Увесну на вуліцах Вялікай Траецкай, Працоўнай і Віленскай увядуць у эксплуатацыю адразу некалькі новых аб’ектаў. Гасцініца, офісныя цэнтры, салон прыгажосці і іншыя ўстановы пачнуць працаваць у новых і абноўленых будынках.

Вялікая Траецкая, 57

Пасля 4 гадоў рэстаўрацыйных работ каля сінагогі адкрыецца гасцініца на 55 месцаў, бар і вінны склеп. «Мы захавалі знешні выгляд будынка на 99%» — адзначае ўласнік. Таксама ён абяцае каля свайго аб’екта стаянку і жывую зону для кліентаў.

Вялікая Траецкая, 47

Дом на Вялікай Траецкай, вядомы як «крывы», некалькі гадоў пуставаў і быў на грані зносу. У 2017 годзе ўласнік — чайны дом «ЧайКоффский» — вырашыў перабудаваць будынак. У канцы 2018 года пачалася рэканструкцыя. Увесну, пасля завяршэння першага этапу рэканструкцыі, тут адкрыецца кандытарская крама і офісы. Пасля завяршэння другога этапу будзе ўведзена ў эксплуатацыю другая частка аб’екта — новая прыбудова. Там будзе гатэль і піўны рэстаран са сваім броварам.

1-я Працоўная, 6

Будаўнічыя работы на закінутым доме па 1-й Працоўнай, 6 пачаліся ў пачатку 2019 года. Ад старога будынка ўласнік пакінуў толькі адну сценку. Увесну там адкрыецца офісны цэнтр і салон прыгажосці.

2-я Працоўная, 3

Будынак на 2-й Працоўнай, 3 набыў на аўкцыёне ў 2016 годзе бізнесмэн Алег Разін. Каля года заняла ў яго распрацоўка праектнай дакументацыі, а праз год ён пачаў будаўнічыя работы. Падчас рэканструкцыі аб’екта знайшлі скарб. У будучыні тут з’явіцца медыцынскі цэнтр. Гэты будынак — адзіная даваенная пабудова, якую атрымалася захаваць на вуліцы 2-й Працоўнай.

Вялікая Траецкая, 9

Будаўніцтва на пустцы паміж дамамі № 11 і 7 па Вялікай Траецкай пачалося ў канцы вясны 2019 года. Да канца года двухпавярховы аб’ект быў гатовы. Праекціроўшчыкі распрацавалі канцэпцыю забудовы з улікам гістарычных даследаванняў, таксама прайшлі грамадскія абмеркаванні. Увесну там адкрыюцца офісы і гандлёвыя аб’екты.

Віленская, 14

Амаль два гады вяліся будаўнічыя работы на Віленскай, 14. Ад старога будынка засталіся толькі фасады, усярэдзіне ўсё замянілі. Агулам будынак свайго арыгінальнага аблічча не страціў. Домам валодае смаргонскае прадпрыемства «Кронаспан». Да вясны там з’явяцца офісы арганізацыі, астатнія памяшканні будуць здавацца ў арэнду.

Што яшчэ з’явіцца?

Новы гандлёва-офісны будынак пачнуць будаваць на Вялікай Траецкай у 2020 годзе. Ён размесціцца паміж дамамі 39 і 33. У пачатку снежня гісторык Мечыслаў Супрон апублікаваў у сваім блогу нататку: чаму, на яго думку, новы будынак абяцае стаць скандальным. Гісторык сумняваецца ў архітэктурна-планіровачных рашэннях, прынятых у праекце. Таксама ён адзначыў, што кафэ на месцы могілак — дрэнная ідэя. У планах у інвестараў разабраць самотны дом на ўчастку, але пры гэтым захаваць цэглу. Таксама захаваць стары дуб, вакол якога і пачнецца будаўніцтва.

Што новага з'явіцца вясной у раёне Вялікай Траецкай?
Месца, дзе пачнецца будаўніцтва

Што новага з'явіцца вясной у раёне Вялікай Траецкай?
Варыянт праекта будучай забудовы з унесенымі зменамі ад Міністэрства культуры
Праектаваннем аб’екта новага будынка інвестары займаюцца ўжо 1,5 гады. У 2020 годзе яны плануюць прыступіць да будаўніцтва.

«Мы хочам у цэнтры горада зрабіць новае месца, куды можна было б прыйсці і выбраць установу для адпачынку на любы густ. Зараз мы праходзім усе экспертызы і пераходзім да атрымання дазволу на будаўніцтва. Задзейнічаны добрыя спецыялісты. Магчыма, у будучыні Вялікую Траецкую зробяць пешаходнай, але да гэтага трэба паступова падыходзіць, дзякуючы цікавым праектам», — распавёў адзін з інвестараў.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life