
Чатыры цагляныя будынкі па адрасе 17 Верасня, 59 гродзенскія ўлады хацелі прадаць з аўкцыёну ў пачатку 2020 года. Інвестар павінен быў знесці дамы і пабудаваць там новае жыллё. Але выглядае на тое, што ад зносу адмовіліся.
Здаецца, гарадская адміністрацыя усё ж пастараецца захаваць будынкі: часткова прадаць іх, часткова адрамантаваць уласнымі сіламі. Гэта добра, бо гэты невялікі комплекс — апошні напамін пра завод па ачыстцы спірту, які там існаваў.
Расійская імперыя: спірт трэба было здаваць дзяржаве
Гэты комплекс складаецца з чатырох аднапавярховых дамоў з «жоўтай станіславоўскай» цэглы. Там называлі цэглу, што выраблялася зусім побач у Станіславоўскай цягельні. Дамкі прылягаюць з аднаго боку да вуліцы 17 верасня, з другога боку да безіменнага завулка за гіпермаркетам «Еўраопт». У пачатку ХХ ст. вуліца мела назву Заводская, у міжваенны час Манапалёвая.

У 1895 г. у Расійскай імперыі была ўведзена манаполія на вытворчасць і пераважную продаж гарэлкі. Бровары, якія выраблялі спірт метадам дыстыляцыі, працягвалі знаходзіцца ў прыватных руках. Але здаваць спірт трэба было на так званыя казённыя (дзяржаўныя) вінныя склады. Там ён праходзіў ачыстку і прадаваўся ў казённых вінных крамах.
Сярод іншых неўзабаве пасля ўвядзення «віннай манаполіі» пачалося будаўніцтва Гродзенскага казённага ачышчальнага віннага склада № 1.
Чытай таксама: Як можна захаваць старую камяніцу ў Гродне: прыклад з вул. 17 Верасня

Акрамя самога будынка склада (у іншым варыянце — завода) у комплекс уваходзілі дамы адміністрацыі, службовыя кватэры, стайня і экіпажны хлеў, конавязь, вартоўня, адрыны, навесы, каморы, бандарная майстэрня, прыёмны пакой, рецірады (туалеты).
У самым канцы XIX ст. вінны склад у Гродне даў сваю першую прадукцыю. У 1905−1907 гг. адбывалася яго перабудова. Матэрыялы для перабудовы замаўлялі ў пастаўшчыкоў з усёй Расійскай Імперыі. Напрыклад, тэракотавая плітка пастаўлялася з Харкава з фабрыкі Эдуарда Бергенгейма, дзядзькі будучага прэзідэнта Фінляндыі Карла Густава Маннергейма па матчынай лініі.
Галоўным элементам ачышчальнага завода было кацельнае аддзяленне з рэктыфікацыйнай калонай. Менавіта там прывезены з прыватных бровараў спірт ператвараўся ў спірт крэпасцю да 97 градусаў. Пры гэтым ужываліся асаблівыя апараты, якія складаюцца з вялікага, часцей жалезнага, куба, з пастаўленай на ім рэктыфікацыйнай калонай, дефлегматарам, халадзільнікам і г. д.
Чым адрозніваліся «красноголовка» і «белоголовка»
Гродзенскі казённы вінны склад, як і ўсе дзяржаўныя алкагольныя прадпрыемствы імперыі, выпускаў два віды гарэлак па 40° і тры віды пітнога спірту ў 57°, 80° і 92°. Гарэлка была рознай ступені ачысткі - звычайная з чырвоным вечкам і двайной ачысткі з белым вечкам. Адсюль пайшлі народныя назвы гэтых казённых гарэлак — «красноголовка» і «белоголовка».
Бутэлька (0,61 літра) «красноголовки» каштавала 40 капеек, а белоголовки 60 капеек. Калі ўлічыць, што кілаграм свежага жытняга хлеба каштаваў 10 капеек, кілаграм свініны — прыкладна 40 капеек, а сярэднямесячная зарплата працоўнага складала 28 рублёў (на 1913 г.), то трэба прызнаць, што гарэлка каштавала не танна.
Такая цана алкаголю адбівалася і на спажыванні. Лічыцца, што ў пачатку ХХ стагоддзя спажыванне гарэлкі ў Расіі складала каля 5 літраў на чалавека ў год. Але гэта не ўлічвала аб’ёмы выпітага піва, віна і іншых алкагольных напояў.
У часы Расійскай імперыі манаполія распаўсюджвалася толькі на гарэлку. Іншыя спіртныя напоі вырабляліся і прадаваліся свабодна, але былі абкладзены акцызам. Масавы бедны спажывец задавальняўся казённай гарэлкай. Заможны аддаваў перавагу іншым напоям. Напрыклад, бутэлька настойкі, зробленай на прыватным прадпрыемстве, магла каштаваць пасля выплаты акцызу, 1 рубель 20 капеек — у 2−3 разы даражэй за бутэльку простай гарэлкі.
З пачаткам Першай сусветнай вайны Гродна пераходзіць на ваеннае становішча. Яшчэ ў верасні 1914 г. у Расіі фактычна ўводзіцца сухі закон, а ў напоўненым ваеннымі Гродне закрываюць шынкі і іншыя ўстановы, дзе можна купіць алкаголь.
Тым не менш Гродзенскі казённы ачышчальнай вінны склад № 1 функцыянаваў да лета 1915 г., а затым быў эвакуіраваны ў Калугу.
Замест гарэлкі - патэльні, запчасткі і каналізацыйныя люкі
Пасля Першай сусветнай вайны завод па вытворчасці гарэлкі працягваў нейкі час працаваць, а пасля сюды пераехала «Слясарнамеханічная майстэрня братоў Бароўскіх». Прадпрыемства з часам пераўтварылася ў Гродзенскі ліцейна-механічны завод. Там рабілі плугі, бораны, чыгуннае ліццё, рамантавалі абсталяванне млыноў.
У 1944 — першай палове 1945 г. завод выконваў функцыі рамонтнай майстэрні для савецкай арміі. У пасляваенныя гады тут выпускалі галоўным чынам запасныя часткі для вазоў, патэльні, алюмініевы і чыгунны посуд.

Колькасць рабочых у 1952 г. узрасла да 112 чалавек, якія збольшага жылі ў цагляных дамах па вул. 17 верасня. У гэты год завод выпусціў 160 каналізацыйных люкаў з напісам «Велозавод Гродно». Выпуск люкаў працягваўся і ў пазнейшыя гады, а вытворчасць веласіпедаў сюды была перададзена з былой фабрыкі матацыклаў Старавольскіх.
Завод быў знесены ў 1980-х гг. пасля пераносу вытворчасці на вул. Курчатава (завод Аўтаагрэгатаў). У 2000-х гг. на яго месцы паўстаў супермаркет «Еўраопт». 4 жылыя будынкі побач — адзіны напамін пра гэтае прадпрыемства. Вельмі добра, што яны захаваюцца для гістарычнага Гродна.
