Дадаць навіну
Аўторак, 24 красавіка 2018, 03:08

Чаму Гродзеншчына найменш крымінальная вобласць Беларусі?

Штогодова ў рэгіёне ажыццяўляецца на тысячу злачынстваў меней, чым у іншых абласцях. Звычайна гэта звязваюць з каталіцкасцю вобласці. Але ж у суседнім Беластоцкім ваяводстве ў 2015 г. зарэгістравана ў два разы болей злачынстваў, чым на Гродзеншчыне. У статыстыцы злачынстваў для Hrodna. life разбіраўся Арцём Ткачук.

Крадуць у два разы менш, чым на Міншчыне

Вобласць мае найменшую колькасць найбольш распаўсюджаных у Беларусі злачынстваў - крадзяжоў. На Міншчыне, напрыклад, у 2014 кралі амаль у 2.5 разы болей. Агулам гэта на 4700 (!) крадзяжоў болей. У вобласці з года у год хуліганяць, рабуюць і робяць злачынствы п’янымі найменей па краіне. Калі ў 2010 тут было зарэгістравана амаль 450 хуліганстваў, то ў 2014 — 107. Гродзеншчына і Віцебшчына застаюцца адзінымі рэгіёнамі, дзе колькасць злачынстваў звязаных з ужываннем алкаголю ўдалося апусціць ніжэй за 2 тысячы штогод — рэшта абласцей мае каля 2,5 тыс.

Павышанага ўзроўню злачыннасці няма нідзе

Традыцыйна самым злачыннымі месцамі вобласці застаецца Гродна і Лідскі раён — агулам на іх прыходзіцца амаль палова ўсіх здарэнняў. У 2014 г. чатыры раёны вобласці перайшлі мяжу ў тысячу злачынстваў на 100 тысяч жыхароў. У той жа час у Мінскай вобласці такіх раёнаў 17, у Гомельскай 13 і 11 у Магілёўскай.

Пры гэтым Гродзеншчына застаецца адзінай вобласцю Беларусі, дзе няма ніводнага раёна з павышаным узроўнем злачыннасці (1200 злачынстваў на 100 тысяч жыхароў). Таму нават калі б Лідчына была часткай Магілёўскай, Мінскай ці Гомельскай абласцей, гэта быў бы адзін з найменей праблемных раёнаў.

Крыніца: Белстат. “Правонарушения в РБ”, 2015
Крыніца: Белстат. «Правонарушения в РБ», 2015

Мала мужчын

Жанчыны складаюць каля 15% ад усіх злачынцаў. Гродзеншчына застаецца найменш «мужчынскай» вобласцю. Для параўнання ў рэгіёне жыве на 180 і 170 тыс. мужчын меней чым у Гомельшчыне і Міншчыне адпаведна. Нават у параўнальна нізка-крымінальнай Брэсцкай вобласці жыве 652 тыс. мужчын — гэта на 160 тыс. болей, чым у Гродзенскай. Злачыннасць у вобласці мае меншае асяроддзе, а значыць ніжэйшыя вынікі, чым у рэшце Беларусі.

Моцная гаспадарка

Гродзеншчына гэта не залатая карова Беларусі, але валавы рэгіянальны прадукт (ВРП) дае фору іншым абласцям. Улічваючы, што вобласць застаецца найменш населенай, яе ВРП перавышае паказчык Магілёўшчыны і супастаўны з ВРП Віцебшчыны. ВРП Гомельскай вобласці значна перавышае Гродзенскае за кошт гігантаў кшталту металургічнага і Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводаў, а таксама распрацоўкі радовішчаў нафты і газу. Нягледзячы на тое, што насельніцтва Гомельшчыны большае за Гродзеншчыну на амаль 400 тыс. чалавек, колькасць юрыдычных асобаў у абласцях амаль аднолькавая.

Крыніца: Белстат, “Национальные счета РБ”, 2016
Крыніца: Белстат, «Национальные счета РБ», 2016

Хібы статыстыкі

За апошнія гады вобласць стала лідарам Беларусі па цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынствах. Пры гэтым Гродзеншчына адзіная, дзе колькасць такіх злачынстваў павялічваецца з года ў год. У сваю чаргу Гродна цяжка назваць спакойнай заходняй сталіцай — па колькасці здарэнняў горад не апярэджвае толькі Мінск, Віцебск і сталіцу беларускага крымінала Гомель. Калі ў 2010 у Гродзеншчыне зарэгістравалі 259 цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, то ў 2014 — на 100 болей. Такія выпадкі складаюць каля 10% ад усіх злачынстваў. Па-гэтаму, нягледзячы на гэтыя сумныя дадзеныя, статыстычна крыміналу ў вобласці найменей па краіне.

Дзякуючы добрай гаспадарчай кандыцыі і шэрагу іншых абставін, Гродзенская вобласць застаецца найбольш спакойным рэгіёнам Беларусі. Нізкі ўзровень малазабяспечанасці не можа не ўплываць на тое, што людзі крадуць меней. Але ж нельга не адзначаць, што каб сапраўды быць найменей крымінальнай вобласцю, прэвенцыя цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў павінна стаць задачай нумар адзін для мясцовай міліцыі.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: