З летняй спёкай у гродзенскіх кавярнях з’явіўся добры выбар халодных кававых напояў. Сярод іх і ахалоджаныя класічныя напоі кшталту Айс Капучына, і арыгінальныя рэцэпты з газіроўкай, сокам і марозівам. Перад працай можна выпіць бадзёрачы халодны напой, а падчас вячэрняга шпацыру сагрэцца класічным латэ ці рафам. Мы даведаліся, дзе вам дадуць каву з сабой – ідэальны варыянт, калі вы спяшаецеся, проста хочаце працягнуць блуканне па гарадскіх вуліцах або калі ў кавярні ўжо няма месцаў.
Кавярня “Наша кава”
вул. Замкавая, 11
У “Нашай каве”, акрамя традыцыйных рэцэптаў, можна пакаштаваць каву, прыгатаваную альтэрнатыўным спосабам. Ёсць сярод іх і летні варыянт – Cold brew, які заварваецца халоднай вадой і настойваецца 16 гадзін! Кожную дзясятую каву можна атрымаць бясплатна.


Кавярня “Просто кофе”
вул. Замкавая, 18
У “Просто кофе” таксама ёсць выбар напояў з сабой. Кожную дзясятую каву таксама даюць за так. А яшчэ ёсць happy hours: з 10.00 да 12.00 можна ўзяць эспрэса, амерыкана ці капучына за 1,5 рублі.


Кавярня “КофейнЯ”
вул. Савецкая, 5
Любыя класічныя напоі, акрамя эспрэса, у кавярні можна замовіць з сабой ахалоджанымі.


Веган-бар “Несцерка”
вул. Маставая, 35
“Несцерка” – веган-бар, таму замовіць з сабой тут можна эспрэса ці амерыкана. Неўзабаве ў гродзенцаў будзе магчымаць пакаштаваць і капучына – з соевым малаком.

Гастрабар”Werden”
вул. Маставая, 31
У “Werden” – класічныя напоі. Нядаўна з’явілася навінка – эспрэса-тонік, у якім спалучаецца гарачая кава, кубікі лёду, гарчынка тоніка і кіслінка лайма.

Кавярня “Раскоша 1795”
вул. Савецкая, 7
У меню каля 30 відаў кавы. Па жаданні можна выбраць Lavazza ці Vergnano. У пірожні побач можна замовіць кавалак торту.


Кавярня “Amato Coffee”
вул. Савецкая, 18
“Amato Coffee” – вулічная кавярня з вялізным спісам гарбаты, марозіва і кавы. У тым ліку, халоднай.
Кавярня “КофеМания”
вул. Савецкая, 31
Назва кавярні кажа сама за сябе: гэта месца для тых, хто любіць каву. Усе віды кавы, якія ёсць у меню, можна ўзяць з сабой. Праўда, не кожная кава гатуецца хутка.

Кавярня “Ці&кава”
вул. Віленская, 6
Цікавы летні рэцэпт з “Ці&кава” – капучына з мятным сіропам.
Кавярня “Шекспир”
вул. Дзяржынскага, 1/1
Фірмовыя рэцэпты і размяшчэнне ў папулярным парку Жылібера ідуць на карысць кавярні “Шекспир”.


Кавярня “Кофе Саунд”
вул. Ажэшкі, 35
“Кофе Саунд” спадабаецца аматарам салодкай кавы і напаўняльнікаў. Тут у каву дадаюць маршмэлоў, сіропы, топінгі, вяршкі. Часам усе напаўляльнікі спалучаюцца ў адным рэцэпце.






