«Гэта не тое жыццё, пра якое я марыла». Дзяўчына-сірата з Гродна чатыры гады жыве ў лесе

Блакітнавокай брунетцы Марыі 29 гадоў. Апошнія 4 гады яна жыве ў лесе на ўскраіне Гродна. Сябе дзяўчына бамжом не лічыць, хоць і не мае дакументаў. Некалькі разоў бяздомная спрабавала аднавіць свае правы ў грамадстве і зладзіць нармальнае жыццё. Але аказалася, што зрабіць гэта няпроста.

Пасля вучобы нармальнае жыццё скончылася

Марыя нарадзілася ў Гродне на вуліцы Пушкіна ў 1989 годзе. Яе бацькі былі алкаголікамі і іх пазбавілі бацькоўскіх правоў. Сямейную кватэру яны прапілі, а трое дзяцей трапілі ў дзіцячыя дамы.

«Я трапіла ў Панямуньскі дзіцячы дом. А адтуль мяне ў 10 гадоў перавялі ў Дзятлаўскую школу-інтэрнат, — распавядае Марыя. -
Пасля школы я паступіла ў Гродзенскі тэхналагічны каледж. Яшчэ ў свайго выхавальніка я пыталася: куды мне паступаць і кім мне быць у гэтым жыцці? Прапанавалі вучыцца на кветкавода-азеляніцеля. У выніку і пайшла туды, што ў будучыні аказалася памылкай».

Скончыўшы каледж, Марыя атрымала свабоднае размеркаванне і па спецыяльнасці не працавала. Уладкавалася на адно з прадпрыемстваў горада, зарабляла спачатку нармальна. Калі пачаліся цяжкасці з заробкам, ёй прыйшлося сысці.

«Ужо ў той час я пачынала жыць па блатхатах-упісках, бо жыць не было дзе. Менавіта тады, у 18 гадоў, скончылася маё нармальнае жыццё».

Марыі 29 гадоў. Апошнія 4 гады яна жыве ў лесе

Далі кватэру ў Свяцку, а працу даць забыліся

Марыя расказвае, што дзяржава па законе павінна было даць ёй як сіраце кватэру. Але здарылася гэта крыху пазней і пры дзіўных абставінах, калі дзяўчына ўжо страціла працу ў Гродне. Марыі прапанавалі пераехаць у Свяцк.

«Усім сіротам дзяржава ў нас дапамагае. Я таксама чакала гэтай дапамогі. Адзін час я падзарабляла ў праваслаўнай епархіі і мне павінны былі прапанаваць добраўпарадкаванае жыллё ў якім-небудзь Скідзелі. Менавіта там майму брату далі ўласнае жыллё.

Але мне далі чамусьці арэндную кватэру ў Свяцку, толькі з адной газавай плітой. Чаму не ў Гродне? Таму што я прапісаная была ў раёне, а статус сіраты зафіксаваны ў Панямуньскім дзіцячым доме. У Свяцку мне абяцалі працу, але, вядома ж, я яе там не знайшла. Нават пад’ёмных дзяржава не выдала. Прыйшлося выжываць у гэтай вёсцы: дапамагаць бабулям. Яны мне за ўборку давалі прадукты. Нават потым пліту прыйшлося абмяняць на прадукты».

Лес на ўскраіне Гродна, у якім Марыя жыве са сваім хлопцам
Так дзяўчына чатыры гады кожны дзень кіпяціць сабе ваду.

«Спім у намёце, выглядаем добра»

Надоўга ў Свяцку Марыя не затрымалася. За дзяржаўную кватэру, у якой ніхто не быў прапісаны, плаціць ёй не было чым. Расла запазычанасць і дзяўчыну ў выніку выселілі. На сённяшні дзень на Марыі вісіць доўг за кватэру — парадку 1200 рублёў.

У час бадзяння па кватэрах і лясах знік пашпарт і іншыя дакументы. Аднавіць яго без прапіскі аказалася няпроста.

«Пасля Свяцкая, я жыла на „блатхатах“ у Гродне, а пасля ў лясах горада і так ужо каля чатырох гадоў разам са сваім хлопцам. Спачатку каля Старога моста на пагорку ў будане жылі, нават вайскоўцы патрульна-паставой службы прыходзілі, як на экскурсіі, смяялася з нас. Ці спрабавалі яны мне дапамагчы? Ну вядома, штрафам.

Пасля мы вымушаныя былі сысці на ўскраіну горада, дзе і жывем зараз. Спім у намёце, выглядаем добра. Стараемся быць падобнымі да людзей, хоць і па сметніцах лазім і выпіваем часам. Вярнуцца да добрага жыцця заўсёды хочацца, але вось зрабіць дакументы мне зараз складана, а для мяне гэта важна.

Я проста не ведаю, куды мне ісці і ў каго прасіць аб дапамозе. Я неяк спрабавала хадзіць па кабінетах, каб аднавіць пашпарт, але мяне ўсе перанакіроўвалі. Я нават да мэра Казялкова трапіла на прыём, але нават ён не змог мне дапамагчы. Хадзіла і ў каледж, каб заверыць дакументы, але і яны не дапамаглі, хоць я там і вучылася».

Каб ездзіць у Дзятлава, дзе быў інтэрнат, і дзе таксама можна нешта даведацца, патрэбныя грошы. А іх у Марыі няма.

Палатка, у якой Марыя жыве са сваім хлопцам. Яе падарыў сябар
Так выглядае жыллё пары знутры. Шмат коўдраў, каб уначы не змерзнуць. У намёце Марыя і яе хлопец захоўваюць і ўсе свае рэчы.more

«Ноч — наш час»

Выжывае пара дзякуючы збору металу. Амаль кожную ноч яны выходзяць на пошукі сыравіны, а раніцай вязуць здаваць знойдзеныя «скарбы».

«Працуем мы выключна ўначы. Ходзім па раёне і шукаем метал. Днём адпачываем, а ноч — гэта наш час. У тыдзень на дваіх можам зарабіць 20 рублёў. Грошы ў першую чаргу трацім на прадукты і розныя патрэбы. Я ўвесь час папаўняю баланс на тэлефоне — па вечарах з хлопцам мы глядзім відэа на Youtube.

Выпіўку таксама купляем, але не ўвесь час. Сябе алкаголікам я назваць не магу, у мяне няма залежнасці. Вось, напрыклад, калі ў лесе холадна, то выпіць можна, як і на свяце якім-небудзь.

Мы — звычайныя людзі, якія жывуць у лесе. У нас ёсць акуратная вопратка на выхад у горад, якую мы хаваем. А штодзённае адзенне ў нас такое, у якім можна працаваць. Ёсць людзі, якія дапамагаюць мне, як працай, так і сродкамі. Я ім вельмі ўдзячная».

Адзіны дакумент, які захаваўся ў Марыі. І то яго ўжо мышы пагрызлі.
Так Марыя выглядала ў 2017 годзе, калі планавала аднавіць пашпарт. На зімовы перыяд свае доўгія валасы дзяўчына абрэзала, бо ёй цяжка было іх даглядаць.more

Не тое жыццё, пра якое марыла

Дзяўчына да лесу ўжо прывыкла, але раней яна не магла нават уявіць сабе такога жыцця. Летам, калі Марыю бачаць у лесе, многія прымаюць яе за адпачываючую. Зімой дзяўчына нашмат часцей можа пачуць у свой адрас слова «бомж». Часцей за ўсё так яе называюць падлеткі.

«Нас ніхто не крыўдзіць і мы можам за сябе пастаяць. Мы не смецім у лесе, заўсёды стараемся падтрымліваць парадак. Для мяне гэта важна, я люблю чысціню. Калі нам холадна, мы распальваем вогнішча і робім чай. Тэлефон зараджаю на запраўках або ў крамах. Мыюся цалкам раз у месяц у гарадской лазні. Палатка ў нас добрая, не змакае, яе падарыў нам мой сябар. Спаць ноччу ў лесе ў ёй не страшна, але часам пабойваешся ў навальніцу і ў моцны вецер, каб нічога не звалілася».

Марыя сябе бамжом не лічыць і будзе спрабаваць аднавіць свае правы ў грамадстве. Дзяўчына спадзяецца на падтрымку дзяржавы.

«Цяпер хоць бы дворнікам уладкавацца…»

Марыя марыць зрабіць дакументы і ўладкаваць сваё жыццё. Для дзяўчыны важна знайсці працу, атрымліваць заробак і знайсці жыллё. Яна нават гатовая з’ехаць у вёску і там працаваць, таму што галоўнае для яе — гэта зноў стаць звычайным чалавекам.

«Сёння для мяне галоўная задача — зрабіць пашпарт. Без яго я нават не магу пайсці да лекара, а былі такія моманты,
што трэба было тэрмінова патрапіць на прыём, але ніхто не хацеў мне дапамагаць. Зараз, дзякуючы неабыякавым людзям, я зноў паспрабую аднавіць дакументы, таму што хачу нармальна жыць.

Па спецыяльнасці я не змагу працаваць. Гэта была мая памылка — пайсці вучыцца на азеляніцеля. У дзяцінстве я марыла стаць міліцыянерам, а пасля хірургам. Цяпер хоць бы дворнікам уладкавацца…".

[irp posts="51 528″ name=" На жыццё не скардзілася, прасіла дапамагчы з пашпартам". Дзяўчыне, якая жыве ў лесе, пачалі рабіць дакументы"]

[irp posts="51 652″ name="Афіцыйна: у Гродзенскім гарвыканкаме распавялі, як бяздомная Марыя апынулася на вуліцы"]

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024