Сілавікі збілі як мінімум 200 чалавек у Гродне, паведамілі Hrodna.life у праваабарончай арганізацыі «Вясна». На 19 жніўня зафіксавана больш за 100 зваротаў аб прымяненні гвалту з боку сілавікоў і 15 — да сілавікоў з боку пратэстоўцаў.

Следчы камітэт не распачаў ніводнай крымінальнай справы і, адпаведна, не затрымаў і не адхіліў ад службы нікога з асоб, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў арганізацыі і здзяйсненні злачынстваў супраць удзельнікаў мірных сходаў і выпадковых мінакоў, паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна».

Дакладнай колькасці пацярпелых пры затрыманні ў Гродне падчас мірных акцыях пратэсту высветліць нельга. Праваабаронцы да гэтага часу збіраюць іх дадзеныя, паведаміў Hrodna.life праваабаронца «Вясны» Уладзімір Хільмановіч. Вядома, што іх не менш за 200. Пры затрыманні 9−12 жніўня збівалі многіх — лічба можа павялічыцца.

Збітыя дагэтуль звяртаюцца ў Следчы камітэт з заявамі аб атрыманні цялесных пашкоджанняў пры затрыманні супрацоўнікамі праваахоўных органаў.

— Толькі кожны трэці ці чацвёрты збіты звярнуўся ў Следчы камітэт па той прычыне, што няма прававога поля і людзі не вераць, што можна чагосьці дамагчыся ў гэтай сістэме. Людзі таксама баяцца пераследу. Мы раілі ўсім звяртацца, — паведаміў Hrodna.life Уладзімір Хільмановіч.

Чытайце таксама: «Мы любого убьем, но вам город не отдадим». О чем рассказали гродненцы, пришедшие снимать побои в судмедэкспертизу

Дадзеных пра крымінальныя справы па Гродне няма

Ва Упраўленні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці Hrodna.life не далі інфармацыю пра колькасць узбуджаных спраў аб гвалце ў адносінах да сілавікоў і пратэстоўцаў. «Калі будзе неабходнасць і мы не будзем шкодзіць следству, мы будзем зацікаўлены даць каментар», — паведамілі ў СК.

Hrodna.life вядома, што на некаторых гродзенцаў завялі крымінальныя справы па арт. 364 КК — Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў або яго блізкіх. Падазраваным па адным з такіх спраў праходзіць таксіст, які з’язджаў ад нападу і закрануў супрацоўніка АМАПу.

У Беларусі: 6000 чалавек затрымалі, 450 — збілі

Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Сусветная арганізацыя супраць катаванняў (OMCT) і Міжнародная федэрацыя правоў чалавека (FIDH) звярнуліся да Спецыяльнага дакладчыка ААН. Праваабаронцы сур’ёзна занепакоеныя і заклікаюць да ўмяшання ў сувязі з жорсткім разгонам дэманстрацый пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня ў Беларусі. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Праваабаронцы нагадваюць, што больш за 6000 чалавек былі затрыманыя, яны знаходзіліся ў зняволенні да 10 дзён, іх месцазнаходжанне было невядома. Каля 450 з іх былі збітыя, іх зневажалі і катавалі супрацоўнікі праваахоўных органаў. Гэтыя факты катаванняў і жорсткага абыходжання носяць сістэмны характар, паколькі супрацоўнікаў праваахоўных органаў рыхтавалі да такіх жорсткіх рэпрэсій супраць людзей.

«Сістэматычныя катаванні і жорсткае, бесчалавечнае і прыніжаючае годнасць абыходжанне»

ПЦ «Вясна» ў партнёрстве з OMCT аператыўна арганізавалі збор інфармацыі пра ахвяраў катаванняў і жорсткага абыходжання, а з 12 па 20 жніўня атрымалі сведкавыя паказанні больш за 450 пацярпелых, пацверджаныя фота і відэа. На відэа ужо апытана больш за сотня пацярпелых.

Першапачатковы аналіз дадзеных паказаў, што сістэматычныя катаванні і жорсткае, бесчалавечнае і прыніжаючае годнасць абыходжанне з’яўляюцца злачынствамі супраць чалавечнасці.

Нягледзячы на шматлікія і сістэматычныя паведамленні аб злачынствах, учыненых міліцыяй, Следчы камітэт не распачаў ніводнай крымінальнай справы і, адпаведна, не затрымаў і не звольніў нікога з асоб, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў арганізацыі і здзяйсненні злачынстваў супраць удзельнікаў мірнага сходу і выпадковых мінакоў.

Аб чым просяць праваабаронцы

FIDH, «Вясна», OMCT і БХК просяць тэрмінова ўмяшацца ў сітуацыю ў Беларусі і просяць Спецыяльнага дакладчыка ААН:

  • распаўсюдзіць заяву, якая асуджае шырокамаштабныя і сістэматычныя катаванні і бесчалавечнае ці прыніжаючае годнасць абыходжанне з затрыманымі ў Беларусі і якая заклікае да неадкладнага спынення гэтых парушэнняў;
  • заклікаць урад Беларусі неадкладна і эфектыўна расследаваць усе факты катавання ці жорсткага абыходжання і прыцягнуць вінаватых да адказнасці;
  • здзейсніць візіт у Беларусь;
  • заклікаць Савет па правах чалавека склікаць спецыяльную сесію (або тэрміновыя дэбаты на 45-й сесіі па пытанні аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі) з мэтай высвятлення фактаў і абставінаў сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека, учыненых да, падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Чытайце таксама:

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life