«Нічыпарука ведаў увесь горад». Гісторыя доктара, які лячыў людзей у Гродне пры любой уладзе

110 гадоў таму нарадзіўся вядомы гродзенскі доктар Іван Нічыпарук, які ўсё жыццё працаваў у нашым горадзе. Памяць аб ім дагэтуль захоўваюць многія гродзенцы. Гісторыю жыцця Івана Нічыпарука распавяла Hrodna.life яго дачка Ірына.

Іван Нічыпарук нарадзіўся ў вёсцы Лабна-Агароднікі пад Гроднам 9 лютага 1910 года. Пасля Першай сусветнай вайны ён вучыўся ў адной з гродзенскіх школ. У самым пачатку 1930-х паступіў у Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя.

«У 1930 годзе айцец позна апамятаўся, што хоча паступаць ва ўніверсітэт, і яго швагер на ровары павёз дакументы ў Вільню. Спадзяваўся паспець і паспеў. Бацьку запрасілі на гутарку, нягледзячы на ​​тое, што ён быў праваслаўным. Тады такіх людзей вельмі неахвотна бралі ў ВНУ Польшчы. На сумоўі бацька вырабіў ўражанне і паступіў у прэстыжны універсітэт. Там заўважылі яго веды. Вучыўся ён 6 гадоў, быў паспяховым студэнтам. Пасля вучобы ў 1936 годзе ён вярнуўся ў Гродна са сваёй дзяўчынай Ірынай. Тут ужо жыў яго бацька — мой дзядуля, на вуліцы Леванабярэжнай».

Падчас вучобы ў Віленскім універсітэце, 1930-я гг. Іван Нічыпарук першы злева

Дыплом Віленскага ўніверсітэта, які Нічыпарук скончыў у 1936 г.
Карыкатура на ўніверсітэцкіх выкладчыкаў, якую Нічыпарук намаляваў у 1935 г.

Цудам застаўся жывы

У Гродне Івана Нічыпарука накіравалі на працу ў «шпіталь мейскі» — гарадскую бальніцу на сучаснай вуліцы Камунальнай. Там ён працаваў хірургам да 1939 года.

«Перад самай Другой сусветнай бацьку мабілізавалі ў польскую армію. Ён трапіў у кавалерыйскі полк і іх разбілі немцы ў першыя дні вайны. Бацька распавядаў, што цудам застаўся жывым. Ён вярнуўся ў Гродна. На шчасце, яго не кранула новая савецкая ўлада. Я не ведаю, як ён паставіўся да прыходу камуністаў у верасні 1939 года. Але скажу так — усе прывыкалі да новай улады. Асабліва тыя людзі, якія не збіраліся пакідаць Гродна.

Са сваёй дзяўчынай з універсітэта ён разышоўся і пазнаёміўся з маёй мамай у Гродне. Пры бацьку яна практычна ніколі не працавала, хоць і была таленавітай. Ён цалкам забяспечваў сям’ю сваім заробкам пры любой уладзе».

Іван Нічыпарук падчас вучобы ва ўніверсітэце, 1935 г.
Іван Нічыпарук у польскай арміі, 1939 г.

Лячыў людзей і дапамагаў партызанам

У перыяд нямецкай акупацыі Іван Нічыпарук працягваў працаваць — працаваў у чыгуначнай лякарні.

«Немцы яго не чапалі, лекар пры любой уладзе запатрабаваны. Ён лячыў гараджан, а таксама дапамагаў партызанам. Прыязджала ад іх подвода і бацька пад сена клаў медыкаменты і перавязачны матэрыял. Бацька распавядаў, што неяк немцы прычапіліся да маёй мамы, называлі яе „юдэ“ — яўрэйка. Ён ведаў нямецкую і растлумачыў салдатам, што гэта яго жонка і яна беларуска. Пасля размовы салдаты больш не чапляліся да яе. Ды і бацькі яны ніколі не чапалі».

Гарадзенка Вера Чарнышова ўспамінала, што калі ў 1941 годзе падчас абстрэлу параніла яе бацьку, яго выратаваў Іван Нічыпарук. Бацька да вайны шыў лекару вопратку.

«Хадзіла мама па бальніцах — пераварочвала трупы і ў адным з месцаў здолела знайсці тату, ён быў жывы. Бацьку выратаваў вядомы гродзенскі хірург Іван Нічыпарук, якому тата да вайны шыў вопратку».

Пакінулі працаваць у Гродне

Іван Нічыпарук стаяў ля вытокаў гарадской клінічнай бальніцы № 2, якая размясцілася ў будынку Францішканскага манастыра. Пасля вызвалення горада ў 1944 годзе доктар працаваў там, а пасля быў прызначаны галоўным урачом.

«Айца шкадавалі, камуністы ведалі, што ён жыў да вайны ў Гродне і быў у польскай арміі і чым займаўся падчас акупацыі. Пасля вызвалення імя Нічыпарука было ва ўсіх на слыху ў Гродне. Бацьку ведалі і бедныя, і багатыя, ён усім дапамагаў. Вядома, перад працай у шпіталі яго старанна праверылі, але не асудзілі і пакінулі ў Гродне.

Дзесьці ў 1946 годзе бацьку паставілі галоўным урачом бальніцы. Пасля вайны ён цалкам аднавіў працу ўстановы. Тады ж яму выдзелілі дом на Цітова. Там жыў паляк, які пасля вайны з’ехаў у Польшчу. Але бацька не хацеў жыць у чужым доме і заўсёды марыў пра свой. Таму ў 1949 годзе ён пачаў будаваць свой дом на Чырвонапартызанскай. У пачатку 1950-х мы туды пераехалі. Я ў гэтым доме жыву і сёння».

Дактары гарадской клінічнай бальніцы № 2, 1950-я гг. Іван Нічыпарук злева.

Лячыў начальнікаў і сялян

Першыя пасляваенныя гады Іван Нічыпарук працаваў без выхадных. Акрамя асноўнай змены ў бальніцы, пацыенты прыязджалі да яго і дадому. Даводзілася ўсім дапамагаць. Нічыпарук вучыўся на хірурга, але пасля перакваліфікаваўся на траўматолага.

«Падводы сялян стаялі ад дома да скрыжавання. Да яго ехалі людзі з усёй акругі з рознымі хваробамі. І нікому Іван Валяр’янавіч не адмаўляў. Вядома, хтосьці чымсьці яму дзякаваў, але ён не злоўжываў сваім становішчам. Лячыў як начальнікаў, так і звычайных сялян. І з усімі заўсёды пагутарыць.

Памятаю, неяк прыехалі да яго з вёскі і ён з імі на беларускай загаварыў, па-мясцоваму. Я часам смяялася і казала яму: «ну як ты можаш на гэтай мове гаварыць?» А ён адказваў, што ўжо вывучыў ад людзей беларускую мову. Бывала, пацыентам не было чым аддзячыць бацькі, так ён лячыў бясплатна. Гэта была яго характэрная рыса, таму да яго ўсё і ішлі. Нас будзілі часам і ноччу, таму што прыязджала хуткая па бацьку. Патрабавалася тэрміновая аперацыя і ён заўсёды ехаў. Толькі да 1960 года ў яго з’явілася раўнамернае жыццё, а так ён разрываўся.

А яшчэ бацька быў вернікам, але ў царкву хадзіў вельмі рэдка. Быў выпадак, калі яму манах з’явіўся ў бальніцы. Бо бальніцу зрабілі ў былых келлях манастыра. Ён неяк дзяжурыў і моцна стаміўся. Вырашыў прылегчы, праз некаторы час пачуў крокі. Рэзка падняўся і ўбачыў манаха. Той прайшоў у дзяжурку, павітаўся з ім. Айцец прамовіў малітву — і манах знік. Хто гэта быў, бацька не мог сказаць, можа прывід. Тады ён вельмі спалохаўся".

Дапамог будучаму алімпійскаму чэмпіёну

Пра доктара Нічыпарука ўспамінаў у адным са сваіх інтэрв'ю алімпійскі чэмпіён 1972 году Іван Ядэшка.

«За мяжой адзін з супернікаў з усмешкай сказаў: „Ядэшку лёгка кідаць мяч дакладна ў кошык, у яго рука крывая“. А яна ж насамрэч крывая. Я ж наогул мог застацца інвалідам. У сем гадоў, зваліўшыся з плота на бетонную пліту, я моцна пашкодзіў локаць. Суставы былі раздробленыя ў некалькіх месцах. Рука пачала апухаць. Стала ясна, што трэба ампутаваць. Мама была катэгарычная: „Не дам руку сыну адымаць!“ Галоўны хірург Нічыпарук сказаў: „Добра, паспрабуем выратаваць…“ І выратавалі. Тры разы косткі ламалі і зноўку складвалі. Калі зраслося ў трэці раз, рука не згіналася», — казаў у інтэрв'ю «Московскому комсомольцу» знакаміты баскетбаліст.

Застаўся верны свайму гораду

Іван Нічыпарук ў пасляваенныя гады мог з’ехаць у Польшчу, як гэта рабілі многія гродзенцы. Але ён застаўся ў Гродне і не пашкадаваў.

«Бацька працаваў у бальніцы з 1944 па 1981 год гг. Стаў заслужаным лекарам БССР. Атрымаў мноства ўзнагарод. Але самае важнае, ён атрымаў прызнанне ў людзей, гараджан з якімі ён пражыў усё жыццё. Ён застаўся верны свайму гораду».

У кнізе «Вядомыя ўраджэнцы Гродзенскай вобласці» Алесь Госцеў піша, што на лячэнне да Нічыпарука прыязджалі людзі з усяго Савецкага Саюза. У 1970 годзе ён паспяхова правёў першую ў краіне аперацыю па падаўжэнні нагі. Унёс уклад у развіццё дзіцячай хірургіі - першым на Гродзеншчыне асвоіў лячэнне прыроджаных заганаў целаскладу. Да 60-годдзя Нічыпарука артыкул пра яго напісаў Васіль Быкаў. «Любы хірург-пачатковец лічыў для сябе гонарам папрацаваць пад кіраўніцтвам Івана Валяр’янавіча», — пісаў Быкаў.

Іван Нічыпарук працаваў да 70 гадоў. Памёр ва ўзросце 77 гадоў. На сцяне гарадской клінічнай бальніцы № 2 павесілі мемарыяльную шыльду прысвечаную вядомаму доктару. Дзеці і ўнукі Івана Валяр’янавіча пайшлі па яго слядах. Усе яны сталі лекарамі.

У музеі медыцынскага ўніверсітэта ёсць экспазіцыя, прысвечаная Івану Нічыпаруку.

Мемарыяльная шыльда прысвечаная Івану Нічыпаруку

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024