Камяніцы па 17 верасня, якія з’явіліся на сайце Гродзенскага цэнтра нерухомасці ў раздзеле «Праектаванне» як участак на продаж пад забудову, пакуль знятыя з продажу. Гісторыкі звярнуліся ў Мінкульт, каб іх уратаваць. Ёсць магчымасць, што будынкі не будуць зносіць, а паспрабуюць прадаць па адным, каб захаваць. Побач ёсць прыклад, як гэта можна зрабіць.

Раней паведамлялася, што гарадскія ўлады прапануюць новаму інвестару ўзвесці шматкватэрны жылы дом на праве арэнды ўчастка і з умовай адсялення і зносу цяперашніх пабудоў. Але паводле апошняй інфармацыі, будынкі паспрабуюць захаваць. За камяніцы заступіліся гісторыкі і Беларускае дабраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Будынкі ўваходзяць у раён Новы свет і новую ахоўную зону гістарычнага цэнтра Гродна.


Чытайце таксама: Закон пра зону: ці дапаможа новы дакумент уратаваць Гродна ад разбурэння

«Арыгінал захаваў - цяпер гэта разыначка». Глядзі прыклад, як можна захаваць старую камяніцу ў Гродне
Дом № 59/2, які планавалі знесці

«Арыгінал захаваў - цяпер гэта разыначка». Глядзі прыклад, як можна захаваць старую камяніцу ў Гродне
Дом № 59/3, які планавалі знесці
Камяніцы, пра якія ідзе гаворка 59/2 і 59/3, з’явіліся на сённяшняй вуліцы 17 Верасня ў пачатку ХХ ст., меркавана ў 1920-я гады. Будынкі знаходзяцца на былой вуліцы Фабрычнай. Гэта дамы для працоўных казённага віннага склада (фабрыкі гарэлкі), які ў пачатку ХХ ст. размяшчаўся на рагу вуліц 17 Верасня і Ціміразева, дзе цяпер стаянка. Праз гэта вуліца паміж «Еўраоптам» і гэтымі дамамі раней называлася Манапалёвая — у міжваеннай Польшчы дзяржава мела манаполію на рэалізацыю алкаголю (у Польшчы і сёння алкагольныя крамы называюць манапалёвымі).

«Хацеў захаваць старую пабудову»

Два гады таму адзін з такіх цагляных дамоў - № 59/4 на 17 Верасня — набыў бізнесовец Віктар Быкоўскі. Ён распавёў, чаму захаваў стары будынак.

«Справа няпростая, але пры жаданні можна брацца. Галоўнае, каб былі фінансы і дазваляў час. Бо на рэканструкцыю ў гістарычнай частцы горада даюцца адмысловыя тэрміны — 2−3 гады. А толькі год можа заняць перапіска з Мінкультам па ўзгадненні праекта. І таму многія ўласнікі на гэта не ідуць, бо шмат блакаванняў. Ім танней знесці і пабудаваць новы будынак. Рэканструкцыя ў асноўным абыходзіцца на 50% даражэй.

У маім выпадку, я хацеў захаваць старую пабудову, бо цікавы цагляны будынак і падмуркі добрыя. Арыгінал захаваў, цяпер гэта своеасаблівая разыначка майго новага аб’екта ў гістарычнай частцы горада. Я гэта падкрэсліў. А зверху надбудаваў, гэта ўжо ад мяне".

«Лепш грошы пусціць у якасную рэканструкцыю»

Сваім будынкам Віктар займаецца два гады, зараз ідуць унутраныя работы. У будучыні там можа адкрыцца хостэл або гасцініца.

«Што там будзе, я пакуль не вырашыў. Але нешта звязанае з жыллём. Я зразумеў, што можна працаваць са старымі будынкамі ў гістарычнай частцы горада — галоўнае жаданне, час і фінансы. Калі б не падціскалі пастаянна ў тэрмінах здачы, магчыма людзі і бралі б часцей такія аб’екты і рэканструявалі.

Усе павінны разумець, што калі закінутаму будынку 100 гадоў, то каштоўнасць яго ў фінансавым і матэрыяльным плане — 1 базавая. Хай лепш людзі ўсе свае грошы пусцяць у якасную рэканструкцыю, чым у куплю будынка. Але пакуль у інвестараў больш цікавасць у голым кавалку зямлі і там пабудаваць свой аб’ект, чым займацца рэнавацыяй або рэканструкцыяй старога будынка".

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life