Былыя вайсковыя казармы на вуліцы Шчорса перабудуюць пад шматкватэрныя дамы. Праект аднаўлення будынкаў апублікавалі на сайце Гродзенскага гарвыканкама ў межах грамадскіх абмеркаванняў.

Паглядзіце, якія дамы зробяць з былых казармаў на Шчорса: з паркоўкай на цокалі і мансардным паверхам
Праект будучых жылых дамоў. Крыніца: grodno.gov.by

У казарме на Шчорса, 2 створаць 30 кватэр. У суседняй — на Шчорса, 4 — будзе 44 кватэры. Дадатковыя кватэры з’явяцца дзякуючы мансардзе, якую хочуць дабудоаваць. Кватэры ў былых казармах будуць адна-, двух- і трохпакаёвыя. Перакрыцці будуць маналітнымі, перагародкі з ячэістага бетону, а пакрыццё даху фальцавае.

На цокальных (паўпадвальных) паверхах захаваюць аўтэнтычную цэглу і арганізуюць паркоўкі (фактычна — асобныя гаражы) на 24 машынамесцы — па 12 на кожны дом. Яшчэ 50 месцаў для аўтамабіляў арганізуюць навокал дамоў. Унутраны двор паміж будынкамі будзе цалкам вольны ад аўтамабіляў. Тэрыторыю азеляняць хмызнякамі і дрэўцамі, арганізуюць велапаркоўку.

Паглядзіце, якія дамы зробяць з былых казармаў на Шчорса: з паркоўкай на цокалі і мансардным паверхам
Праект будучых жылых дамоў. Крыніца: grodno.gov.by

«Мы плануем перарабіць казармы ў камфартабельнае сучаснае жыллё, са зручнымі планіровачнымі схемамі, разлічанае, перш за ўсё, на маладога спажыўца», — сказаў ў траўні 2022 года кіраўнік упраўлення праектных прац ААТ «Палессежылбуд» Аляксандр Кузьмук.

Праект перабудовы казармаў выставяць на грамадскія абмеркаванні. Яны адбудуцца з 18 кастрычніка па 11 лістапада 2022 года.

Свае заўвагі альбо прапановы можна накіраваць на электронную пошту Гродзенскага гарвыканкама альбо пісьмова, па адрасе: Гродзенскі гарвыканкам, плошча Леніна 2/1, 230 023, г. Гродна.

Акрамя гэтага заўвагі і прапановы прымаюць на электронную пошту Упраўлення архітэктуры і градабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама. Ці ў пісьмовым звароце па адрасе: пл.Антонія Тызенгаўза, 3, 230 023, г. Гродна. Альбо праз сэрвіс «Электронныя звароты» на саце Гродзенскага гарвыканкама.

Што раней было ў казармах

Комплекс быў пабудаваны ў канцы 19 стагоддзя. У казармах размяшчаўся Вяцкі полк. З пачаткам Першай сусветнай вайны казармы заняў палявы шпіталь № 321. У міжваенны перыяд будынкі былі вядомыя сярод гродзенцаў як «Легіянерскія казармы». Тут размясцілі пяхоту — Лідскі полк імя Нарбута. У 1939−41 гг комплекс займала Чырвоная Армія. У час нямецкай акупацыі ў казармы перасялілі некалькі тысяч вязняў лагера «Шталаг 324».

Паглядзіце, якія дамы зробяць з былых казармаў на Шчорса: з паркоўкай на цокалі і мансардным паверхам
Былыя казармы на вуліцы Шчорса.

Дачакаліся зніжкі 80% і купілі

Яшчэ нядаўна ў казармах жылі людзі - сем'і вайскоўцаў і цывільныя супрацоўнікі суседніх вайсковых частак. Адну з казарм адсялілі ў 2016 годзе, другую — у 2020-м. Пачаткова планавалася, што будынкі перабудуюць у гатэлі або офісныя цэнтры. Адзін з будынкаў нават спрабавалі прадаць за адну базавую, але пакупнікоў не знайшлося.

Паглядзіце, якія дамы зробяць з былых казармаў на Шчорса: з паркоўкай на цокалі і мансардным паверхам
Былыя казармы на вуліцы Шчорса.

Будынкі былых казармаў выставілі на таргі ў кастрычніку 2021 года. Мінімальная цана будынка на Шчорса, 2 складала амаль 1,5 млн рублёў, на Шчорса, 4 — 1,2 млн рублёў. З-за адсутнасці пакупнікоў цану паступова зніжалі, пакуль яна не дайшла да 20% ад пачатковай. Гэта 316 і 280,7 тыс. рублёў адпаведна.

З такой зніжкай у траўні 2022 года казармы выкупіла брэсцкая будаўнічая кампанія «Палессежылбуд». Яна прымала ўдзел у будаўніцтве ГЗЦ «Triniti» і была падрадчыкам у час будаўніцтва дома на Будзёнага, 28. Зараз у мікрараёне Баранавічы-9 кампанія будуе квартал таўнхаўсаў.