Дзень у моднай краме, тры гадзіны ў салоне прыгажосці і фотасесія пад промнямі сафітаў і выбліскаў. Гродзенскія студэнткі «Універсітэта залатога веку» сталі мадэлямі фотапраекта пра моду і стыль. Стылісты і цырульнікі прымалі «залатых» мадэляў як самых ганаровых кліентаў. «Як быццам мы прыйшлі па блаце», — параўноўвае ўражанні з ранейшым досведам адна з удзельніц. Ужо першыя здымкі паказалі: жанчыны 50+ - выдатныя фэшн-мадэлі. Яны і самі здзівіліся выніку. «У апошні раз фатаграфаваліся толькі на пашпарт 10 гадоў таму ці нават на выпускны», — прызналася адна з удзельніц фатографцы Ганне Малашэні. Карэспандэнткі Hrodna.life запісалі гісторыю незвычайнага праекта.

Мадэлямі для каталога сталі студэнткі «Універсітэта залатога веку» (УЗВ). Самай малодшай з іх — 51 год. Самай старэйшай — 69. Ідэю праекта прапанавала Алена Бяляева. У 2021 годзе яна вяла ў УЗВ курс «Стыльная Я».

Прычоскі і візаж для мадэляў зрабілі ў салоне прыгажосці «Калібры» пад кіраўніцтвам Алы Янчук. Адзенне для здымак прадаставіла крама «Марго» Маргарыты Палуйчык.

Фатаграфавалі мадэляў студэнткі-дызайнеркі Ганна Малашэня і Кацярына Урублеўская. Іх кансультант па партрэтнай здымцы — фотамастак Антон Ляшчынскі.

«Залатыя» мадэлі: цікавасць мацнейшая за страх

"Па блаце на вокладку". Гродзенкі 50+ зняліся для каталога стыльных вобразаў
Людміла Трухачова, 69 гадоў: «Сяброўкі казалі - што надзену, мне ўсё пасуе». Вобраз «да». Фота: Кацярына Урублеўская, Ганна Малашэня

«У мяне было два строі на працу і адзін на святы — гэта ўсё. Працавала спачатку майстрам на заводзе, потым эканамістам. Сяброўкі казалі - што надзену, мне ўсё пасуе. Але ніколі і блізка не думала, што стану мадэллю для каталога», — распавяла Hrodna.life 69-гадовая Людміла Трухачова.

Людміла прызнаецца, што цяжэй за ўсё было пераадолець сваю сарамлівасць: «Я неяк з дзяцінства камплексую». Распавядае: то страшна занадта адкрыта ўсміхнуцца, то бянтэжаць рукі без манікюру. Але цікавасць да ператварэння ў пошуках свайго стылю сталася мацнейшай за страхі.

"Па блаце на вокладку". Гродзенкі 50+ зняліся для каталога стыльных вобразаў
Людміла Трухачова, падрыхтоўка да здымак: «Дзеці лічаць, што я малайчына — пайшла ў УЗВ, запісалася, куды мне падабаецца, і на гэты праект пагадзілася». Фота: Алена Міронава

Таццяна: «Мы — прынцэсы 50+»

"Па блаце на вокладку". Гродзенкі 50+ зняліся для каталога стыльных вобразаў
Таццяне Таранка 66 гадоў. Раней яна не любіла фатаграфавацца і не збіралася рабіцца мадэллю.
Вобраз «да». Фота: Кацярына Урублеўская, Ганна Малашэня

«Раней не любіла фатаграфавацца, — распавядае Таццяна Таранка. — На фотаздымках сама сабе не падабалася. А потым адна жанчына, старэйшая за мяне гадоў на 20, сказала: «Вось праз год на сябе паглядзіш і будзеш здзіўляцца, якая ты была прыгажуня». З гэтым пачуццём, па словах Таццяны, яна прыйшла на фотасесію праекта «Стыльная Я».

Яна заўсёды любіла глядзець модныя часопісы і трансляцыі замежных тыдняў модных паказаў.

«Калі па тэлевізары паказвалі тыдзень моды з Парыжа або Нью-Ёрка — глядзела, стаіўшы подых. Асабліва ўражвалі сукенкі ў дол, — распавяла Hrodna.life Таццяна Таранка. — Разумееш, што і надзець такое няма куды. Але недзе ўпотай вельмі хацелася прынамсі прымерыць такую сукенку».

Да свайго статусу мадэлі Таццяна Таранка ставіцца як да забаўкі: «У гэта цікава гуляць. А яшчэ і веды дадаюцца. [Да пенсіі] мы сфармаваліся як прафесіяналы, дзеці ў нас дарослыя, мы можам свабодна распараджацца сваім часам. Я б сказала, што гэта забаўка».

"Па блаце на вокладку". Гродзенкі 50+ зняліся для каталога стыльных вобразаў
«Думак стаць мадэллю ў мяне не было. Але цяпер сітуацыя змянілася. Адчуваю сябе больш свабоднай. Нават калі не буду насіць сукенку ў дол кожны дзень — магу дазволіць сабе яе прымерыць. Гэта адчуванне прыносіць задавальненне». Вобраз «пасля». Фота: Кацярына Урублеўская, Ганна Малашеня

«Напэўна, дзяўчынкамі многія марылі пабыць прынцэсамі. Ну вось, [у гэтых вобразах] мы прынцэсы 50+».

Тамара: паглядзела на сябе па-іншаму

«У маладосці шмат фатаграфій рабіла, — распавяла Hrodna.life Тамара Герасіменка. — А цяпер цяжка было пераадолець сябе, каб проста прыйсці сфатаграфавацца».

"Па блаце на вокладку". Гродзенкі 50+ зняліся для каталога стыльных вобразаў
Тамара Герасіменка, 66 гадоў. У УЗВ вядзе курс «Натхненне рукадзельніцы»: «Ніколі ў мяне такога не было, каб не было чаго надзець. Сама шыю, сама вяжу. Толькі стыль памяняўся з моладзевага на статусны». Фота: Кацярына Урублеўская, Ганна Малашеня

Тамара згадвае, што ў 70−80-е гады, якія выпалі на яе маладосць, тканіну на пашыў адзення або ніткі для вязання было цяжка купіць. «[Старыя рэчы] я распускала і вязала сабе і мужу світары і камізэлькі. Матчын плашч перашыла сабе ў хіповую куртку».

«У ролі мадэлі адчуваю сябе не ахці, — распавяла Тамара. Па яе словах, перашкаджаюць стэрэатыпы і звыклы вобраз сябе. «Я зараз нашу мала штаноў. Больш сукенкі, спадніцы з блузкамі. Класіку, так сказаць. Гэты стыль, магчыма, і няправільны, але я ў яго ўжо «заехала», — кажа Тамара. — На праекце мне вельмі спадабалася паглядзець на сябе па-іншаму, прымерыць рэчы, якія сама [з асцярожнасці] не выбрала б».

"Па блаце на вокладку". Гродзенкі 50+ зняліся для каталога стыльных вобразаў
Тамара Герасіменка. Вобраз «пасля». Фота: Кацярына Урублеўская, Ганна Малашеня

Наталля: «Унук у захапленні ад таго, што я — мадэль»

«У маладосці, вядома, сачыла за модай, адзенне падбірала. Упрыгожванні любіла, асабліва пацеркі з натуральных камянёў», — распавяла Hrodna.life 68-гадовая Наталля Дрозд. — А потым сталі хварэць бацькі і 15 гадоў я правяла амаль не выходзячы з дому". Пасля курсу «Стыльная Я», прызналася Наталля, захацелася зноў заняцца сваім гардэробам.

На прапанову паспрабаваць сябе ў ролі мадэлі Наталля пагадзілася без ваганняў. «Унук быў у захапленні, калі даведаўся, што я буду мадэллю, — распавядае яна. — Кажа, усе сябры зайздросцяць, якая ў яго бабуля. Таму мне таксама хочацца быць сучаснай, моднай, прасунутай — каб мною ганарыліся».

«У цырульні нас сустрэлі, як родных. Як раней казалі, быццам „па блаце“ прыйшлі. Нам там і чай, і кава, цукеркі-печыва. Падстрыглі, каларыраванне зрабілі, уклалі, нафарбавалі». Наталля распавяла, што калегі пасля перамянення вельмі здзівіліся: «Зайшла ў пакой, дзе ўсе пераапраналіся. Там Валя, мая сяброўка, мы ведаем адзін аднаго 30 гадоў. Так яна кажа: „Ой, а што гэта за жанчына прыйшла не наша?“ Не пазнала мяне».

Трэба навучыцца выбіраць

«Стыль — гэта тое, чым я гару і жыву», — кажа Hrodna.life Алена Бяляева, аўтарка ідэі праекта.

"Па блаце на вокладку". Гродзенкі 50+ зняліся для каталога стыльных вобразаў
Алена Бяляева — канструктар адзення, выкладчыца дызайну і стылістка-кансультантка, аўтарка ідэі фотапраекта з мадэлямі 50+. У УЗВ вяла курс «Стыльная Я». Фота: Алена Міронава

З жанчынамі 50+ яна займалася упершыню — курс быў разлічаны на цэлы год. «Матэрыялу ў мяне дастаткова. Адаптавала курс, ілюстрацыі падабрала з мадэлямі такога ж ўзросту, каб людзі бачылі ў іх сябе». Вынікі навучання Алена хацела «зафіналіць» фотасесіяй. «Не планавала нічога грандыёзнага. Думала, такі для сябе капуснічак-міжсабойчык зробім».

Калі стала распавядаць пра планы калегам і знаёмым, многія прапанавалі падтрымку. Так знайшліся фатографкі, візажысты, цырульнікі і прадаўцы адзення, якія прапанавалі праекту свае паслугі. У выніку фотасесіі «да» і «пасля» зрабілі для 13 жанчын 50+. У каталог увойдуць вобразы, падабраныя стылістамі і самімі ўдзельніцамі.

"Па блаце на вокладку". Гродзенкі 50+ зняліся для каталога стыльных вобразаў
Студэнткі УЗВ рыхтуюцца да выпускнога дэфіле ў новых вобразах. Пастаноўку дэфіле праводзіць Наталля Пракопік. Фота: Алена Міронава

«Выбудаваць карцінку», скласці свой вобраз сённяшнім жанчынам 50+ можа быць складана, лічыць Алена. «Раней мода дыктавала пэўныя рамкі. Калі клёш, то ўсе ў клеш. Калі міні - усе ў міні. Цяпер мода імкнецца да індывідуалізму. Праблема не ў тым, як прытрымлівацца моды, а ў тым, як выбраць штосьці для сябе. Для многіх жанчын 50+ - гэта змена парадыгмы. Яны прывыклі, што ёсць дыктат моды, ёсць нейкі арыенцір. А цяпер трэба навучыцца разумець, чаго ты хочаш ад жыцця, якія ў цябе мэты, у чым табе зручна. Гэта і ёсць самае важнае ў іміджы».

У трэндзе сучаснай моднай індустрыі, заўважае Алена Бяляева, супрацоўніцтва з самымі рознымі мадэлямі. «Нават подыюмныя калекцыі сур’ёзных дамоў моды дэманструюць не толькі маладыя дзяўчыны са стандартнай знешнасцю. Цяпер рэальна запатрабаваныя мадэлі і 50+, і 60+, і нават старэйшыя».

Мы думалі, што гэта «бабулі»

Фатографкамі праекта сталі студэнткі факультэта дызайну Ганна Малашеня і Кацярына Урублеўская. Партрэтная здымка — тэма іх курсавой працы. Звычайна студэнты здымаюць адзін аднаго — знайсці мадэляў для фотасесіі няпроста. Калі дзяўчатам прапанавалі сфатаграфаваць студэнтак УЗВ — вырашылі выкарыстаць магчымасць і пагадзіліся.

"Па блаце на вокладку". Гродзенкі 50+ зняліся для каталога стыльных вобразаў
Ганна Малашэня (злева) і Кацярына Урублеўская — фатографкі праекта, студэнткі-дызайнеркі. Фота: Алена Міронава

«Мы з Аняй вельмі баяліся, што будзе цяжка, — распавяла Hrodna.life Кацярына Урублеўская. — Нас папярэдзілі пра ўзрост жанчын. Мы і думалі, што прыйдуць „бабулі“».

«Думалі, што яны будуць выглядаць старэйшымі, але аказалася, яны вельмі нават маладыя. Па іх не скажаш, што ім за 50−60 гадоў», — адзначыла Ганна.

"Па блаце на вокладку". Гродзенкі 50+ зняліся для каталога стыльных вобразаў
Ала Зайко (61 год) і Таццяна Халенкова (65 гадоў) — мадэлі праекта на здымках у вобразах «пасля». Фота: Алена Міронава

Пасля першага знаёмства з групай страх сышоў. А разам з ім і стэрэатыпы пра жанчын 50+. «Як сталі гутарыць, склалася ўражанне, што мы сярод аднагодак — не адчувалася розніца ва ўзросце», — казалі дзяўчыны.

Спачатку дзяўчаты планавалі проста завярстаць зняты матэрыял па форме курсавой працы. Але так захапіліся, што праект стаў для іх нечым большым, чым проста вучэбная задача.

«Жанчыны прыходзілі на здымку прыбраныя, відаць было, што адчуваюць сябе прыгожымі, і гэты праект больш для іх, чым для нас», — патлумачыла Ганна. «Проста яны самі ў сябе паверылі», — кажа Каця.

Для Кацярыны і Ганны праект стаў яшчэ і нагодай пафантазіраваць — якімі могуць стаць яны самі ва ўзросце 50+. Цяпер зазіраць у будучыню ўжо не так страшна. Для Hrodna.life яны намалявалі скетчы сябе ў будучыні.

Кацярына Урублеўская, 20 гадоў. У Гродна прыехала з Гомеля. Студэнтка 3-га курса ГрДУ імя Янкі Купалы. Стаць дизайнеркой марыла з дзяцінства: «У мяне быў дзённік у 10 гадоў. Там у графе „прафесія“ спачатку было напісана „міліцыянт“. Потым закрэслена і выпраўлена — „дызайнер“».

Ганна Малашеня, 19 гадоў. Прыехала вучыцца ў Гродна з Баранавічаў. Стаць дизайнеркой марыла з восьмага класа.