«Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі» — гэта кніга па гісторыі Беларусі для дзяцей і падлеткаў. У ёй 42 развароты з гістарычнымі апавяданнямі Уладзіміра Арлова і ілюстрацыямі Паўла Татарнікава. Выданне набыло папулярнасць адразу пасля таго, як пабачыла свет. Першы трохтысячны наклад разышоўся за два тыдні.
Пра ўнікальнасць і сакрэт поспеху кнігі гродзенцам расказалі яе аўтары. Сустрэча адбылася ў Цэнтры гарадскога жыцця.
Ад кнігі «Адкуль наш род» да «Айчыны»: гісторыя даўжынёю ў 25 гадоў
Гісторыя кнігі «Айчына» налічвае столькі ж гадоў, колькі і незалежнасць Беларусі, расказаў Уладзімір Арлоў. Яшчэ ў 1991 годзе пісьменнік адчуў, што як літаратар з гістарычнай адукацыяй ён павінен напісаць кніжку гістарычных апавяданняў для дзяцей, якія будуць расці і сталець ужо ў незалежнай Беларусі.
Задума вырасла ў кнігу «Адкуль наш род», выдадзеную ў 1995 годзе. Нягледзячы на перыпетыі лёсу, у тым ліку на паўгадавую забарону, кніга стала надзвычай папулярнай, выйшла потым яшчэ трыма выданнямі, трапіла ў школьную праграму і дагэтуль застаецца там у спісе для пазакласнага чытання.Аднак прайшоў час. Кніга «Адкуль наш род» паспела стаць рарытэтам. Аўтар атрымліваў шматлікія лісты, пытанні, просьбы і нават патрабаванні перавыдаць яе або напісаць новую. І ўрэшце надышоў той момант, калі Уладзімір Арлоў вырашыў узяцца за гэтую кнігу зноў. Кніга «Адкуль наш род» стала правобразам новай кнігі, якая атрымала назву «Айчына».
Разам з Уладзімірам Арловым над выданнем працаваў Павел Татарнікаў, кніжны графік, дасведчаны ў гістарычнай тэме. Праца доўжылася прыкладна шэсць гадоў. Выхад кнігі стаў магчымым дзякуючы фундатару Паўлу Бераговічу.
Беларусь — частка Еўропы не толькі геаграфічна, але і гістарычна
«Наша кніга сведчыць пра тое, што мы еўрапейцы не толькі геаграфічна, але і гістарычна, культурна, ментальна, — адзначыў Уладзімір Арлоў. — У нас было Магдэбургскае права, у нас была эпоха Рэнесансу, эпоха Рэфармацыі, якія прадвызначылі на стагоддзі наперад рух усёй еўрапейскай цывілізацыі, часткаю якой мы былі да канца 18 стагоддзя».
Адным са сведчанняў улучанасці ў агульнаеўрапейскі цывілізацыйны працэс пісьменнік лічыць інстытут рыцарства, які існаваў на нашых землях. Асабліва часта, па словах Уладзіміра Арлова, рыцарскія турніры адбываліся ў Вільні ў часы вялікага князя і караля Жыгімонта Аўгуста, які і сам удзельнічаў у гэтых спаборніцтвах. У кнізе «Айчына» некалькі старонак прысвечаны падрабязнаму апісанню рыцарскіх турніраў і правілам іх правядзення.
Гістарычныя асобы — у кнізе, у жыцці і ў эратычных снах Уладзіміра Арлова
Пісьменнік апавядае, што ўспрымае персанажаў сваёй кнігі як жывых:
«Калі маеш справу з такой колькасцю герояў, асобаў неардынарных, выдатных, геніяльных у сваіх сферах, то непазбежна надыходзіць той момант, калі гэтыя героі пачынаюць выказваць сваю метафізічную, а часам нават фізічную прысутнасць у тваім жыцці. Ты пачынаеш адчуваць, што нехта з іх пагаджаецца з табой і нават дапамагае нейкім чынам, а хтосьці наадварот з нечым не згодны».
Уладзімір Арлоў упэўнівае, што на мяжы явы і сну ён бачыць гістарычных асобаў. Да прыкладу, Мікалай Радзівіл Руды патрабаваў, каб аўтар кнігі не пераблытаў яго з Мікалаем Радзівілам Чорным. А пісьменніца Францішка Уршуля Радзівіл двойчы снілася пісьменніку ў эратычных снах.
[irp posts="15 578″ name=""Эротыка, палітыка, інтрыгі…" У Гродне прэзентавалі поўную версію «Мюнхгаўзэна» па-беларуску"]
«Варта пражыць сваё жыццё так, каб цябе намаляваў Татарнікаў»
На вокладцы кнігі «Айчына» побач стаяць імёны літаратара і мастака, што бывае вельмі рэдка. «Гэта той выключны выпадак, — тлумачыць Уладзімір Арлоў, — калі не толькі мастак ілюстраваў тое, што напісаў пісьменнік, але і пісьменнік ілюстраваў тое, што намаляваў мастак. Я пісаў цэлыя новыя апавяданні, таму што Павел адыходзіў ад тэксту. Так, дарэчы, нарадзілася асобнае апавяданне пра Давыда Гарадзенскага».
У кнізе «Айчына» 42 развароты, на якіх размяшчаецца каля 200 ілюстрацый. Сярод іх — шмат мастацка-гістарычных рэканструкцый гарадоў і замкаў. Многія аб’екты і мясціны непазнавальна змяніліся і ўжо ніколі не будуць выглядаць так, як выглядалі ў часы Вялікага Княства Літоўскага ці Рэчы Паспалітай. Таму мастаку давялося правесці вялікую даследчыцкую працу. У выніку ілюстрацыі атрымаліся праўдзівымі з гістарычнага пункту гледжання.
Сярод малюнкаў, змешчаных у кнізе «Айчына», — 65 партрэтаў. Частку з іх мастак намаляваў, абапіраючыся на вядомую іканаграфію, на прыжыццёвыя партрэты гістарычных асобаў. Але да нас дайшлі выявы не ўсіх герояў беларускай гісторыі.Калі партрэты нейкай асобы не захаваліся, мастаку трэба самому вырашаць пытанне, як яна будзе выглядаць на малюнку. Творцы абапіраюцца на сваю інтуіцыю, а таксама выбіраюць для сябе мадэляў. Гістарычных асоб для кнігі «Айчына» Павел Татарнікаў нярэдка маляваў з нашых сучаснікаў. Напрыклад, ёсць партрэты мастака Гаўрыіла Вашчанкі і народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча.
Праца Паўла Татарнікава ўжо атрымала высокую ацэнку на Мінскім кніжным кірмашы. Мастак атрымаў узнагароду за ілюстрацыі да «Айчыны» як найлепшы кніжны ілюстратар года. Ацанілі мастацкае аздабленне кнігі і чытачы. У фэйсбуку набыў папулярнасць наступны водгук: «Варта пражыць сваё жыццё так, каб цябе намаляваў Татарнікаў».
«Калі стаміўся — намалюй сабачку»
Павел Татарнікаў звярнуў увагу на тое, што работа над ілюстрацыяй, дзе шмат дэталяў, вымагае шмат тэхнічнай фізічнай мастацкай працы. Складаная яна яшчэ і тым, што мастак праз нейкі час эмацыйна выгарае, стамляецца. Агеньчык натхнення паступова прытухае, і гэта адбіваецца на карціне.
«Яшчэ са студэнцкіх гадоў я памятаю выраз англійскага ілюстратара пачатку 20 стагоддзя, які прапаноўваў эмацыйна стомленаму мастаку-ілюстратару намаляваць у кутку сабачку, а калі і гэта не дапамагае — забінтаваць сабачку лапу», — узгадаў Павел Татарнікаў.
Працуючы над мастацкім афармленнем кнігі «Айчына», мастак не стаў маляваць сабак. Затое не ўтрымаўся, каб не намаляваць катоў.
Павел Татарнікаў расказаў, што такая ідэя прыйшла да яго ў апошні момант. Ён згадаў альбом, у якім былі сабраны рукапісныя выданні з розных краін з адбіткамі лапаў жывёлаў - катоў, сабак, пацукоў, мышэй, яшчарак… Мастак упэўнены, што каты «працавалі» і ў вялікакняскай канцылярыі. Дакументы ў той час пісаліся на пергаменце — апрацаванай скуры жывёл, а таму з’яўляліся натуральнай ежай для шкоднікаў. Менавіта таму ва ўстановах падобнага кшталту трымалі катоў.
У планах — другая частка кнігі
Аўтары «Айчыны» спадзяюцца, што праз год будзе гатова другая частка кнігі, прысвечаная гісторыі Беларусі ХІХ і ХХ стагоддзяў. Шмат увагі будзе нададзена таму, як ішло змаганне супраць расійскіх уладаў за аднаўленне Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. На вокладцы кнігі, верагодна, будзе размешчаны партрэт Эміліі Плятэр, адной з кіраўнікоў паўстання 1831 г., якую называюць нашай Жаннай д’Арк. Аўтары плануюць зрабіць асаблівы ўпор і на дакладнае апісанне жыцця мястэчак, гарадоў, нацыянальных меншасцяў, сямейнага побыту.
[irp posts="13 470″ name=""Справа гонару". Гродзенцаў просяць падтрымаць праект агучвання кніг па гісторыі горада"]
Колькі катоў ахоўваюць вялікакняскую канцылярыю?
Аўтарам «Айчыны» нярэдка задаюць пытанне, чым гэтая кніга адрозніваецца ад школьных падручнікаў гісторыі. Уладзімір Арлоў зазначае, што быў бы рады, каб настаўнікі выкарыстоўвалі ў сваёй працы кнігу «Айчына». У адрозненне ад сучасных школьных падручнікаў, яна мае шыкоўнае мастацкае афармленне, у ёй змешчаны падрабязныя апісанні не толькі значных гістарычных падзей, у тым ліку, вялікіх бітваў, але і побыту нашых продкаў, страваў і напояў, якія спажываліся ў розныя часы. Вылучаюць «Айчыну» і згадкі пра мемарыяльныя знакі і камяні на месцах славутых перамог нашых продкаў.
У канцы кожнага апавядання прысутнічае гістарычная віктарына. Але яе нельга параўнаць з пытаннямі і заданнямі пасля параграфаў у падручніках, у якіх ніколі не сустрэнеш задання кшталту: «Палічы, колькі катоў ахоўваюць вялікакняскую канцылярыю».
«Поспех кнігі - у зменах, што адбываюцца ў грамадстве»
Уладзімір Арлоў прызнаўся, што аўтары «Айчыны» ведалі, што кніга будзе запатрабаванай, але поспех перасягнуў іх чаканні. Першы трохтысячны наклад быў цалкам прададзены за два тыдні. Пісьменнік і мастак падпісалі больш за 2000 кніг. Ужо выйшаў другі трохтысячны наклад.
«Поспех гэтай кнігі, — адзначыў Уладзімер Арлоў, — не толькі і не столькі ў выніку нашай працы, як у тых зменах, што адбываюцца ў грамадстве. Усё больш і больш беларусаў хочуць мець сваю Айчыну. І я маю на ўвазе не толькі кніжку ў хатняй бібліятэцы».
Пісьменнік прыгадаў выслоўе Чэрчыля пра тое, што мова і агульная памяць народа ахоўвае межы дзяржавы мацней за любую армію. На думку літаратара, сёння многія беларусы калі і не ведаюць згаданых слоў, то адчуваюць, што гэта сапраўды так.