У Гродне і ваколіцах ёсць шмат вадаёмаў. Але купацца можна толькі ў дазволеных месцах, дзе дзяжураць ратавальнікі. Інакш — штраф. Hrodna.life паглядзеў, дзе ў Гродзенскім раёне ёсць такія месцы, куды можна паехаць на выхадныя альбо пасля працы.

Акрамя наяўнасці ратавальнікаў, важна, каб вадаём не быў закрыты санстанцыяй. Сачыць за тым, ці не закрытыя для купання пляжы, можна ў навінах Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

На якіх пляжах у Гродне дазволена купацца

Ленінскі раён

  • Цэнтральны пляж на рацэ Нёман. На пляжы ёсць ратавальная станцыя, а таксама агароджаны лягушатнік для дзетак. На пляжы ўсталяваны фантанчыкі для піцця, пераапранальні і душ.
  • Пляж «Вусікі» на рацэ Нёман. Пляж знаходзіцца ў Пышках. Там усталяваны пераапранальні, прыбіральня і душ. Частка ракі агароджана буйкамі.

Чытайце таксама: «Мы — Усікі». Гісторыя сям'і, у гонар якой назвалі пляж у Гродне

Кастрычніцкі раён

  • Пляж на рацэ Нёман ва ўрочышчы Ласосна. На пляжы ёсць пераапранальні і душ. Побач знаходзіцца станцыя ратавальнікаў. Таксама побач з пляжам працуюць гандлёвыя кропкі.
  • Пляж на возеры Юбілейнае. Пляж на Юбілейным таксама абсталяваны пераапранальнямі. Ёсць станцыя ратаўнікоў. Побач знаходзяцца гандлёвыя кропкі. Там можна набыць марозіва і напоі.

Чытайце таксама: Ю — Юбілейнае возера. 5 фактаў пра вадаём, які насамрэч не возера

Яшчэ ёсць пляж на Нёмане ў базе адпачынку «Прывал», але каб патрапіць туды трэба арандаваць альтанку альбо спартовую пляцоўку.

Пляжы, дзе няма ратавальных станцый, але людзі купаюццца

Месцы для купання акрэсліваюць мясцовыя чыноўнікі. Там, дзе купанне забаронена, размяшчаюць інфармацыя таблічкі.

У Гродне людзі купаюцца у гэтых забароненых месцах:

  • пляж на Нёмане у лесапарку Румлёва
  • сажалка ў Грандзічах на вуліцы Мерацкая застава

На якіх пляжах у Гродзенскім раёне дазволена купацца

Дазволеныя месцы для купання ёсць за горадам.

  • пляж на возеры Белае ў Азёрах
  • пляж на возеры ў Сухаўлянах
  • пляж на возеры ў Луцкаўлянах

На пляжах ў Сухаўлянах і Луцкаўлянах ёсць ратавальныя станцыі, але да Гродзенскага Таварыства выратавання на водах (ТВВОД) яны не адносяцца, сказаў Hrodna.life старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі «ТВВОД» Сяргей Вінаградаў

Іншыя пляжы, нават на першы погляд абсталяваныя для купання, у спіс дазволеных у гэтым годзе не трапілі:

  • пляж на возеры Малочным у Парэччы
  • возера Гожскае ў мястэчку Гожа
  • Гродзенскае вадасховішча
  • шлюз Дамброўка на Аўгустоўскім канале
Пакупацца і не атрымаць штраф: карта дазволеных пляжаў у Гродне і Гродзенскім раёне
Людзі адпачываюць на шлюзе Дамброўка на Аўгустоўскім канале. Фота: Hrodna.life

Што будзе, калі купацца ў забароненых месцах

За купанне ў забароненых месцах могуць пакараць штрафам паводле арт.24.43 КаАП. Штраф па гэтым артыкуле — ад адной да трох базавых велічынь (ад 32 да 96 рублёў).

Якія ёсць правілы купання

  • Купацца можна толькі ў дазволеных месцах. Тэмпература вады павінна быць на два градусы ніжэй, чым тэмпература паветра, аптымальна +18 °C і вышэй.
  • Нельга ўжываць паблізу вады спіртныя напоі, а таксама плаваць пасля прыёму ежы.
  • Не заходзіць на глыбокае месца, калі не ўмееш плаваць ці плаваеш дрэнна; лепш спыніцца на глыбіні не вышэй пояса.
  • Нельга ныраць у незнаёмых месцах, з плытоў, катараў, лодак, прыстаняў і іншых плывучых збудаванняў.
  • Не плаваць на бярвёнах, дошках, ляжаках, аўтакамерах і самаробных плытах.
  • Не купацца ў забалочаных месцах і там, дзе ёсць багавінне або ціна.
  • Нельга заплываць далёка ад берага, падплываць да праходзячых судоў і трапляць у фарватар, заплываць за буі, чапляцца за агароджу.
  • Калі ёсць праблемы са здароўем, трэба прайсці медыцынскае абследаванне; не рэкамендуецца купацца пры хваробах сэрца, пашкоджанні барабаннай перапонкі вуха, схільнасцях да непрытомнасці, прыпадкаў.
  • Калі патрапілі ў хуткую плынь, трэба, не парушаючы дыхання, плыць па плыні да берага. Апынуўшыся ў віры, не варта паддавацца страху: набярыце паветра, акуніцеся ў ваду і, зрабіўшы моцны рывок у бок па плыні, усплывайце на паверхню.
  • Калі звяло курчай мышцы, кладзецеся на спіну і плывіце да берага, Паспрабуйце пры гэтым расцерці праблемнае месца.
Пакупацца і не атрымаць штраф: карта дазволеных пляжаў у Гродне і Гродзенскім раёне
Возера Свіцязь у Гродзенскай вобласці. Ілюстрацыйнае фота Hrodna.life

Якія давзоленыя пляжы ёсць у Гродзенскай вобласці

  • Бераставіцкі раён
    • возера ў вёсцы Івашкаўцы
  • Ваўкавыскі раён
    • возера Дамба, г.Ваўкавыск
    • Зона адпачынку на вадасховішчы санаторыя «Пралеска»
    • вадасховішча «Хацькаўцы»
    • вадасховішча «Воўпа»
    • вадасховішча «Вярэйкі»
  • Воранаўскі раён
    • гарадское возера на вуліцы Літоўчыка ў г. п.Воранава
  • Дзятлаўскі раён
    • возера ў горадзе Дзятлава (гарадскі пляж)
    • возера ва ўрочышчы «Рыбакі» (пляж санаторыя «Радон»)
  • Зэльвенскі раён
    • вадасховішча Зэльвенскае. Вуліца Шасэйная ў г. п. Зэльва
  • Іўеўскі раён
    • сажалка на вул. Карла Маркса ў г.Іўе
  • Карэліцкі раён
    • возера Юбілейнае, г. п. Карэлічы
  • Лідскі раён
    • вадасховішча «Першае» на вуліцы Міцкевіча ў горадзе Ліда
    • возера «Навалідскае» у в. Малейкаўшчызна
    • сажалка ў г.Бярозаўка
  • Мастоўскі раён
    • зона адпачынку ва ўрочышчы «Міхайлаўка» на правым беразе Нёмана ў 80 метрах уверх па плыні ад мяжы тэрыторыі ратавальнай станцыі
    • рака Нёман, каля падвеснага моста на правым беразе Нёмана
    • пляж у аграгарадку Глядавічы (вадасховішча ў раёне Гродзенскай ГЭС)
    • пляж каля вёскі Каралі на левым беразе ракі Шчара
  • Навагрудскі раён
    • возера Маладзёжнае на вуліцы Драздовіча
    • возера Свіцязь, в.Навасады
    • возера Літоўка, в. Літоўка
    • рака Нёман, в.Любча
  • Астравецкі раён
    • вадасховішча «Янаўскае»
    • пляж каля праспекта Энэргетыкаў ў Астраўцы
  • Ашмянскі раён
    • сажалка № 4, на вуліцы Піянерска у Ашмянах
    • вадасховішча ў вёсцы Альковічы
  • Свіслацкі раён
    • вадаём на вуліцы Савецкая ў Свіслачы
    • вадаём у вёсцы Новы Двор
    • вадаём у вёсцы Рудаўка
  • Слонімскі раён
    • сажалка ў 235 метрах ад запраўкі на праспекце Незалежнасці ў Слоніме
    • сажалка ў 356 метрах ад запраўкі на вуліцы Баграціёна ў Слоніме
  • Смаргонскі раён
    • возера Гарадское, г.Смаргонь
  • Шчучынскі раён
    • сажалка ў горадзе Шчучын

Чытайце таксама: Як не атрымаць штраф за адпачынак у лесе і на вадзе: правілы летняга адпачынку на прыродзе