Вежы на доме купца Мураўёва пафарбавалі ў блакітны колер. Кажуць, так трэба

Рэканструкцыя закінутага дома купца Мураўёва на Савецкай плошчы ў Гродне ідзе з пачатку 2020 года. Блакітны колер, у які нядаўна пафарбавалі вежы, здзівіў некаторых гродзенцаў. Гэта не спадабалася і заказчыку, але такія былі прадпісанні Мінкульта.

«Ён [блакітны колер] быў па гісторыі. Гэта арыгінальны колер. У папярэдняга ўласніка быў праект ад „Гроднаграмадзянпраекта“. Там было ўказана, што вежы павінны быць менавіта блакітнага колеру. Мы нічога новага не прыдумляем», — распавёў Павел Клімовіч, галоўны інжынер праекта рэканструкцыі.

Зараз дом належыць бізнэсоўцу Станіславу Сямашку. Да гэтага ён быў закінуты больш за 25 гадоў з кароткімі перапынкамі на няўдалыя спробы рэстаўрацыі. Папярэдні ўласнік паспеў адрэстаўраваць фасад і памяняць дах.

Калісьці будынак упрыгожвалі кафляныя печы, ляпніна на столі і фрэскі на сценах. Яны не захаваліся.

Печ у доме купца Мураўёва, 1980-я

«Будынак дастаўся нам фактычна скрынкай з перакрыццямі паміж паверхамі, — кажа Павел Клімовіч. — Унутраная частка будынка была ў аварыйным стане. Агулам складаная рэканструкцыя ў нас, асабліва гэта адчуваеш, калі на аб’екце трапляецца шмат комінаў і ніш, якія трэба перарабляць».


Глядзі падрабязней: Как выглядит дом купца Муравьева перед реконструкцией

Зараз на аб’екце вядуцца агульнабудаўнічыя работы — мантаж аконных запаўненняў, інжынерныя работы ўнутры будынка. Пасля рэканструкцыі знешні выгляд будынка не павінен змяніцца, вокны і дзверы аднаўляюцца паводле старых абмераў і фатаграфій.

Плануецца рэканструкцыя трох паверхаў і сутарэння цэнтральнага будынка. На першым паверсе будзе фае з лесвічным блокам, рэцэпцыя гасцініцы, рэстаран і ФАК. На астатніх паверхах — 19 гасцінічных нумароў. Падвал прыстасуюць пад кухню, а ўнутраны дворык — пад тэрасу рэстарана.

Чытай падрабязней: Дом купца Мураўёва: рамонт даўжынёю ў 20 гадоў

Абноўлены дом купца Мураўёва плануюць запусціць да Новага года. Уладальнік будынка Станіслаў Сямашка не выключае, што ў будынку можа з’явіцца экспазіцыя, прысвечаная купцу Івану Мараўёву.

Даведка

Лічыцца, што дом купца Мураўёва быў пабудаваны ў канцы XIX стагоддзя ў стылі мадэрн. Гісторык Мечыслаў Супрон лічыць, што частка будынка больш старая. Мечыслаў адшукаў у Гродзенскім архіве інфармацыю, што дом быў пабудаваны на фрагментах будынка XVII стагоддзя і частку сутарэнняў будынка можна аднесці менавіта да гэтага перыяду. Пра гэта сведчыць муроўка сцен у склепе i выкарыстаныя ў ёй шматлікія валуны.

Апошнія запісы

«Каб цябе пярун забіў!» Як неверагодны пярун 90 гадоў таму трымаў у страху Гродзеншчыну

“Каб цябе пярун забіў!” - адзін з найбольш вядомых беларускіх праклёнаў. У 1934 і 1935…

22 красавіка 2025

Гродзенцы адкрылі грыбны сезон. Дзе ў вобласці шукаць смаржкі і іншыя грыбы?

З надыходам цяпла ў заходніх рэгіёнах Беларусі - Гродзенскай і Брэсцкай абласцях - сталі з'яўляцца…

22 красавіка 2025

Аліўкавыя, залатыя і мармуровыя яйкі. Трэнды Tik Tok на Вялікдзень 2025

Змяшаць два знаёмыя спосабы афарбоўкі яек і атрымаць аліўкавы колер, знайсці спосаб з дапамогай хімічнай…

17 красавіка 2025

«Усё жыццё мару, што нехта са сваякоў знойдзецца». Гродзенка расказала, як пасля вайны не змагла з’ехаць у Польшчу і трапіла ў Казахстан

Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…

10 красавіка 2025

Мільярды еўра — Варшаве, мільёны — Мінску. Параўналі, як Польшча і Беларусь выкарыстоўвалі еўрапейскія гранты

«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…

9 красавіка 2025

Як з беларускіх зямель даплывалі да Амерыкі 100 год таму: расказвае падкаст «Зямля свабоды»

У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…

9 красавіка 2025