Нягледзячы на вялікі попыт, яшчэ не ўсе ведаюць, дзе ў Гродне купіць вышыванку. Не абавязкова заказваць яе праз інтэрнэт ці з Мінска. У гродзенскай «Хаце мастака» (вул. Савецкая, 13) можна набыць вышыванку і аксэсуары для мужчын, жанчын і самых маленькіх беларусаў. Спяшайцеся — хутка лета.

Вышыванкі для жанчын, мужчын, дзяцей

У краме прадстаўлены вышыванкі са 100% льну, зробленыя ў трох існуючых відах вышыўкі: машыннай, ручной механізаванай і ручной.

— Пры ручной механізаванай вышыўцы майстар працуе на швейнай машыне, але кожны шывок накіроўвае сваёй рукой, — тлумачыць Жана Жукава, гаспадыня крамы. — А пры ручной — робіць сваёй рукой кожны шывочак. Гэта займае шмат часу і высілкаў. Таму натуральна, што розніца ў цане ёсць.

Кошт вышыванак — ад 54 рублёў. За гэтую суму можна набыць вышыванку са стоадсоткавага льну з машыннай вышыўкай. Жана лічыць гэты кошт абсалютна прымальным. Для параўнання: звычайная кашуля айчыннай вытворчасці сёння каштуе 46 рублёў. Чым больш вышыўкі, тым большая цана вышыванкі. Кашуля з ручной механізаванай вышыўкай абыдзецца ў 150 рублёў, а з ручной — у 200 рублёў.

Ёсць у краме і вышымайкі: дзіцячыя — 7−8 рублёй, дарослыя — 14. Тут можна знайсці камплекты на самых маленькіх і нованароджаных беларусаў: бодзі абыдзецца ў 10 рублёй, майка са штанамі - у 15.

вышыванка Хата мастака (14) вышыванка Хата мастака (13)

У краме прадстаўлены вышыванкі з выбеленага і невыбеленага льну. На якасць тканіны гэта ніяк не ўплывае, таму пры выбары варта кіравацца выключна сваім густам. Жана кажа, што на лета часцей бяруць белыя вышыванкі. Затое невыбелены лён грубейшы, вышыванкі з яго робяць з доўгім рукавом, і яны цяплейшыя. Гаспадыня крамы ўпэўнена, што вышыванкі можна насіць з любым нізам: і з джынсамі, і з шортамі, і са штанамі.

Тым, каму вышыванкі мала

Акрамя вопраткі, у краме можна знайсці аксэсуары. Сярод іх тканыя паясы па тыпу слуцкіх. Іх і зараз ткуць на станках пачатку ХХ стагоддзя па тэхналогіі, якая не змяняецца гадамі. Кошт — ад 10 да 40 рублёў. «Фенечкі» на руку з ручной механізаванай вышыўкай каштуюць 10 і 17 рублёй. Мятлікі розных колераў - 30 рублёў.

За 15 рублёў у «Хаце мастака» можна набыць чахол для тэлефона. Ён выраблены з льняной тканіны, на якой ёсць машынная вышыўка. А за 33 рублі - сумку з даматканага льну, які захаваўся ў майстрыхі ад прабабуль.

[irp posts="11 491″ name="Для яе, для яго, для пары: 10 стыльных падарункаў да Дня закаханых, якія можна купіць у Гродне"]

Найтанней каштуюць закладкі для кніг, выкананыя ў тэхніцы ткацтва — 3 рублі. Дарэчы, у краме можна набыць закладку, якая прадстаўляе сабой фрагмент копіі слуцкага пояса, вырабленага на мануфактуры ў Слуцку ў другой палове XVIII стагоддзя. Стоадсоткавы аналаг пояса выраблены з натуральнага шоўку.

Попыт на вышыванкі сведчыць пра абуджэнне нацыі

Тавары з беларускім арнаментам «Хата мастака» закупляе і на дзяржаўных прадпрыемствах, і ў рамеснікаў, і ў індывідуальных прадпрымальнікаў. Жана кажа, што ў адным месцы немагчыма ўзяць поўны асартымент, таму даводзіцца шукаць вырабы па ўсёй Беларусі. Прызнаецца, што наведвальнікі лічаць асартымент крамы найбольш поўным сярод гродзенскіх кропак.

Прадаваць вышыванкі «Хата мастака» пачала больш за год таму, «калі гэта не было мэйнстрымам».

— Тады мы былі не ў вельмі добрым месцы, і людзі да нас зусім дрэнна даходзілі, — кажа Жана. — Калі я пачала займацца вышыванкамі, у людзей гэта выклікала смех — навошта яны патрэбны і хто іх будзе насіць? А потым паступова попыт стаў павялічвацца. Калі летам у нас быў Фестываль нацыянальных культур, у натоўпе было бачна шмат людзей у вышыванках. Нават майстры, якія іх прадавалі, стараліся апрануць нацыянальныя кастюмы. Гэта радавала вока і надавала аўтэнтычнасць фестывалю.

вышыванка Хата мастака (11)

Жана лічыць, што попыт на вышыванкі будзе толькі павышацца. Зімой яны прадаюцца складаней, летам — лепш. Набываюць і беларусы, і расіяне, і нават палякі. Шмат адсылаюць за мяжу сваякам і сябрам з беларускіх дыяспар.

— Я думаю, што пэўную ролю для нас сыграла Україна. Канешне, у іх сумны вопыт. Але наша нацыя зразумела, што яны таксама нацыя, мае свае карані, сваю гісторыю, сваю культуры, — разважае Жана. — Нейкі гонар у людзей пачаў праяўляцца. Україна сыграла для нас пазітыўную ролю ў плане прызнання свайго адзення, культуры. Раней гэта было непатрэбна. А зараз беларусы хочуць быць беларусамі. Давайце апранацца ў сваё, роднае, паказваць, што мы беларусы і не гнацца за таннай кітайскай вытворчасцю, а падымаць сваю краіну.

ТАА «Хата мастака»
УНП: 590 885 161