4 лістапада «МазгаБойня» адзначыла другі дзень нараджэння. Адсвяткавалі падзею незвычайнай гульнёй без сталоў, дзе кожны мог завесці новыя знаёмствы, перамагчы і проста адпачыць.

Каб не кучкаваліся

Гродзенскай «МазгаБойняй» два гады займаюцца мінчукі Андрэй, Улад і Аляксей. Раз на два тыдні яны прыязджаюць у наш горад, каб гродзенцы атрымалі пазітыўныя эмоцыі і бутэлечку шампанскага.

На дні нараджэнні «МазгаБойні» сыгралі каля 40 каманд. Гульня праходзіла без сталоў, а ў перапынсках паміж турамі граў гурт «IN-OUT».

— Мы зладзілі такую гульню, каб людзі пачалі камунікаваць адзін з адным, не кучкаваліся дробнымі кампаніямі, заводзілі новыя знаёмствы, — кажуць арганізатары.

img_5795

Па падліках за два гады гульню наведала дзесяць тысяч гродзенцаў, а пераможцы выпілі 300 бутэлек шампанскага. Пры тым рознага: ад 750 мл да трох літраў.

Базавыя веды, кемлівасць і камандная гульня — сакрэт поспеху пераможцаў

Мінчукі не называюць «МазгаБойню» інтэлектуальнай гульнёй:

— «МазгаБойня» гэта поп-гульня, куды людзі прыходзяць, каб атрымаць добры настрой, эмоцыі, паразмаўляць з сябрамі. Так, ёсць пытанні-адказы, але гэта не галоўнае, што ў нас ёсць, — тлумачаць яны.

Гульня складаецца з блокаў: тэкставыя пытанні, пытанні з малюнкамі, музыкальны тур і бліц. Пытанні ў класічных інтэлектуальных гульнях патрабуюць пэўных рамак адказу, патрабаванняў да фармуліроўкі пытання. У «МазгаБойні» ж яны такія, каб чалавек атрымаў задавальненне, незалежна ад таго, адказаў ён ці не.

img_5843

Арганізатары лічаць, што каб граць у МазгаБойню не патрэбна ніякая падрыхтоўка — толькі сабраць аднадумцаў, прыдумаць арыгінальную назву і зарэгістраваць каманду. Рэгістрацыя праходзіць Укантакце за некалькі дзён да гульні.

— Веды, якія мы атрымалі ў школе, універсітэце, пры зносінах з калегамі і сябрамі - гэта аснова, на якую накладваецца кемлівасць і ўяўленне. Да таго ж, важная камандная гульня. Пры камунікацыі нараджаецца адказ, — кажуць мінчукі.

«Лямпавая» атмасфера і табліца-перавёртыш

Арганізатары стараюцца разнастаіць гульні. На «МазгаБойні» праходзілі гульні з ліхтарамі, калі гульцы пісалі адказы на крафтавай паперы крэйдай. Пытанні былі прасцейшымі, а атмасфера — «лямпавай». Мінчукі вылучаюць першакрасавіцкую гульню — там былі жартаўлівыя пытанні, а выніковую табліцу перавярнулі. Прызавое шампанскае атрымалі каманды, якія пры звычайнай гульні былі б апошнімі. А каманды, якія набралі балаў больш за ўсіх, атрымалі квіткі ў музей.

Таксама вылучаюць «оскарскую» гульню. Трапіць на яе можна было, зарэгістраваўшыся хутчэй за ўсіх ці зняўшы відэапародыю на вядомы фільм. Дзяўчаты ў сукенках, мужчыны ў касцюмах на ўваходзе бясплатна атрымлівалі келіх шампанскага. Рэгулярна праходзіць Ліга Чэмпіёнаў - гульня для самых моцных каманд.

— На Лізе Чэмпіёнаў у нас была сімпатычная дзяўчына, якая паказвала таблічкі з нумарамі тураў. І паступова здымала то кофту, то шорты, але не даводзячы да распусты. Гледзячы на вынікі апытання Укантанце, мужская палова хацела б убачыць гэта на наступнай Лізе Чэмпіёнаў.

g2qau5hyavo

Апошнім часам «МазгаБойню» пачалі клікаць на карпаратывы і дні нараджэння. Арганізатары кажуць, што для людзей гэта тымбілдзінг, адрэналін і проста іншая атмасфера. Замест сямі тураў праводзяць дзесяць. Цана такой гульні абмяркоўваецца з заказчыкамі.

«МазгаБойня» — месца сустрэч

— Папулярнасць такіх гульняў у атмасферы. «МазгаБойня» — месца сустрэчы сяброў, калег, сваякоў. Камунікаваць можна і ў камандах, і паміж камандамі. Пасля пікніка «МазгаБойні» ўсе сталі адной сям’ёй, — расказваюць мінчукі.

Арганізатары "Мазгабойні" Аляксей, Влад і Андрэй
Арганізатары «МазгаБойні» Аляксей, Улад і Андрэй
Прычым, не толькі вобразна. У Брэсце хлопец і дзяўчына пазнаёміліся на «МазгаБойні» і два месяцы таму згулялі вяселле. У Гродне Таня і Сяргей з каманды «Тюлень-монах» месяц таму пабраліся шлюбам. Праўда, яны былі знаёмыя яшчэ да «МазгаБойні».

Хлопцы пачыналі, гуляючы ў «МазгаБойню», і дагэтуль граюць. Але прызнаюцца, што ходзяць на гульню адпачыць. Так што могуць трапіць і на апошняе месца, і на льготную рэгістрацыю.

— Моманты радасці людзей, усмешкі, калі ты ходзіш па зале, бачыш, як людзі абмяркоўваюць пытанні, жартуюць — гэта прымушае прыязджаць, укладаць як мага больш эмоцый і сілаў у гульню. Людзі нас сілкуюць, — расказваюць арганізатары.

Першая гульня ў Гродне прайшла 4 лістапада 2014 года. Тады заявілася 30 каманд.

Мінскай «МазгаБойні» ў красавіку 2017 года будзе пяць гадоў. Штат налічвае каля трохсот чалавек: ад людзей, якія збіраюць бланкі з адказамі, да юрыстаў, якія распрацоўваюць дагаворы. У «МазгаБойню» гуляюць у 40 гарадах. Кожны тыдзень ці два дадаецца новы горад, вялікі ці маленькі. У кожным горадзе ёсць сваі памочнікі, дыджэі, фатографы. Зараз «МазгаБойня» выходзіць на міжнарожны рынак. У беларускую гульню ўжо граюць у Расіі, Германіі і Швейцарыі.

img_5781

img_5838

img_5831

img_5827

img_5814

img_5813

img_5803

img_5784