Увечары 25 жніўня ў раёне вуліцы Гая былі затрыманні сярод тых, хто быў каля Кастрычніцкага РАУС. Людзі, якія сабраліся, прыйшлі падтрымаць 28 затрыманых працаўнікоў «Гродна Азот».

Калі людзі з акцыі салідарнасці пачалі разыходзіцца, невядомыя ў цывільным сталі затрымліваць тых, хто ішоў паасобку.

«Людзі сталі крычаць: „Дапамажыце!“. Пачалася бойка. Прыехаў аўтазак, выбег АМАП, пусцілі газ. У цемры людзі крычалі „Дапамажыце!“. Побач са мной стаяла дзяўчына, бег АМАП — яны яе проста з ног збілі. Я не ведаю, чым гэта ўсё скончылася», — распавядаў Hrodna.life відавочца сітуацыі каля РАУС.

У прэс-службе Упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама абверглі прымяненне газу.

«Усяго затрымана тры ўдзельнікі мерапрыемства. Газ супрацоўнікі АМАПу ніякі не ўжывалі, ніякіх спецсродкаў не было. Пачаты адміністрацыйны працэс» — удакладніў прэс-сакратар УУС Яўген Дудко.

Артыкул, у рамках якога затрымалі прысутных пад РАУС на Гая, ён не назваў.

Увечары 25 жніўня затрымалі актывіста Яўгена Дудкіна. Ён прапаноўваў прысутным пад РАУС заклікаць да адказу дэпутатаў, і калі яны адмаўляюцца адказваць, пачынаць працэс іх адклікання. Яго затрымалі па дарозе дадому ў тралейбусе. Раніцай 26 жніўня прайшоў суд, Яўген атрымаў штраф 5 базавых велічынь (1 базавая велічыня складае 27 рублёў).

Пра моцна збітага пры затрыманні хлопца пісаў канал, чый сайт прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім.

Таксама 26 жніўня судзілі затрыманых у панядзелак на акцыі мірнага пратэсту ў парку Жылібера, вызвалення якіх, як і «азотаўцаў», патрабавалі людзі пад РАУС. Садоўскаму прысудзілі 10 базавых велічынь, Васіль Кананчук атрымаў штраф 25 базавых велічынь, Леанід Дыскавец — 10 базавых. Усіх судзілі паводле артыкула 23.34 — Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў.

Чытайце таксама: