Людзі і справы

Дратуці, я з Гродна! Дзе шукаць модныя тусы ў Мінску: 6+1 лайфхакаў ад інтэрнэт-эксперта

Як, сышоўшы з цягніка ці маршруткі Гродна-Мінск, адразу ўліцца ва ўсе магчымыя трэнды-брэнды сталіцы, Hrodna.life распавёў эксперт, меркаванню якога давяраюць больш як 67 000 інтэрнаўтаў. Менавіта столькі падпісантаў мае Яўген Малахоўскі, аўтар пабліка «Это Минск, детка». Ён распавёў, дзе шукаць моладзевы бамонд, каб патусіць у беларускай сталіцы ў любы час дня і ночы, і як стаць стаць сваім у Мінску за самы кароткі час.

Яўген Малахоўскі і святло ў канцы танэлю

1.Зыбіцкая — наша ўсё

Знакавым месцам прыцягнення моднай тусоўкі ў апошнія некалькі гадоў стала вуліца Зыбіцкая. Столькі бараў, кальянных, рэстаранаў, сабраных разам, больш не мае ніводнае месца Мінска. Тут можна заходзіць у любую ўстанову без апасення праслыць правінцыялам. На Зыбіцкай — усё самае моднае, усё адпавядае апошнім трэндам.

Вуліца Зыбіцкая — магніт для творчых асобаў Мінска. Усе, хто раней збіраўся па розных месцах, зараз сцякаюцца сюды
Зараз гэта месца прыцягвае практычна ўсю творчую мінскую моладзь. Тут сустрэнеш вядомых клубных асобаў, арганізатараў фестываляў і рознай іншай дзвіжухі, модных дыджэяў і шмат каго яшчэ. Карацей, усе, хто раней збіраўся ў розных месцах «па інтарэсах», зараз ідуць сюды. Можна сказаць, што публіка з Зыбіцкай — гэта тыя людзі, што задаюць тон сучаснаму культурніцкаму жыццю сталіцы ды і ўсёй краіны таксама. Так што, калі хто сышоў з маршруткі з самымі высокімі чаканнямі ад сталіцы, гэта месца трэба мець на ўвазе перш за ўсё. Менавіта гэта — Мінск, дзетка.

2. Новая хваля з Кастрычніцкай

Гэта месца ў Мінску не менш папулярнае за Зыбіцкую, але ў той самы час значна больш бюджэтнае. Можна сказаць, што на Кастрычніцкай тусяць тыя, што яшчэ не зарабілі на Зыбіцкую, але, напэўна, маюць амбіцыі гэта зрабіць. Зараз яны збіраюцца ў «Лаўцы». Аснову наведальнікаў Кастрычніцкай складае студэнцкая моладзь, што і зразумела. Побач месцяцца шматлікія інтэрнаты тутэйшых вузаў.

Як правільна казаць — «пасядзець на лаўцы» ці «ў Лаўцы»? Цяжкае пытанне, бо гэта Мінск, дзетка
На Кастрычніцкай часта ладзяцца розныя масавыя імпрэзы. Адна з самых вядомых дзвіжух, прывязаных да гэтага месца — фестываль урбан-арту Vulica Brasil. На фоне графіці, што застаюцца ад свята, любяць рабіць сэлфі турысты. Здымкі з Кастрычніцкай у сучасных маладзёнаў раўназначны паведамленню: «Вось такі ён, сучасны Мінск, дзетка!»
Вось такі ён, сучасны Мінск, дзетка
Так што, калі, прыехаўшы ў Мінск, адразу на Зыбіцкую ісці страшнавата, можна паспрабаваць стартануць адсюль.

3. Самая модная чарга

У Мінску ёсць месца, дзе стаяць у чарзе — модна і весела. Сюды крута прыехаць у 2 гадзіны ночы, каб паесці шаўрмы. Увогуле, тут палова Мінска ноччу збіраецца. Гэта месца — «манетка». Так называюць пятачок у раёне Камароўкі, каля вуліцы Харужай, дзе круглыя суткі працуюць гандлёвыя кропкі з фаст-фудам. «Манетка» — адно з апошніх модных месцаў, што ўзніклі ў горадзе. Раней сюды ніхто не ездзіў, а зараз — начная шаўрма набірае папулярнасць. У чарзе можа стаяць 20−30 чалавек, але гэта нікога не напружвае.

Калі раптам няма кампаніі на Кастрычніцкай, значыць усе свае з’ехалі на «Манетку»
Людзі прыязджаюць сюды сустрэцца з сябрамі, тут заводзяць новыя знаёмствы і ствараюць кампаніі. Зразумела, што гэта месца — не дарагое і без прэтэнзіі на пафас. Але мінская моладзь яго добра ведае. Калі ты прыехаў у Мінск, каб стаць сваім сярод нефармалаў і тых, хто не надта надае ўвагу ўмоўнасцям, то ёсць сэнс пачаць знаёмства са сталіцай з гэтага месца. Мінск бывае розным, і ўсё роўна гэта Мінск, дзетка.

4. Начныя пакатушкі

Спаць па начах у Мінску зусім не абавязкова. А вось каб пакатацца на машыне — лепшага часу не знайсці. Удзень хутчэй будзе дабрацца ў патрэбнае месца на метро, бо дарогі часта забіты коркамі і язда за рулём задавальнення не прынясе.

Днём па Мінску лепш не ездзіць, на пакатушкі лешы час — ноч

А хто не катаецца па Мінску ноччу, той, напэўна, рарытэт ці сувенірны шапік
Ноччу па вольных вуліцах і пры адключаных светафорах можна і паганяць. Многія выязджаюць, каб такім чынам праветрыцца, развеяцца ад дзённых турботаў. Часта такія пакатушкі, як і шпацыры па начных вуліцах, заканчваюцца ў начных рэстаранах, каторыя таксама набіраюць у Мінску папулярнасць. Карацей, адаспішся ў бабулі на вёсцы. А тут Мінск, дзетка.

5. У начныя рэстараны ходзяць, каб папрацаваць

За апошнія 2−3 гады ў Мінску назіраецца сапраўдны бум начных рэстаранаў. Калі раней пасля поўначы трэба было шукаць іншыя месцы для «працягу банкета», зараз ёсць магчымасць прасядзець у рэстаране хоць да раніцы. Сярод кругласутачных установаў харчавання папулярнасцю карыстаецца Golden Coffee на Багдановіча, якраз каля «Белай вежы». Таксама папулярны рэстаран «День и ночь», але гэта месца, дзе збіраецца не самая рафінаваная публіка.

Бяссонніца — нагода на працу, бо хто не працуе, той не есць. Гэта Мінск, дзетка
Тут часам і бойкі здараюцца. Сярод крутых начнікоў варта ўзгадаць «Оливье». Сюды ноччу часта прыходзяць тыя, каму трэба спакойна папрацаваць. Звычайная справа — пабачыць тут адзінокага наведвальніка, што заглыбіўся ў камп’ютар і забыўся на свой кальян ці кубак кавы. Хадзіць працаваць у начны рэстаран робіцца модным сярод мінскіх ІТ-шнікаў. Так што, калі хочаш быць сваім у іх тусоўцы, прывыкай. Мінск, ён такі, дзетка.

6. Час на Мак

Многія маладыя мінчукі лічаць нормай наведванне Макдональдса і рэгулярна ходзяць туды харчавацца. Лайфхак пра гэту сетку вельмі просты. Сапраўдны сталічны жыхар ніколі не пойдзе ў кафэшку, дзе ёсць МакДрайв, каля 8 раніцы ці каля 2 удзень.

Днём у Мак, а вечарам — за туманам у «Туманы»
Гэты час лепш перачакаць, бо будуць такія чэргі, што пакуль дастаіш, забудзеш, чаго хацеў. У такі перыяд усе сілы кінуты на абслугоўванне тых, хто едзе на працу на аўтамабілі, ці вырваўся з офіснага палону на абед. Так што, калі цэніш адведзены табе ў Мінску час, май тое на ўвазе, дзетка.

+ 1. Мінск — не Кішынёў, дзетка. Пакуль

Нядаўна давялося пабываць у Малдове, і шмат што з пабачанага здзівіла і ўразіла. Напрыклад, тое, што ў парках лаўкі маюць разеткі. Прыходзіш сабе з кампом, сядаеш на лавачку ці на газон, падключаешся і - працуй сабе на здароўе, колькі хочаш. Амаль усе прыпынкі грамадскага транспарту ў Кішынёве з’яўляюцца зонай вольнага wi-fi. І ў нашых беларускіх тралейбусах, што ходзяць па сталіцы Малдовы, таксама прадугледжана раздача free wi-fi. У Мінску з такімі сервісамі пакуль тармозяць.

Недаход wi-fi у парках кампенсуецца жывой камунікацыяй у барах. Прынамсі, пакуль Мінск не Кішынёў
Мы з сябрамі пісалі з тае нагоды зварот да гарадской адміністрацыі. У адказ кажуць — няма патрэбнага праекта. Таму зараз вырашылі шукаць сярод моладзі тых, хто гатовы распрацаваць праект і будзем рабіць яшчэ адзін захад на перамовы з уладамі. А за Мінскам дапаможам і Гродна з Брэстам у прасоўванні такой ініцыятывы. Гэта ж заходняя брама краіны, сюды турысты зараз валам паваляць. А ў Еўропе такія рэчы даўно сталі нормай. То і нам час падцягвацца, праўда, дзетка?
Даедзе і да нас цывілізацыя — і да Мінска, і да Гродна

Падзяліцца

Апошнія запісы

Тры Белавежскія пушчы. Як агароджы на мяжы змяняюць лес і жывёльны свет у Беларусі, Польшчы і паміж платамі

Белавежская пушча сёння раздзеленая не на дзве, а насамрэч на тры часткі: беларускую, польскую і…

31 сакавіка 2025

«Трэнд — мацоўня, здароўе». Задалі адны і тыя ж пытанні металістам з Беларусі і Польшчы

Ужо некалькі дзесяцігоддзяў метал-музыка аб'ядноўвае людзей не толькі адных музычных прыхільнасцяў, але і падобнага светапогляду.…

26 сакавіка 2025

У гродзенскім ГЦ развяліся прусакі. Куды звяртацца, калі заўважылі насякомых у кафэ ці ў сябе дома

У ГЗК Triniti гродзенцы заўважылі прусака — насякомае бегала па канапе ў зоне фуд-корту. Hrodna.life…

26 сакавіка 2025

«Магчыма, будзе і новы матэрыял». Вакаліст гурта Ulis Слава Корань расказаў, як эміграцыя не дае яму пісаць

Беларускі гурт Ulis праіснаваў больш за 20 гадоў. Яго спадчына жыве - музыканты робяць каверы,…

20 сакавіка 2025

«Мама выпісвала фальшывыя дакументы і дапамагала трапіць у Польшчу». Рэпатрыянтка — пра дзяцінства ў Гродне і эміграцыю ў 1946-м

Крысціна Мішчук (Пянткоўская) нарадзілася ў 1933 годзе ў Гродне ў сям'і мясцовай інтэлігенцыі. Каталічка. Тата…

18 сакавіка 2025

«Мая зямля — што хачу, тое і раблю». З’ездзілі ў польскую вёску ля мяжы з Беларуссю, куды стараста запрашае жыць усіх ахвотных

У 500 метрах ад плота, узведзенага на польскім баку мяжы з Беларуссю, стаіць вёска Азяраны…

17 сакавіка 2025