Людзі і справы

«КДБ у Гродне спрабаваў мяне вярнуць». Яўген Дудкін пра жаданне быць карысным, магілёўскія стэрэатыпы і будучыню Альшанкі

Яўген Дудкін нарадзіўся ў Магілёве, але вырас у Гродне. Думаў стаць міліцыянерам, як бацька, але паступіў на гістфак. Потым ледзь не пайшоў у ксяндзы, але стаў актывістам апазіцыі. І толькі зімой 2025 прызнаўся, што больш за 15 гадоў таму стаў сакрэтным супрацоўнікам КДБ. Hrodna.life пагаварыў з актывістам пра яго сям’ю, вучобу ва ўніверсітэце і актыўнасць на гродзенскай Альшанцы. Мы хацелі высветліць, як можна было сумяшчаць беларушчыну, апазіцыйнасць і працу на лукашэнкаўскія спецслужбы.

У лютым 2025 года стала вядома, што Яўген Дудкін са студэнцкіх часоў, з 2009 года, быў сакрэтным супрацоўнікам КДБ. Ён прызнаўся ў гэтым у Варшаве на сходзе Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, сябрам якой з’яўляецца. Калі медыі апублічылі гэтую гісторыі, ён пачаў казаць, што супраць яго вядуць мэтанакіраваную кампанію і ён спыніў супрацоўніцтва з КДБ у 2016. Дудкін запэўнівае, што нікому не нашкодзіў і спачатку не бачыў у сваіх дзеяннях нічога кепскага.

Дзяцінства: «У сям'і заўсёды трымаліся па-за палітыкай»

Яўген Дудкін нарадзіўся ў Магілёве ў шматдзетнай сям'і — мае старэйшага брата і малодшую сястру. Бацька працаваў участковым у міліцыі. Калі хлопцу было шэсць гадоў, яны пераехалі ў Гродна. Прычынай стала сур’ёзнае захворванне сястры.

— Бацькі думалі, што гэта з-за радыяцыі, таму зрабілі вялікія высілкі, каб перабрацца ў Гродна. Але пасля высветлілася, што хваробу выклікала прышчэпка, якая раз на мільён дае негатыўныя наступствы.

У першы клас Дудкін пайшоў ужо ў Гродне. Спачатку хлопец вучыўся ў класе з мастацкім ухілам. Пасля з-за праблем са спінай бацькі аддалі яго ў харэаграфічны клас.

У школьныя гады хлопцу хацелася быць «часткай чагосьці вялікага і магутнага».

— Недзе ў 8 класе я ўступіў у БРСМ — не бачыў у гэтым нічога дрэннага. Нават наадварот, было жаданне стаць часткай чагосьці, каб быць карысным для добрых спраў. Што датычыцца, напрыклад, бел-чырвона-белых налепак або апазіцыйнай літаратуры, тое, з чым я сустракаўся, выглядала непрэзентабельна. Актывісты, якія гэтым займаліся, рабілі гэта ў форме, якая не заахвочвала. Па-другое, у маёй сям'і заўсёды трымаліся па-за палітыкай і казалі, што гэта вельмі небяспечна — невядома, што там адбываецца.

Юнацтва: «МУС — гэта перспектыва выбіць кар’еру, маючы пагоны афіцэра»

Пасля дзявятага класа Яўген абраў прававы профіль. Сам ён лічыць, што яму вельмі пашанцавала з выкладчыцай гісторыі і грамадазнаўства. Яна навучыла абгрунтоўваць сваю пазіцыю, нават калі яна адрозніваецца ад той, што ў падручніку.

Тады ж хлопец пачаў цікавіцца гісторыяй. Па запрашэнні БРСМ ён паўдзельнічаў у гістарычным конкурсе і перамог. Тады і зразумеў — вось сфера, дзе ён зможа сябе рэалізаваць. Паўстала пытанне: рухацца па шляху бацькі-міліцыянта, або звязваць жыццё з гісторыяй.

— Я вагаўся да апошняга, ці падаваць дакументы ў акадэмію МУС. З аднаго боку гэта была перспектыва выбіць кар’еру, маючы пагоны афіцэра. З іншага боку, я сапраўды любіў гісторыю.

Падчас медыцынскай праверкі перад акадэміяй МУС Яўгену не хапіла некалькі кілаграмаў вагі да нормы. Хлопец паступіў на гістфак.

Студэнцкія гады: «Прагнуў не быць самотным чалавекам»

Яўген абраў спецыяльнасць «гісторыя і сацыяльна-палітычныя дысцыпліны». Вучыцца на ёй можна было толькі ў Мінску або Магілёве.

— Мінусам Магілёва было тое, што тут не было ваеннай кафедры, — прызнаецца беларус. — Бо пасля гістфаку можна было пайсці ў МУС, або на вайсковую службу.

Але Яўген выбраў Магілёў, бо там усё яшчэ жыла яго бабуля — так было прасцей вырашыць пытанне з жыллём на час вучобы.

Адразу пасля паступлення хлопец заявіў пра сваю актывісцкую дзейнасць — нават прынёс паперу пра ўдзел у конкурсах ад гродзенскага БРСМ.

— Прагнуў, каб мяне хтосьці запрашаў, каб не быць самотным чалавекам. Таму што магілёўцы мелі мясцовых сяброў, хтосьці з’язджаў у свой райцэнтр бавіць час. Мне трэба было таксама знаходзіць новых сяброў. Лагічна, што БРСМ сталася той арганізацыяй, якая магла мяне кудысьці запрасіць.

Магілёвец ці гродзенец?

У Магілёве хлопец сутыкнуўся са стэрэатыпамі пра «заходнікаў». Напрыклад, у яго пыталіся, ці з’яўляецца ён палякам або католікам. Некаторыя лічылі, што гродзенскі рэгіён больш багаты, бо ён «пад палякамі».

— Я зразумеў, што калі ёсць цікавасць да майго гродзенскага жыцця, то магу шмат чаго распавесці на семінарах пра адрозненні гродзенскага і магілёўскага рэгіёнаў, — узгадвае Яўген.

Дудкін дадае, што калі ў яго пытаюцца, хто ён, то першы яго адказ — беларус.

— Па нараджэнні я магілёвец, па выхаванні — гродзенец. Менавіта гродзенскае выхаванне дазволіла мне добра вучыцца ў Магілёве. Лічу, сёння Гродзеншчына мае місію перад магілёўцамі, каб дапамагчы ім убачыць тое, што яны страцілі за міжваенны савецкі час.

«КДБ лічыць, што студэнты — эмацыйна нястрыманыя людзі»

Супрацоўніцтва з КДБ пачалося ў 2009 годзе менавіта ва ўніверсітэце. На гістфаку хлопец быў актыўным: вёў гурткі і паказваў добрыя акадэмічныя вынікі. Яму пазванілі з Камітэту дзяржбяспекі, запрасілі на размову і прапанавалі працаваць на спецслужбы. Яўген пагадзіўся, бо ў той час нібыта не бачыў у гэтым нічога дрэннага.

КДБ папрасіў хлопца назіраць за некаторымі людзьмі. Па словах самога Дудкіна, такіх людзей было шмат. Некаторых спецслужбісты называлі меркаванымі прадстаўнікамі замежнай выведкі: да іх трэба было ўваходзіць у давер і спрабаваць знайсці кампрамат.

— Пра некаторых (студэнцкая моладзь з атачэння Дудкіна — Hrodna.life) пыталіся, ці яны радыкалы. Я адказваў толькі адно: гэтыя людзі могуць на эмоцыях нешта сказаць, але ніякіх учынкаў радыкальнага характару яны не будуць рабіць. Бо папросту яны гарачыя, эмацыйныя студэнты. Часам КДБ баіцца, што хтосьці з гэтых людзей можа кінуць бутэльку Молатава ці за замежныя грошы будзе парушаць грамадскі спакой. Спецслужбы лічаць, што гэта эмацыйна нястрыманыя людзі, таму яны могуць здзейсніць нешта злачыннае.

Дудкін кажа, што не ведае людзей, якіх у выніку яго справаздач у КДБ затрымалі б, арыштавалі, асудзілі ці пазбавілі пасады ва ўніверсітэце.

Пасля ўніверсітэта: «Цытаты Лукашэнкі дапамагалі выкарыстоўваць беларускую мову»

Пасля ўніверсітэта Яўген уладкаваўся настаўнікам у школу ў Бялынічах (Магілёўская вобласць). Ён надалей супрацоўнічаў з КДБ. Але адзначае, што працягваў рабіць справы на карысць беларушчыны.

Напрыклад, стварыў беларускамоўны гурток у школе і «вывесіў арнамент».

— Каб у мяне не было праблем перад адміністрацыяй, я павесіў фотаздымак Лукашэнкі за 2014 год, дзе ён выступіў у парламенце і казаў, што мы не прарасійскія, не прапольскія, а беларускія. Такім чынам цытаты Лукашэнкі па-беларуску са спасылкай на БелТА дапамагалі мне выкарыстоўваць беларускую мову.

Дудкін узгадвае, што ў якасці заданняў загадваў дзецям намаляваць герб ВКЛ.

— Ну і што яны маглі намаляваць? Пагоню, — усміхаецца Яўген.

Прыгадвае актывіст і момант, калі ў 2015 годзе на месцы каталіцкіх могілак мясцовыя ўлады вырашылі пабудаваць краму. Тады Яўген звярнуўся ў Магілёўскае ўпраўленне КДБ.

— Я сказаў ім, што калі гэта будзе працягвацца, то з’явіцца сацыяльнае напружанне — гэта не выгадна ні дзяржаве, ні касцёлу, ні мясцовым уладам.

«Застаюся адзіным католікам у сям'і»

У магілёўскі перыяд жыцця ў Яўгена адбылася яшчэ адна трансфармацыя — ён перайшоў у каталіцызм. Думкі пра гэта з’яўляліся яшчэ ў Гродне, але тады яны былі палярнымі.

— Бацькам сказаў не адразу — паволі. Яны гэта прынялі. Але па сёння я застаюся адзіным католікам у сям'і, — адзначае Яўген.

Дудкін кажа, што ўжо тады ведаў, што беларускія ўлады пераследуюць касцёл. Таму вырашыў для сябе, што «не будзе даваць кампраматы», запэўнівае ён.

— Магу засведчыць, што касцёл — адзіны важнейшы вораг у вачах атэістычнага рэжыму Лукашэнкі. Ціск ідзе менавіта з-за таго, што ў касцёле ёсць свой кіраўнік — Папа Рымскі і ў іерархіі святары падпарадкоўваюцца яму праз біскупаў, а не прэзідэнту дзяржавы.

Вяртанне ў Гродна: «КДБ спрабаваў мяне вярнуць»

У 2016 годзе Дудкін падаў дакументы ў каталіцкую семінарыю ў Пінску — кажа, што хацеў стаць святаром. Але даведаўся, што маці моцна захварэла — і вырашыў вяртацца ў свецкае жыццё ды пераехаў у Гродна.

Пэўны час ён працаваў настаўнікам гісторыі ў 38-й школе. А ў 2017 па запрашэнні сяброў вярнуўся ў БХД.

— Канешне, КДБ у Гродне спрабавала мяне вярнуць, але я катэгарычна адмовіўся ад гэтага. Узнікала пытанне: распавесці людзям, ці не (пра супрацоўніцтва са спецслужбамі — Hrodna.life). Я бачыў, што не ўсе беларусы, якія былі ў палітыцы, гатовыя гэта прыняць — шмат у каго шмат крыўды і болю. Тады падумаў: ну добра, няхай учынкі і справы, якія буду рабіць, стануць пацвярджэннем таго, хто я і што я.

Пачатак палітычнай кар’еры: «Не абавязкова казаць пра злы і прагны крыві рэжым, калі гэта тычыцца пад’езда»

У той час Яўген жыў у мікрараёне Альшанка. У 2017 годзе ён вылучыўся ў мясцовыя дэпутаты ад БХД — аснову яго праграмы складалі ідэі і прапановы па развіцці Альшанкі.

— Лічу, што грамадская кампанія па апрацоўцы альтэрнатыўных прапаноў была зроблена так, як гэта адчувалі мае равеснікі і людзі старэйшага ўзросту. Я зрабіў гэта так (праграму — Hrodna.life), як бачыў. Многім прадстаўнікам апазіцыі не падабалася, у якой форме я гэта раблю: без бел-чырвона-белых сцягоў, без беларускай мовы. Але, лічу, трэба думаць, з кім мы гаворым. Тады моладзь не была гатова да вялікіх перамен, але хацела вырашэння сацыяльных праблем. Таму трэба зацікавіць людзей, што было магчыма. Не абавязкова казаць пра злы і прагны крыві рэжым, калі гэта тычыцца пад’езда, ці ямаў на дарозе.

Дэпутатам Дудкін не стаў, але рэалізаваць з задуманага атрымалася «амаль усё», кажа ён. Маўляў, рабілі гэта ўлады, але тон задавала партыя.

— Школа была пабудавана, былі створаны медычныя пункты, транспарт запушчаны, міні-рынак створаны. Мы казалі пра бяспеку, каб было патруляванне. На жаль, пасля 2020 гэта ў іншы бок скіравана, — пералічвае выкананыя пункты з праграмы Дудкін.

Да гэтага часу на Альшанцы не з’явіўся парк. Але, на думку Яўгена, ён таксама з’явіцца ў мікрараёне.

— У раёна ёсць перспектывы — ён будзе расці. Будзе новае будаўніцтва і новыя выклікі. Узнікне пытанне парку. Я перакананы, што паколькі шмат людзей выехала з Гродна, у тым ліку актывістаў, усё будзе зроблена не на такім высокім узроўні — якасць працы гарадскіх уладаў будзе нізкай.

Чытайце таксама: Альшанку збіраюцца пашыраць — там пабудуюць новыя мікрараёны

Працоўная эміграцыя: «Планаваў зарабіць грошы і застацца жыць у Беларусі»

У 2018 годзе Яўген пачаў жыць на дзве краіны. У Польшчы ён працаваў на заводзе, каб зарабіць грошы, у Беларусі займаўся актывізмам.

— Па-першае, я планаваў зарабіць грошы і застацца жыць у Беларусі. Па-другое, скончылася мясцовая (выбарчая — Hrodna.life) кампанія і я вырашыў, што трэба рыхтавацца да парламенцкай кампаніі, — тлумачыць Яўген, чаму канчаткова не з’ехаў у Польшчу.

Па словах Дудкіна, амаль усе заробленыя за мяжой грошы ён укладаў у сваю кампанію. У Беларусь прыязджаў прыкладна раз на месяц. Тады ж, у 2019, ён вылучаўся кандыдатам на парламенцкія выбары.

Набліжэнне моцных перамен адчуў яшчэ ў 2019 годзе, кажа Дудкін. Тады ён заўважыў, што магілёўцы пачалі ездзіць на заробкі ў Польшчу, а не ў Расію.

— Я зразумеў, што гэты еўрапейскі працэс пачаўся. Гэта быў для мяне сігнал.

Пратэсты ў Беларусі: «Мне параілі, што трэба з’язджаць»

У 2020 годзе Дудкін звольніўся з заводу і падаў дакументы на праграму Каліноўскага (стыпендыяльная праграма для беларусаў у польскіх універсітэтах). А ў ліпені, паводле яго слоў, зразумеў, што трэба праводзіць праграму адклікання дэпутатаў мясцовых саветаў і парламенту. Яўген быў перакананы, што калі гэта адбудзецца, то спакойны і мірны пераход улады стане магчымым.

— На жаль, гэты працэс не быў даведзены да канца. Асобныя адукаваныя людзі ў Гродне пачалі гэты працэс да мяне. І калі я прыехаў, то мы аб’ядналі свае высілкі і пачалі разам праводзіць гэту кампанію. Лічу, гэта быў поспех — бо ў Гродне ўсе дэпутаты гарадскога савета хутка пайшлі на адпачынак, дэпутаты парламента з гродзенскіх выбарчых акруг таксама.

Галоўнай праблемай 2020 года Дудкін лічыць тое, што дэпутаты не перайшлі на бок народа. Другая праблема — што 23 жніўня ніхто з мясцовых лідараў апазіцыі не прапанаваў застацца на плошчы.

У жніўні Дудкіна затрымалі пасля выступлення каля Кастрычніцкага РАУС.

— Праз тыдзень мне ў выхадны дзень званілі некаторыя людзі і пыталіся, дзе я і што. Не буду называць прозвішчы гэтых людзей. Яны былі не з апазіцыі, — распавядае Дудкін.

У кастрычніку актывіст пайшоў на круглы стол з уладай, дзе ўздымаў пытанне парушэння Лукашэнкам артыкула закона аб прэзідэнце. Таксама абмяркоўвалі, чаму ў краіну не ўпускаюць Тадэвуша Кандрусевіча.

— Гэтыя пытанні мусілі быць агучаны на тым стале, таму прамову я планаваў. Страшна было, таму што я не ведаў, якая будзе рэакцыя. Але больш страшна стала, калі я ўсё сказаў. На наступны дзень пасля круглага стала я з’ехаў. Бо мне параілі, што трэба з’язджаць, — узгадвае Дудкін.

«Вяртанне блудных авечак»

За чатыры гады жыцця ў Польшчы Яўген паспеў адвучыцца па праграме Каліноўскага, пасля прымаў актыўны ўдзел у справах БХД.

Пасля скандалу ў лютым 2025 Дудкін скіраваў сваю ўвагу на напісанне доктарскай дысертацыі. Яна прысвечана беларусам у сейме Польшчы 1922−1939 гадоў. Зараз гэтая справа займае амаль увесь вольны час Яўгена.

— Зараз я як валанцёр дапамагаю людзям, якія маюць праблемы, — апісвае сваю актывісцкую дзейнасць на дадзены момант Дудкін. — Сёння ёсць патрэба ў тым, каб людзі, якія знаходзяцца ў Беларусі не ўваходзілі ў супрацоўніцтва з КДБ. Трэба прапанаваць варыянты, як яны могуць пазбавіцца такіх маніпуляцый з боку спецслужбаў. Па-другое, трэба вызначыцца, што рабіць тым, хто ўжо трапіў у такую сітуацыю і як наша беларускае грамадства мусіць рэагаваць на тое, як людзі сведчаць і вызваляюцца ад кантактаў. Не лінчаванне, а вяртанне блудных сыноў, авечак, якія пагубіліся. Каб яны маглі жыць свабодна і нават дапамагаць гэтаму дэмакратычнаму руху.

Дудкін верыць, што вернецца ў Беларусь, калі рэжым у краіне зменіцца. Плануе аднаўляць адукацыйную сістэму. Будзе гэта ў Гродне, Магілёве ці Бялынічах — Яўген пакуль не ведае.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Самый нежный весенний праздник». Як жанчын Гродна віншуюць з 8 сакавіка і што з гэтымі віншаваннямі не так?

Сацсеткі да Міжнароднага дня жанчын 8 сакавіка перапоўненыя віншаваннямі “мілых дам” і “цудоўнай паловы чалавецтва”.…

8 сакавіка 2025

Найлепшая парфумерка свету нарадзілася пад Навагрудкам: гісторыя Сафіі Гройсман

8 сакавіка 1945 года ў Любчы пад Навагрудкам нарадзілася жанчына, чый выраб пабіў у продажы…

8 сакавіка 2025

Гродзенцы назвалі любімыя шаўрмічныя горада

Гродзенка Святлана Васіленка пацікавілася ў Threads, дзе гараджане ядуць шаурму. Hrodna.life вывучыў адказы гродзенцаў і…

5 сакавіка 2025

«Я і цяпер не згублюся ў Гродне». Пагутарылі з рэпатрыянтам, які пераехаў у Польшчу ў 1946 годзе, але дагэтуль памятае родны горад

Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…

21 лютага 2025

«Нам з вамі нельга мець ніякіх сувязей». З’ездзілі ў Белавежскую пушчу, падзеленую агароджай, і даведаліся, што адбываецца па абодва бакі

Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…

19 лютага 2025

«Пасведчанне аб шлюбе парвалі пры сварцы». Як беларусы (не) разводзяцца ў эміграцыі

Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…

18 лютага 2025