На адным з грамадскіх абмеркаванняў у Гродне сапраўды ўзгаднілі знос гістарычных казарм на Шчорса — але ніхто не заўважыў. Галасы за захаванне будынкаў загучалі, калі адзін з будынкаў ужо зруйнавалі, хаця рашэнне пра гэта прынялі паўгода раней. Як так магло адбыцца, напісаў канал Urban Hrodna.

Канал публікуе афіцыйны адказ Гродзенскага гарвыканкама на зварот, звязаны з руйнаваннем царскай казармы на Шчорса, 2. У ім сказана, што на стадыі падрыхтоўчых работ выявілі, што апорная здольнасць асноўных канструкцый будынкаў не адпавядае норме. У час дадатковага абследавання ў апорных сценах знайшлі значныя дэфекты. Фізічнае зношванне будынкаў склала 79%.

Аўтэнтычную царскую казарму на Шчорса, 2 рассялілі і выставілі на продаж у 2016 г. Кошт скідвалі да адной базавай. У 2020 вырашылі рассяліць і Шчорса, 4. Будынкі зноў выставілі на аўкцыён. Умовы продажу забаранялі неабгрунтаваную змену фасадаў.

У 2022 г. казармы купіла «Палессежылбуд» (Брэст) для рэканструкцыі пад элітнае жытло з гаражамі на цокальным паверсе. Планавалі пашырыць вокны, што парушыла б адпаведнасць гістарычнаму выгляду. Нягледзячы на заўвагі, праект не змянілі.

Справаздачу па ацэнцы ўплыву на навакольнае асяроддзе двойчы выстаўлялі на абмеркаванні: другі раз павялічылі паверхавасць. Працы пачалі ў ліпені 2023 г. У сакавіку 2024 г. 140-гадовы будынак амаль цалкам дэмантавалі. У гарвыканкаме пацвердзілі законнасць зносу, а забудоўшчык патлумачыў яго тым, што цэгла сцен у кепскім стане і не вытрывае нагрузкі.

Зносіць «неналежныя апорныя канструкцыі» вырашыў архітэктурна-горадабудаўнічы савет пры Гродзенскім гарвыканаме 22 жніўня 2023. Цэглу ад старога будынка абяцаюць выкарыстаць у абліцоўцы новага — але пасля праверкі на марозаўстойлівасць, для «захавання акцэнтных месцаў гістарычнага аблічча будынка».

Рашэнне аб зносе будынкаў з’явілася ў выглядзе некалькіх слоў на с. 15 і 18 другой па ліку, 268-старонкавай, справаздачы аб АУНА (ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе) у кастрычніку 2023 года.

Будынкі, размешчаныя па вул. Шчорса, 2 і 4, не ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, таму ўзгадняць праект у Міністэрстве культуры не трэба.

Першае абмеркаванне: спачатку знос не планавалі

Згодна з першай справаздачай аб АУНА (грамадскае абмеркаванне ў Гродне было ў красавіку-траўні 2023, дакументы яшчэ даступныя на сайце гарвыканкама), праект рэканструкцыі не прадугледжваў знос будынкаў, а толькі дэмантаж усёй «начынкі»: прыбудоў, падлогаў, лесвіц, унутраных перагародак, даху, ганка.

На Шчорса, 2 мусіла ў выніку быць два паверхі, на іх разам 30 кватэр, а таксама ўбудаваны гараж на 12 месцаў на цокальным паверсе. Адзнака падлогі гарышча (паказнік вышыні будынка) мусіла быць на вышыні 8,16 м.

Праект з першай справаздачы па АУНА
Праект з першай справаздачы па АУНА. Крыніца: Urban Hrodna

На Шчорса, 4 планавалі надбудаваць трэці - мансардны — паверх, каб там было 45 кватэр — і таксама ўбудаваны гараж на 12 месцаў на цокальным паверсе.

Праект на Шчорса з першай справаздачы па АУНА
Праект з першай справаздачы па АУНА. Крыніца: Urban Hrodna

Унутры цагляную кладку збіраліся экспанаваць у тым ліку нават у санвузлах. Страчаную кладку яшчэ тады планавалі аднавіць цэглай ад разбівак.

У пратаколе па выніках абмеркавання сказана, што заўваг і прапаноў па справаздачы аб АУНА не паступіла.

Грамадскае абмеркаванне ў Гродне самога праекта праходзіла ў кастрычніку-лістападзе 2022 года. Тады гродзенскі гісторык Мечыслаў Супрон звярнуў увагу на няслушнае пашырэнне аконных праёмаў - і як вынік, істотнае скажэнне гістарычнага выгляду будынка. Ён скіроўваў свае заўвагі ў гарвыканкам, але вокны пашыраць не перадумалі. Зараз праект і пратакол па выніках яго грамадскага абмеркавання на сайце гарвыканкама недаступны.

Чытайце таксама: «Ідэальны варыянт для чыноўнікаў - калі грамадства маўчыць». Ці можна было захаваць царскія казармы на Шчорса

Другое абмеркаванне: пра дэмантаж будынкаў напісалі, але грамадства не заўважыла

У чэрвені 2023 на Шчорса, 2 пачалі працы — прыбіралі старую сталярку і будаўнічае смецце. У верасні з’явілася новая, другая справаздача АУНА. З яе зразумела, што праекты змянілі.

У справаздачы, што цікава, дадаўся раздзел «Кароткая гістарычная даведка». Ён расказвае пра гісторыю ваеннага гарадка 1880-х гадоў, часткай якога і ёсць гістарычныя будынкі № 2 і № 4.

А таксама ў пералік планаў на дэмантаж — тых жа перакрыццяў, лесвіц, даху і ганка, — дадалі і ўласна апорныя сцены. Яны мусяць «захоўвацца фрагментарна» і адбудоўвацца нанова.

Таксама на Шчорса, 2 вырашылі надбудаваць яшчэ адзін паверх і зрабіць больш кватэр — 39 (у іншым месцы той жа справаздачы — 40). Адпаведна адзнака падлогі халоднага гарышча перамясцілася вышэй, на ўзровень 11,02 м.

Праект з другой справаздачы па АУНА на Шчорса
Праект з другой справаздачы па АУНА. Крыніца: Urban Hrodna

Ці звязаная са з’яўленнем +1 жылога паверха неадпаведнасць апорнай здольнасці сценаў нарматывам, мы не ведаем.

На Шчорса, 4 таксама вырашылі дэмантаваць апорныя сцены (захаваўшы фрагментарна) і адбудаваць іх нанова. Колькасць кватэр вырасла да 54, але дом застаўся па плане трохпавярховым.

Ад гаражоў у цокальных паверхах абодвух дамоў адмовіліся, замест іх з’явілася тэхнічнае падполле.

Праект з другой справаздачы па АУНА на Шчорса
Праект з другой справаздачы па АУНА. Крыніца: Urban Hrodna

Паводле справаздачы аб АУНА, адмова ад рэалізацыі праекта немэтазгодная, а сярод плюсаў яго рэалізацыі адзначана «аднаўленне гістарычнага аблічча забудовы па вул. Шчорса». Атрымліваецца, знос арыгінальных будынкаў мае прывесці да аднаўлення гістарычнага аблічча.

У час грамадскіх абмеркаванняў заўваг не было

Паводле пратаколу па выніках другіх грамадскіх абмеркаванняў справаздачы аб АУНА ў Гродне аніякіх заўваг не паступіла. Падобна, ніхто з гараджан і зацікаўленых спецыялістаў у час паўторнага «абмеркавання» не заўважыў, што ў 268-старонкавым дакуменце на сайце гарвыканкама дадалося некалькі слоў, якія вырашалі лёс будынкаў.

Чытайце таксама: «Выказанае на кухні мала каго хвалюе». Юрыстка расказала, як уплываць на чыноўнікаў законным спосабам