Галіна Кубішына жыве ў Гродне больш за 30 гадоў. Зараз яна на пенсіі - гадуе праўнукаў і займаецца пчоламі. Яна нарадзілася пад Шчучынам ужо пасля вайны, у 1950 годзе. Але яе бацькоў забілі бандыты. Пра пасляваеннае жыццё і тое, як выканала мару бацькі, Галіна распавяла карэспандэнтцы Hrodna.life.

У сям'і Кубішыных быў дом на ўскраіне Гродзенскай пушчы каля вёскі Агародзішча. «Гэтую вёску спалілі фашысты. Наш дом тады цудам застаўся цэлы», — кажа Галіна.

У лютым 1943 года вёску Агародзішча Шчучынскага раёна карнікі знішчылі. Загінулі 147 мірных жыхароў. Пасля вайны вёска не аднавілася. На карце Гродзенскай вобласці яе больш няма.

Бацькоў забіла невядомая банда

Трагедыя прыйшла ў сям’ю Кубішыных ўжо пасля заканчэння вайны. 18 жніўня 1950 года ў дом пагрукалі невядомыя. Гэта былі бандыты, што хаваліся ў лясах.

Пасля вайны вайна не скончылася. Гродзенка расказала, як здзейсніла мару бацькі, якога забілі бандыты
У сям'і Кубішыных быў дом на ўскраіне Гродзенскай пушчы каля вёскі Агародзішча. Малюнак: Данііл Шаўчэня

«Бацька выйшаў, каб даведацца, хто гэта і навошта прыйшлі. Гутарка была кароткая. Яго расстралялі на ганку. Маці выбегла, пачуўшы крыкі. Забілі і яе», — распавядае Галіна. Пра гэтыя падзеях яна ведае ад старэйшай сястры Алены. Ёй тады было сем гадоў, а Галіне — дзевяць месяцаў. Са слоў Алены, бандыты кінулі дзяцей на трупы бацькоў і збіраліся падпаліць дом. «Сястра кінулася да іх у ногі і пачала цалаваць, — распавядае Галіна Кубішына. — Адзін з іх не ўтрымаўся і сказаў: „Няхай жывуць“».

Позна ўвечары дзяцей убачыла пастушка і адвяла ў суседнюю вёску. Але браць іх да сябе людзі асцерагаліся. «Нас пазнала адна жанчына і пусціла пераначаваць. Застацца жыць у яе мы не маглі. Гэта была чужая сям’я».

Са сваякоў у дзяўчынак быў у жывых толькі дзед. Ён жыў у вёсцы за 10 кіламетраў ад Агародзішча, з другой жонкай, якую дзяўчынкі называлі бабуляй Соняй. Іх родная бабуля памерла яшчэ да нараджэння ўнукаў.

Праз некалькі дзён разам з дзедам яны хавалі бацькоў. Маці і бацьку паклалі ў адну труну — на другую не было грошай. На пахаванне прыйшло толькі дзве сям'і. Ахоўвалі працэсію салдаты з суседняга памежнага гарнізона — асцерагаліся новых нападаў банды. «Людзі яшчэ не адышлі ад вайны, баяліся». На магілу бацькоў у вёску Дудкі Галіна з сям’ёй ездзяць і цяпер.

Урокі пры «газовачцы», у школу — у «кірзачах»

У доме ў дзеда жылі разам тры сям'і: яго і двух сыноў. Галіна распавядае, што нявесткі былі супраць таго, што дзед забраў да сябе ўнучак. «Сястра была старэйшая, таму да яе нявесткі ставіліся больш добразычліва. Ім не падабалася, што па начах крычыць маленькае дзіця».

Дзеду з жонкай і ўнучкамі давялося перасяліцца ў хлеў. «Жылі мы бедна, але дружна. Каб стварыць хоць нейкія ўмовы — паставілі печ, выразалі акно». Электрычнасці тады ў вёсцы не было. Калі Галіна пайшла ў школу, даводзілася вучыць урокі пры «газовачцы» — газавай лямпе. З абутку ў яе былі толькі кірзавыя боты. «Зімой у іх ногі моцна мёрзлі і балелі. Прыходзіла са школы і лезла на печ. Там ляжаў мяшок са збожжам — так я грэлася».

Пасля вайны вайна не скончылася. Гродзенка расказала, як здзейсніла мару бацькі, якога забілі бандыты
Калі Галіна пайшла ў школу, даводзілася вучыць урокі пры «газовачцы» — газавай лямпе. Малюнак: Данііл Шаўчэня

Настаўнікі, бачачы такую беднасць, угаварылі дзеда аддаць унучку ў інтэрнат. Там Галіна правяла паўтара года. «Прыжыцца так і не змагла. Плакала днём і ноччу. Часта ўспамінала лес і дзядулю з бабуляй. А пад коўдрай вучылася шэптам казаць слова мама».

Назад да дзеда яна вярнулася васьмікласніцай. Пасля заканчэння школы вывучылася на пчаляра. Працаваць паехала ў Архангельск. Там ужо некалькі гадоў пасля замужжа жыла старэйшая сястра Алена.

Назад на радзіму — за марай

У Беларусь Галіна пераехала ўжо з мужам. Дзед да таго часу памёр. Бабулю Соню Галіна забрала ў сваю сям’ю і даглядала, пакуль тая была жывая. Цяпер у Галіны Кубішынай трое дзяцей, пяць унучак, адзін праўнук і адна праўнучка.

Па расказах знаёмых, калі Галіну хрысцілі, бацька паабяцаў пабудаваць ёй двухпавярховы дом. Пра гэта марыла і сама Галіна, калі вырасла. У Гродне абяцанне бацькі і яе мара здзейсніліся. У сям'і ёсць свой дом і пчальнік за горадам. «У бацькі былі пчолы, і ў мяне яны ёсць ужо 25 гадоў. Парода лясная сярэдняруская. Яны вельмі імпульсіўныя, з характарам, але вельмі працавітыя. За гэта я іх і люблю».

Пасля вайны вайна не скончылася. Гродзенка расказала, як здзейсніла мару бацькі, якога забілі бандыты
Галіна Кубішына: «У бацькі былі пчолы і ў мяне яны ёсць ужо 25 гадоў». Малюнак: Данііл Шаўчэня

Зараз Галіна адчувае сябе сапраўднай гродзенкай. Ад Архангельска засталася толькі любімая звычка хадзіць на лыжах. Тут яна таксама спатрэбілася. Зімой Галіна ходзіць на лыжах да сваіх пчол, праверыць вуллі.

Чытайце таксама:

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life