Вікторыі 40 гадоў. Яна — «развядзёнка з прычэпам». Дакладней, з трыма дзецьмі і крэдытам за кватэру. Гэта ўсё, што засталося ў яе пасля 17 гадоў замужжа. Для Hrodna. life гродзенка расказала гісторыю свайго разводу.

«Развядзёнкі» — серыя матэрыялаў Hrodna.life пра тое, чаму жанчыны ідуць на развод, і як пераадольваюць складанасці сітуацыі. Усе гісторыі - сапраўдныя і адбыліся ў Гродне. Усе імёны гераінь змененыя.

«Цікаўнасці да сям'і ў яго не было»

Праз год пасля разводу Вікторыя распавядае пра былога мужа ўжо спакойна. «У яго вышэйшая адукацыя і паважаная прафесія. Была добра аплачваная праца, але ён звольніўся, бо не хацеў працаваць"на дзядзьку». Не алкаголік — спіртным не злоўжываў. Адзін час быў залежны ад інтэрнэт-гульняў. Цікавасці да рэальнага жыцця і сям'і ў яго не было".

Суадносіны шлюбаў і разводаў у Гродзенскай вобласці ў 2015 годзе складала 39%. Да 2020 года яно павялічылася да 67%. Паказальнік вырас у асноўным за кошт змяншэння колькасці шлюбаў. Крыніца дадзеных: Белстат

Сямейнае жыццё, па словах Вікторыі, складвалася «па-рознаму, але чым далей, тым горш». Пра развод яна задумвалася не аднойчы. Нават падавала дакументы ў суд. У лютым 2020 года ёй, нарэшце, хапіла сілаў прайсці шлюбаразводны працэс да канца. У красавіку яна і падала заяву на аліменты. Паводле пастановы суда тром дзецям ад бацькі належыла 275 рублёў на месяц. Столькі на той час складаў бюджэт пражытачнага мінімуму.

Памер аліментаў у Беларусі разлічваецца ў працэнтах ад даходу плацельшчыка. На адно дзіця выплачваецца 25%, на дваіх дзяцей — 33%, на траіх і больш — 50% даходу. Заканадаўства таксама вызначае мінімальны памер аліментаў. Ён разлічваецца ў працэнтах ад бюджэту пражытковага мінімуму (БПМ). На адно дзіця выплата складае 50% БПМ, на дваіх — 75%, на траіх і больш — 100% БПМ.

«Пакідайце усё ў скрынцы» — складанасці разводу на карантыне

У аддзел прымусовага выкананьня (АПВ), які займаецца спагнаннем аліментаў, Вікторыя звярнулася толькі праз чатыры месяцы пасля атрымання выканаўчага ліста. «Гэта было маёй памылкай», — кажа яна. Тады Вікторыя яшчэ не ведала, што запазычанасць па аліментах лічаць з моманту падачы дакументаў у АПВ. «Даўжнік можа сказаць, што ўвесь гэты час дапамагаў вам, і даказаць адваротнае вельмі складана».

«Я прыйшла падаваць дакументы ў АПВ, а ў іх каранцін у сувязі з каронай — у кабінеты да інспектараў нікога не пускаюць. На першым паверсе сядзіць ахоўнік, які кажа „пакідайце ўсё ў скрынцы“. Я так і зрабіла. Прайшоў амаль месяц і ўсе дакументы даслалі мне назад поштай. Выявілася, трэба было прыкласці да выканаўчага ліста яшчэ адну заяву. У другі раз я прарвалася на патрэбны паверх з боем, — распавядае Вікторыя, — каб адразу даведацца, ці ёсць у пакеце дакументаў усё, што трэба».

разведенки, развод, алименты
Лайфхакі ад Вікторыі: «За год усіх цяжбаў склалася адчуванне, што ты сама мусіш усё высветляць і казаць інспектарам — трэба вось так, я маю права на вось гэта. Калі не нагадваць пра сябе, не казаць, што будзеш скардзіцца на іх у вышэйшыя інстанцыі, справа твая не зрушыцца з месца»

«Не мог знайсці працу» — прычына не плаціць аліменты?

Вікторыя распавяла Hrodna.life, што былы муж проста казаў «не мог знайсці працу» або «не было заробку», і гэта разглядалася АПВ як паважная прычына, каб не ўтрымліваць сваіх дзяцей. Даказваць, што прыбытак у мужчыны ёсць, але ён яго хавае, мусіла былая жонка. Калі, вядома, хацела атрымліваць аліменты. Вікторыя апісвае сітуацыю так:

«Як толькі выканаўчы ліст трапляе ў АПВ, інспектар выклікае даўжніка. Яму тлумачаць, што ён павінны ўладкавацца на працу цягам трох месяцаў. У маім выпадку ў былога мужа быў свой бізнес — ён адкрыў фірму ў Мінску і стаў дырэктарам. Але даходы ён не паказваў. Атрымаўся замкнёны круг: праца ёсць, даходу няма. Тупік».

За час узаемадзеяння з сістэмай Вікторыі давялося самастойна разабрацца з заканадаўствам па спагнанні аліментаў і практыкай яго прымянення. «[Гродзенскі] інспектар выпісаў прадпісанне бухгалтару фірмы былога мужа, а справу закрыў. Як пазней я даведалася, справу трэба было перадаць па месцы рэгістрацыі арганізацыі, каб прызначылі інспектара па месцы працы мужа».

З фірмы былога мужа па загадзе АПВ Вікторыі за чатыры месяцы пералічылі толькі пяць рублёў.

Па заканадаўстве аліменты з’яўляюцца адной з першачарговых выплат. Іх павінны пералічваць нават раней за падаткі і іншыя абавязковыя плацяжы.

Каб пераадолець гэтую сітуацыю, Вікторыі прыйшлося запытаць з бухгалтэрыі фірмы мужа даведку аб запазычанасці па аліментах. Таксама гродзенка звярнулася ў Мінскі АПВ з запытам аб праверцы працы бухгалтэрыі фірмы былога мужа. Калі і гэта не дапамагло, Вікторыя напісала скаргу ў Міністэрства юстыцыі. «Толькі тады ўсё зрушылася з мёртвай кропкі», — кажа яна.

Да гэтага часу прайшло ўжо шэсць месяцаў пасля выдачы судом выканаўчага ліста. Адлічэнні так і не пачаліся. Вікторыя пайшла ў міліцыю пісаць заяву аб ухіленні ад выплаты аліментаў. Улічваючы доўг па нявыплачаных аліментах, заяву прынялі. Хоць АПВ сцвярджаў, што факту ўхілення няма.

Чытайце таксама: «Наша жизнь сладкой не была». История гродненской любви длиной в 67 лет

«Гэта смешная фраза „няма ўхілення“, — кажа Вікторыя пра сітуацыю. — Паўгода тата не ўдзельнічае ў жыцці сваіх дзяцей, не ўтрымлівае іх. Сам у гэты час неяк жыве, харчуецца, апранаецца, плаціць за жыллё. Знайсці на траіх родных дзяцей 275 рублёў ён не можа, але факту ўхілення ад выплаты аліментаў няма».

Міліцыя з аліментамі не дапаможа, але даўжніка пакарае

Вікторыя распавяла, што ўжо праз некалькі дзён яе выклікалі ў міліцыю і ўзялі паказанні. Былога мужа апыталі па тэлефоне. У Мінску да яго накіравалі ўчастковага інспектара. «З гэтага моманту забраць заяву ўжо нельга. Не мае значэння, будзе высылаць тата вам аліменты часткамі, ці пагасіць усю суму запазычанасці - справа запушчаная і будзе расследавацца ўжо ў плоскасці ўхілення ад выплаты аліментаў. Гэта значыць, міліцыя не дапаможа атрымаць аліменты. Гэта сфера працы АПВ. Але міліцыя пакарае неплацельшчыка, які парушыў інтарэсы дзяцей».

разведенки, развод, алименты
Частка 1 атрыкула 174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжвае пры ўхіленні ад выплаты па судовай пастанове сродкаў на ўтрыманне непаўнагадовых дзяцей пакаранне ў выглядзе грамадскіх працаў, або папраўчых працаў на тэрмін да двух гадоў, або арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін да аднаго года

«Лічыць, што больш нічога не павінны»

Суд па справе Вікторыі супраць былога мужа прайшоў роўна праз год пасля прад’яўлення выканаўчага ліста. Сума пералічаных бацькам грошай за гэты перыяд не змянілася і складала па-ранейшаму пяць рублёў на траіх дзяцей.

На судзе былы муж прызнаў віну ў поўнай меры. Яго асудзілі на папраўчыя працы. Пасля абвяшчэння запазычанасці па аліментах ён падпісаў угоду, паводле якой аддае сваю долю ў агульнай кватэры дзецям, у кошт аліментаў да паўналецця. Кватэру сям’я атрымала, як шматдзетная, па льготным крэдыце пасля нараджэння трэцяга дзіцяці. Крэдыт за кватэру Вікторыя зараз выплачвае адна.

Пасля суда былы муж Вікторыі лічыць, што больш нічога нікому не павінны. «Таму ні ўдзелу ў жыцці дзяцей, ні ўвагі ім, ні падарункаў на Новы год ці на дні нараджэння дзеці ад таты з моманту разводу не атрымлівалі. За два гады было па два тэлефонныя званкі на дзень нараджэння і Новы год — на гэтым усё.

Лайфхакі ад Вікторыі

  • З інспектарамі АПВ трэба мець зносіны часцей — нагадваць пра сябе, правяраць іх працу і патрабаваць неабходную інфармацыю.
  • На кансультацыі юрыстаў не заўсёды можна разлічваць. Паслуга каштуе 60 руб., а на іх часам даходзіла да смешнага — спецыяліст чытаў з кампутара тое, што я і сама магла знайсці.
  • Усе законы ёсць у вольным доступе. Варта самастойна вывучыць адпаведныя артыкулы Кодэкса аб сям'і і шлюбе, каб самой разумець, як абараніць правы дзяцей.

Чытайце таксама: «Сапраўднае вяселле будзе на волі». Валерыя Латаш з Гродна распавяла, як гэта — распісацца ў турме з палітвязнем