Хутка ў Гродзенскую вобласць хлынуць турысты – бязвіз пашыраецца. Прынамсі, жыхары Бераставіцкага, Ваўкавыскага, Воранаўскага, Лідскага і Шчучынскага раёнаў сапраўды чакаюць замежнікаў. Але ці ёсць тут месцы, якія гасцям будзе цікава пабачыць? Піша Каця Бухцінава наўпрост з Вялікай Бераставіцы.

“Дзіўным вандроўнікам з-за мяжы, можа, што і спадабаецца. Але, упэўнена, ніхто ніколі не збярэцца ў трып выключна па Бераставіцкім раёне. Гэты матэрыял – падборка трох цікавых кропак на мапе рэгіёна, у якія можна заскочыць па дарозе. Дарэчы, не толькі замежнікам”, – піша аўтарка.

Першы погляд: няма дзеля чаго ехаць

Спатрэбілася ажно 2 тыдні, каб абкатаць усе «славутасці» Бераставіцкага раёна, убачыць усе цэрквы «пад капірку» і «пацалаваць» парогі зачыненых будынкаў. Чым больш наведвала, тым больш расчароўвалася ў анансаваных у сеціве «таямнічых куточках». Таямнічае ў іх толькі тое, што інфу знайсці можна дзесьці пасля чацвёртай старонкі ў гугле.

Больш за пяць сядзібаў, з дзясятак храмаў, шэраг гаспадарчых будынкаў і нават горы. Паверце, практычна нічога з гэтага вам не патрэбна. З былых велічных палацаў зрабілі хлявы ці дзяржаўныя ўстановы, цэрквы і касцёлы ў вёсках часта адкрываюць толькі падчас службаў, а каб падняцца на гару трэба прайсці некалькі км па лесе без сцежак. У выніку – убачыце жалезны слуп і павярнеце ў адваротны бок.

Нават экскурсаводы ўключаюць у маршрут толькі два храмы і Музей вавёркі (з адзінай жывой істотай, якая заўжды хаваецца). Але калі вы ўжо ў раёне, памятайце пра нашыя тры кропкі. Гэта тыя месты, якія захоўваюць гісторыю, атмасферу і крутыя дэкарацыі для фота.

Сядзіба дэ Вірыёнаў у Лішках

Каардынаты: 53°17′50.48″N 23°50′18.83″E

Лішкі, маёнтак дэ Вірыёнаў, Лишки

Пра гэтую сядзібу было шмат шуму ў 2009 годзе. Магчыма, вы не памятаеце, але многія СМІ пісалі пра спрэчкі паміж нашчадкамі: палякамі з падобным да шляхцічаў прозвішчам і беларусам з архіўным дакументам куплі-продажу. Справа цікавая, але бессэнсоўная. У 1939 годзе сядзібу нацыяналізавалі. Каб атрымаць яе назад, трэба заплаціць. А сума зусім не нізкая.

Сёння палац стаіць закінуты: столь абвалілася, шкло з вокнаў выбіта, паўсюль смецце. Але, здаецца, дух французскага роду да гэтага часу застаўся ў сценах сядзібы.

Лишки, Лішкі
Палацык аб’ядноўвае два стылі: нэарэнесансную вілу і традыцыйную шляхецкую сядзібу. Абедзве часткі ў аднолькава кепскім стане.

Вірыёны, а дакладней адзін з іх – Караль Юзаф Вірыён – з’явіўся ў Беларусі ў другой палове 18 стагоддзя. Караль пазнаёміўся з Радзівіламі, тыя запрасілі яго ў Беларусь. З таго часу ён і не з’язджаў нікуды. Кар’ера доктара ішла ў гару: праца ва ўніверсітэце, пасада прыдворнага лекара ў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, пасля – дабрачыннасць і прыватныя практыкі. Дзесьці ў гэты час ён і набывае Лішкі, якія раней належылі мясцовым шляхцічам Юндзілам.

Так і перадаваўся маёнтак у сям’і з пакалення ў пакаленне. Апошні ўласнік з гэтай сям’і – Юрый Вірыён – цалкам аднавіў сядзібу пасля разрухі першай сусветнай і польска-савецкай войнаў (у апошняй ён сам удзельнічаў). Праўда, у 1936 годзе быў вымушаны яго прадаць і пераехаць у Варшаву. Але гэта дзякуючы Юрыю палацык дайшоў да нашых дзён, але стан яго жахліва ўражлівае.

Лішкі, Лишки
Палацык ляжыць ля самай мяжы: ад яго да Польшчы – усяго 3 км. Ён павінен стаць вельмі папулярны сярод патрыятычных польскіх турыстаў, бо Юрый Вірыён быў героем антыфашыстоўскага супраціву ў гады Другой сусветнай і загінуў у канцлагеры Аўшвіц.

У палац (а дакладней у тое, што ад яго засталося) можна залезці: трэба толькі абыйсці дом навокал, каб знайсці вокны без шкла і дзіры ў дзверах. Але канструкцыя небяспечная. Па вінтавой лесвіцы на вежу забярэцца толькі экстрэмал. Таму эксперыменты ў паўразбуранай сядзібе не раім, а завітаць ў гэта месца – абавязкова.

Сядзіба Солтанаў у Мураване

Каардынаты: 53°17′33.19″N 23°54′02.99″E

Да гэтага часу не разумею, як у палацы маглі размясціць школу трактарыстаў, але гэта рэальная гісторыя сядзібы Солтанаў у вёсцы Муравана у пасляваенны час. Раней такога не дапускалі, але можа справа і ў тым, што да прыходу саветаў трактарыстаў было значна менш.

Муравана палац Солтанаў, дворец Солтанов

Гэтым маёнткам ад пачатку ўладарыў канцлер ВКЛ Астафей Валовіч (той, што забараніў замежнікам набываць землі на тэрыторыі княства – глядзі Статут 1566 г.). У 18 ст. яго набылі ўжо згаданыя Юндзілы, а ў сярэдзіне 19 ст. – Солтаны. Ёсць меркаванне, што адзін з прадстаўнікоў роду ўзяў у жонку дачку Тадэвуша Юндзіла, за што і атрымаў маёнтак).

Юндзілы і Солтаны збудавалі на тэрыторыі маёнтка цэлы палацава-паркавы комплекс. Ён уключаў некалькі гектараў парку з алеямі і сажалкамі, гаспадарчыя пабудовы, флігелі і саму сядзібу. Гэта быў цагляны двухпавярховы дом – сапраўдны палац, які мог бы, пры лепшым раскладзе, быць калі не ў адным спісе з Мірскім і Нясвіжскім замкамі, дык дакладна з палацам Агінскіх у Залессі. Але штосьці пайшло не так.

Муравана дворец Солтанов, палац Солтанаў

Цяпер там знаходзіцца толькі каркас сядзібы і парк. Дарэчы, апошні «захапіў» і сам палац. Дрэвы прараслі там, дзе раней праходзілі балы і вечарыны, тоўсты насціл глебы пакрыў памяшканні былога падвалу. Ад солтанаўскай спадчыны засталіся толькі руіны і невялікае азярцо ў парку за палацам. У цёплы час там можна зрабіць невялікі пікнічок.

Яшчэ некалькі гадоў таму дадатковай атракцыяй для турыстаў маглі быць страўсы, якіх трымалі ля самага палаца, але сельскагаспадарчая школа з’ехала, а з ёй зніклі і экзатычныя птушкі.


Цікавостка: будынак з дакладна такім дэкорам на фасадзе ёсць у Гродне – гэта сучасны Музей гісторыі рэлігіі. А яшчэ ў Мураване доўгі час у сям’і Солтанаў захоўвалася рэліквія з Новага замку – гербавы картуш часоў караля Аўгуста ІІІ. Сёння ён зноў у Гродне, стаіць ля ўваходу ў замак. Захаваўся ён толькі дзякуючы патрыятызму сям’і Солтанаў.

Касцёл кармелітаў у Вялікай Бераставіцы

Каардынаты: 53°11′33.7″N 24°01′09.54″E

Ходзяць чуткі, што кожны год у адну ноч над касцёлам з’яўляецца прывід. Той, хто ўбачыць яго, атрымае адразу і шчасце, і поспех, і каханне. Здаецца, сярод мясцовых ніхто ўжо нават не спрабуе разгледзець там штосьці. Але касцёлам ганарацца. І заўжды расказываюць пра яго заблукаўшым вандроўнікам (дарэчы, толькі пра яго ў мястэчку і расказваюць).

касцёл Бераставіца, костел Берестовица

Касцёл пабудавалі ў пачатку 17 ст. на сродкі Іераніма Хадкевіча. Але не гэты, а драўляны. Улюбёны беларусамі стыль мураванага барока з’явіўся тут на стагоддзе пазней, недзе ў 1740-х.

Сёння ў храм зайсці не ўдасца. Да і няма чаго там шукаць. Касцёл, які выцерпеў шведаў, французаў, немцаў, на жаль, не змог перанесці некалькі дзесяцігоддзяў нашага часу. Гадоў 20 таму згарэў дах. Мясцовыя жыхары кажуць, што ў той дзень здавалася, гарэла ўсё мястэчка. З-за дажджоў і марозаў абваліліся зводы. Дрэвы пачалі прарастаць усярэдзіне. Усё, што знаходзілася ў падвальных памяшканнях, разрабавалі яшчэ раней, падчас хрушчоўскай адлігі.

Цікава, што такі выгляд – адкрыты дах і пашарпаныя жыццём сцены  – якраз найбольш прываблівае турыстаў. Магчыма, таму касцёл і не рэстаўруюць? Тым больш, у Бераставіцы ўжо даўно функцыянуе «новы» храм. Канешне, без пахаванага ў ім сэрца гетмана Яна Хадкевіча і друкарні, дзе выходзіла «Мужыцкая праўда» (ёсць меркаванне, што менавіта ў касцёле захоўвалася сэрца гетмана і там жа Каліноўскі друкаваў сваю газету). Але вернікам існуючага касцёла хапае.

Вялікая Бераставіца Большая Берестовица

Далёка не ўсе жыхары Бераставіцкага раёна ведаюць пра гэтыя месцы. Таму і знаходзяцца яны па-за вачыма вандроўнікаў і мінакоў. Мясцовыя жыхары вёсак кожны дзень праходзяць міма і нават не паварочваюць галаву ў бок выдатнасцяў. На чарзе – яшчэ чатыры «бязвізавых» раёна. Чым яны змогуць здзівіць?

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.