Дом Мураўёва адрэстаўруюць пад гасцініцу. Бізнесмэн Станіслаў Сямашка плануе скончыць працы да 2021 года. Рэканструкцыю абяцаюць правесці з максімальным захаваннем гістарычнай планіровачнай структуры.

Плануецца рэканструкцыя трох паверхаў і склепа цэнтральнага будынка. На першым паверсе будзе фае з лесвічным блокам, рэцэпцыя гасцініцы, лобі-бар, ФАК. На астатніх паверхах — гатэльныя нумары.

Вокны, дзверы, вітражы, браму заменяць на драўляныя з поўным захаваннем гістарычных памераў і канфігурацый. У куце дваровай часткі з’явіцца прыбудова. Таксама ў будынку з’явіцца ліфт без машыннага аддзялення, каб выключыць змены гістарычнага аб’ёму даху.

Парковак з-за недахопу плошчы не плануецца. У рамках добраўпарадкавання панадворак выбрукуюць дробнай бетоннай пліткай. Як лічаць стваральнікі, гэты праект дазволіць акультурыць гістарычны цэнтр Гродна.


Глядзі таксама: Перад рэканструкцыяй: як выглядае ўсярэдзіне дом купца Мураўёва


З 25 сакавіка па 24 красавіка праходзяць грамадскія абмеркаванні праекта. З дакументацыяй па АУНА (справаздача аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе) можна пазнаёміцца ​​на сайце Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта.

Кантактная асоба: галоўны інжынер праекта ТАА «Еўрапрэстыж» Клімовіч Павел Іванавіч, тэлефон: 62−45−34

Заўвагі і прапановы па дакументацыі па АУНА можна накіраваць:

— Упраўленне архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама, 230 023, г. Гродна, пл. Тызенгаўза, 3, arhitektura@gorod.grodno.by;

— Гродзенская гарадская і раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, giop@mail.grodno.by

— ТАА «СемашкаІнвест». Адрас: 230 003, вул. Антонава, 10, г. Гродна, ep-grodno@mail.ru.

Даведка

Дом быў пабудаваны ў канцы XIX стагоддзя для купца Івана Мураўёва. У будынку размяшчаліся жылыя памяшканні і магазін. Дом быў багата ўпрыгожаны звонку і ўнутры: на вежках былі гербавыя шчыты. У памяшканнях — ляпніна, кафляныя печы.

Да пачатку 1990-х будынак займала абласная навуковая бібліятэка, потым будынак быў закінуты і разрабаваны. Дзве папярэднія спробы рэканструкцыі скончыліся няўдачай.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life

Пішу пра людзей з інваліднасцю, актывістаў, палітыкаў і дабрачыннасць.