«Святы раней былі іншымі - не параўнаць з сённяшнімі», — кажа 91-гадовы Ежы Мар’ян. Гродзенскія старажылы ў размове з Hrodna.life успомнілі, як у дзяцінстве адзначалі калядныя і навагоднія святы. Нашыя суразмоўцы — героі кніг успамінаў, якія Hrodna.life выпускае ўжо два гады.

Ежы і Тамара Кежкоўскія — карэнныя гродзенцы. Ежы Мар’ян нарадзіўся ў 1928 годзе, а Тамара Васільеўна ў 1933 годзе. Разам яны жывуць з 1953 года. Па даўняй традыцыі яны адзначаюць Каляды, як каталіцкія, так і праваслаўныя.

«Кожны ў Гродне на свята меў елку»

«Я католік, а жонка мая праваслаўная, таму прыходзіцца адзначаць Каляды два разы за год. Раней такая сітуацыя была ў Гродне, а як цяпер, я ўжо і не ведаю, — распавядае Ежы Мар’ян. — Ды і святы раней былі іншымі, не параўнаць з сённяшнімі. У дзяцінстве для мяне і нашай сям'і самае свята было з 24 на 25 снежня. За дзень да гэтага мама купляла ялінку і ставіла дома. Яе вясковыя прывозілі з лесу. Тады кожны ў Гродне на свята меў елку, нават самы бедны. Разам з цацкамі на елку вешалі цукеркі, але іх нельга было зрываць, гэта было сорамна. І яшчэ шмат свечак ставілі на елку, тады ж не было ліхтарыкаў. Калі іх запальвалі было вельмі прыгожа. А калі сям’я веруючая, то наверх ялінкі абавязкова ставілі сіонскую зорку і потым анёла».

"Каталікі запрашалі праваслаўных, а потым наадварот". Гродзенскія старажылы ўспамінаюць, як адзначалі Каляды і Новы год у 1930-40-я
Гродзенскія дзеці падчас калядных святаў шмат часу праводзілі на вуліцы, дзе каталіся на санках. 1930-я гг, горка на месцы сённяшняй плошчы Леніна

Чытайце таксама: «Карэнных гродзенцаў тут амаль не засталося». 90-гадовы жыхар Гродна ўспамінае жыццё пад палякамі, немцамі і саветамі


Да вайны на Каляды ў сям'і Ежы Мар’яна заўсёды спявалі песні і рыхтавалі смачны абед.

«Памятаю, абед быў з розных страў: клёцкі і пачастункі з макам. А зараз гэты мак забараняюць. Каб раней сказаў так прэзідэнт, з яго б смяяліся, сказалі - дурань нейкі. У нас у Станіславова два гектары маку саджалі і ніхто нічога не казаў.

Дома на Каляды пасля святочнага абеду заўсёды спявалі. У касцёлах праходзіла ўсю ноч імша, называлі яе «пастэрка» [ад слова пастыр, пастух]. Там маліліся і таксама спявалі песні. Мы раз праспявалі і клаліся спаць".

"Каталікі запрашалі праваслаўных, а потым наадварот". Гродзенскія старажылы ўспамінаюць, як адзначалі Каляды і Новы год у 1930-40-я
Гродзенская сям’я Мінючыц падчас Калядаў. 1930-я гг.

На Каляды ў багатай пані

У Ежы Мар’яна маці была руская, а бацька паляк, таму Каляды з самага дзяцінства ён адзначаў і з католікамі, і з праваслаўнымі.

«Пасля начной імшы на тры гадзіны дня мы запрашалі гасцей дадому, дарослым ужо можна было выпіваць [вячэра 24 снежня постная і без алкаголю, мяса і алкаголь ставілі на стол 25 снежня — рэд.]. Дзеці сядзелі асобна, ім нельга было быць з дарослымі за аднім сталом. Для іх былі спецыяльныя пачастункі.

Неяк з мамай мы пайшлі на Каляды да адной багатай жанчыны на Пілсудскага [суч. Леніна]. Яна запрасіла знаёмых людзей да сябе на свята. А мая маці рабіла ёй манікюр, вось і яе запрасіла. Памятаю гэтую жанчыну, называлі яе пані баранэса Біспінгова. Яна была вельмі багатая, мела некалькі маёнткаў.

Маці сказала мне: калі ты там нешта дрэннае зробіш, я табе вушы паабрываю. Перад выхадам мяне памылі ў ваннай, надзелі касцюм і адэкалонам памазалі. Я быў незадаволены. Калі прыйшлі да пані, то трэба было верш ёй расказаць, пацалаваць ручку і садзіцца за стол. Садзіліся за стол усе па два, але я трапіў дзе было чацвёра. Я сядзеў за сталом з двума дзяўчынкамі і хлопчыкам. Яны з багатых, напэўна, былі. На наш стол паставілі вялікі торт, а я так любіў салодкае. Да тарта давалі прыборы: ножык і лапатачку, каб можна было ўзяць сабе ў талерку. Каву налівала абслуга. Калі мне налілі, я адразу сабе ў кубак тры костачкі цукру ўваліў і пачаў мяшаць, а ў багатых сем’ях так не прынята.

Прыйшла мая чарга рэзаць торт, я ўзяў лапатку і адваліў такі вялікі кавалак, што не мог падняць яго. Дзяўчынкі смяяліся. Падняў і паставіў, каб не рассыпаць і каб ніхто не падумаў, якая я свіння. Пасля мама сказала мне, што чырванела з-за мяне. Наступным разам як нас запрасіла пані Біспінг, я ўжо не хацеў ісці да яе. Казаў маме: я баюся, ну яго. І мама адна пайшла".

Святы Мікалай і калядоўшчыкі

Каб агульную елку ў горадзе ставілі на плошчы ў 1930-я гады, Ежы Мар’ян, не памятае. Ён памятае толькі калядныя святы ў Новым замку.

«Вось там была спецыяльная елка для ўсіх дзяцей. Туды прыходзіў Святы Мікалай з падарункамі. Не той, якога называюць у нас Дзедам Марозам, а сапраўдны Святы Мікалай. Падарункі неслі анёлачкі. На святы дзеці спявалі песні і Святы Мікалай дарыў ім падарункі. А хто быў непаслухмяным, каля яго бегалі чэрці і пугу яму клалі. Быў сорам і страх».

Памятае гродзенец і калядоўшчыкаў і як у яго сям'і адзначаўся Новы год.

«Хто быў бяднейшы, той хадзіў па горадзе і калядаваў з зоркай у касцюмах, але гэта больш па вёсках было. Хадзілі яны і спявалі калядкі. Хтосьці выносіў ім каўбасу, можа і гарэлку якую-небудзь. А некаторыя нічога не выносілі. Проста зачынялі дзверы.

"Каталікі запрашалі праваслаўных, а потым наадварот". Гродзенскія старажылы ўспамінаюць, як адзначалі Каляды і Новы год у 1930-40-я
Калядоўшчыкі з Пярэселкі, 1940-я гг.
Да вайны свята на Новы год мы называлі Дзень святога Сільвестра. На гэтае свята, як і на Каляды, заўсёды гатавалі пачастункі. У ноч з 31 снежня на 1 студзеня, калі гадзіннік біў, у доме выключалася святло і ўсе абдымаліся. Пасля дарослыя сядалі за стол, а дзяцей не пускалі, бо баяліся, каб ніхто выпадкова гарэлкі не выпіў".

На Каляды немцы рабілі выхадныя

Ежы Мар’ян распавядае, што ў перыяд нямецкай акупацыі Гродна калядныя святы працягвалі адзначаць у горадзе.

«Немцы вельмі добра адзначалі святы. У іх жа каталікі, лютэране і евангелікі. Пачынаючы з 23 снежня і да 1 студзеня немцы рабілі выхадныя, можна было святкаваць і адпачываць. І на рускае Раство рабілі выхадныя. А пры саветах каталіцкае Раство ў Гродне рабілі спецыяльна працоўным днём. Калі на працу не прыйшоў у гэты дзень, то адразу на дыван да начальніка вызывалі. Ніякіх святаў, Бога няма. Вось так было».

Падчас акупацыі было не да Каляд

Жонка Ежы Мар’яна Тамара Васільеўна ўспомніць свае дзіцячыя моманты на Каляды ў 1930−40-я гады не можа. Палякаў яна не памятае, а падчас нямецкай акупацыі іх дом у цэнтры Гродна згарэў.

«Бомба туды ўпала і ўсё. У той час наша маёмасць прапала. Таму ўсю акупацыю нам даводзілася хадзіць па кватэрах, было не да святаў. Толькі ў савецкія гады мы пачалі адзначаць святы. Я праваслаўная, а Ежы каталік, таму мы адзначалі заўсёды Каляды два разы».

"Каталікі запрашалі праваслаўных, а потым наадварот". Гродзенскія старажылы ўспамінаюць, як адзначалі Каляды і Новы год у 1930-40-я
Гродзенскія дзеці на калядныя святы хадзілі на каток спартыўнага клуба «Крэсовія». Здымак 1930-х гг. Архіў сям'і Пытлевіч

Чытайце таксама: Успаміны 86-гадовай гродзенкі: «Мы, беларусы, ніколі так не жылі, як тыя, хто да нас прыходзіў»


На Каляды на стале павінна было стаяць 12 розных страў

Караль Калвейт жыве ў польскім Слупску, але сваё дзяцінства і калядныя святы ў Гродне ў 1930−40-я гады ён памятае дагэтуль.

«Было заўсёды цікава на Каляды, асабліва знаходзіць падарункі пад елкай. Апоўдні дома мы ставілі елку, якую прывозілі з лесу. Упрыгожвалі яе ўсёй сям’ёй, вешалі туды абавязкова цукеркі. Потым усе сядалі за стол. На стале павінна было стаяць 12 розных страў. Такая традыцыя была. Маліліся, з’ядалі аплатак і только пасля елі стравы. Ноччу ішлі на «пастэрку», кожны ў свой касцёл. Мы ішлі ў Фарны. Там маліліся і спявалі календы.

У цэнтры Гродна, на плошчы Баторыя (суч. плошча Савецкая) паміж касцёламі падчас святаў ставілі вялікую елку. У Гродне заўсёды жылі каталікі і праваслаўныя, таму адзначалі абодва Раства. Спачатку адно, а праз два тыдні іншае. І каталікі запрашалі на свята да сябе праваслаўных, а потым наадварот. Гродзенскія яўрэі ж мелі свае святы, нас яны называлі гоямі і адзначалі асобна".


Чытайце таксама: «Не рускія людзі былі ворагамі, а савецкая ўлада». Яшчэ адна частка з кнігі «Гісторыі з гродзенскіх вуліц«


У Караля ў сямейным архіве захавалася ўнікальная фатаграфія, на якой бачна, як гродзенскія дзеці ў 1930-я гады адзначалі Каляды са Святым Мікалаем.

"Каталікі запрашалі праваслаўных, а потым наадварот". Гродзенскія старажылы ўспамінаюць, як адзначалі Каляды і Новы год у 1930-40-я
Каляды ў гродзенскім дзіцячым садку са Святым Мікалаем, 1930-я гг.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life