Блогер Дзяніс Рудзевіч быў адзіным затрыманым у Гродне 19 чэрвеня падчас акцыі «Ланцуг салідарнасці». Хлопца затрымалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, калі ён вёў стрым. На яго склалі пратакол за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ.
Дзяніс з Ліды, да прэзідэнцкай кампаніі працаваў аўтаслесарам на СТА. Сёння ён адзін з аўтараў канала «Лида Для Жизни» на Youtube і Telegram. Каля месяца Дзяніс ездзіць па гарадах Гродзенскай вобласці і здымае відэа.
«З пачатку прэзідэнцкай кампаніі я ўжо быў у многіх гарадах, меў зносіны з простымі людзьмі - рабацягамі, якія прыходзілі ставіць подпісы на пікетах за альтэрнатыўных кандыдатаў, — распавядае Дзяніс. — 19 чэрвеня я прыехаў у Гродна, каб зрабіць стрым падчас апошняга пікету, але не ведаў пра „Ланцуг салідарнасьці“, які стыхійна арганізавалі гараджане».
Дзяніс застаўся рабіць стрым і пасля пікету на Савецкай плошчы. Там праходзіла акцыя ў падтрымку палітвязняў. У «Ланцуг салідарнасці» выстраіліся больш за 600 чалавек.
«Адначасова мяне глядзелі каля 200 чалавек. Падчас стрыму шасцёра невядомых людзей схапілі мяне. Можна сказаць, выкралі, запіхалі ў бус і павезлі ў невядомым кірунку. Пры затрыманні ніхто нават не прадставіўся».
Разбілі тэлефон, канфіскавалі абсталяванне
Толькі ў РАУС Ленінскага раёна Дзянісу растлумачылі, што ён затрыманы. У дачыненні да яго быў складзены пратакол. Хлопца абвінавацілі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ (ч. 2 арт. 22.9 КаАП).
«Акрамя бандыцкага затрымання, стаўленне з боку міліцыі ў РАУС было нармальным. Бліжэй да ночы мяне адпусцілі. Пры выхадзе вярнулі толькі грошы і вопратку, усё абсталяванне і іншыя асабістыя рэчы канфіскавалі. Тэлефон разбілі».
Дзяніса чакае суд. Хлопец лічыць затрыманне незаконным.
«Гэта называецца выкраданне чалавека. Гэта бязладдзе. Трэба судзіць тых, хто такімі справамі займаецца. Я не буду спыняцца і працягну далей здымаць. Людзям патрэбна праўда».
Чытайце таксама: