22 чэрвеня асаблівы дзень для беларускага народу — 76 гадоў таму назад пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая забрала мільёны чалавечых жыццяў. Як пачыналася страшная бамбёжка ў Гродне і як гродзенцы перажывалі нямецкую аккупацыю, распавяла Hrodna.life Чарнашова Вера Фёдараўна, якой у 1941 годзе было ўсяго 12 гадоў.

Свіст мін скінутых нямецкімі самалётамі на Гродна роўна 76 гадоў таму, Вера Фёдараўна памятае як цяпер. Адна з бомбаў звалілася і разбурыла яе дом і месца, ў якім яна хавалася з сям’ёй. Нягледзячы на цяжкае і страшнае дзяцінства, 88-гадовая гродзенка дагэтуль памятае ўсё ў драбнюткіх падрабязнасцях.

«Пачаўся абстрэл горада, дзесьцi ў 4 раніцы, мне здаецца стралялі дальнабойнымі прыладамі. Мы ўсе ў той момант спалі і не маглі ўявіць, што нас чакае наперадзе. Калі ўпалі першыя бомбы, у людзей была паніка. Я памятаю, што тады бомбы разбурылі дамы на сучасных вуліцах 1-га Мая, Лермантава, пацярпеў і дах Фары Вітаўта. Шмат было разбураных будынкаў, загінулых і параненых людзей. Немцы выдатна ведалі, дзе і што ў нас у горадзе было размешчана. Яны бамбілі ў асноўным вулачкі, дзе жыла яўрэйская бедната».

Гродна пасля налёту нямецкай авіяцыі

Сям’я засталася ў жывых пасля бамбёжкі

У 1941 году Вера з сям’ёй жыла на вуліцы Басняцкай, а ў момант абстрэлу хаваліся ў суседнім доме на вуглу сучасных вуліц Ажэшкі і Тэлеграфнай.

«На наш дом ужо дзесьці ў абед ўпала бомба — было забіта 5 чалавек. Мы ж з сям’ёй хаваліся ўжо ў іншым доме. У той момант, калі ляцела чарговая бомба, мы з мамай і братам, абняўшыся сталі ў дзвярах, і я памятаю, што пасля выбуху мне цэглай моцна дало ў бок. Памятаю, што ў адно імгненне пасля выбуху мама знікла. ​​На тату ўпала столь. Успышка асляпіла мяне, але мне неяк удалося дабрацца да акна і там мяне ўжо знялі. Нашай сям'і пашанцавала, усе засталіся жывыя. Мама здолела выцягнуць тату з-пад усіх абломкаў і цэглы. Яго неўзабаве забралі ў бальніцу, медыкі яшчэ тады працавалі. Павезлі бацьку на Маставую, але там шпіталь ўжо гарэў. Казалі тады, што каля 180 параненых гараджан там так і згарэлі. Але тату пашанцавала, яго своечасова перавезлі ў іншы шпіталь, які цяпер знаходзіцца на сучаснай вуліцы Ватуціна. Але тое, што бацька застаўся жывы, мы не ведалі. А так многія пацярпелі, памятаю загінуўшых нашых суседзяў. Адна жанчына наогул стаяла з адарванай рукой, што з ёй стала потым, я нават і не ведаю».

Гродзенцы заходзілі ў адкрытыя крамы і бралі сабе патрэбныя рэчы

Калі главу сямейства павезлі ў шпіталь, маладая мацi Веры з двума дзецьмі стала прабірацца па разбураным горадзе да сваякоў, ў вёску, што знаходзілася недалёка ад Гродна.

«Дома ў нас ужо не было, з рэчаў ўсё прапала. Прыйшлося ісці да сваякоў за горад. Памятаю, што калі саветы ўцяклі, на вуліцах з’явілася панства, усе прыбраныя. Цікава, дзе яны хаваліся з 1939 года? Але калі немцы сталі з’яўляцца, то ім адразу далі зразумець, што не варта так ім вылучацца. Памятаю, што ў першыя гадзіны бегалі маладыя яўрэі, хтосьці быў нават на роварах. Усе імкнуліся пакінуць горад. Калі мы ішлі па вулiцах, то ва ўсіх крамах былі разбітыя шыбы, людзі заходзілі туды і бралі сабе патрэбныя рэчы. Бралі да таго моманту, пакуль не з’явіліся на вуліцах немцы».

https://www.youtube.com/watch?v=1KQRvrLV8Mw

Бацьку выратаваў знаёмы хірург

Мама Веры пакінула дзяцей у вёсцы, а сама адправілася на пошукі мужа. Як аказалася, яго выратаваў знаёмы хірург, якому ён яшчэ да вайны шыў вопратку.

«Хадзіла мама па бальніцах — пераварочвала трупы і ў адным з месцаў здолела знайсці тату, ён быў жывы. Бацьку выратаваў вядомы гродзенскі хірург Іван Нічыпарук, якому тата да вайны шыў вопратку. Немцы з’явіліся ў горадзе ў першы ж дзень вайны, было гэта вечарам. Яны сталі з’яўляцца на другім баку горада. Акупанты адразу ж сталі выдаваць свае законы, ад якiх у асноўным пацярпела яўрэйскае насельніцтва горада. Але ў цэлым для немцаў мы былі ўсе „швайны“ (свінні). А яны для нас былі самыя сапраўдныя цывілізаваныя бандыты. Салдаты да мясцовых ставіліся яшчэ нармальна, нават памятаю, як адзін з іх казаў маёй мацi: „Матка, не плач, гэта вайна“. А калі пайшлі атрады карнікаў, то стала страшней».

Знайшлі сабе новую кватэру, але неўзабаве яе пакінулі

Праз некалькі дзён Вера разам з братам і мамай вярнулася ў Гродна, ў якім ужо панавалі немцы. За невялiкi прамежак часу горад вельмі змяніўся.

«Дома ў нас не было і давялося шукаць сабе новае жыллё. Знайшлі мы сабе кватэру на вуліцы Гараднічанскай, у тым месцы, дзе цяпер стаіць аблвыканкам. Памятаю, што мы занялі кватэру нейкага рускага начальніка, які ў першыя дні вайны паспеў уцячы. Кватэра, вядома, была разрабаваная, але жыць было можна. А ў нас у двары немцы дрэсіравалі сабак. Быў таксама недалёка штаб. І ў адзін момант салдаты прыйшлі да нас у кватэру і сказалі высяляцца. Далі на ўсё пра ўсё 24 гадзіны. Я памятаю, што ў кватэры была ванная і там ляжалі вінтоўкі і шаблі. Мы спалохаліся, і мама са знаёмай вырашыла раніцай выкінуць ўсю зброю ў грамадскую прыбіральню, каб нас ні ў чым не абвінавацілі. Усё так і зрабілі, а тыя прыбіральні, куды скінулі зброю ўжо ў пасляваенны час зачынілі, але калі ў будучыні будуць капаць, то абавязкова натыкнуцца».

Жорсткія немцы, смешныя іспанцы і бедныя яўрэі: гродзенка успамінае чэрвень 1941 года
Немцы ў самым цэнтры Гродна


Дапамагалі знаёмым яўрэям

З прыходам немцаў у горадзе была уведзена камендантская гадзіна, нельга было на вуліцы з’яўляцца пасля 19.00. Менавiта таму вечарам маленькая Вера садзілася на падваконнеі назірала за салдатамі ў горадзе.

«Бачыла часта як салдаты маршыравалі i адпачывалі. Не пашанцавала яўрэйскаму насельніцтву горада, немцы адразу сталі да іх дрэнна ставіцца — здзекаваліся, хадзіць па тратуару забаранілі, было загадана насіць апазнавальную жоўтую зорку. Амаль адразу яўрэям сталі рыхтаваць 2 гета. (Антонава і Траецкая). Памятаю, што мы з адной нашай знаёмай сям'і ў гета пераносілі з дзяўчынкамі ў паліто ежу, тады яшчэ не было варот. На маіх вачах на Тэльмана адзін немец біў палкай маладую яўрэйскую дзяўчыну. За што ён з ёй так груба абышоўся, я нават і не ведаю, але з гараджан ніхто не мог сказаць і слова — усе баяліся. Страшна было, але людзі неяк працягвалі жыць».

Іспанцы не хацелі ваяваць і хаваліся

Разам з немцамі ў Гродне сталі з’яўляцца і іспанскія салдаты, многія з іх жылі ў кватэрах у гродзенцаў. Але калі пачалася адпраўка на фронт, многія сталі ўцякаць.

«У іспанцаў у Гродне быў нейкі зборачны пункт. Памятаю іх добра: невысокага росту, чарнявыя, смешныя і ваяваць не хацелі. Неяк я сядзела на падваконні і як раз іспанцы па горадзе ішлі. І адзін з іх пазірае на мяне — пацалункі паветраныя шле, пасля падышоў і дастаў з кішэні цэлую жменю цукерак і пачаставаў мяне. I гэта было падчас вайны. Іспанцы не хацелі ваяваць, і калі ім трэба ўжо было збірацца на фронт, то многiя хаваліся па горадзе. І адзін забег да нас — і адразу пад ложак. Мы былі шакаваныя, але яго не выдалі. Прайшло крыху часу, салдат выпаўз, папрасіў вады і хлеба. Пасядзеў трохі і ўцёк. Перад выхадам ён пакінуў маме невялікі драўляны крыж і прасіў маліцца за яго, бо не хацеў паміраць».

Іспанцы ў Гродне

Вера працягвае жыць у любімым горадзе

Гродна Вера пакінула ў снежні 1941 годы, з’ехала з маміным братам пад Беласток і там жыла амаль ля самай Белавежскай пушчы. Забрала сям’я гродзенку ў родны горад толькі ў 1944 годзе. Па вяртанню ў Гродна Вера пайшла ў шосты клас.

«Гродна аднаўлялi, жыццё ў горадзе біла ключом, але ўжо не так, як раней. У 20 гадоў я скончыла 10 класаў і тады ўжо ў мяне пачалося сапраўднае дарослае жыццё: інстытут, праца, сям’я. Цяпер мне 88 гадоў і я люблю свой горад і працягваю у ім жыць».

Жорсткія немцы, смешныя іспанцы і бедныя яўрэі: гродзенка успамінае чэрвень 1941 года
Вера Фёдараўна Чарнашова, 88-гадовая жыхарка Гродна, што расказала гэту гісторыю. Фота Руслана Кулевіча