У нядзелю 8 лістапада ў Гродне акцыі пратэсту не было. Гродзенцы шпацыравалі невялікімі групамі па вул. Савецкай без сімволікі і лозунгаў. У цэнтр прыехалі некалькі аўтазакаў, з’явіліся таніраваныя мікрааўтобусы і заштораныя аўтобусы з сілавікамі. Затрымалі толькі аднаго чалавека. Чаму, ён сам так і не зразумеў.

Веласіпедыста Юрыя Дзяргаўку затрымалі каля 13:00 каля гандлёвага дома «Нёман», калі ён спыніўся.

«Я ў слухаўках слухаў урокі нямецкай мовы і прамаўляў словы. Можа гэта і паслужыла сігналам. Да мяне падышлі некалькі чалавек у цывільным і папрасілі прайсці з імі. Я спрабаваў даказаць, што слухаю ўрокі, але гэта не дапамагло», — распавёў Hrodna.life Юрый.

Юрыя завялі ў мікрааўтобус, які быў прыпаркаваны ў раёне вуліцы Тэльмана. Супрацоўнікі дазволілі яму прышпіліць ровар.

«Прычыну затрымання мне не казалі. Толькі потым сказалі, што я выклікаў падазрэнне, калі павітаўся з чалавекам. У машыне давялося пагутарыць з сілавікамі. Хтосьці з іх нават прадставіўся, можа выдуманымі імёнамі. Адзін скардзіўся, што людзі яго ўшчамляюць і праклінаюць. Але я не мог зразумець, чаму ён мне гэта прад’яўляе. Я проста быў у цэнтры і слухаў урок, а мяне затрымалі».

Юрыя даставілі ў Ленінскі РАУС. Там яго апыталі і пасадзілі пад аховай у актавую залу.

«У міліцыі пратакол на мяне не складалі. Спачатку завялі ў нейкі склеп, дзе былі маты і спартыўны інвентар, а пасля ў актавую залу. У выніку на Дубко я правёў каля трох гадзін. Пыталіся, ці меў я пры сабе сцягі і стужачкі. У мяне іх не было. На выхадзе я ўдакладніў, якая была прычына майго затрымання. Адказалі - высвятленне асобы. Але пры затрыманні гэтага не казалі».

Іншых затрыманых у РАУС Юрый не бачыў. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», у Гродне быў таксама затрыманы Ігар Шаціла. Яго, як і Юрыя, даставілі ў Ленінскі РАУС.

Чытайце таксама: