Хто стварыў кнігу «Прыгоды барона Мюнхгаўзэна»? Чаму варта прачытаць яе сучасны пераклад на беларускую мову? Якое дачыненне меў барон да Гродна? Пра гэта расказалі перакладчыкі Ігар Крэбс і Ганна Янкута на першай прэзентацыі сучаснага беларускага перакладу кнігі пра прыгоды славутага барона. Мерапрыемства адбылося 11 сакавіка ў этнакраме «Цудоўня».

«Прыгоды барона Мюнхгаўзэна» — твор, які, хіба што, кожны ведае з дзяцінства. Аднак сучасны пераклад на беларускую мову, зроблены Ігарам Крэбсам, значна адрозніваецца ад агульнавядомага варыянту. Гэта поўная версія знакамітай кнігі.

«Мы прывыклі лічыць, што „Прыгоды барона Мюнхгаўзэна“ — гэта дзіцячая кніжка, — гаворыць рэдактарка Ганна Янкута. — Аднак гэтая кніга не для дзяцей. У ёй шмат іроніі, сатыры, жорсткага высмейвання, шмат палітыкі і шмат эратычных эпізодаў».

«Сапраўды, — дадае перакладчык Ігар Крэбс, — кніжка вельмі крытычная і вельмі палемічная. Яна прызначана для дарослых. Канешне, яе можна чытаць і дзецям. Яны возьмуць тое, што ім цікава. Але дарослыя зразумеюць нашмат больш. Палітыка, інтрыгі, эротыка — вось тое, чаго няма ў агульнавядомым дзіцячым варыянце».

Кніга з прыгодніцкім лёсам

Ігар Крэбс пераконвае, што лёс кнігі «Прыгоды барона Мюнхгаўзэна» настолькі незвычайны, што, магчыма, нават блякнуць тыя гісторыі, што ў ёй апісаны.

мюнхгаўзен (2)
Ігар Крэбс, перакладчык кнігі «Прыгоды барона Мюнхгаўзэна» на беларускую мову

Мала хто ведае, што ў кнігі два аўтары

Адзін з іх, Рудольф Распэ, прачытаў анекдоты пра барона Мюнхгаўзэна ў нямецкім альманаху і, відаць, захапіў іх з сабой, калі збягаў у Англію. Лічыцца, што на радзіме яму пагражала турма, бо ён скраў калекцыю старажытных манет.

У Англіі на аснове згаданых анекдотаў Распэ напісаў кнігу, і ў хуткім часе яна стала надзвычай папулярнай. Кніга была выдадзена на англійскай мове. У ёй змяшчалася каля 60 анекдотаў пра барона Мюнхгаўзэна.

Папулярную кнігу заўважылі і ў Германіі. Класік нямецкай літаратуры Готфрыд Бюргер пераклаў гісторыі пра барона Мюнхгаўзэна на нямецкую мову, пры гэтым дадаў прыкладна траціну ўласнага тэксту. Менавіта гэты пісьменнік надаў кнізе вострасатырычнае гучанне.

Класічнай версіяй «Прыгодаў барона Мюнхгаўзэна» стала перакладзенае на нямецкую мову пятае англійскае выданне, яшчэ раз дапоўненае Бюргерам.

Сапраўдны барон Мюнхгаўзэн хацеў падаць у суд на аўтараў кнігі

Абодва выданні «Прыгодаў барона Мюнхгаўзэна», і англійскае, і нямецкае, выходзілі ананімна. Ёсць легенда, якая хутчэй за ўсё адпавядае рэчаіснасці, што барон Мюнхгаўзэн (а, як вядома, была такая рэальная гістарычная асоба) хацеў падаць у суд на тых, хто апісаў яго прыгоды такім неверагодным чынам. Аднак ён так і не даведаўся, хто аўтар кнігі. Ледзь не да самай смерці Мюнхгаўзэна яго слуга ўвесь час адганяў натоўпы людзей, якія прыходзілі, каб убачыць на свае вочы неверагоднага барона.

Хто аўтар нямецкага перакладу, высветлілася толькі праз 20 гадоў, калі сябар Бюргера разбіраў ягоны архіў.

Гісторыя перакладу кнігі на рускую і беларускую мовы

На пачатку ХХ стагоддзя Карней Чукоўскі пераклаў «Прыгоды барона Мюнхгаўзэна» на рускую мову. Аднак ён зрабіў скарочаны дзіцячы варыянт кнігі. Менавіта гэтая версія потым неаднаразова перавыдавалася і перакладалася на іншыя мовы, у тым ліку на беларускую.

мюнхгаўзен (3)
Ганна Янкута, рэдактарка беларускамоўнага выдання кнігі «Прыгоды барона Мюнхгаўзэна»

Чукоўскі спачатку пераклаў англійскі варыянт кнігі пра барона Мюнхгаўзэна, але ў пазнейшыя перавыданні ён дадаў і гісторыі з нямецкай версіі.

Пераклады Чукоўскага замацавалі няправільны варыянт прозвішча барона (пад уплывам англійскага варыянту тэксту, у прозвішчы прапушчана адна літара). Сучасны беларускі пераклад, зроблены на аснове поўнай нямецкай версіі, адлюстроўвае гістарычнае прозвішча барона — Мюнхгаўзэн.

Беларускі перакладчык — нашчадак барона

У прадмове да сучаснага беларускага выдання «Прыгодаў барона Мюнхгаўзэна» перакладчык называе сябе нашчадкам славутага барона, што пацвярджае прыведзеная там гісторыя. «Такой нахабнай прадмовы, напэўна, яшчэ ў беларускай літаратуры не было, — усміхаецца Ігар Крэбс. — Але гэта звязана з характарам самой кніжкі, якая стваралася з удзелам інтрыг і крыміналу».

Ці бываў барон Мюнхгаўзэн у Гродне?

Кніга «Прыгоды барона Мюнхгаўзэна» ў сучасным перакладзе на беларускую мову выйшла з друку некалькі тыдняў таму. І яе першая прэзентацыі адбылася ў Гродне не выпадкова. Ігар Крэбс упэўнены, што барон Мюнхгаўзэн паляваў у гродзенскіх лясах. Пра гэта, на яго думку, сведчыць тое, што ў кнізе згадваецца алень святога Губерта, які, як вядома, адлюстраваны на гербе Гродна.

Дарэчы, на вокладцы сучаснага беларускага выдання «Прыгодаў барона Мюнхгаўзэна» абыграны вобраз аленя святога Губерта.

мюнхгаўзен (1)
На вокладцы сучаснага беларускага выдання «Прыгодаў барона Мюнхгаўзэна» абыграны вобраз аленя святога Губерта

Перакладчык сцвярджае, што лёс сапраўднага Мюнхгаўзэна мае непасрэдную сувязь з Беларуссю. Вядома, што ўзімку 1738 г. барон ехаў у Санкт-Пецярбург, каб служыць імператрыцы Кацярыне. Па дарозе ён праязджаў праз Польшчу, а так тады называлі і Беларусь. Ёсць звесткі, што барон Мюнхгаўзэн гасцяваў у беларускага арыстакрата, атрымаў ад яго каня і і назваў гэтага каня Літвінам. Цікава, што пад Глыбокім нават ёсць магіла барона Мюнхгаўзэна. Але ці таго самага — невядома.