Пакуль кніга «Гісторыі з гродзенскіх вуліц» друкуецца, публікуем заключную главу выдання. Гэтая гісторыя 90-гадовага Караля Калвейта, які сёння жыве ў польскім Слупску, але ў 1930−40-я жыў у Гродне.

Караль Ігнацьевіч Калвейт нарадзіўся ў Граеве (Польшча) ў 1929 годзе. У Гродна з бацькамі пераехаў у 1933 годзе. Пасля вайны рэпатрыяваўся ў Польшчу. Першае знаёмства Караля з Гроднам было звязана з вуліцай Цмэнтарнай (cуч. 4-ы Падольны завулак) паміж старымі праваслаўнымі і каталіцкімі могілкамі. Яго сям’я жыла там у драўляным доме, недалёка быў Нёман. Бацька Караля быў польскім афіцэрам, ротмістрам. Ён рэдка бываў дома. Маці Караля працавала краўчыхай на вуліцы Ерусалімскай. Неўзабаве сям’я перасялілася ў дом побач з гарадскім тэатрам.

«У той момант маці з бацькам разышліся, гэта былі справы дарослых, і я не ўмешваўся. Пасля гэтага маці складана стала мяне ўтрымліваць, і яна аддала мяне ў дзіцячы дом на вуліцы Пілсудскага (суч. Леніна). Там было добра, дзяцей усім забяспечвалі, на выхадныя яна магла мяне забіраць. Былі ў гэтым доме дзеці з розных польскіх і беларускіх сем’яў. Апека вельмі добрая, кармілі і апраналі. З гэтага прытулка я пайшоў вучыцца ў школу „батаруўку“. Часам на выхадныя і вакацыі з аднакласнікамі нас вадзілі ў Пышкі. Там быў каменны дом для дзяўчынак і драўляны для хлопчыкаў. Была і каплічка, спецыяльна прыязджаў ксёндз для службаў».

«Не рускія людзі былі ворагамі, а савецкая ўлада». Яшчэ адна частка з кнігі "Гісторыі з гродзенскіх вуліц"
Караль (першы злева ад жанчыны) з сябрамі пасля першай камуніі, 1930-я гг.

Залазілі на дах Фарнага касцёла, каб уразіць сяброўку

У выхаванцаў дзіцячага дома быў вольны час: можна было займацца ў спартыўных секцыях, а пры жаданні ісці з выхавацелямі або бацькамі прыслужваць у касцёлах ці цэрквах. Караль быў міністрантам у Фарным і Гарнізонным касцёлах, часам хлапчукоў запрашалі прыслужваць і ў іншыя храмы.

«У дзяцінстве мы былі хуліганамі, і часам праз нашую дурасць ксяндзам даводзілася нас выганяць. Але праз некаторы час яны ўсё роўна па нас прыходзілі. Аднойчы, каб уразіць сваю сяброўку Гертруду, якая жыла на Віленскай, мы з сябрам Збышкам залезлі на дах Фарнага касцёла. Гэта цяпер думаеш: як гэта магчыма, але тады пра гэта не думалі. Гертруда сказала, што гэта адважны, але дурны ўчынак. Можна было ўпасці, але ўсё з намі было добра».

«Мы паважалі дзяўчат і хацелі ім спадабацца. Не дай бог, калі хтосьці пры дзяўчыне скажа слова „халера“, гэта было некультурна. Яшчэ да вайны многія з нас былі харцэрамі, і калі нехта хацеў папаліць, то здымаў спецыяльны крыж у кішэню і толькі тады курыў. Харцэры не павінны былі паліць, мы былі прыкладам для іншых. Наогул, мы стараліся сябе паводзіць як дарослыя. Калі заляцаўся да Гертруды, то і торбу насіў за яе, і запрашаў на шпацыры. Гэта было за шчасце — правесці яе дадому або над Нёманам на Замкавай гары разам пасядзець. Гэта быў найлепшы час у Гродне».

«Лепш польскую булку, чым жыдоўскую»

Хуліганіў Караль з сябрамі не толькі ў касцёлах, але і на вуліцах. Часта іх дзіцячыя жарты былі звязаны з яўрэямі.

«У Гродне перад вайной было шмат яўрэяў. Гандлявалі яны ў цэнтры актыўна, хадзілі да іх, і гэта нягледзячы на палітыку „не купляй у жыда“. Бо танней было. Паліцыя карала за антыяўрэйскія надпісы ў горадзе. Памятаю, адзін час мы білі з рагаткі вітрыны аднаму яўрэю. Ён нерваваўся, а побач хадзіў паляк і ўсё крычаў, што ўстаўляе шкло. У нас была дамова з гэтым шкляром — якую вітрыну паб’ём, такі і заробак. У сярэднім ён даваў 5 грошаў, за іх можна было купіць салодкую булку, цукерку ці шакалад. Яўрэй жа зразумеў, у чым справа, і неяк падышоў да нас і сказаў: „Вы як б’яце шкло ў жыда, то маеце грэх у пана ксяндза. Вам за гэта плацяць 5 грошаў, але я гатовы 10 даць і вы больш біць мне не будзеце. Тады ў вас не будзе і граху“».

Часам хлопцы згаджаліся з яўрэем, а часам пасылалі яго куды падалей і казалі, што лепш будуць есці польскую булку за 5 грошаў, чым жыдоўскую за 10.

«Яшчэ памятаю выпадак, як жартавалі з яўрэяў. Яны ж у сінагогах маліліся і часта вокны адчынялі. А мы туды неяк варону запусцілі і крычым: „Вось ваш месія!“. У сінагозе крык і шум, а мы ўцякаем. Яўрэі крычалі нам у адказ: „Вы — хуліганы з Пагулянкі!“. Ну гэта так, дзіцячыя забавы, а наогул з яўрэямі мы сябравалі. Побач некаторыя жылі, то ў футбол разам гулялі. Напрыклад, Юрэк і Мойша за адну каманду, а Алёша і Янак за другую. Нармальна было. Так і жылі да вайны».

«Не рускія людзі былі ворагамі, а савецкая ўлада». Яшчэ адна частка з кнігі "Гісторыі з гродзенскіх вуліц"
Караль (справа) з сябрамі ў гарадскім парку, 1940-я гг.

Чакалі вайну з немцамі і збіралі грошы

У дзіцячым доме Караль прабыў да пачатку Другой сусветнай вайны. 1 верасня 1939 года, калі ў небе над Гроднам з’явіліся нямецкія самалёты, група Караля знаходзілася ў Пышках.

«Праз некалькі гадзін пасля налёту авіяцыі па мяне прыехала маці і забрала мяне. А так выхавальнікі дзяцей не адпускалі. Казалі, што ў Пышках бяспечней, чым у горадзе. Натуральна, у школу мы не пайшлі праз вайну. Вайны з немцамі мы чакалі і збіралі грошы для войска. Яшчэ пасля заканчэння навучальнага года перад намі выступаў дырэктар „батаруўкі“ і казаў пра складаны час і цяжкасці, якія чакаюць нашу краіну».

Маці забрала Караля з Пышкоў у дом каля тэатра. Першы час нямецкія самалёты яшчэ ляталі над горадам, але бліжэй да сярэдзіны верасня перасталі. У Гродне з’явіліся чуткі, што рускія прыйдуць дапамагаць палякам у вайне з немцамі, але выйшла інакш. «Яны ішлі забіраць нашы землі сабе. У Гродне некаторыя яўрэі сустракалі камуністаў, будавалі брамы вітальныя. Пачыналі страляць у польскіх салдат».

«Мы з мамай у адзін з дзён ішлі Дамініканскай, і нас спыніў польскі афіцэр. Сказаў, каб мы тут не хадзілі, бо яўрэі страляюць. А тады яшчэ ў Гродна не ўвайшлі савецкія войскі. Адзін такі яўрэй страляў з акна па салдатах, дык яго падлавілі і падстрэлілі».

«Не рускія людзі былі ворагамі, а савецкая ўлада». Яшчэ адна частка з кнігі "Гісторыі з гродзенскіх вуліц"
Караль (злева) з сябрам каля Фарнага касцёла, 1940-я гг.

Бралі зброю і беглі на крык

Паводле ўспамінаў Караля, барацьба з бальшавікамі ў 1939 годзе ў Гродне пачалася з вуліцы Скідзельскай. Там былі першыя баі, пасля пачалася абарона каля моста.

«Не пускалі ў Гродна рускіх. Потым яны пачалі прарывацца праз Нёман. Спачатку танкамі, а пасля пяхотай. Гродна абаранялі вайскоўцы, студэнты, моладзь і падлеткі. Усе, хто хацеў абараняцца, беглі на стрэлы. Пасля саветы прарваліся праз мост і ўвайшлі ў горад вуліцай Маставой, але і там абарона працягнулася. На вуліцах з’явілася французская гармата, якую знайшлі ў адной з казармаў. Было для яе некалькі патронаў. У горад уехала каля пяці савецкіх танкаў».

У падвале дома каля тэатра дзеці налівалі ў бутэлькі бензін. Пыталіся ў старэйшых хлопцаў, для чаго гэта, а тыя адказвалі: «Гэта не вашая справа, а наша». Гатовыя бутэлькі выносілі на вуліцу, старэйшыя кідалі іх у танкі.

«Мяне маці не пусціла на вуліцу, я праз акно глядзеў, што адбываецца. Памятаю, як машына пад’язджала на вуліцу, адтуль выйшаў паліцэйскі і выдаваў зброю добраахвотнікам, там былі і маладыя дзяўчаты. Бралі зброю, а пасля беглі туды, дзе крычалі, што б’юць саветаў. Казалі, што савецкія салдаты крычалі абаронцам: „Мы вас прыйшлі вызваліць“. Але людзі абараняліся і некалькі танкаў здолелі падпаліць. У выніку рускія адолелі абаронцаў і ўвайшлі ў горад. Усіх, хто прымаў удзел у абароне, вылоўлівалі і расстрэльвалі, паводле некаторых дадзеных, расстралялі каля 300 абаронцаў. У палон не бралі нават тых, хто забарыкадаваўся ў Доме афіцэраў. Яны пачатку адстрэльваліся, а пасля здаліся. Іх расстралялі».

«Не рускія людзі былі ворагамі, а савецкая ўлада». Яшчэ адна частка з кнігі "Гісторыі з гродзенскіх вуліц"
Караль Калвейт, 1940-я гг.

Жонкі камандзіраў везлі бульбу і сухары

Абарона Гродна доўжылася тры дні. Паводле Караля, калі скончыліся арышты і расстрэлы абаронцаў, пачаліся савецкія мітынгі і агітацыйныя праграмы.

«Калі ішоў вуліцай, камуністы вылоўлівалі і запрашалі ў кіно ці тэатр. Там выступаў нейкі яўрэй: распавядаў, як палякі іх мучылі, што было вельмі дрэнна за Польшчай, і як стала добра з саветамі. Усё хутка змянялася, яўрэі пачалі казаць так: „Ну ўсё, палякі нас больш не будуць мучыць. Цяпер мы не жыды, а яўрэі“. З часам савецкая ўлада пачала людзей вывозіць. Цэлымі сем’ямі ў вагонах на Сібір. Не рускія людзі былі нашымі ворагамі, а савецкая ўлада. Былі і добрыя салдаты, некаторыя жонкі камандзіраў дапамагалі мясцовым».

Калі саветы прыйшлі, яны шмат чаго не разумелі. «Ім распавядалі, што яны едуць на захад вызваляць народ ад польскіх паноў, думалі, голад у нас. Савецкія камандзіры прывозілі з сабой у Гродна свае сем'і. Жонкі іх везлі да нас сухары і бульбу, каб дапамагчы.

З іх дзяцей мы смяяліся. Былі выпадкі, што савецкія дзеці насілі ў кішэнях «маскаліка» — малога селядца, якога на вуліцы даставалі і пасмоктвалі. Прапаноўвалі мясцовым, а нам дзіка было на гэта глядзець. Гналі іх".

Рускім падабаліся польскія тавары. «Памятаю, як адзін прасіў у нас гарэлкі мясцовай. Мы вады ў бутэльку налівалі, лакам абводзілі манету польскую з арлом і ставілі пячатку, дзе-небудзь нешта дапісвалі. Калі салдат бачыў на бутэльцы арла, то адразу думаў, што добры тавар. Бывала, давалі ім і добрую гарэлку, але за гэта нас падвозілі ў пэўныя месцы або дзяліліся якой-небудзь інфармацыяй».

Агітавалі ўступаць у піянеры

Дзесьці ў кастрычніку 1939 года ў дом сям'і Калвейтаў прыйшлі супрацоўнікі НКУС і далі распіску, што яны павінны пакінуць жыллё каля тэатра. Узамен сям'і далі пакой на Парахавой.

«На гэтай вуліцы мы жылі ўтрох: маці, бабуля і я. Побач былі казармы. За саветамі я пайшоў яшчэ вучыцца ў „батаруўку“. Усяго адзін дзень там правучыўся, бо прымушалі размаўляць на рускай мове. Дзеці плакалі і казалі, што хочуць вучыцца на польскай. Пасля таго, як я атрымаў па твары і пачуў абразы ў свой адрас, я больш не пайшоў у гэтую школу. Маці запісала мяне ў іншую, на вуліцы
Вітальдовай. Там нам выкладалі па-польску, але і агітавалі ўступаць у піянеры. Я не ўступіў, але сваё абяцанне да гэтага часу памятаю: „Я, юный пионер, даю пример: курить табак, гонять собак, ловить котов и бить жидов“».

«Яўрэі таксама з нас смяяліся, казалі: „Ты, польская морда, дзе ваша Польшча? Ужо вашай Польшчы няма“. Тады мы прапаноўвалі яўрэям ехаць у Палестыну: „Варшава і Кракаў для палякаў, а вы жыды і свінні, вон да Палестыны“. Мы былі дзецьмі: спачатку лаемся паміж сабой, а потым гуляем у футбол або іншыя гульні. Але калі нас абражалі, мы заўсёды адказвалі».

У той час на вуліцах стараліся гаварыць на польскай мове, а калі прымушалі размаўляць па-руску, адказвалі салдатам: «Товарищ Сталин не запрещает разговаривать на польском языке». Гэта была найлепшая абарона: супраць Сталіна ніхто не ішоў.

«Маладыя яўрэйкі тым часам стараліся спадабацца савецкім камандзірам, нейкія з іх выходзілі замуж. За маёй маці спрабаваў бегаць адзін такі, запрашаў нават у кіно. Неяк ён пераапрануўся ў цывільную польскую вопратку і прыйшоў да нас, але мама сказала, што нікуды з ім не пойдзе, бо суседзі будуць смяяцца.

Цяжка было за першымі саветамі, вельмі. Бабуля ўладкавалася ў чыгуначнае дэпо. А маці не працавала, у асноўным займалася хатнімі справамі. Бацька як з’ехаў у жніўні 1939 года на вайну, так і не вярнуўся".

Пераезд на Паўночную

Пасля двух гадоў жыцця з саветамі ў Гродна ўвайшлі нямецкія часткі. Гэта стала нечаканасцю для Караля. Тады кватэра яго сям'і пацярпела ад налёту нямецкай авіяцыі.

«Немцы як напалі, то адразу скідалі бомбы на Гродна. Шмат кідалі, і адзін са снарадаў трапіў у наш дом на Парахавой. Побач былі казармы, і сцяна адной з іх звалілася на нашу кватэру. Мы моцна не пацярпелі. Толькі пыл патрапіў мне ў вочы, я першы час нічога не бачыў. Усё балела. З хаты нас выцягвалі суседзі. Калі стаў мыцца, толькі потым патроху бачыў. Праз некаторы час пайшлі да лекара, і мне выпісалі акуляры».

Калі пачалася вайна, маці Караля стала шукаць новую кватэру. Знайшлі нядрэннае жыллё на Паўночнай: яўрэйскую кватэру, уладальнікаў якой забралі ў гета. Там былі два пакоі, кухня, засталіся некаторыя яўрэйскія рэчы.

«У гэтым двухпавярховым доме жыло пяць сем’яў. На першым паверсе — румын Маймеска і сям’я маёй дзяўчыны Надзі, яны былі ўкраінцамі. З ёй мы адзін для аднаго на „вы“ былі. У нас з Надзяй каханне было. Калі хтосьці казаў, што Надзя непрыгожая, то я гатовы быў у морду даць. Вельмі прыгожая дзяўчына. Пасля вайны ў нас сувязь абарвалася. У Надзі быў брат Алёша. Ужо за другімі саветамі яго ў армію адпраўлялі. Усім домам. Гэта быў наш сябар, наш сын, наш брат Алёша». У доме ўсе сябравалі.

«Дарэчы, саветы як уцякалі з Гродна, то выраблялі страшныя рэчы. Напрыклад, да прыходу немцаў усіх вывезці і расстраляць з турмы яны не паспявалі, таму шукалі хуткія спосабы знішчэння вязняў. Казалі, што нават адчынялі дзверы і кідалі гранаты ў камеру з людзьмі. А былі там і крыміналісты, і добрыя людзі, якіх пасадзілі за палітыку. Людзі, якія не падабаліся саветам. Гродзенцы пасля сыходу рускіх хадзілі ў турму і шукалі сваіх сваякоў, але шматлікіх ужо не было сярод жывых».

«Не рускія людзі былі ворагамі, а савецкая ўлада». Яшчэ адна частка з кнігі "Гісторыі з гродзенскіх вуліц"
Караль Калвейт на вежы Фарнага касцёла, 1940-я гг.

За таемную вучобу — у працоўны лагер

Падчас нямецкай акупацыі Караль дапамагаў яўрэям у гета на вуліцы Скідзельскай, насіў ім ежу. Праз некаторы час малады гродзенец і сам апынуўся ў працоўным лагеры, дзе прабыў два з паловай гады.

«За немцамі ўжо было не да жартаў, яўрэі апынуліся не ў найлепшым становішчы. Людзі ім дапамагалі, насілі ежу. Я сам некалькі разоў кідаў перадачкі ў пэўнае месца, а потым ужо малыя яўрэі забіралі іх. Вязняў калі лавілі, то вешалі на браме дамоў. Небяспечна было мець зносіны са знешнім светам».

У час нямецкай акупацыі маці Караля працавала на закрытай кухні, гатавала ежу для салдат. Пасля — на іншай кухні, на вуліцы Скідзельскай, дзе было паселішча вясковых людзей пасля гета. Караль хадзіў на таемныя заняткі, непадалёку ад дома на Паўночнай. Там вывучалі розныя прадметы па-польску. «Нехта данёс, і нас усіх злавілі. Дзяцей адправілі ў былую рамесную вучэльню на Падольную, там быў працоўны лагер, а настаўніцу — у турму. На Падольнай я працаваў спачатку токарам, потым займаўся іншай працай. Тамсама і жыў. Побач са мной былі як хлопцы 12 гадоў, так і дарослыя мужчыны. Тэрыторыя была агароджаная калючым дротам з боку моста. Недалёка была крама, там працавалі дзве маладыя немкі, Эма і Эрыка, можа, гадоў па 16 ім было. З Эмай я пасябраваў, яна мяне вучыла нямецкай, а я яе — польскай».

Уцёкі з лагера

Летам 1944 года, калі Чырвоная армія ўжо ішла на Гродна, Эма дапамагла Каралю ўцячы з лагера. «Яна мне сказала, што ўначы будуць эвакуяваць лагер, напэўна, у Германію. Сказала мне ўцякаць з боку чыгуначнага моста. Там будзе стаяць нямецкі салдат, але ён не абыходзіць лагер, яго цікавіць мост. Уцякалі мы ўначы з сябрам Яцэвічам. Пралезлі праз калючы дрот і выйшлі да дамоў, схаваліся ў хляве. Думалі, хто там жыве, палякі ці немцы?».

Раніцай з’явіліся гаспадары, пачалі гаварыць па-польску, тады хлопцы выйшлі і прадставіліся. Гаспадары схавалі іх у сябе і далі цывільную вопратку замест працоўнай. «Прасілі гэтых людзей паведаміць нашым родным, што мы ўцяклі, але яны адмовіліся гэта рабіць, сказалі, што на гэтым этапе лепш сядзець ціха і нікому нічога не казаць».

У гэтым доме каля моста хлопцы прабылі да таго моманту, пакуль у Гродна не ўвайшлі рускія. «Страляніна была вельмі блізка, а мы ўжо з сябрам праз цэнтр вярталіся дадому. Саветы на адным баку горада стаялі, а немцы на другім беразе Нёмана акопы капалі. Дзякуй гэтай Эме, інакш бы вывезлі нас кудынебудзь. Эму я спаткаў пасля вайны ў Польшчы, сустракаліся як добрыя прыяцелі. Потым яна з’ехала ў Германію».

Спаліў дакументы ў былой ратушы

Пасля вызвалення Гродна Караль з маці некаторы час яшчэ працягваў жыць у горадзе, але пасля яны вырашылі з’ехаць у Польшчу як рэпатрыянты.

«Мы думалі, Гродна будуць вызваляць польскія салдаты, і горад вернуць Польшчы, але не. Вельмі пераймаліся праз гэта, і мала хто хацеў пакідаць родны горад, але трэба было ехаць. Калі з’язджалі, то казалі сабе, што вернемся ў Гродна, але ніхто не вярнуўся».

Перад ад’ездам Караль з сябрамі падпаліў скрыні з дакументамі ў былым будынку гродзенскай ратушы, які стаяў на сучаснай Савецкай плошчы. У час першых саветаў там былі ўсе паперы на гараджан. Улады ведалі, хто кім быў за польскім часам, і карысталіся гэтым: арыштоўвалі людзей, пасля вывозілі. Пасля вайны гэты будынак зноў сталі выкарыстоўваць і зноў пачаліся арышты.

«Некалькі падлеткаў, у тым ліку і я, падпалілі скрыні, але прыехалі пажарныя і залілі ўсё вадой. Як мы падпальвалі: бралі каністру і шнурок, вымачаны ў бензіне. Адзін загаворваў ахоўніка, другі падпальваў. Першы раз не атрымалася, толькі на другі раз здолелі падпаліць. Як гарэла ратуша, мы глядзелі з вежы Фарнага касцёла. Другі раз ужо кінулі гранату. Страшна не было, мы былі маладымі і дурнымі. Мы нездарма гэта рабілі, так трэба было». [рэд. Гісторыя з падпалам ратушы К.Калвейтам не пацвярджаецца гістарычнымі крыніцамі]

«Пакідаю роднае месца і еду ў невядомы мне свет»

«Палякі сталі з’язджаць з Гродна адразу пасля вайны. У Доме афіцэраў быў польскі рэпатрыяцыйны пункт. Там нам далі даведку на выезд у Польшчу. Мы з маці выехалі з Гродна, бо баяліся, што даведаюцца пра маю дзейнасць і вывезуць у Сібір. Хто-небудзь мог выдаць, трэба было тэрмінова з’язджаць. За дзень да ад’езду я падняўся на вежу Фарнага касцёла і цвіком напісаў: „Я, Караль Калвейт, пакідаю роднае месца і еду ў невядомы мне свет“».

У студзені 1945 года сям’я пакінула Гродна і прыехала ў Саколку. Ехалі два тыдні. Спачатку цягнік паехаў на ўсход, людзі сталі хвалявацца, плакаць і думаць, што іх вязуць у Сібір. «Праехалі да нейкага дэпо, там некалькі дзён стаялі, потым — назад у Гродна, і ўжо адтуль паехалі ў бок Польшчы. Праехалі Караліно і Ласосна. Праязджаем яшчэ трохі, і стаяць чырвонаармейцы, правяраюць дакументы, а ўдалечыні - польскія салдаты. Той момант, калі быццам ты і ў Польшчы, але яшчэ могуць вярнуць. Праверылі дакументы, і цягнік праехаў яшчэ каля 500 метраў. Увайшлі палякі і гучным голасам: „Dzień dobry państwu! Witamy w Polsce!“["Добры дзень! Вітаем у Польшчы!"] Усе пачалі плакаць і цалавацца з гэтымі жаўнерамі. Паехалі далей, там Кузніца і Саколка. У Польшчы на кожнай станцыі стаялі пункты з лекарам і кухняй. Таксама рэпатрыянтам давалі грошы і пыталіся: куды хочаш ехаць, дзе маеш сваякоў у Польшчы і гэтак далей. Мы планавалі ехаць да Эльблонга, але прабылі ў Саколцы каля шасці месяцаў».

Там Караль пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, якая таксама была родам з Гродна. Толькі потым, ужо разам, яны паехалі ў Элк і Эльблонг. Караль пайшоў у польскае войска, пасля ўладкаваўся міліцыянтам і ездзіў па розных гарадах. Цяпер ён жыве ў Слупску — горадзе-пабраціме Гродна.

«Дзе ўсе тыя гродзенцы…»

Вярнуўся Караль у Гродна толькі ў пачатку 1990-х, калі разваліўся Саюз і з’явілася Рэспубліка Беларусь.

«Праз столькі гадоў я вярнуўся ў родны горад. Гродна быў тым жа старым месцам, знаёмыя вуліцы, але вось людзі ўжо былі іншымі. Калі ішоў Дамініканскай, мяне парадаваў звон нашых храмаў, адразу ўспомніў дзяцінства. Схадзіў да замка на сваё любімае месца. Сеў на старыя муры і глядзеў на Нёман, як у дзяцінстве з Гертрудай. Сядзеў і ўспамінаў тыя добрыя гады, як плавалі на Нёмане і спявалі на набярэжнай. І думаў - дзе ўсе тыя гродзенцы, якія вымушаныя былі пакінуць родны горад?».

«Не рускія людзі былі ворагамі, а савецкая ўлада». Яшчэ адна частка з кнігі "Гісторыі з гродзенскіх вуліц"
Караль Калвейт у 2019 годзе

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life