Людзі і справы

«Давай ты не будзеш працаваць». Як «традыцыі» і «каштоўнасці» прыводзяць беларусак у сітуацыю эканамічнага гвалту

Кожная чацвёртая беларуска ведае, як гэта — жыць у сітуацыі эканамічнага гвалту. Партнёры-мужчыны пазбаўляюць іх магчымасці працаваць. Не даюць самастойна распараджацца фінансамі. Не выплочваюць аліменты на дзяцей ці пакідаюць без сродкаў пасля разводу. Напачатку стасункаў гэта выдаецца за клопат. Але сканчаецца гвалтам. Па якіх «чырвоных сцяжках» распазнаць небяспечную сітуацыю і якія спосабы барацьбы з эканамічным гвалтам прымяняюць у свеце, гендарныя даследчыцы і актывісткі расказалі для Telegram-канала «Тетя Ира разрешила».

«Усе так жывуць і я так жыву»

«Калі я была ў дэкрэце, то даводзілася прасіць у мужа грошы нават на пракладкі, — расказвае Маша Н.
— Тады не ўспрымала сітуацыю як эканамічны гвалт. Было так шмат клопатаў з дзіцем, што не ставала сілаў крытычна ацаніць гэты бок стасункаў. Думала: «Усе так жывуць — і я так жыву».

«Эканамічны гвалт — небяспечная штука, — кажа гендарная даследчыца Вікторыя Лаўрынюк. — Хоць здаецца, што ён не прыносіць шкоды».

«Аб'юзер можа тэлефанаваць жанчыне на працу і псаваць для яе службовую сітуацыю. Калегам незразумела, чаму яна ўвесь час адказвае на званкі, якія да справы не адносяцца, ці не паднімае слухаўку, адцягвае ўвагу і перашкаджае працаваць іншым. Аб’юзер можа не даваць магчымасці працаваць любымі спосабамі, аж да таго, што замыкаць дзверы. А ў выпадку, калі жанчына працуе дома, можа выкінуць увесь яе інструмент. Або запалохваць жанчыну, каб яна пакінула працу».

Эканамічным гвалтам можа быць і такая сітуацыя, дзе жанчыне даводзіцца адной аплачваць аформленыя на яе імя агульныя крэдыты ці камунальныя паслугі агульнага жылля. Таксама да эканамічнага гвалту адносяцца сітуацыі, калі партнёр карыстаецца зберажэннямі, крэдытнымі картамі ці ўласнасцю жанчыны.

Чытайце таксама: «Таму што жанчына». У 2022-м кожная другая беларуска цярпела ад гвалту

Хто зарабляе — той і вырашае?

Мужчына — дабытчык мамантаў, жанчына — захавальніца ачага. Такога кшталту стэрэатыпы ў нас да гэтага часу выдаюцца за традыцыйныя каштоўнасці, мяркуе Наста Базар, гендарная даследчыца і нізавая актывістка. Пры гэтым замоўчваецца, што ў сістэме таварна-грашовых зносінаў грошы — гэта ўлада. Мужчына, які распараджаецца фінансамі, атрымлівае ў стасунках дамінуючую пазіцыю. Ён робіцца тым, хто прымае рашэнні, хто можа ўздзейнічаць, што і як адбываецца ў сям'і.

«Я сама доўга была ў эканамічным гвалце і мне дагэтуль цяжка пра гэта казаць. Думаю, што тата маіх дзяцей і зараз не згодзіцца з такой маёй ацэнкай, бо гэта нібыта норма ў грамадстве», — кажа Наста.

Аб праявах эканамічнага гвалту яна расказвае так: «Калі я нешта хацела, то казала пра гэта мужу. А ён вырашаў, ёсць грошы на мае патрэбы, ці няма. Я мусіла давяраць яго рашэнню, бо зарабляў ён, а не я. У нейкі момант я зразумела, што гэта пытанне не толькі пра тое, ці ёсць грошы, але і пра тое, што вырашыць мой муж. То бок, калі ён вырашаў, што мне гэта патрэбна, мы абмяркоўвалі, як грошы знайсці. А калі ён не хацеў, то проста казаў: «Грошай няма».

«Самае страшнае ў эканамічным хатнім гвалце — што ён незаўважны, — кажа Наста Базар. — Усё выглядае нібы так, як мае быць. Кшталту, хто зарабляе, той і вырашае. У такой сітуацыі мужчына пачынае незаўважна ні для сябе, ні для жанчыны, успрымаць яе, як аб’ект. Аб’ект, якім ён валодае і пра які можа вырашаць, што і як будзе лепш. І гэта ўсё вельмі добра прыкрываецца сітуацыяй, што паколькі мужчына зарабляе, ён і вырашае».

Дзе стаяць «чырвоныя сцяжкі»?

Калі мужчына ад самага пачатку стасункаў пачынае гаворку, што жанчыне лепш не працававаць, то варта насцярожыцца і падумаць, чаму ён так робіць. Магчыма, гэта тыя самыя «чырвоныя сцяжкі», па якіх вызначаюцца паводзіны агрэсара. «Гэта можа быць сігнал, што аб’юзер хоча захапіць уладу над будучай ахвярай, — тлумачыць Вікторыя Лаўрынюк. — І робіць усё, каб падначаліць яе псіхалагічна і фінансава, зрабіць так, каб у яе не засталося ніякіх сацыяльных сувязяў».

Шляхі да таго, як жанчына аказваецца ў сітуацыі эканамічнага гвалту, могуць быць вельмі рознымі: ад «давай ты не будзеш працаваць» да «гэта сяброўка табе зайздросціць» ці «твая мама не разумее нашага кахання» і «не трэба табе з імі сустракацца». Далей гэта можа переўтварыцца ў сітуацыю, калі сродкі выдаюцца толькі пад строгую справаздачу ці як «узнагарода» за належныя паводзіны.

Грошы робяцца інструментам, каб усталяваць уладу над іншым чалавекам. Клопат можа развярнуцца ў кантроль і ў тое, што ў жанчыны ўвогуле не застанецца магчымасцяў камунікаваць са знешнім асяроддзем. Наступствамі эканамічнага гвалту робяцца таксама сэксуальны і фізічны гвалт.

Нават калі жанчына зарабляе

Жанчыны могуць патрапляць у сітуацыю эканамічнага гвалту нават калі працуюць і зарабляюць. Гаворка пра сітуацыі, калі партнёр ці муж не хоча працаваць альбо папросту прапівае грошы, спускае іх на гульні, ўласныя забавы, ці яшчэ нешта, апроч сям'і.

«Хаця грошы — самая вялікая ўлада, але тут мы бачым, што акрамя грошай патрэбна, каб жанчына мела пэўнасць у сваіх правах, — тлумачыць Наста Базар. — Ізноў мы вяртаемся да гэтых сацыяльных канструкцый, да традыцыйных роляў і каштоўнасцяў. Бо што перашкаджае жанчыне выйсці з такіх стасункаў? Тыя ж стэрэатыпы: «Як жа дзеці без бацькі?», «А скажуць «развядзёнка», «Ты недастаткова мудрая».

Найбольш часта патрапляюць у сітуацыю эканамічнага гвалту жанчыны ва ўзросте 45 — 54 гадоў. Такім чынам, па словах Вікторыі Лаўрынюк, праяўляецца эффект сэндвіч-пакалення. Такія жанчыны клапоцяцца і пра сваіх непаўнагадовых дзяцей, і пра сталых сваякоў у сям'і. Праз гэта часта мусяць выбіраць працу з гнуткім графікам і меньшымі заробкамі, адмаўляцца ад кар’ерных перспектываў, каб мець час на хатнія абавязкі.

Бясплатная жаночая праца - таксама эканамічны гвалт

«Жанчын з нараджэння вучаць быць абслугай, — кажа Наста Базар. — Яна павінна і фізічна, і эмацыйна абслугоўваць. Усё, што робіцца бясплатна, нябачна і лічыцца, як норма. Часцей за ўсё жанчын настолькі з дзяцінства прывучаюць да адказнасці за ўсіх наўкол, што нават калі мужчына ў сям'і не хоча працаваць, можа нават біць жонку ці маці, то ўсё роўна жанчыны не імкнуцца з імі растацца і не перастаюць фінансава забяспечваць. Гэта вялікая праблема».

Яшчэ адной з праяваў эканамічнага гвалту Наста называе аліменты: «У нас велізарная колькасць мужчын не выплочвае аліменты. Гэта ізноў пра стэрэатыпы. Бо калі мужчына ўспрымае жанчыну як аб’ект, то калі яна сыходзіць, ён не ўспрымае яе інакш: „Калі ты мая маёмасць і я табой уладаю, то даваць грошы нармальна. А калі ты не мая, то нічога табе не будзе“. Амаль заўсёды ёсць гэта маніпуляцыя з боку мужчын.

Вельмі лёгка не думаць пра тое, што дзіцёнку патрэбны зімовыя боты, калі ты не бачыш дзіця на снезе ў асеннім абутку. Лёгка не думаць, што дзіця есць тры разы на дзень, калі табе не трэба купляць для яго прадукты. Лёгка не ведаць, што ў дзіцяці са здароўем. Я лічу, што аліменты гэта таксама эканамічны гвалт і гэта павінна быць урэгулявана іншым, чым зараз, спосабам. Бо калі нешта не дзейнічае, яго трэба змяняць».

Чытайце таксама: «За год дзеці атрымалі ад таты 5 рублёў на траіх». Гісторыя Вікторыі, у якой яна засталася з дзецьмі і крэдытам і год змагалася за аліменты

«Нават калі мужчына не працуе ці не плаціць аліменты на дзяцей, усё роўна атрымліваецца, што ўлада ў яго. На яго баку грамадства і сацыяльныя канструкты, якія вінавацяць жанчыну. То працаваць трэба з двух бакоў - з сістэмай і з жанчынамі. Каб прыбіраць стыгматызацыю, стэрэатыты, што „сама вінавата“, што толькі ад цябе залежыць. Проста ўспомніць усім нам, што пасля 18 мы дарослыя людзі, якія павінны самі пра сябе клапаціцца».

Ці можна пераадолець эканамічны гвалт?

«Вельмі шмат што трэба пачаць рабіць інакш. Як мінімум — пачаць па-іншаму выхоўваць дзяцей, — разважае Наста Базар. — Бо калі нараджаецца дзяўчынка і ёй тлумачаць, што галоўная мэта — выйсці замуж і нарадзіць дзіця, то тут няма нічога пра самастойнасць. Нашы дзяўчынкі не навучаны быць самастойнымі і незалежнымі».

Каб пераадолець любыя праявы хатняга гвалту трэба ўводзіць заканадаўства, якое б абараняла жанчын і дзяцей. «Адзін з падыходаў - не сумнявацца, што яны церпяць ад гвалту, — кажа Вікторыя Лаўрынюк. — Спачатку ратуеш, потым разбіраешся. Інакш можна вельмі доўга сумнявацца і гэта не прынясе нічога добрага».

Адно з самых прасунутых у свеце заканадаўстваў у стаўленні да эканамічнага гвалту дзейнічае ў Іспаніі. Сёлета ў сакавіку там адбыўся судовы працэс па скасаванні шлюбу, па якім жанчына атрымала больш за 200 000 еўра. Так ацанілі 25 гадоў яе хатняй працы. Суму разлічылі з умоваў мінімальнага заробку за ўвесь тэрмін шлюбу. Жанчына патлумачыла, што муж не хацеў, каб яна працавала па-за домам: «Я прысвяціла сябе выключна хатняй працы, даглядала мужа і дом. Я аказалася ў становішчы, калі не магла рабіць нічога іншага».

Суд задаволіў яе зварот і абавязаў мужчыну дадаткова выплочваць штомесячную дапамогу на догляд за дзвюмя іх агульнымі дочкамі.

Заканадаўства Швецыі прадугледжвае максімальныя выплаты па догляду за нованароджаным дзіцем толькі ў выпадку, калі абодва з бацькоў па чарзе ідуць у дэкрэт не менш, чым на тры месяцы.

Яшчэ адзін шлях у пераадоленні сітуацыі з хатнім гвалтам — праца з таксічнай маскуліннасцю. Такія курсы для мужчын, схільных да агрэсіі, пачалі распрацоўваць у Злучаных Штатах, а зараз паспяхова прымяняюць і ў іншых краінах. «Гэта працуе, калі мужчына ўсведамляе і хоча са свайго боку змяніць сітуацыю і справіцца з ёю, — кажа Вікторыя Лаўрынюк. — Гэта можа змяніць стасункі. Інакш — няма шансаў. Толькі разыходзіцца».

Чытайце таксама: «Калі жаніліся, ніхто не думаў пра развод». Былому мужу Алены ўсё можна, а ёй пагражалі паставіць дзяцей на ўлік

Патрэбна і праца з жанчынамі, лічыць Наста Базар: «Трэба тлумачыць ім, што гэта ненармальна, калі яны ў сям'і не маюць доступу да фінансаў. Нават калі жанчына не ходзіць на працу, а глядзіць дом і гадуе дзяцей — гэта таксама праца. І гэта значыць, што грошы, якія прыходзяць у сям’ю, належаць і ёй таксама, яны — агульныя. На жаль, гэта складана: і жанчынам — прыняць, і мужчынам — аддаць. Шмат часу спатрэбіцца, каб грамадства ўсвядоміла каштоўнасць нябачнай працы жанчын. Толькі гендарная роўнасць можа нам дапамагчы. Зараз час на тое, каб змяніць стаўленне грамадства.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Аўтарытарызм, кіберпанк і Акрэсціна. 6 кніг, якія трэба прачытаць для разумення Беларусі

Чытанне кніг у няпросты час дапамагае перамагчы ўласную немату - прызнаваліся некаторыя героі Hrodna.life. Рэдакцыя…

27 снежня 2024

«Можна бункер на выпадак апакаліпсісу ўладкаваць». Якім будзе новы «касмічны» гатэль у Пышках

На тэрыторыі былога водазабору ў Пышках будуюць гасцінічны комплекс. Гатэль будзе вытрыманы ў касмічнай стылістыцы,…

24 снежня 2024

Не паскардзішся — не паедзеш. Як у Гродне можна вырашыць транспартныя праблемы

У Гродне 87 маршрутаў грамадскага транспарту, а людзям даводзіцца ездзіць на таксі. Транспартныя болі гродзенцаў,…

23 снежня 2024

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024