Дзесяць год таму чацвёра маладых людзей паступілі ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. Сёння гэта дзве сямейныя пары, дзе і муж, і жонка маюць аднолькавую прафесію – ветэрынар. Розніца ў тым, што колішнія аднагрупнікі працуюць зараз у розных месцах. Дзмітрый і Таццяна Воранавы засталіся ў горадзе, а Сяргей і Вольга Савошчыкі паехалі на вёску.
Сяргей, галоўны ветэрынарны лекар гаспадаркі
Галоўны спецыяліст на вёсцы гэта не такі “галоўны”, што ў кабінеце сядзіць. “З адной фермы ветэрынар нядаўна звольніўся, ці на малых фермах няма лекараў, самому прыходзіцца дзіркі закрываць”. Так што галоўны – гэта найперш практык, без гэтага на сяле ніяк.

У гаспадарцы пяць ферм, з іх тры – малочна-таварныя комплексы. Гэта 5700 галоў буйнога рагатага ската, свіней 10 000, а яшчэ прыватныя гаспадаркі – у каго свінні, у каго каровы ці коні. “Мяне і ў тэлефон так і запісваюць – “дохтар” – і нічога, ніхто потым не блытае. Бабулькі часам называюць “віцінарко”. Хай сабе і так, усё роўна пазнаюць. Пасля бацюшкі вэтэрынар – першы чалавек на вёсцы, важнейшы, чым нават “прэдсядацель”.
“Увогуле, тут дужа ганаровым не пабудзеш. Бывае і ўначы звоняць – роды цяжкія ў каровы, то маеш ехаць. Ды і днём без колаў ніяк. Гаспадарка вялікая – то ў Сенна, то ў Бор, то ў Навагрудак на райсавет – бывае, па 150 кіламетраў за дзень накручваю. Дзе арганізаваць трэба, дзе пакрычаць, дзе рукамі дапамагчы – такая праца”.

“Гэта ў горадзе ветэрынары лечаць “братоў нашых меншых”, а тут на вёсцы, мы “лечым чалавецтва” – так яшчэ ва ўніверсітэце казалі”. Маўляў, калі ад яшчура ці чумы жывёлу не ўратаваць, то і ўсім не выжыць.
“А коцікі-сабачкі? На вёсцы няма “сабачак”. Тут сабака мае быць пры справе – хату ахоўваць, ці на паляванне хадзіць. Неяк сябра-аднавясковец вярнуўся з-за мяжы, расказваў, што бачыў пудзеля ў шкарпэтках і шорціках – смяяліся ўсе разам. Мы на паляўнічых сабак каляровыя камізэлькі надзяваем з іншай прычыны – каб выпадкова не застрэліць”.

“Да “коцікаў” тут не наездзішся, ды і не выклікаюць, шчыра кажучы. Ніхто не будзе плаціць мільён за кастрацыю. І фінансаў у людзей менш, і каштоўнасці іншыя. А коней мясцовых – то кожнага “з твару” пазнаю – каторы наравісты, каторы рахманы, каторы летась нагу пашкодзіў – усе мае кліенты. Добра кожнага памятаю, бо як чалавек, то можа расказаць, дзе што баліць, а з жывёламі трэба самому разбірацца, без слоў, жывёлу разумець трэба.”

Пераключацца з пяці тысяч “калгасных” на асобных прыватных, са словаў Сяргея, зусім не праблема: “Ветэрынару якая розніца? У яго няма пяці тысяч, ён заўжды з адной каровай працуе. Не важна, колькі побач стаіць – сотня ці тысяча. Усіх скопам не палечыш, гэта заатэхнік можа рацыён на тысячу адразу разлічыць”.

Што да розніцы вялікай фермы з кароўкай з прыватнай гаспадаркі “ў бабулькі”, то яна, канечне, ёсць: “Сваю і падояць дзесяць разоў, як трэба, і яблычкам пачастуюць ці памідорку дадуць. У вялікай ферме такое страчваецца. Тут як у арміі – усім аднолькава. Але ветэрынар усё роўна з кожнай жывёлай персанальна працуе”.

Ветэрынарных лекараў, са словаў Сяргея, не хапае ўвесь час. “Чаго людзі вучацца на тых мэнэджараў ды эканамістаў, як грошай усё роўна няма? Ішлі б у ветэрынары. Што праца цяжкая – то ёсць і цяжэйшая. А на вёсцы напэўна памогуць. Пакажам як, дамо чым – разам лягчэй, гэта ж не на адны рукі. Тут увогуле ўсе адзін аднаго падтрымліваюць.
Толькі ўсё роўна з’язджае моладзь пасля адпрацоўкі. А застаюцца… Застаюцца фанаты і патрыёты. Тыя, каторых цяжкасці не зламалі. Пакуль”.



