«Беларусь са слёзкай» прыйшла да Кацярыны Ваданосавай год назад — у час чарговай хіміятэрапіі. Так пачалося яе знаёмства з брэндам Belaruskicry. Яго новую калекцыю Кацярына цяпер не проста носіць на сабе — яна мае дачыненне да распрацоўкі канцэпцыі. А год пасля знаёмства ўжо шчыра можа казаць і пра сяброўства з брэндам.

Знаёмства пачалося з… пачуцця няёмкасці. Стваральніцы Belaruskicry звязаліся з Кацярынай і сказалі, што хочуць ёй падарыць упрыгожанне. Прапанавалі абраць памер, дызайн ланцужка, яго даўжыню, памер самога ўпрыгожання, колер каменьчыка-падвесачкі. Кацярына ўспамінае, што было вельмі няёмка. Маўляў, з якой нагоды, я нічога ім не зрабіла.

«Я памятаю, што пайшла на чарговую хіміятэрапію. І акурат калі я выходзіла з дому, да мяне прыйшоў паштальён і ўручыў мне пасылку. Ужо седзячы пад кропельніцай, атрымліваючы сваю бел-чырвона-белую хімію, а ў мяне сапраўды тры бутэлькі вісела, дзве белыя і адна чырвоненькая, я распакоўвала гэтую капэрту з упрыгожаннем. Нават зрабіла здымачак сабе ў інсту: вось, глядзіце, якая ў мяне штучка, у мяне тут катэтар у руцэ, і ў руцэ ж гэтая Беларусь са слёзкай. Мне было вельмі прыемна і гэта сапраўды вельмі класна мяне падтрымала на той момант. Гэта было вельмі каштоўна для мяне не з таго пункту гледжання, што гэта ювелірнае ўпрыгожанне, срэбнае. Мне была вельмі важная вось гэтая ўвага, спагада і любоў, напэўна, з боку абсалютна незнаёмых мне людзей. Гэта было вельмі крута».

Ваданосава называе Belaruskicry «не проста ювелірнай кампаніяй, дзе людзі зарабляюць грошы, як некаторыя кажуць, паразітуючы на пачуццях беларусаў». Яна адчула шчырасць брэнду яшчэ да выхаду новай ювелірнай лінейкі з беларускімі арнаментамі.

На руцэ ў Кацярыны Ваданосавай - пярсцёнак-абярэг «Знічка» ад ювелірнага брэнда Belaruskicry - таго самага, што зрабіў знакаміты кулон "Беларусь са слёзкай"
На руцэ ў Кацярыны Ваданосавай — пярсцёнак-абярэг «Знічка» ад Belaruskicry

Менавіта ў час распрацоўкі гэтай калекцыі стваральніцы вырашылі параіцца з Кацяй наконт традыцыйнага беларускага арнаменту — хацелі надаць кожнаму сімвалу «правільныя» сэнсы.

Арнамент азначае нешта канкрэтнае? Насамрэч, зусім не

«Мы сустрэліся ў зуме, пагаварылі. Я ім распавяла, што, на жаль, не магу сказаць пра тое, што канкрэтны кавалак арнаменту штосьці азначае. Гэта ўсё вельмі прафаннае ўяўленне, якое належыць навукоўцу Кацару, які нават не быў этнографам. Гэта ён запуліў фішку пра тое, што кожны кавалак арнаменту можна прачытаць і ён азначае нейкі сімвал, некую з’яву. Насамрэч, гэта зусім не так».

Пасля размовы дзяўчаты з брэнду разгубіліся. «Для іх гэта было цалкам зразумела. Што знічка — гэта сімвал чалавека, а ромбік — гэта сімвал урадлівай глебы. Яны запыталіся: а што ж рабіць?»

Кацярына Ваданосава займаецца аднаўленнем традыцыйных строяў. Таксама яна стала тварам новай калекцыі брэнда Belaruskicry
Каця Ваданосава і яе традыцыйныя строі

Кацярына прапанавала пабудаваць канцэпцыю на прывязцы да рэгіёнаў, а ў кожную капэрту пакласці тлумачэнні: які арнамент у якім рэгіёне можна было сустрэць і ў якім строі ён выкарыстоўваецца.

«Мы пагаварылі, натхніліся. У канцы я напаўжартам кажу: можаце прыехаць да мяне, я вам пакажу строі, якія ёсць у мяне. Таксама можна зрабіць рэкламную калабарацыю».

Глядзіце таксама: «Вечнасць у штодзённасці». Як выглядаюць упрыгажэнні, натхнёныя беларускай вышыўкай

Ідэя была ў тым, каб спачатку сфатаграфаваць Кацярыну ў традыцыйных строях, а потым зрабіць здымкі дзяўчыны ў сучасным вобразе з упрыгожаннямі, арнаменты з якіх былі ў строях Каці.

«Дзяўчаты сапраўды прыехалі пару месяцаў таму сюды [у Беласток — Hrodna.life], прывезлі ўжо гатовыя ўпрыгожанні, мы пагаманілі, я распавяла тое, што ведаю. Запісалі інтэрв'ю, зрабілі прома-здымкі. З таго моманту, можна сказаць, сябруем».

бранзалеты Belaruskicry на руках Кацярыны Ваданосавай
На руцэ ў Кацярыны — чорны бранзалецік-нітка з зорачкай. «Я не магу яго сама зняць. Гэта такая нітачка, якую можа завязаць і зацягнуць толькі іншы чалавек. Нават такі жарт у іх [у Belaruskicry] ёсць, што гэта бранзалеты для тых, у каго ёсць каханы. Мне муж яе зацягнуў і я не здымаю».

«Я не нашу ў паўсядзённым жыцці сучасныя ўпрыгожанні»

Новыя ўпрыгожанні Кацярына набывае рэдка, а калі і купляе штосьці - выключна для рэканструкцыі. Для яе гэта свайго роду аддушына, таму і ўпрыгожанні часцей за ўсё падганяе пад гэтыя патрэбы.

«Я не нашу ў паўсядзённым жыцці сучасныя ўпрыгожанні. Нават тое, што зараз на мне, гэта ўсё рэчы, якія я купляла адмыслова пад канкрэтныя традыцыйныя строі. Брошка срэбраная, купленая на барахолцы, завушніцы, купленыя за пяць злотых на нейкіх развалах, якія аказаліся срэбранымі».

«Belaruskicry нашу, таму што гэта падарунак, таму што ён для мяне каштоўны, і таму што гэта такі выдатны маркер, які дазваляе шмат каму зразумець, што тут свае людзі. Часам даходзіць да смешнага. Ты прыязджаеш у варшаўскую IKEA і сустракаеш некалькі людзей з такімі падвескамі. Адразу зразумела, адкуль яны, што ў іх у галаве і якіх каштоўнасцяў яны прытрымліваюцца».

«Не магу выйсці з дома без аксесуараў»

Упрыгожанняў у Кацярыны даволі шмат. З сабой у эміграцыю яна ўзяла маленькую частку, астатняе давозілі ўжо пасля.

«Я везла вельмі маленькую частачку, калі мы ўцякалі. То бок тое, што было на мне — заручальны пярсцёнак, яшчэ адзін пярсцёнак, які я амаль не здымаючы нашу ўжо гадоў 20, і завушніцы. Па сутнасці, усё. А ўжо потым я прасіла перавезці ўпрыгожанні».

срэбраны пярсцёнак - упрыгожанне, якое носіць Кацярына Ваданосава
Срэбраны пярсцёнак Каця носіць ужо 21 год амаль не здымаючы. Нават на ноч часам забываецца здымаць. Гэта падарунак на 16-годдзе ад сяброўкі, якая сабрала дома срэбраны лом і папрасіла знаёмага ювеліра пераплавіць у пярсцёнак. Унутры ўпрыгожання знаходзіцца каменьчык, які змяняе колер. Можа апрануць пад усё, што заўгодна, акрамя традыцыйных строяў.

Штосьці яшчэ засталося дома. Напрыклад, маштабныя каралі з каменнямі.

«Я, насамрэч, люблю розныя аксесуары. Я не магу выйсці з дома без аксесуараў. Таму што такое адчуванне, што я голенькая. На мне штосьці заўсёды ёсць. І я іх у прынцыпе люблю. Люблю мяняць, але, як ні дзіўна, ёсць такі набор, які я выкарыстоўваю часцей за ўсё».

Раніцай Кацярына абірае, што апрануць, у залежнасці ад настрою. Пад вопратку ўжо падбірае аксесуары.

«Мне ў гэтым плане даволі проста, таму што ў мяне працэнтаў 80 адзення — чорнае. І ў прынцыпе можна апрануць усё, што заўгодна».

рэканструкцыя традыцыйных беларускіх упрыгожанняў
Чорныя пацеркі са срэбраным абразком Каця зрабіла сама пад рэканструкцыю гродзенскага строю. Срэбны абразок у цэнтры — падарунак ад сяброўкі. Пацеркі нанізаныя на пафарбаваную ільняную нітку, для дакладнасці рэканструкцыі.

Аксесуары рассартаваныя ў Кацярыны па двух скрынках у асобных шуфлядках.

  • Зверху ляжаць срэбраныя і чорныя — самае хадавое.
  • Ніжэй — пярліны і каралі. Іх таксама даволі шмат, бо яны часта выкарыстоўваюцца пад народныя строі. Гэта часта тое, што Каця робіць сама.
  • Трэцяя шуфлядка — гэта бурштын, бронза, латунь. Там шмат рэканструкцый гістарычных упрыгожанняў, кшталту фібул XIV стагоддзя, падвескі-копіі з гнёздаўскага кургана.
  • І самая ніжняя палічка — гэта тое, што нельга аднесці да ўсіх папярэдніх. Там фенечкі, якія спляла дачка Стэфа, фенечка і бранзалетка бчб, ёсць штосьці з рознакаляровымі каменьчыкамі, што можна насіць пад летнія сарафаны.

«Мне трэба, каб ва ўпрыгожанне была закладзена ідэя»

Золата Ваданосава не разумее і не носіць, яно ёй не падабаецца эстэтычна. Як і каштоўныя камяні ў агранцы.

«Я больш люблю ўпрыгожанні такога, можа быць, трохі варварскага кшталту. Гістарычныя, якія маюць пад сабой адсылкі да іншых часоў».

Таксама не носіць і сучасныя мінімалістычныя ўпрыгожанні: «Я не фанат мінімалізму, калі там, умоўна, нейкі ланцужок, на ланцужку — нейкая фіцюлінка кшталту палачкі. Я гэтага не разумею. Палачка для мяне не нясе ніякай сэнсавай нагрузкі. Мне трэба, каб ва ўпрыгожанне была закладзена ідэя».

Акрамя ідэі, якая стаіць за рэчамі, для Каці вельмі каштоўна іх індывідуальнасць. Жанчына кажа, што не любіць тое, што падабаецца ўсім: «Калі б гэта была рэч у адзіным экземпляры, я б яе насіла, напэўна, штодня. Я не фанатка трэндаў, мне падабаецца адрознівацца ад іншых людзей».

Ад бабулі ў спадчыну Кацярыне дасталася падвеска. Гэта агромністы кавалак бурштыну на ланцужку. Яго Каця носіць рэдка, таму што ён вялікі і патрабуе мінімалістычнае адзенне, каб самадастатковы сам у сабе камень не выглядаў груба.

А вось дачка Каці абсалютна раўнадушна да ўпрыгожанняў. Яна іх надзявае толькі калі выступае пад сцэнічны строй. «Бывае я яе нават прашу лішні раз, каб яна завушніцы надзела, каб дзіркі не пазарасталі». Стэфе 12, яе больш вабіць мода: шырокія штаны з кучай кішэняў, безпамерныя кашулі - там не да ўпрыгожанняў.

Рабіла рознае, а цяпер — толькі пад традыцыйныя строі

У мінулым — у гадах 2010−2017 — Ваданосава сама займалася рамесніцтвам. У яе ў тым ліку была цэлая лінейка стымпанкаўскіх упрыгожанняў.

«Купляла ў аднаго былога зэка, які жыў недалёка ад мяне, старыя гадзіннікі, разбірала іх на шэсцярэнькі. Гэты былы зняволены займаўся тым, што рамантаваў гадзіннікі. І ў яго накопліваўся вось гэты гадзіннікавы лом і я аднойчы нейкім чынам з ім пазнаёмілася і проста ў яго гэты лом скупала».

Рабіла таксама і ўпрыгожанні з засушанымі кветкамі і эпаксіднай смалой. Каця кажа, што была першай, хто займаўся такім рукадзеллем у Беларусі. Перастала, калі гэта стала мэйнстрымам — не цікава, бо робяць усе.

Амбіцый для стварэння ўласнага брэнду Каця не мае, ёй значна больш цікава займацца тэкстылем, рэканструкцыяй. «Мне падабаецца творчасць, але не падабаюцца ўсе варункі, звязаныя з маркетынгам, рэкламай, продажам. Не хачу рабіць два разы адно і тое ж».

сердалік з манетамі з выявай Жыгімонта Вазы - іх Кацярына Ваданосава атрымала ад Алеся Кіркевіча
«Гэта сердалік маёй мамы», — кажа Каця і бярэ ў рукі чырворна-сердалікавыя каралі. Манеткі на ім срэбраныя, з выявамі Жыгімонта Вазы. «Мне Алесь Кіркевіч заплаціў за лекцыю срэбранымі манетамі, — смяецца Каця. — Яны былі з дзірачкай, а для калекцыянераў манеты дзіравыя не прадстаўляюць ніякай каштоўнасці, іх нават прадаць немагчыма». Гэтыя каралі Каця таксама любіць насціь з народным строем.

Цяпер Каця робіць упрыгожанні сама толькі пад традыцыйныя строі:

«Я зараз рыхтуюся да выстаўкі ўласнай з рэканструкцыяй сваіх строяў. У асноўным [упрыгожанні] гэта каралі, якія сама ніжу, збіраю. Нашу іх і са звычайным адзеннем».

Belaruskicry — брэнд з Беларусі, які з’явіўся ў 2021 годзе і стаў вядомы дзякуючы кулону з абрысамі краіны і слязой — папулярная «Беларусь са слёзкай». Назву дала гульня слоў «край» і «cry» — з англійскага «плакаць». Зараз каманда з васьмі чалавек запусціла новую калекцыю «Сучасная вечнасць».