што больш не патрэбны гаспадарам.

Пра неабходнасць такой паслугі Сяргей задумаўся ў сувязі з нядаўнім пераездам. Аказалася, што шмат рэчаў не мае сэнсу забіраць з сабой на новае месца, а проста выкінуць — шкада. «Спрабаваў акуратна пакідаць іх каля смеццевых бакаў, але зразумеў, што карыстаюцца з гэтага хіба што аматары выпіць.»

7

Склад пачаў працаваць менш месяца таму, то натуральна, пакуль планаў у арганізатараў больш, чым дасягненняў.

«Зараз галоўная задача — сабраць людзей, умельцаў, што з барахла змогуць нешта зрабіць. Мы ўжо маем кантакты майстроў, што аднаўляюць старую мэблю — рэстаўруюць тое, што захавалася, вырабляюць і „састарваюць“ дэталі, якіх не хапае. Адначасова збіраем і саму мэблю — розныя столікі, лямпы, канапы».

У «спадчыну» ад арэндадаўцаў «Складу 95» засталіся дзве шафы — так званыя «савецкія», што стаялі раней ва ўсіх канторах. З імі майстры таксама папрацуюць. Савецкая мэбля 60х-70х гадоў блізкая да сучаснага скандынаўскага стылю — нічога лішняга, лаканічна і граматна. Зараз мода на такі дызайн вяртаецца, таму адноўленыя рэчы могуць знайсці свайго спажыўца. Апроч мэблі тут збіраюцца аднаўляць і старыя кнігі. Ужо ёсць дамова на супрацу з майстрам-пераплётчыкам.

16

Што да адзення, каторае пакуль складае большую частку «барахла», то да супрацы запрашаюць усіх ахвотных гродзенскіх дызайнераў, гатовых працаваць з былымі ва ўжыванні рэчамі. «Мы хочам даць ім магчымасць рэалізаваць свае творчыя задумкі і гатовы аказаць падтрымку. Гэта можа быць арганізацыя модных шоў, дапамога ў пошуку мадэляў для дэманстрацыі калекцый ці фаторгафаў для здымкі партфоліа», — кажа Сяргей.

11

Разлічваць на фінансавую падтрымку з якога б не было боку праект не будзе. Арганізатары мяркуюць, што рэалізацыя адноўленых рэчаў ды мерапрыемствы, якія будуць праходзіць у арт-прасторы, дазволяць акупіць фінансавыя ўкладанні і нават даць прыбытак. Да слова сказаць, частку прыбыткаў збіраюцца выдаткоўваць на дабрачыннасць — падтрымку дзіцячага хоспіса, прытулка для бадзялых жывёлаў ды іншых ініцыятыў.

Берлін: фраў Вагнэр: «Купіць можна, але дорага»

Памяць старых рэчаў і творчыя ідэі дызайнераў маюць каштаваць дорага, мяркуе фраў Вагнэр, дызайнерка і ўласніца атэлье і шоў-рума «К-13».

«Я займаюся арт-перапрацоўкай былых ва ўжыванні прадметаў гардэроба — ператвараю іх у адзенне „ад куцюр“ і фармую аўтарскія калекцыі». Да асаблівасці свайго бізнесу яна адносіць супрацоўніцтва з буйнымі прамысловымі кампаніямі - Volkswagen і Puma, а таксама з Сусветным фондам абароны дзікай прыроды.

eka-moda-berlin-grodna-12

Такую супрацу фраў Вагнер называе «крос-куцюр». «Разам мы творча пераасэнсоўваем спартыўнае адзенне і прадметы экіпіроўкі. Робім гэта дзела прыцягнення ўвагі да ўстойлівага развіцця ў гэтай сферы вытворчасці».

eka-moda-berlin-grodna-8

У выніку супрацоўніцтва з’явілася бізнес-мадэль, па якой зараз працуе «К-13». Тут выстаўляюць свае працы дызайнеры з Берліна, у асноўным недаўнія выпускнікі ці маладыя спецыялісты. Асабіста для сябе дызайнерка выбрала накірунак, што спалучае крос-куцюр і рукадзелле. «Для сумеснай работы запрашаю жанчын з Берліна, а таксама прадстаўніц іншых народаў, бежанцаў». Кожная рукадзельніца ўносіць у дызайн элементы сваёй культуры, тэхнікі, традыцыі, што робіць рэч непаўторнай.

eka-moda-berlin-grodna-13

Такі падыход, мяркуе фраў Вагнер, на масавае спажыванне не разлічаны. Пра створаныя рэчы кажа, што «купіць можна, але дорага» — большая іх часта існуе ў адзіным экзэмпляры. Набываюць дызайнерскія рэчы часцей добра забяспечаныя людзі, прыхільнікі разумнай эстэтыкі і дбайнага стаўлення да навакольнага асяроддзя.

eka-moda-berlin-grodna-10

Гродна: студэнтка-дызайнерка: «Не для багатых, а для творчых»

Сталых дызайнераў, што пераймаліся б экалагічным спажываннем, у Гродне знайсці не ўдалося. А вось адна з навучэнак Гродзенскага каледжа тэхнікі, тэхналогіі і дызайну, Таццяна Каліневіч, аказалася якраз у еўрапейскім трэндзе. Летась на адборачным туры «Мельніцы моды» яна прадстаўляла модную калекцыю «Second chans» — «Другі шанс», цалкам пашытую з сэкандхэнд адзення.

«Сёння ў свеце выпускаецца шмат адзення і пра старое, забытае ў шафах, людзі ўсё менш успамінаюць. Менавіта з такіх забытых рэчаў мы і зрабілі нашу калекцыю», — расказала Таццяна пад час імпрэзы.

eka-moda-berlin-grodna-21

Дзяўчына кажа, што экалагічнае стаўленне да жыцця складае яе «другую натуру»: «Я клапачуся аб прыродзе, не ўжываю мяса, раздзяляю смецце. Лічу сябе не толькі мадэльерам, але і эколагам».

Са словаў Таццяны, фінансавы бок пытання пры стварэнні калекцыі таксама меў не апошняе значэнне. Пашыць столькі рэчаў з новай тканіны абышлося б у разы даражэй. Для студэнцкага бюджэту гэта было б цяжкавата. А так — нешта знаёмыя аддавалі бясплатна, частку рэчаў набыла ў крамах сэканд-хэнд літаральна за капейкі, недзе выкарыстала свае рэчы, што перастала насіць.

eka-moda-berlin-grodna-26

Такі падыход значна ўскладніў дызайнерскую і тэхналагічную частку працы. З новай тканіны можна было б выкраіць дэталі любых памераў, а тут трэба было прыстасоўваць крой да таго, што ёсць. Праўда, калі ведаць што шукаеш, то можна і ў сэкандах знайсці рэчы, якія дапасуюцца да задумак, упэўнена Таццяна. Адна з сукенак калекцыі пашыта з мужчынскіх джынсаў агромністага памеру. «Некаторыя нават не верылі, што такія вялікія дэталі можна было скраіць з ужыванай рэчы».

eka-moda-berlin-grodna-23

Дзяўчына і надалей збіраецца працягваць працаваць з адзеннем, што ўжо было ва ўжыванні. Менавіта ў гэтым напрамку плануе і сваю працу па сканчэнні коледжа: «Не бачу сябе мадэльерам, што адшывае новыя калекцыі за шалёныя грошы. Хачу надалей ствараць унікальныя арт-аб'екты са старых рэчаў».

eka-moda-berlin-grodna-29

Прадаваць рэчы са створанай калекцыі дзяўчына пакуль не спрабавала. Але ўжо зараз мяркуе, што цана дызайнерскага адзення «ад Таццяны Каліневіч» была б параўнальна са звыклымі цэнамі. «Гэта не было б адзенне для бедных ці для багатых. Сярод сваіх спажыўцоў я бачу найперш людзей творчых — яркіх, неардынарных асобаў. І канечне, нераўнадушных да захавання навакольнага асяроддзя».


У 2015 годзе берлінскія прыхільнікі зялёнай моды аб’ядналіся ў грамадскую арганізацыю «Futurefashionforworld» (Мода будучыні для свету). «Мы хочам паказаць, колькі нас ужо ёсць», - кажа пра гэта Арыяна Нікалеці. З такой мэтай стварылі і гарадскую мапу з модным «зялёным маршрутам». Ён аб’яднаў каля 20 апсайклінг-прадпрыемстваў горада.

eka-moda-berlin-grodna-7

Падчас Берлінскага тыдня моды арганізавалі некалькі экскурсій па месцах «зялёнай моды» для іншагародніх удзельнікаў мерапрыемства. Пасля да іх сталі часта звяртацца з падобнымі просьбамі. Зараз апсайклінг-экскурсіі праводзяцца ў сталіцы Германіі рэгулярна.

eka-moda-berlin-grodna-20

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.