Блакітнавокай брунетцы Марыі 29 гадоў. Апошнія 4 гады яна жыве ў лесе на ўскраіне Гродна. Сябе дзяўчына бамжом не лічыць, хоць і не мае дакументаў. Некалькі разоў бяздомная спрабавала аднавіць свае правы ў грамадстве і зладзіць нармальнае жыццё. Але аказалася, што зрабіць гэта няпроста.
Пасля вучобы нармальнае жыццё скончылася
Марыя нарадзілася ў Гродне на вуліцы Пушкіна ў 1989 годзе. Яе бацькі былі алкаголікамі і іх пазбавілі бацькоўскіх правоў. Сямейную кватэру яны прапілі, а трое дзяцей трапілі ў дзіцячыя дамы.
«Я трапіла ў Панямуньскі дзіцячы дом. А адтуль мяне ў 10 гадоў перавялі ў Дзятлаўскую школу-інтэрнат, — распавядае Марыя. -
Пасля школы я паступіла ў Гродзенскі тэхналагічны каледж. Яшчэ ў свайго выхавальніка я пыталася: куды мне паступаць і кім мне быць у гэтым жыцці? Прапанавалі вучыцца на кветкавода-азеляніцеля. У выніку і пайшла туды, што ў будучыні аказалася памылкай».
Скончыўшы каледж, Марыя атрымала свабоднае размеркаванне і па спецыяльнасці не працавала. Уладкавалася на адно з прадпрыемстваў горада, зарабляла спачатку нармальна. Калі пачаліся цяжкасці з заробкам, ёй прыйшлося сысці.
«Ужо ў той час я пачынала жыць па блатхатах-упісках, бо жыць не было дзе. Менавіта тады, у 18 гадоў, скончылася маё нармальнае жыццё».
Далі кватэру ў Свяцку, а працу даць забыліся
Марыя расказвае, што дзяржава па законе павінна было даць ёй як сіраце кватэру. Але здарылася гэта крыху пазней і пры дзіўных абставінах, калі дзяўчына ўжо страціла працу ў Гродне. Марыі прапанавалі пераехаць у Свяцк.
«Усім сіротам дзяржава ў нас дапамагае. Я таксама чакала гэтай дапамогі. Адзін час я падзарабляла ў праваслаўнай епархіі і мне павінны былі прапанаваць добраўпарадкаванае жыллё ў якім-небудзь Скідзелі. Менавіта там майму брату далі ўласнае жыллё.
Але мне далі чамусьці арэндную кватэру ў Свяцку, толькі з адной газавай плітой. Чаму не ў Гродне? Таму што я прапісаная была ў раёне, а статус сіраты зафіксаваны ў Панямуньскім дзіцячым доме. У Свяцку мне абяцалі працу, але, вядома ж, я яе там не знайшла. Нават пад’ёмных дзяржава не выдала. Прыйшлося выжываць у гэтай вёсцы: дапамагаць бабулям. Яны мне за ўборку давалі прадукты. Нават потым пліту прыйшлося абмяняць на прадукты".
«Спім у намёце, выглядаем добра»
Надоўга ў Свяцку Марыя не затрымалася. За дзяржаўную кватэру, у якой ніхто не быў прапісаны, плаціць ёй не было чым. Расла запазычанасць і дзяўчыну ў выніку выселілі. На сённяшні дзень на Марыі вісіць доўг за кватэру — парадку 1200 рублёў.
У час бадзяння па кватэрах і лясах знік пашпарт і іншыя дакументы. Аднавіць яго без прапіскі аказалася няпроста.
«Пасля Свяцкая, я жыла на «блатхатах» у Гродне, а пасля ў лясах горада і так ужо каля чатырох гадоў разам са сваім хлопцам. Спачатку каля Старога моста на пагорку ў будане жылі, нават вайскоўцы патрульна-паставой службы прыходзілі, як на экскурсіі, смяялася з нас. Ці спрабавалі яны мне дапамагчы? Ну вядома, штрафам.
Пасля мы вымушаныя былі сысці на ўскраіну горада, дзе і жывем зараз. Спім у намёце, выглядаем добра. Стараемся быць падобнымі да людзей, хоць і па сметніцах лазім і выпіваем часам. Вярнуцца да добрага жыцця заўсёды хочацца, але вось зрабіць дакументы мне зараз складана, а для мяне гэта важна.
Я проста не ведаю, куды мне ісці і ў каго прасіць аб дапамозе. Я неяк спрабавала хадзіць па кабінетах, каб аднавіць пашпарт, але мяне ўсе перанакіроўвалі. Я нават да мэра Казялкова трапіла на прыём, але нават ён не змог мне дапамагчы. Хадзіла і ў каледж, каб заверыць дакументы, але і яны не дапамаглі, хоць я там і вучылася".
Каб ездзіць у Дзятлава, дзе быў інтэрнат, і дзе таксама можна нешта даведацца, патрэбныя грошы. А іх у Марыі няма.
«Ноч — наш час»
Выжывае пара дзякуючы збору металу. Амаль кожную ноч яны выходзяць на пошукі сыравіны, а раніцай вязуць здаваць знойдзеныя «скарбы».
«Працуем мы выключна ўначы. Ходзім па раёне і шукаем метал. Днём адпачываем, а ноч — гэта наш час. У тыдзень на дваіх можам зарабіць 20 рублёў. Грошы ў першую чаргу трацім на прадукты і розныя патрэбы. Я ўвесь час папаўняю баланс на тэлефоне — па вечарах з хлопцам мы глядзім відэа на Youtube.
Выпіўку таксама купляем, але не ўвесь час. Сябе алкаголікам я назваць не магу, у мяне няма залежнасці. Вось, напрыклад, калі ў лесе холадна, то выпіць можна, як і на свяце якім-небудзь.
Мы — звычайныя людзі, якія жывуць у лесе. У нас ёсць акуратная вопратка на выхад у горад, якую мы хаваем. А штодзённае адзенне ў нас такое, у якім можна працаваць. Ёсць людзі, якія дапамагаюць мне, як працай, так і сродкамі. Я ім вельмі ўдзячная".
Не тое жыццё, пра якое марыла
Дзяўчына да лесу ўжо прывыкла, але раней яна не магла нават уявіць сабе такога жыцця. Летам, калі Марыю бачаць у лесе, многія прымаюць яе за адпачываючую. Зімой дзяўчына нашмат часцей можа пачуць у свой адрас слова «бомж». Часцей за ўсё так яе называюць падлеткі.
«Нас ніхто не крыўдзіць і мы можам за сябе пастаяць. Мы не смецім у лесе, заўсёды стараемся падтрымліваць парадак. Для мяне гэта важна, я люблю чысціню. Калі нам холадна, мы распальваем вогнішча і робім чай. Тэлефон зараджаю на запраўках або ў крамах. Мыюся цалкам раз у месяц у гарадской лазні. Палатка ў нас добрая, не змакае, яе падарыў нам мой сябар. Спаць ноччу ў лесе ў ёй не страшна, але часам пабойваешся ў навальніцу і ў моцны вецер, каб нічога не звалілася».
«Цяпер хоць бы дворнікам уладкавацца…»
Марыя марыць зрабіць дакументы і ўладкаваць сваё жыццё. Для дзяўчыны важна знайсці працу, атрымліваць заробак і знайсці жыллё. Яна нават гатовая з’ехаць у вёску і там працаваць, таму што галоўнае для яе — гэта зноў стаць звычайным чалавекам.
«Сёння для мяне галоўная задача — зрабіць пашпарт. Без яго я нават не магу пайсці да лекара, а былі такія моманты,
што трэба было тэрмінова патрапіць на прыём, але ніхто не хацеў мне дапамагаць. Зараз, дзякуючы неабыякавым людзям, я зноў паспрабую аднавіць дакументы, таму што хачу нармальна жыць.
Па спецыяльнасці я не змагу працаваць. Гэта была мая памылка — пайсці вучыцца на азеляніцеля. У дзяцінстве я марыла стаць міліцыянерам, а пасля хірургам. Цяпер хоць бы дворнікам уладкавацца…".
[irp posts="51 528″ name=" На жыццё не скардзілася, прасіла дапамагчы з пашпартам". Дзяўчыне, якая жыве ў лесе, пачалі рабіць дакументы"]
[irp posts="51 652″ name="Афіцыйна: у Гродзенскім гарвыканкаме распавялі, як бяздомная Марыя апынулася на вуліцы"]