Людзі і справы

Брэнд Гродна: агратрэш і запрашэнне ў турму. Гродзенцы абмеркавалі, якім (не) мае быць імідж горада

«У нас не хапае клуба ці грамадскага аб’яднання, што магло б уплываць на фарміраванне іміджу горада», — кажа мастак Алесь Сураў. Ён быў мадэратарам сустрэчы, якая прайшла 21 лістапада ў Цэнтр гарадскога жыцця. Там сабраліся гродзенцы, неабыякавыя да культурнага жыцця горада.

Гродна можа страціць сваю непаўторнасць і ціха з’ехаць да страшнага правінцыяналізму, калі не будзе дыялогу ўлады з гараджанамі, якія «любяць гэты горад і трохі разумеюць гісторыю і культуру», лічыць мастак. Таму тэмай першай дыскусіі абралі брэнд і ідэнтычнасць Гродна. Думкамі дзяліліся дызайнерка Ірына Працко, мастак Сяргей Грыневіч, рэдактарка Аксана Сівадзедава, гісторык Андрэй Чарнякевіч, арганізатарка выстававаў і пленэраў Ірына Сільвановіч ды іншыя.

Мастак Алесь Сураў
«Мы маем захаваныя гістарычныя будынкі і колькасць мастакоў на квадратны кіламетр большую, чым у многіх іншых гарадах. Але — з’язджаем у гэту правінцыю. Я так не хачу, бо не абыякавы да гэтага горада, таксама як і многія іншыя», — казаў Алесь Сураў. Шляхам да вырашэння праблемы можа стаць адкрытая грамадская дыскусія. Алесь прапанаваў збірацца раз на месяц ці два, каб разважаць і абмяркоўваць аблічча і культурнае жыццё горада.

«Мы самі павінны вызначыць, што можам прапанаваць. Потым - запрашаць улады да размовы, каб дзяліцца думкамі. Мы не супраць некага. Акопнае жыццё не для культурных людзей. Людзі культуры маюць рабіць культуру».

Суцэльныя дажынкі. Як фестываль згубіў Гродна

Адной з падзеяў, што стала брэндавай для Гродна, удзельнікі сустрэчы назвалі Фестываль нацыянальных культур. Аднак жа адзначалі - фестываль перастае быць адметна «гродзенскім» і страчвае брэндавасць.

Дызайнерка Ірына Працко
«Брэнд — гэта такая ўпакоўка, у каторую мы павінны загарнуць горад, каб „прадаць“ яго ўсяму свету, — адзначала дызайнерка Ірына Працко. — Гэта абгортка мае быць вельмі выразнай, дакладнай і вытанчанай, мець пэўны прадуманыі прафесійны змест». Яна лічыць, што фармат фестывалю нацыянальных культур трэба мяняць. «Гэта ўсё вырадзілася ў карнавал не зусім цікавых, няшчырых падзеяў. Проста вопратка і шашлык. Нічога знакавага і цэласнага, а тым больш вынаходніцтваў, адкрыццяў больш няма».


У Гродне праходзіць фестываль нацыянальных культур


Затое, да фестывалю з’яўляюцца часам спрэчныя інсталяцыі, што дысануюць з гістарычным абліччам горада.

«Кідаецца ў вочы заарганізаванасць фестывалю. Паўсюдны шашлык, штучнасць і паказуха, — зазначаў мастак Сяргей Грыневіч. — Адчуванне, што патрапіў на чарговыя дажынкі». Праз тое, меркаваннем мастака, некалі знакавы фестываль ператвараецца ў «чарговы агратрэш» з карнавалам і бутафорыяй несапраўднасці. «Я быў на шмат якіх фестывалях. Гэтай заарганізаванасці няма. Канечне, можна гэта ўсё бяспекай тлумачыць. Але фестываль патрабуе прынцыповай ломкі».

Мастак Сяргей Грыневіч

«Дажынкі» ў Іўі: ежа-арт і агра-трэш. Глядзім, чаго было больш


У абарону фестывалю выказалася кіраўнічка культурнага цэнтру «Фестывальны» Ірына Сільвановіч. Яе меркаваннем, фестываль даў гораду шмат добрых рэчаў і да адкрыццяў фестывалю з’явіліся, у прыватнасці, помнік Давіду Гарадзенскаму, пано з птушкамі ды іншыя сапраўдныя творы мастацтва.

Арганізатарка выставаў, кіраўнічка культурнага цэнтра «Фестывальны» Ірына Сільвановіч
Што да прадстаўленых нацыянальнасцяў, то іх колькасць ад 11 на першым фестывалі павялічылася да 36 на апошнім. А «Фестывальны» культурны цэнтр даў магчымасць гродзенцам больш даведацца пра свой горад.


«Карасік і іншыя». У «Фестывальным» працуе выстава пра гродзенцаў 19 ст.


Экспазіцыя Ігара Лапехі «Брамы Гарадзенскія» працуе ў культурным цэнтры «Фестывальны»
Што да новых ідэяў, то яны насамрэч запатрабаваныя ў арганізатараў. Ахвотных падзяліцца прапановамі Ірына Сільвановіч заклікала да супрацы.

«Многія задаволены»

Рэдактарка часопіса «Твой Город Гродно» Аксана Сівадзедава выказалася ў падтрымку пластыкавых інсталяцый у гарадскім асяроддзі:

«Многія імі задаволены. Людзі мастацтва глядзяць на рэчы інакш, чым масы. Фестываль нацыянальных культур — гэта карнавал. Але ў прынцыпе людзі задаволеныя. Калі з Гродна прыбраць Каложу, Фарны і Новы замак, на што паедуць турысты? А што рабіць моладзі? Для яе няма аб’ектаў. Фестываль хоць неяк прыцягвае ўвагу, выклікае жаданне прыехаць паглядзець. Нешта можна палепшыць. Але ўсім спадабацца нельга, галоўнае не пакрыўдзіць», — мяркуе журналістка.

Журналістка Аксана Сівадзедава

На яе думку, каштоўнасць часовых інсталяцый пацвярджаюць шматлікія фотаздымкі на фоне гэтых аб’ектаў у сеціве. Журналістка мяркуе, што калі самыя «залайканыя» фота з Гродна робяць на фоне сэрца, ратонды і драўлянага турыста, то гэта сведчыць аб запатрабаванасці такіх аб’ектаў. «Давайце проста ўлівацца ў рашэнні ўлады, удзельнічаць і нешта ад сябе прапаноўваць».

Праўда, мастакам цяжка з такой прапановай пагадзіцца. «Можна ісці ў рэчышчы і зрабіць з Гродна горад агратрэшу. І гэта будзе адметнасццю, каторай больш нідзе няма. Усе будуць ездзіць паўзірацца на гэты запаведнік безгустоўнасці», — адказаў Сяргей Грыневіч.


Сметніца-джэнтльмен, баяністка і драўляны турыст. Гродзенскія жахі, у якія можна апрануцца на Хэлоўін


Дзе гродзенская ідэнтычнасць і ці дазволены яе пошук

Гіторык Андрэй Чарнякевіч звярнуў увагу на Новы Свет. Маўляў, гэта насамрэч аўтэнтычны горад, дзе жылі гродзенцы. Ён мог бы стаць візітоўкай горада, аднак — знішчаецца. Нават «каралеўскі» імідж Гродна гучыць сёння пэўным выклікам. «Не трэба рабіць выгляд, што ўсё дазваляецца. Узгадайце хаця б спробу правесці ў Новым замку канцэрт гурта Lady Pank».

Гісторык Андрэй Чарнякевіч

Праблемы з ідэнтычнасцю горада, меркаваннем Андрэя, бачна нават у сувенірных магніціках. Частка з іх па-руску, частка — па-беларуску. На іх няма ніводнай гістарычнай постаці. Бона Сфорца, Патрык Гарадзенскі, Святы Губерт і многія іншыя гістарычныя асобы так і не атрымалі адлюстравання ні ў гарадской прасторы, ні ў культурных падзеях горада, ні ў сувенірах.

А часам гродзенская гісторыя нібы іранізуе з тымі, хто бяздумна яе выкарыстоўвае:

«У кантэксце ідэнтычнасці ёсць цікавы магніцік з малюнкам Напалеона Орды і надпісам кшталту „Прыязджайце ў Гродна“. Адна праблема. На магніціку — выява ўнутранага дворыка турмы. Малюнак быў зроблены падчас зняволення мастака ў Гродне. Ці вы ведаеце яшчэ адзін сувенір, дзе запрашаюць у горад з дапамогай турмы?»

Яшчэ адзін прыклад створанага самім горадам іранічнага сімвала, не бачнага на першы погляд, — размяшчэнне цэнтра «Фестывальны». «Вы звярнулі ўвагу, чым сканчаецца вуліца, дзе стаіць гэты цэнтр? Там месціцца рэстаран «Правінцыя».

Сумаваць ці працаваць?

Такі стан рэчаў засмучае, кажа дызайнерка Ірына Працко. «Іншыя гарады шукаюць, што б іх аўтэнтычна вызначыла. А мы маем такі велічны пласт гісторыі - дэкаратыўны і арыстакратычны, але не можам зрабіць горад адрозным ад другіх».

Дыскусія паказала, што ў горадзе шмат людзей неабыякава ставяцца да таго, якім будзе Гродна. Аднак высветлілася, што механізмаў эфектыўнай супрацы грамадскасці з уладамі гораду няма. На пісьмовыя звароты з прапановамі часта прыходзяць вельмі фармальныя адказы. Падчас арганізацыі імпрэзаў адміністрацыя горада больш удзяляе ўвагі пошуку фінансаў, чым магчымасці выкарыстаць наяўны крэатыўны рэсурсу гараджан.

«У нас няма да каго звяртацца, — падвёў вынік Алесь Сураў. — Калі мы хочам, каб нас пачулі, маем самі павінны праявіць ініцыятыву. Інакш нічога не будзе».

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024