У судзе Ленінскага раёна 25 чэрвеня адбыліся адразу тры пасяджэнні па правапарушэннях 29 траўня ў раёне Савецкай плошчы. Гродзенцаў, якія падтрымалі Сяргея Ціханоўскага падчас яго затрымання, абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Усім ім далі штрафы.

Усіх судзілі па арт.17.1 КаАП (дробнае хуліганства) — абразлівае прыставанне да грамадзянаў і іншыя наўмысныя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, дзейнасць арганізацый або спакой грамадзян і выражаюцца ў відавочнай непавазе да грамадства.

«Нас не хочуць чуць»

Юлія Карначава — сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Распавядае, што ўвечары 29 траўня збірала подпісы на пікеце. Калі ўбачыла затрыманні - падбегла да натоўпу. Пачула крыкі аб дапамозе і што камусьці наехалі на нагу. Таму і стала трымаць машыну, у якую пасадзілі Ціханоўскага.

Сведкі - супрацоўнікі АМАПу — на судзе заявілі, што Карначева трымала службовую машыну і тым самым не давала ёй праехаць. Пры гэтым яна крычала «фашысты» і хапала супрацоўнікаў за вопратку.

Суд аштрафаваў Юлію Карначаву на 20 базавых велічыняў (580 рублёў).

«Доказаў у суда не было ніякіх. Крыўдна, што мяне прызналі вінаватай. Бо мы спрабавалі дапамагчы чалавеку. Абскардзіць рашэнне я не збіраюся, гэта ўсё без сэнсу. Грамадзян яны не хочуць чуць. У той дзень на плошчы супрацоўнікі міліцыі былі ў цывільным адзенні, яны нават не прадстаўляліся. А на судзе гавораць адваротнае».

«Перашкаджалі праезду і крычалі: "фашысты"». У Гродне судзілі прыхільнікаў Ціханоўскага
Юлія Карначава

«Нязгодны з рашэннем»

Яўген Клімук — сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Ён збіраў подпісы на пікеце. Як і Юлія, пасля інцыдэнту на Савецкай плошчы ён трымаў бус. Гродзенец лічыць, што службовы аўтамабіль наехаў на чалавека.

«Нязгодны з рашэннем. Я не лічу сябе вінаватым. Я адразу ў міліцыі ў пратаколе напісаў, што бус трымаў, таму што пачуў крыкі, маўляў, камусьці на нагу наехалі. Вось і ўсё. У гэтай калатнечы я не ўдзельнічаў, нічога не крычаў».

Суд аштрафаваў Яўгена Клімука на 15 базавых велічыняў (382 рублі).

«Перашкаджалі праезду і крычалі: "фашысты"». У Гродне судзілі прыхільнікаў Ціханоўскага
Яўген Клімук

«Мае ўнукі ганарацца мной, а бацькам міліцыянтаў будзе сорамна»

Пенсіянерка Станіслава Дамшэль на судзе не прысутнічала — прапанавала суду разглядаць справу ў рэжыме анлайн. У яе сваякі хварэюць COVID-19.

Станіслава Дамшель 29 мая прыйшла на Савецкую плошчу ў Гродне, каб паставіць подпіс за вылучэнне Святланы Ціханоўскай. Калі пачаліся затрыманні, да ног жанчыны ўпаў супрацоўнік міліцыі. Другі, са слоў Станіславы, штурхнуў яе і парваў сумку. Жанчына таксама была ля буса, які трымалі людзі. Сведкі на судзе — супрацоўнікі АМАПу — адштурхоўвалі пенсіянерку ад машыны.

Станіславу аштрафавалі на 20 базавых велічыняў (540 рублёў).

«Са мной усё добра, шкада толькі грошай гэтым людзям. Гэта дзве мае пенсіі. Я не шкадую, што апынулася ў той дзень на плошчы. Але не магу сабе ўявіць, як супрацоўнікі міліцыі не маглі справіцца з бабуляй. Уявіце сабе: пяць амапаўцаў сведчылі супраць мяне, адзін адмовіўся — здаваў экзамен. Казалі, што я машыну трымала і штурхала іх. Вось так наша міліцыя зрабіла мяне хуліганкай. Мае ўнукі ганарацца мной, а бацькам міліцыянтаў будзе сорамна».

«Перашкаджалі праезду і крычалі: "фашысты"». У Гродне судзілі прыхільнікаў Ціханоўскага

Праваабаронца: «Працуе судовы канвеер пакарання»

Гродзенскі праваабаронца Уладзімір Хільмановіч лічыць апошнія суды ў горадзе прадказальнымі. Ён называе гэта палітычным пераследам.

«Ніякіх юрыдычных аспектаў не бярэцца ў разлік. Некаторыя людзі яшчэ спадзяюцца даказаць сваёй невінаватасць, таму што яны першы раз сутыкнуліся з судамі і ім псіхалагічна цяжка асэнсаваць усё. Для нас — назіральнікаў за гэтымі працэсамі - няма нічога дзіўнага. Усё паводле звыклага сцэнара — палітычнае рашэнне. Працуе судовы канвеер пакарання».

Што адбылося ў Гродне ў дзень візіта Ціханоўскага?

У Гродне затрымалі палітычных актывістаў. Увечары 29 траўня на пікеце падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую адбыўся інцыдэнт, у выніку якога блогера Сяргея Ціханоўскага і некаторых яго прыхільнікаў затрымала міліцыя. Сярод затрыманых — сябра ініцыятыўнай групы Дзмітрый Фурманаў. Удзельніцу верагоднай правакацыі супраць Ціханоўскага апазналі ў сацсетках.

Затрыманні працягнуліся на наступны дзень. 30 траўня затрымалі актывіста Мікалая Саляніка, які днём раней вёў перамовы з кіраўніцтвам міліцыі і спрабаваў даведацца, за што быў затрыманы і дзе знаходзіцца Ціханоўскі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» склаў спіс затрыманых у Гродне. Частку з іх перавезлі ў Мінск.

Гэта не спыніла ініцыятыўную групу Ціханоўскай. Афіцыйна было заяўлена, што падчас інцыдэнту пацярпеў міліцыянт. Узбуджаная крымінальная справа па факце гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Нягледзячы на ​​гэта, на наступныя дні да пікету Святланы Ціханоўскай выстраіліся чэргі — людзі стаялі, каб аддаць подпіс, нават пад дажджом.

Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых у Гродне палітычнымі вязьнямі.

У выніку пад удар патрапілі і выпадковыя людзі. Увечары 29 траўня ў сацсетках пачалося цкаванне выпадковага чалавека, якога прынялі за супрацоўніка органаў у цывільным, які ўдзельнічаў у затрыманні ў Гродне. У дзяржаўных СМІ з другога боку пачалося цкаванне 81-гадовай пенсіянеркі Галіны Філіпаўны, якая падчас стрыму з Савецкай плошчы выказалася супраць Лукашэнкі і ў падтрымку Ціханоўскіх. Пенсіянерку Станіславу Дамшэль, якая 29 траўня таксама была на Савецкай, абвінавацілі ў дробным хуліганстве, але яна не пусціла міліцыю да сябе дадому. Выпадковыя людзі былі і сярод затрыманых на плошчы.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life

Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам «Твой стыль». У канцы 2018 выдаў кнігу «Горад адзін, успаміны розныя», дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930−40-я гады.