59-гадовую Галіну Дзербыш з Абухава затрымалі 10 снежня па падазрэнні ў здзяйсненні «акта тэрарызму». Яна праходзіць па «справе Аўтуховіча». Амаль месяц пенсіянерка знаходзіцца ў зняволенні і ў яе пачаліся праблемы са здароўем. Дачка Галіны Анастасія распавяла Hrodna.life, пра што піша ў лістах палітзняволеная.

Галіна Дзербыш жыве ў аграгарадку Абухава (Гродзенскі раён). Усё жыццё яна працавала бухгалтарам у калгасе, на пенсіі займалася гаспадаркай. 10 снежня Галіну затрымалі па падазрэнні ў здзяйсненні «акта тэрарызму». Падставай для затрымання магла паслужыць запраўка ў Ваўкавыску, дзе 20 верасня пенсіянерка запраўлялася на 30 літраў дызельнага паліва. 2 кастрычніка ў гэтым горадзе гарэлі дом і машына міліцыянта. Пры ператрусе ў Галіны Дзербыш знайшлі чэк з запраўкі.

Чытайце падрабязней: «Не представляю, как мама там держится». Пенсионерку из Обухово задержал КГБ по подозрению в терроризме

Апісалі маёмасць, пачалі прыходзіць да знаёмых

У аграгарадку людзі ўсхваляваныя затрыманнем Галіны Дзербыш, кажа яе дачка Анастасія. Яна дадае, што следчы даў зразумець, што ўсе, хто ведае Галіну Дзербыш у Абухаве, і тыя людзі, якім яна бескарысліва дапамагала, павінны чакаць ператрусу.

«Некалькі гадоў таму мама дапамагала аднаму інваліду ў Абухава. Яго хацелі пасадзіць у турму за ўхіленне ад войска. Хлопец апынуўся анкахворым, са страчаным зрокам на адно вока. У выніку яму прысвоілі 3-ю групу інваліднасці. Да яго прыйшоў следчы, пасля размовы ў гэтага хлопца быў ператрус на наяўнасць выбуховых рэчываў «.

Следчы з КДБ прыходзіў і да Анастасіі дадому, накладаў арышт на яе маёмасць.

«Апісалі не толькі мамы маёмасць, але і маю. Хоць я жыву асобна са сваёй сям’ёй. Яны лічаць, што кватэра набытая на грошы мамы. Следчы з КДБ сказаў, што мая мама тэрарыстка».

Наглядчыкі называюць «наша бабуля-тэрарыстка»

Анастасія кажа, што не ўсе лісты ад мамы даходзяць. За перыяд заключэння яна атрымала толькі два лісты. Галіна піша, што персанал у турме адэкватны, ставіцца з разуменнем. Хоць першы раз яе звадзілі ў душ толькі на 19-ы дзень зняволення.

«Мама піша, што ў турме шмат людзей з паламанымі лёсамі. Нядаўна да яе падсялілі маладую дзяўчыну. Мама чалавек ранімы, цяжка ўявіць, што ў яе на душы цяпер. У зняволенні стаўленне да яе нармальнае, нават папрасіла мяне падзяку напісаць у турму. Кажа, што наглядчыкі ў шоку ад таго, што адбываецца, называюць яе „наша бабуля-тэрарыстка“. Піша пра здароўе, якое ў яе пагоршылася».

Галина Дербыш, Обухово, терроризм
Галіна Дзербыш летам 2018. Фота: «Радыё Свабода»

Анастасія кажа, што ў маці ў турме былі праблемы з сэрцам, ціск скача.

У лістах Галіна Дзербыш пытаецца пра гаспадарку. Дома ў яе 15 катоў-падкідышаў, якіх яна даглядала, куры, трусы, сабака і шмат кветак. Жанчына ў лістах пытаецца пра мужа, які захварэў COVID-19.

«Мы вельмі моцна перажываем за маму, але яна неяк трымаецца. Жыхары Абухава шакаваныя тым, што адбываецца, што такое можа быць у мірны час. Многія не верылі, што мама ў турме. Але як даведваліся — плакалі. Усе прапануюць дапамогу і падтрымку, я нават не чакала, што ў нас абухаўцы такія дружныя. Хочацца верыць,
што хутка ўсё гэта скончыцца і мама вернецца дадому».

Чытайце падрабязней пра «справу Аўтуховіча»: